Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым Беларусь адкажа на ўльтыматум расейскіх пастаўцоў газу?


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: былы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір і аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак.

(Цыганкоў: ) “Паведамленьне аб магчымым спыненьні ў суботу 24 студзеня паставак расейскага газу ў Беларусь стала непрыемнай сэнсацыяй для беларускага кіраўніцтва. Наколькі, па-вашаму абгрунтаваная аргумэнтацыя прадстаўнікоў расейскіх газавых пастаўцоў, якія ўсю віну за сёньняшні крызыс ускладаюць на беларускі бок? Хто вінаваты ў тым, што склалася такая крытычная сытуацыя ў забесьпячэньні Беларусі газам?”

(Чыгір: ) “Сёньня ўжо ідзе другая палова студзеня, а дамовы пра пастаўку газу ў Беларусі дасюль няма. Зразумела, што адсутнасьць дамовы з "Газпрамам" падштурхнула яго да прыняцьця такіх дзеяньняў. Таму я б не сказаў, што вінаваты "Газпрам". У "Газпраму" пакупнікоў шмат, у Беларусі пастаўшчык адзін. Таму Беларусь найбольш зацікаўленая ў падпісаньні дамовы, і ў дадзеным выпадку я лічу, што беларускі бок больш вінаваты ў тым, што адбылося”.

(Цыганкоў: ) “Можа проста “Газпрам” вылучыў такія патрабаваньні, якія беларускаму боку непрымальныя?”

(Чыгір: ) “Скажам так, Беларусі дагэтуль шанцавала, што пастаўкі газу ажыцьцяўляліся па самых нізкіх цэнах. І гэта было выгадна для Беларусі, але гэта ня можа быць вечным, і адбылося тое, што павінна было адбіцца. Трэба было чакаць і рыхтавацца да гэтага”.

(Цыганкоў: ) “Тацяна Манёнак, я ведаю, што вы кантактуеце з тымі беларускімі чыноўнікамі, якія вядуць перамовы з расейскімі пастаўцамі. Якое ваша меркаваньне – кім была дапушчаная памылка, чаму склалася такая сытуацыя ў газавым супрацоўніцтве? Сытуацыя, не ўласьцівая для нармальных, добрасуседзкіх адносінаў”.

(Манёнак: ) “Сапраўды, вяліся вельмі цяжкія і нудныя перамовы, беларускія чыноўнікі зрабілі, здаецца, усё магчымае, каб яе падпісаць, – але пакуль не атрымалася. Кожны год паўтараецца тая ж сытуацыя, але цяпер яна больш складаная, бо "Газпрам" увязвае пастаўкі газу з акцыянаваньнем "Белтрансгазу". Сёньня я размаўляла з кіраўнікамі "Белтрансгазу", і яны сказалі, што ніякага сабатажу зь іхнага боку няма, што перамовы працягваюцца.

Але ж сам "Газпрам" ня пагаджаецца на тыя стаўкі транзыту, якія просіць беларускі бок. Былі дамоўленасьці, што Беларусь атрымлівае газ за рынкавы кошт 50 даляраў, затое транзыт падвышаецца да крышку больш за даляр. Але "Газпрам" настойвае, каб транзыт быў 73 цэнты. Гэта зусім не адпавядае рэальнасьці, кажуць адмыслоўцы "Белтрансгазу". Да таго ж беларускі транзыт на 800 кілямэтраў меншы за ўкраінскі. І таму, улічваючы ўсе затраты, беларускі бок прапаноўвае "Газпраму" падпісаць кантракт па цане 45 даляраў. Але на гэта Масква не згаджаецца”.

(Цыганкоў:) “Калі ўзяць адзін аспэкт перамоваў – стварэньне сумеснага прадпрыемства. Гэта павінна было быць зроблена яшчэ да 1 ліпеня мінулага году,але ня зроблена дасюль. Хіба можна сьцьвярджаць, што беларускі бок у гэтым не вінаваты?”

(Манёнак: ) “Сапраўды, была такая дамова, але тут трэба мець на ўвазе, што дакумэнты трэба падпісваць вельмі ўважліва і пісьменна. Там не было сказана, што калі Беларусь ня створыць сумеснага прадпрыемства, то Расея адмаўляецца пастаўляць газ. Такога не было. Стварэньне сумеснага прадпрыемства – вельмі марудная справа, кожны бок гандлюецца, і гэта можа зацягнуцца надоўга. Мы ведаем прыклад Украіны ў стварэньні газавага кансорцыюму. Увогуле, беларускі бок ужо гатовы плаціць за газ па рынкавых коштах, па 50 даляраў, але “Газпрам” хоча выгандляваць сабе больш танны транзыт”.

(Цыганкоў: ) “Наколькі я разумею, і гэта ўжо прагучала ў прэсе, тэхнічна цалкам адключыць Беларусь ад паставак газу немагчыма, бо праз тэрыторыю Беларусі газ ідзе ў Эўропу. Напэўна, “Белатрансгаз” пачне несанкцыянаваны адбор газу, бо іншага выйсьця не відаць. І што тады – чым можа пагражаць тое, што Беларусь пачне адбіраць з трубы расейскі газ, які ідзе на Захад?”

(Чыгір: ) “Вядома ж, гэта будзе адбывацца. Так было і ва Ўкраіне, калі там не ўдавалася дамовіцца. Але ж гэта доўга працягвацца ня можа, бо сапсуе адносіны і з Расеяй, і з Захадам. Таму застаецца 10 дзён, ня болей, для “несанкцыянаванага адбору”. За гэты час трэба закончыць перамовы. Аднак усе перамовы павінны адбывацца за зачыненымі дзьвярыма. Цяпер, калі ўсе гэтыя лічбы даведзеныя да насельніцтва, гэта псуе перамоўны працэс”.

(Цыганкоў: ) “У каго зараз больш козыраў, больш аргумэнтаў, каб настойваць на сваіх умовах?”

(Чыгір: ) “Вядома ж, у Расеі”.

(Цыганкоў: ) “Чаму?”

(Чыгір: ) “Бо Расея адмаўляецца пастаўляць газ у Беларусь не з-за таго, што Беларусь не пайшла на акцыянаваньне, а з-за таго, што дагэтуль няма дамовы пра гэтыя пастаўкі. Расейцы кажуць – калі ласка, атрымлівацце газ, плаціце па тых цэнах, якія ёсьць для Прыбалтыкі і Ўкраіны. Расея з пункту гледжаньня міжнародных юрыдычных правілаў мае рацыю ў тым, што патрабавала ад Беларусі заключэньня дамовы”.

(Цыганкоў: ) “Вы думаеце, што Аляксандр Лукашэнка аддасьць Расеі 51 працэнт "Белтрансгазу"?

(Чыгір: ) “Гэта прадмет перамоваў. У нас іншага выйсьця няма – мы неяк павінны дамовіцца. На якіх умовах – гэта прадмет дыскусіяў. І трэба дамовіцца так, каб гэта было выгадна і Беларусі і Расеі”.

(Цыганкоў: ) “Тацяна, на вашую думку, ці ёсьць зараз козыры ў беларускага кіраўніцтва нават у такой складанай сытуацыі?”

(Манёнак: ) “Вядома, ёсьць. Рэч у тым, што ня толькі ў Беларусі зараз няма кантракту на пастаўкі газу, але і ў Расеі няма кантракту на транзыт газу празь беларускую тэрыторыю ў Эўропу. Толькі днямі пацьверджаны бюджэт "Газпраму", перад ім пастаўленыя вялікія задачы, і кампанія імкнецца мець больш танны транзыт праз Беларусь.

Але ня толькі эканамічныя аргумэнты трэба разглядаць у гэтай сытуацыі, але і палітычныя. Ніякіх зрухаў наперад у стварэньні саюзу Беларусі і Расеі апошнім часам ня зроблена, нягледзячы на тое, што паводле Касьянава, у лютым для Беларусі будзе апошні шанец увесьці расейскі рубель на тэрыторыі краіны. І вось на гэтым фоне мы бачым ультыматум беларускаму боку. Хаця, я зноў падкрэсьлю, што эканамічнае абгрунтаваньне для такіх прэтэнзіяў ёсьць”.

(Цыганкоў: ) “Калі ня ўдасца дамовіцца, калі эскаляцыя напружанасьці ўзрасьце, то якія аргумэнты можа прадставіць Беларусь па-за газавай сферы? Транзыт, расейскія базы?”

(Чыгір: ) “Вядома, усе, што вы назвалі – гэта важкія аргумэнты, і на чашу перамоваў трэба класьці ўсё, што ёсьць з таго і іншага боку. Але вельмі дрэнна, што ўсё гэта адбываецаца публічна. І чым болей мы людзей уцягваем у аспэкты гэтым перамоваў, тым горш для адносінаў паміж краінамі. Гэта праца ўрадаў, а таксама "Газпраму" і "Белтрансгазу". Ніколі не бываюць такія перамовы гладкімі, таму што інтарэсы не супадаюць. Але гэта трэба рабіць, як рабілася раней – сустрэліся і дамовіліся, выйшлі да прэсы і аб’явілі”.

(Цыганкоў: ) “Ці ёсьць, напрыклад, ацэнкі, колькі можа каштаваць арэнда расейскай радыёлякацыйнай станцыі?”

(Чыгір: ) “Скажам адкрыта, што гэтую станцыю мы ўжо акупілі, калі Расея сьпісала нашыя газавыя даўгі – у 1996 годзе – 1 мільярд 200 мільёнаў даляраў.

Вядома, усё трэба ўлічваць, але ня будзе такога, каб Расея вечна пастаўляла газ па цэнах 25-30 даляраў. У іх унутры краіны цэны на газ увесь час падвышаюцца, і будуць падвышацца – гэта ўмова ўступленьняў у WTO. Трэба рыхтаваць эканоміку да падвышэньня цэнаў”.

(Цыганкоў: ) “Ваш прагноз – ці сапраўды ў суботы будуць спыненыя пастаўкі газу ў Беларусь, і якой будзе рэакцыя вышэйшага кіраўніцтва Беларусі на гэты ўльтыматум?”

(Чыгір: ) “Па-першае, нельга казаць, што будзе “адключаны” газ. Газ па адной трубе ідзе для Беларусі і для Эўропы. Усё ўлічваецца ўмоўна, па лічыльніках. Таму газ будзе ў Беларусі. Але вельмі мала часу адведзена для ўраду, каб дамовіцца па цане”.

(Манёнак: ) “Козыры ёсьць і ў Беларусі. Менск можа выбіраць гэты газ, улічваючы, што дасюль няма кантракту на пастаўкі газу ў Беларусь. Думаю, што вельмі рэзкіх заяваў ня будзе. Беларускія спецыялісты паспрабуюць дамовіцца з незалежнымі расейскімі пастаўшчыкамі. Потым гэты час будзе выкарыстаны, каб паскорыць перамовы аб стварэньне сумеснага прадпрыемства”.

(Чыгір: ) “Таксама мяркую, што рэзкіх заяваў ня будзе. Але калі яны будуць, то гэта будзе памылкай беларускага кіраўніцтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG