Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй зрабіўся палітычным


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: карэспандэнт Радыё Свабода ў Расеі Віктар Дзятліковіч з Масквы і палітоляг Віталь Сіліцкі зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Газавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй ідзе шляхам эскаляцыі і ўсё больш выразна набывае палітычны зьмест. Найперш зьвернем увагу на адключэньне “Газпромам” паставак газу ў Беларусь. Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што тэхнічна гэта зрабіць зусім няпроста. Трэба было падрыхтаваць усю сыстэму газаправодаў да зьмяншэньня ціску, пусьціць большыя аб’ёмы газу па ўкраінскай трубе, давесьці інфармацыю аб зьменах у рэжыме паставак да заходніх спажыўцоў, зрабіць шэраг іншых захадаў. Усё гэта сьведчыць пра тое, што “Газпром” доўга і грунтоўна рыхтаваўся да гэтай акцыі. Паколькі гэта дзяржаўная структура, то не выклікае сумненьняў, што атрыманая палітычная санкцыя на гэтыя дзеяньні газавай манаполіі. Фактычна пастаўленая задача зламаць Лукашэнку. Гэта значыць, што Масква гатовая ісьці на скандал з найбліжэйшым саюзьнікам нават падчас перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі ў Расеі. Вы згодныя з гэтым меркаваньнем?”

(Віктар Дзятліковіч: ) “Я думаю, што выбары прэзыдэнта тут ні пры чым. Сытуацыя такая, што нішто не перашкодзіць Пуціну выйграць выбары. Таму адным канфліктам зь Беларусьсю больш, адным менш — гэта для яго нястрашна. Пуцін цяпер такі моцны, што можа дазволіць сабе дыктаваць умовы нават найбліжэйшаму саюзьніку. Безумоўна, гэта ня “спрэчка гаспадарчых суб’ектаў”, як учора казаў Барыс Грызлоў. Не даводзіцца сумнявацца, што акцыя “Газпрому” падтрыманая кіраўніцтвам Расеі. Адчуваючы сваю моц, Пуцін вырашыў урэшце паставіць ультыматум Лукашэнку і тым самым прымусіць яго калі не назаўсёды, дык надоўга зьмірыцца з рольлю чалавека, якому дыктуюць умовы, а не які дыктуе ўмовы”.

(Віталь Сіліцкі: ) “Ужо на працягу году я казаў, што ў газавым пытаньні ёсьць вялікі палітычны падтэкст. Цяпер сытуацыя дайшла да той кропкі, калі гэтага адмаўляць немагчыма. Афіцыйныя асобы Расеі кажуць пра спрэчку гаспадарчых суб’ектаў. Мы памятаем, як адбывалася спрэчка гаспадарчых суб’ектаў у Расеі тры гады таму вакол лёсу НТВ. Таму гэта ўсё рыторыка. Кіраўніцтва Беларусі прызнала, што гэта палітычны канфлікт, і яно тут мае рацыю”.

(Карбалевіч: ) “Адказ з боку Лукашэнкі таксама палітычны. Ён параўнаў сытуацыю зь Вялікай айчыннай вайной і адклікаў беларускага амбасадара ў Расеі дзеля кансультацыяў. Але адначасова Лукашэнка прыняў умовы Расеі. Здаецца, паўтараецца сытуацыя 2002 году. Тады кіраўнік Беларусі таксама выступіў зь вельмі рэзкімі заявамі на адрас Расеі і адначасова поўнасьцю капітуляваў, прыняўшы ўсе расейскія ўмовы. Можа, і цяпер моцная рыторыка выкарыстоўваецца дзеля таго, каб засланіць значныя саступкі?”

(Дзятліковіч: ) “Я згодзен з тым, што гэтая рыторыка засланяе саступкі. Думаю, што беларускі бок не чакаў такога разьвіцьця падзеяў, не чакаў, што “Газпром” пойдзе на перакрыцьцё паставак газу. Кіраўніцтва Беларусі не пралічыла ўсёй сытуацыі, усіх выйгрышных і пройгрышных момантаў гэтай спрэчкі. Магчыма, Лукашэнка на словах пайшоў на саступкі. Але насамрэч яму патрэбны час, каб пралічыць усе варыянты. Ці выйграе Беларусь ад “халоднай вайны” з Расеяй? Калі такія шанцы ёсьць, то Лукашэнка высуне Расеі свае ўмовы. Празь нейкі час можна чакаць ад Беларусі крокаў у адказ”.

(Сіліцкі: ) “Я не зусім згодзен, што цяперашнюю пазыцыю Беларусі можна вызначыць як саступкі. Самае галоўнае, што цяпер адбылося, палягае ў тым, што Лукашэнку прымусілі адмовіцца разглядаць свае сталыя імкненьні як рэчаіснасьць. Ён ужо ня можа пераконваць сваё насельніцтва ў тым, што мы можам атрымліваць газ за 30 даляраў за тысячу кубамэтраў і адначасова прадаць “Белтрансгаз” за пяць мільярдаў даляраў. Тут даводзіцца лічыцца з рэчаіснасьцю і выбіраць з таго, што ёсьць, а не з уласных жаданьняў. А выбіраць трэба альбо танны газ і танны продаж “Белтрансгазу”, альбо дарагі газ і захаваньне “Белтрансгазу” ў беларускай уласнасьці.

У гэтай сытуацыі ці можна лічыць газ па 50 даляраў саступкай? Гэта ня вельмі спрыяльна для нашай эканомікі, але не катастрафічна. Гэта значны цяжар у кароткатэрміновай пэрспэктыве. Для таго, каб плаціць такую цэну, Беларусі патрэбныя крэдыты. Давядзецца пераскочыць з газавай іголкі на крэдытную іголку. Можа, знойдзем грошы ў Пэрсыдзкай затоцы.

Яшчэ ў верасьні мінулага году, калі ўзьнікла пытаньне аб пераходзе ў дачыненьнях з Расеяй у газавай сфэры на рынкавыя ўмовы, незалежныя эканамісты сьцьвярджалі, што пры пераходзе на транзыт газу па Беларусі па коштах суседніх краінаў, цана 50 даляраў за тысячу кубамэтраў не сьмяротная для нашай эканомікі, хоць і балючая. А вось калі Расея адмовіцца плаціць за транзыт па новых цэнах, тады сытуацыя значна пагоршыцца”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, сытуацыю катастрафічнай назваць нельга. Але давайце ўспомнім, што падчас сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы ў верасьні 2003 году кіраўнік Беларусі казаў: пры “ўкраінскай” цане за газ (50 даляраў) і за транзыт Беларусь страчвае 120 мільёнаў даляраў, гэта для нас нястрашна. Але апошнія падзеі сьведчаць, што нават пры цане 47 даляраў за тысячу кубамэтраў, якую Беларусь цяпер плаціць незалежным пастаўшчыкам, краіна плаціць за газ ня ў стане”.

(Сіліцкі: ) “Заплаціць мы можам. Але пытаньне аб эканамічных і палітычных стратах, на якія кіраўніцтва дзяржавы ісьці не жадае. А гэта трохі іншае пытаньне”.

(Карбалевіч: ) “Адключэньне газу — гэта ў практыцы міжнародных дачыненьняў азначае крок да эканамічнай вайны. А адкліканьне амбасадара — гэта ва ўсясьветнай дыпляматыі лічыцца апошнім крокам перад разрывам дыпляматычных стасункаў. Усё гэта прыкметы варожых адносінаў паміж дзяржавамі. Гэта скажа любы студэнт факультэту міжнародных дачыненьняў. І самае дзіўнае ў тым, што гэта адбываецца паміж найбліжэйшымі саюзьнікамі, як кажуць дзяржаўныя прапагандысты, паміж “братэрскімі народамі”, якія зьбіраюцца, як быццам бы, аб’ядноўвацца, будаваць саюзную дзяржаву. Ці можна адначасова вясьці палітычную і эканамічную вайну і працягваць саюзнае будаўніцтва? Дагэтуль усё гэта удавалася сумяшчаць. А як цяпер, якія пэрспэктывы саюзнага будаўніцтва?”

(Дзятліковіч: ) “Я мяркую, што і да гэтага часу саюзнае будаўніцтва ішло ня вельмі добра. Таму што ніякіх рэальных вынікаў гэтага будаўніцтва мы ня бачым. Напрыклад, жывучы ў Маскве, я магу сказаць, што грамадзяне Беларусі не адчуваюць сябе тут лепш, чым грамадзяне іншых краінаў. Таму тое, што ішло марудна дасюль, стане ісьці яшчэ марудней. Вырашэньне любых пытаньняў расьцягнецца не на дзесяць гадоў, як напрыклад, пераход да адзінай валюты, а на 20–30 гадоў”.

(Сіліцкі: ) “Ніякага саюзнага будаўніцтва ня будзе, будзе сілавая гульня. А гэта гульня, як кажуць, з нулявою сумаю. Гэта азначае, што калі адзін бок выйграе, то іншы прайграе. Расея будзе і надалей ціснуць на Беларусь у пытаньні адзінай валюты, прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Лукашэнка меў рацыю, калі казаў па БТ, што Расія хоча, каб “Белтрансгаз” адышоў Мілеру, электрастанцыі — Чубайсу ды іншае. Але для Лукашэнкі было б недальнабачна лічыць, што да гэтага справа ніколі ня дойдзе. Уся інтэграцыйная палітыка Лукашэнкі будавалася на атрыманьні танных энэргарэсурсаў з Расеі. Цяпер гэта скончылася. Таму можна сказаць, што інтэграцыі няма, і яе фактычна і не было. Таму нельга казаць пра нейкія пэрспэктывы”.

(Карбалевіч: ) “Магчыма, гэта вельмі катэгарычная заява, што ніякай інтэграцыі не было. Былі і танныя энэргарэсурсы, і мытны саюз, і інтэграцыя ў сфэры абароны”.

(Сіліцкі: ) “Гэта была не інтэграцыя, гэта была кансэрвацыя таго, што засталося ад савецкай мінуўшчыны”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, беларуска-расейкі канфлікт з “спрэчкі гаспадарчых суб’ектаў”, як сьцьвярджалі афіцыйныя прадстаўнікі абедзьвюх дзяржаваў, перарос у вострае палітычнае супрацьстаяньне. Як адзначыў Лукашэнка, “адносіны атручаныя газам”. І гэта цалкам заканамерна. Пераход ад інтэграцыйнай палітычнай рыторыкі да рынкавых дачыненьняў ня мог скончыцца нічым іншым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG