Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што кажа Лукашэнка пра дачыненьні з Расеяй у газавай сфэры?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: журналіст газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

(Валер Карбалевіч: ) “Перамовы аб пастаўках расейскага газу ў Беларусь ператварыліся ў нейкі бясконцы маратон. Здаецца, абодва бакі зайшлі ў тупік. Гэта яскрава засьведчыла наведваньне Лукашэнкам “Белтрансгазу” 13 лютага. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што прадаваць “Белтрансгаз” па балянсавым кошце — гэта злачынства, і ён на гэта ня пойдзе. Лукашэнка адзначыў, што далей беларускі бок адступаць ня можа — гэта сьцяна.

Раней было шырока распаўсюджанае меркаваньне, што зь пераходам Расеі да рынкавых дачыненьняў у газавай сфэры Беларусі нічага не застаецца, як саступіць ультыматуму “Газпрому”. Але цяпер высьветлілася, што Менск мае свае козыры. Беларускі бок настойвае, каб дамова аб пастаўках газу і дамова аб транзыце газу былі падпісаныя ў пакеце. А пакуль яны не падпісаныя, то Беларусь быццам мае маральнае права, кажучы дыпляматычнай мовай, рабіць “несанкцыянаваны забор газу”. Падаецца, што Масква недаацаніла рашучасьці кіраўніцтва Беларусі выкарыстоўваць тыя рычагі, якія ў яго ёсьць. Ці згодныя вы з гэтым?”

(Тацяна Манёнак: ) “Пакуль што Расея не перайшла на рынкавыя ўмовы ў газавай сфэры ня толькі ў дачыненьні да Беларусі, але і да Ўкраіны. Цэны на газ — вынік палітычных перамоваў паміж кіраўніцтвам гэтых дзяржаваў. Сапраўды, кіраўніцтва Расеі і “Газпрому” не разьлічвалі, что сутыкнуцца з жорсткім супрацівам Лукашэнкі. Яны меркавалі, што ўсё будзе лягчэй. Таму што наперадзе зіма, іншых крыніцаў паліва Беларусь ня мае, і таму яна пойдзе на гэтыя саступкі. Зь іншага боку, і беларускі бок не разьлічваў, што “Газпром” можа пайсьці на такія жорсткія захады. Гэта не зьяўляецца пытаньнем адносінаў між гаспадарчымі суб’ектамі. На яго ўплываюць палітычныя чыньнікі.

Лукашэнка цягне час. У Расеі хутка прэзыдэнцкія выбары. Пасьля іх, магчыма, зьменіцца ўрад. Таму Лукашэнка спрабуе выгандляваць больш спрыяльныя ўмовы. “Газпром” хоча пастаўляць газ па 50 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. Але ў такім выпадку беларускі бок хоча, каб кошт транзыту быў на ўмовах Украіны. Гэта 1,09 даляра за 1 тысячу кубамэтраў. Расейскі бок настойвае на цане 0,76 даляра”.

(Кірыл Коктыш: ) “Найперш, сытуацыя была цалкам прадказальная. Лукашэнка заявіў моцную і добра падрыхтаваную пазыцыю. Расейская ж пазыцыя была вельмі дрэнна падрыхтаваная. Кіраўніцтва “Газпрому” спадзявалася, што шапказакідальніцтвам яно вырашыць гэтую справу. Лукашэнка выкарыстоўвае перадвыбарчую сытуацыю ў Расеі, падчас якой Пуцін ня зможа разбурыць беларуска-расейскага саюзу. Прэзыдэнт Расеі ня зможа зрабіць цяпер рэзкіх крокаў. Зь іншага боку, Пуцін ня можа і саступіць. Летам мінулага году расейскі кіраўнік хацеў вырашыць усе праблемы ў інтэграцыі дзьвюх краінаў, каб падчас прэзыдэнцкай кампаніі гэтая тэма не замінала. Аднак гэта не ўдалося. Таму да прэзыдэнцкіх выбараў нічога радыкальнага ў дачыненьнях дзьвюх краінаў не адбудзецца”.

(Карбалевіч: ) “Канфлікт аб пастаўках газу ўсё больш набывае палітычнае адценьне. Падчас наведваньня “Белтрансгазу” Лукашэнка заявіў, што калі Расея выходзіць з дамовы аб пастаўках газу ў Беларусь па ўнутраных расейскіх цэнах, то мы будзем думаць аб выхаду зь іншых дамоваў з Расеяй: дамове аб супрацьпаветранай абароне, аб аўтамабільным і чыгуначным транзыце ды іншых. Калі мы вырвем адно зьвяно, то паляціць увесь ланцуг, абудзецца развал усёй сыстэмы беларуска-расейскіх дамоваў. Як вы ацэньваеце гэтыя пагрозы?”

(Манёнак: ) “Падобныя пагрозы мы ўжо чулі год назад, калі “Газпром” упершыню абвінаваціў Беларусь у “несанкцыянаваным заборы газу”. Рэалізацыя гэтых ультыматумаў цяжка адаб’ецца на беларускай эканоміцы. Таму што ня толькі расейцы ажыцьцяўляюць ільготны транзыт па тэрыторыі Беларусі, але і беларускія тавары перамяшчаюцца па расейскай тэрыторыі ў ільготным рэжыме. І шмат беларускіх вытворцаў, дзякуючы гэтым ільготам, нарасьцілі свой экспарт у Расею.

Мне падаецца, што Лукашэнка не зьбіраецца ажыцьцявіць гэтых пагрозаў. Гэта сродак выгандляваць для Беларусі больш выгадныя ўмовы на перамовах. Таму што адзіныя для Беларусі і Расеі цэны на энэргарэсурсы — гэта даўняя ідэя Лукашэнкі, і ён будзе за яе моцна трымацца. Але рэальнасьць такая, што таннага газу больш ня будзе. Сярэдняя цана газу ў Расеі будзе каля 36 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. Незалежныя пастаўшчыкі, калі іх можна так назваць, прапануюць газ па цане каля 50 даляраў. І “Газпром” таксама будзе павышаць свой кошт”.

(Карбалевіч: ) “Пэўная лёгіка ў заяве Лукашэнкі ёсьць. Калі ня будзе таннага газу, то навошта гэтая беларуска-расейская інтэграцыя”.

(Коктыш: ) “Такое пытаньне рана ці позна павінна было ўстаць. Калі ня будзе таннага газу, то ня будзе і таннага транзыту. Падчас адной з апошніх сустрэчаў Лукашэнкі з Пуціным бакі дамовіліся, што Беларусь будзе атрымліваць газ па той цане, па якой яго атрымліваюць краіны СНД, і транзыт будзе па “ўкраінскіх” коштах. Сапраўды, калі ня будзе вырашанае пытаньне аб танных рэсурсах з Расеі, то навошта гэты саюз? Бо адзіны сэнс ягонага існаваньня — гэта доступ Беларусі да расейскіх рэсурсаў.

Дарэчы, беларуска-расейская інтэграцыя ў Расеі сваё адпрацавала. Для Пуціна гэты саюз значыць значна менш, чым ён значыў для Ельцына. Зь іншага боку, Расея ня можа існаваць безь беларускага транзыту. Патрабуецца як мінімум пяць гадоў, каб пабудаваць альтэрнатыўныя транзытныя шляхі. Таму, хутчэй за ўсё, нейкае пагадненьне будзе дасягнутае. Але палітычны саюз дзьвюх краінаў не зьяўляецца неабходнаю ўмоваю эканамічных дамоваў. Гэта магло быць звычайнае двухбаковае пагадненьне паміж дзьвюмя дзяржавамі.

Калі ня ўдасца дасягнуць пагадненьня аб танных энэргарэсурсах, то Лукашэнку патрэбна зьмяніць сваю палітычную парадыгму. І тут магчымыя варыянты. Што тычыцца супрацьпаветранай абароны, то гэта адзіная сфэра, якую тэхнічна, тэхналягічна немагчыма разбурыць, бо яна ўжо даўно агульная. Таму найболш верагодны выхад зь сёньняшняга тупіка — гэта разьмен пазыцыяў”.

(Карбалевіч: ) “У пятніцу Лукашэнка вылучыў да Расеі новыя патрабаваньні. Ён сказаў, Беларусь, на прыклад Украіны, хацела б атрымліваць дадаткова 6 мільярдаў кубамэтраў газу для рээкспарту. Акрамя таго, Лукашэнка ставіць пытаньне аб арэндзе расейскага газавага радовішча. Ці рэалістычныя гэтыя прэтэнзіі?”

(Манёнак: ) “Пытаньне аб арэндзе Беларусьсю расейскага газавага радовішча таксама абмяркоўваецца ня першы раз. Беларускія ўрадавыя экспэрты рабілі аналіз, і была зробленая выснова, што гэта нятанная справа. І віцэ-прэм’ер Сямашка заявіў, што гэта нерацыянальна для Беларусі.

Беларуская эканоміка вельмі энэргаёмістая. Вельмі цяжка ідуць унутраныя разьлікі за газ. У лютым пакуль што аплачана толькі 40% ад спажытага газу. Беларуская энэргасыстэма закрэдытаваная. Каб разьлічыцца за энэрганосьбіты, беларускі ўрад мабілізуе сродкі з самых прыбытковых прадпрыемстываў. Ці далёка мы зойдзем такім шляхам? Расея ня вельмі хоча пускаць у газаздабываючую сфэру такога слабога партнэра як Беларусь. Гэтая сфэра даўно падзеленая. Таму гэтыя прэтэнзіі Лукашэнкам вылучаныя дзеля таго, каб пагандлявацца.

Што тычыцца паставак дадатковых шасьці мільярдаў кубамэтраў газу для рээкспарту, па прыкладу Ўкраіны. Расея згадзілася на такія пастаўкі Ўкраіне па выніках перамоваў у ваеннай сфэры. Увесь прыродны газ “Газпрому” ўжо закантрактаваны. Бюджэт “Газпрому” складаўся вельмі цяжка. Таму няма ніякіх шанцаў, каб Беларусь атрымала нейкія пастаўкі для рээкспарту”.

(Коктыш: ) “У пастаўках расейскага газу Беларусі для рээкспарту няма эканамічнага сэнсу. Бо ў адрозьненьні ад Украіны адзіным магчымым спажыўцом гэтага газу можа быць толькі сумеснае прадпрыемства “Газпрому” і Польшчы. Купляць газ у “Газпрому” і яму ж прадаваць — гэта вельмі дзіўная камэрцыя”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, тупік у перамовах аб пастаўках газу ўсё больш ператвараецца ў тупік беларуска-расейскай інтэграцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG