Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія наступствы можа мець антырасейская прапаганда ў дзяржаўных СМІ Беларусі?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і галоўны рэдактар газэты "Наша ніва" Андрэй Дынько.

Апошнімі днямі антырасейская прапаганда ў дзяржаўных СМІ Беларусі дасягнула ўзроўню нейкай гістэрыкі альбо псыхалягічнай вайны. Пазыцыя кіраўніцтва Расеі ў газавым канфлікце характэрызуецца імі такімі словамі: “акт тэрарызму”, “агрэсія”, “вайна газавая”, “вайна па законах подласьці”, “найвялікшая ганьба у сваёй гісторыі”, “здрадніцтва”, “вераломнасьць”, “профнепрыгоднасьць”. Дзеяньні Масквы параўналі з палітыкай фашыстаў падчас мінулай вайны. А прадстаўнікам МЗС Расеі рэкамэндавалі зьвярнуцца да неўрапатоляга.

Фармальна так ацэньваецца не расейскі народ, не расейская дзяржава, а толькі кіраўніцтва Расеі. Але сёньня рэйтынг Пуціна – каля 70%. І таму ня скажаш, як у часы Ельцына, што кіраўніцтва краіны не адлюстоўвае настроі грамадзтва. Таму de facto, можна сказаць, што гэта інфармацыйная атака зроблена супраць Расеі. На вашую думку, гэта сытуацыйная рэакцыя на адключэньне газу альбо раней падрыхтаваны праект, для запуску якога ў працу зьявілася спрыяльная нагода?

(Івашкевіч: ) "Па-першае, антыкрамлёўскія выпады Лукашэнкі працягваюцца ўвесь час, пакуль ён знаходзіцца ва ўладзе. Гэтыя выпады бываюць вострыя, бываюць завуаляваныя, але адбываюцца ўсе гэтыя гады. Лукашэнка ўвесь час праводзіць такую думку, што калі б я кіраваў постсавецкай прасторай, то мы жылі б лепей, і вялікая славянская дзяржава была б магутней усіх у сьвеце.

Па-другое, сёньняшняя афіцыйная прапаганда ня ёсьць антырасейская. Лукашэнка заяўляе, што у беларусаў на 50% расейская кроў, што беларусы – тыя ж рускія, толькі “са знакам якасьці”, што ён выступае супраць кіраўніцтва Крамля, але ня супраць рускага народу, што Крэмль перашкаджае нам аб'ядноўвацца. Усё гэта сьведчыць пра тое, што няма антырасейскай прапагады, як няма і курса на незалежнасьць. А ёсьць даўнішняя барацьба з Крамлём за ўплыў на ўсёй постсавецкай прасторы, за ўладу ў Беларусі, а раней і ў Расеі. Скандалы паўтараюцца, канфлікты з Крамлём нарастаюць.

Што тычыцца сытуацыі з газам, то перамовы ідуць даўно. Лукашэнка ніколі не зьбіраўся выконваць сваіх абавязацельстваў. Ягоная тактыка: браць грошы і нічога не аддаваць у замен. Таму прапагандысцкая акцыя супраць перапыненьня паставак газу была падрыхтаваная загадзя. І пікет у расейскай амбасады, аднолькавыя тэксты і відэастужкі на беларускіх тэлеканалах сьведчаць аб тым, што гэта рабілася не ў апошні дзень".

(Дынько: ) “Газ быў адключаны а 18.00 у сераду. Але ўвечары ўсе беларускія тэлеканалы маўчалі, адно сьвяткавалі перамогу беларускіх біятляністаў. Рэакцыя зьявілася толькі ўранку. Так што часу было дастаткова, каб падрыхтаваць тыя дзёрзкія транспаранты, зь якімі пасьля адправілі людзей на мароз каля расейскай амбасады.

Зь іншага боку, у палітыцы не бывае нічога выпадковага. Гэта была спроба антырасейскай працы з масавай сьвядомасьцю. Настаў момант, калі Лукашэнка можа гэта рабіць беспакарана, бо перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі Пуцін ня можа пайсьці на нейкія крайнія захады ў адказ.

Прыкра, што размовы паміж дыпляматычнымі ведамствамі дзьвюх краінаў адбываюцца ў такім тоне. Гэта і непрыстойна, і блага для доўгатэрміновых нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Раней шукалі ворага на Захадзе, цяпер пачалі яго шукаць на Ўсходзе. Усё гэта дасьць для нашай краіны, для яе замежнапалітычнай рэпутацыі ў будучым толькі страты”.

(Карбалевіч: ) “Які сэнс гэтай антырасейскай, ці, як кажа Івашкевіч, антыкрамлёўскай прапагандысцкай вайны: толькі зваліць на Расею віну за пагаршэньне сацыяльна-эканамічнага стану ў краіне ці мэты больш шырокія?”

(Івашкевіч: ) “Я думаю, галоўнаю задача – зваліць на Расею віну за пагаршэньне ўзроўню жыцьця людзей, павышэньне камунальных плацяжоў, рост цэнаў. Гэта было адкрыта сказана Лукашэнкам, што прыйдзецца браць грошы дзеля аплаты за газ у пэнсіянэраў, чарнобыльцаў, зьменшыць кампэнсацыю за лекі. Такая кампанія будзе працягвацца для апраўданьня палітыкі Лукашэнкі ўнутры Беларусі.

Але тут ёсьць праца і на расейскі электарат. Лукашэнка будуе пляны на прэзыдэнцкія выбары ў Расеі 2008 году, калі Пуцін адпрацуе два свае тэрміны. А Лукашэнка мяркуе застацца да гэтага часу прэзыдэнтам Беларусі. І там могуць быць розныя варыянты гульні. Для гэтага трэба атрымаць падтрымку камуністычных, шавіністычных колаў у Расеі, каб яны былі ягонымі лабістамі.

Але гэта на другім пляне. А на першым пляне для Лукашэнкі стаіць задача: утрымацца пры ўладзе, павысіць рэйтынг, у тым ліку, за кошт антыкрамлёўскай прапаганды”.

(Дынько: ) “Калі верыць экспэртам-эканамістам, то самое падаражэньне газу не павінна мець нейкіх фатальных наступстваў для беларускай эканомікі. Прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду Рычардсан гаварыў, што гэтая сума складзе 1-2% плацёжнага балянсу Беларусі. Міністар эканомікі Зайчанка казаў, што павелічэньне кошту газу пацягне за сабою павелічэньне сабекошту прадукцыі на 2-2,5%. Гэта не пагражае эканамічнай стабільнасьці краіны. Пагатоў, што ідуць перамовы пра атрыманьне расейскага крэдыту, які цалкам пагасіць гэтае павелічэньне газавых коштаў. Таму гэтая запазыка перакладзецца на плечы наступных пакаленьняў, будучых кіраўнікоў Беларусі.

Магчыма, адначасова адбываецца нейкі іншы эканамічны ціск на Беларусь, пра які цяпер не гаворыцца. У прэсе ўжо была інфармацыя, што скарачаюцца пастаўкі нафты. Вядома, што ад перапрацоўкі нафты і продажу нафтапрадуктаў моцна залежыць беларускі бюджэт. Таксама спыніліся пастаўкі электрычнасьці з Расеі ў Беларусь. Калі краіне нешта пагражае з гэтага боку, то ўсе апошнія дзеяньні ўладаў можна зразумець як спробу падрыхтоўкі да эканамічных цяжкасьцяў.

Але ва ўсіх апошніх дзеяньнях кіраўніцтва краіны бачыцца нейкая палітычная замова. Мы атрымалі новага дастойнага вонкавага ворага. Захад болей не пагражае, бо ўвогуле ў Беларусі ня знаецца і не цікавіцца. Цяпер нам, быццам, пагражае Расея, і ўлады заклікаюць аб'яднацца супраць Расеі. Усё гэта вельмі плытка і ненадзейна. Вобраз вонкавага ворага можа выканаць сваю ролю на месяц, на год. Магчыма, з дапамогаю гэтая акцыі Лукашэнка хоча выйграць выбары ў Палату прадстаўнікоў, зрабіць сабе добрую базу перад 2006 годам. Але якою цаною гэта робіцца. Цана гэтая можа стацца значна дарагой для беларускай гаспадаркі”.

(Карбалевіч: ) “Такія ацэнкі, якія цяпер даюцца дзяржаўнымі СМІ на адрас Расеі, звычайна робяцца на адрас варожай краіны, зь якою знаходзяцца ў стане вайны альбо рыхтуюцца да яе. Увесь сюррэалізм сытуацыі ў тым, што так ацэньваецца бліжэйшы саюзьнік, зь якім, як быццам бы, Беларусь зьбіраецца будаваць саюзную дзяржаву. Тут разьлік на тое, што гэтая сварка не перашкодзіць працягваць інтэграцыйную гульню, як падчас папярэдніх сварак? Ці Лукашэнка вырашыў паставіць крыж на гэтым праекце?”

(Івашкевіч: ) “Я думаю, будзе працягвацца такая прапаганда. Беларуская афіцыйная пазыцыя будзе такая: беларускі і рускі народы хочуць аб'яднацца, але ім перашкаджае кепскі Пуцін. Расейская афіцыйная пазыцыя будзе супрацьлеглай: беларускі і рускі народы хочуць аб'яднацца, але ім перашкаджае кепскі Лукашэнка. І вось Лукашэнка, і Пуцін будуць абвінавачваць адзін другога ў тармажэньні інтэграцыі.

Лукашэнка не прапануе ніякай альтэрнатывы. Ён жа ня кажа, што ня будзем аб'ядноўвацца з Расеяй, пойдзем у Эўропу. Альбо ня пойдзем не ў Расею, не ў Эўропу, а будзем сядзець незалежна.

Нічога гэтага ня робіцца. Будзе працягвацца ціск на нацыянальна-культурніцкія незалежніцкія беларускія арганізацыі. І адначасова будуць працягвацца размовы пра "еднасьць", пра "братэрства", пра "саюз", пра "агульную крывю на 50%". І адначасова будзе ва ўсім аб'яўлены вінаватым кепскі Крэмль”.

(Дынько: ) “Ствараецца такое ўражаньне, што мы ня маем свайго калодзежа і сварымся на суседа, які нас не пускае да вады. Але на ўзроўні дзяржавы пабудаваць свой калодзеж – гэта пытаньне прадуманай стратэгіі і палітыкі.

Што тычыцца саюзнага будаўніцтва, то ён ня даў ніякага плёну за 10 гадоў. Нават калі гэты працэс будзе доўжыцца яшчэ 10 гадоў, вынік будзе такі самы.

Бяда ў іншым. Прарасейскае кола ў самых высокіх структурах беларускай адміністрацыі застаецца. І яно працягвае дзейнічаць, адстойваць свае вузка карпаратыўныя інтарэсы, лабіруе прарасейскі курс. Пакуль не адбудзецца кадравых зьменаў у адміністрацыі, ніякай пэўнасьці ў пытаньні прыпыненьні інтэграцыі ня будзе”.

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, гэтая сварка не застанецца без наступстваў. Абразу ў адрас кіраўніцтва краіны ня можа забыцца. Той факт, што Крэмль ахвяраваў нават міжнародным скандалам (маю на ўвазе рэакцыю Польшчы і Літвы на адключэньне газу), каб пакараць Беларусь, сьведчыць аб тым, што Масква перайшла нейкую рысу ў дачыненьнях зь Беларусяй. Таму працягваць саюзнае будаўніцтва пасьля гэтага скандалу будзе значна цяжэй абодвум бакам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG