Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чым грунтуюцца спадзяваньні арганізатараў новай перадвыбарчай кааліцыі “Маладая Беларусь”?


Юры Дракахруст, Прага

(Дракахруст: ) “Днямі было абвешчана пра стварэньне новай перадвыбарчай кааліцыі "Маладая Беларусь". Сп. Севярынец, чым Вас і Вашых сяброў па кааліцыі не задавальнялі ўжо існыя кааліцыі – "5+" і "Эўрапейская кааліцыя", чаму спатрэбілася ствараць новую?”

(Севярынец: ) "Маладая Беларусь" – гэта перадвыбарчы блёк, гэта аб'яднаньне асобаў, лідэраў маладога пакаленьня, новай фармацыі. Ад самага пачатку, калі мы вырашылі вылучацца на выбары 2004 году ў палату прадстаўнікоў, мы вялі перамовы і з адной, і зь іншай кааліцыяй, каб нашыя кандыдаты маглі ўдзельнічаць у адзіным сцэнары. Але тры месяцы перамоваў з "5+", некаторыя супярэчнасьці з "Эўрапейскай кааліцыяй" прывялі да таго, што большасьць маладых кандыдатаў, а ў нас зараз 27 чалавек, вырашылі ісьці на гэтыя выбары самастойна. Гэта ў першую чаргу выклік бязьдзейнасьці, безыніцыятыўнасьці і нявер’я ў перамогу, якую мы назіраем перш за ўсё ў партыйнай апазыцыі. Разам з тым мы гатовыя ўдзельнічаць у перамовах, у кансультацыях, мы гатовыя распрацоўваць адзіны сцэнар, мы гатовыя абысьціся бяз крытыкі дэмакратычных апанэнтаў у першым туры і падтрымліваць у другім туры дэмакратычных кандыдатаў, якія набяруць найбольшую колькасьць галасоў. Гэта жаданьне маладога пакаленьня сфармуляваць тую альтэрнатыву, якая будзе здольная акумуляваць пратэстны настрой у Беларусі. Пратэстны патэнцыял у Беларусі – 60-70%, а рэйтынг партыйнай апазыцыі – 15-20%. Палова насельніцтва Беларусі – гэта пратэстны электарат, які ня мае свайго прадстаўніцтва. Гэта – поле для перамогі, і мы ідзем новай сілай, каб перамагаць менавіта на гэтым полі”.

(Дракахруст: ) “Сп. Івашкевіч, ці не зрабіў блёк "5+" пэўныя памылкі, ці прадэманстраваў дастатковую гнуткасьць і гатоўнасьць да згоды, каб прадухіліць зьяўленьне яшчэ адной перадвыбарчай кааліцыі?”

(Івашкевіч: ) “Па-першае, хачу адзначыць, што гэта кааліцыя 20 асобаў, якія выказалі намер стаць кандыдатамі. Пакуль што гэта ня ёсьць нейкі рух, сіла, якая мела б рэйтынг большы, чым "кепскія" і "недасканалыя" партыі. Усе гэтыя гучныя заявы пра сваю "лепшасьць" трэба яшчэ пацьвердзіць.

Што тычыцца саступак і гнуткасьці, то рашэньні партыі ня могуць задаволіць усіх, асабліва з улікам таго, што партыя мусіць весьці цяжкія ўзгадненьні разьмеркаваньня акругаў зь сябрамі па кааліцыі. Кожны чалавек мае права вылучацца і спрабаваць свае сілы. Ці можа пашкодзіць тое, што дэмакратычныя кандыдаты будуць ваяваць паміж сабою? Можа, але змагацца з гэтай ініцыятываю бессэнсоўна і нават шкодна. Іншая справа, што незразумела, наколькі людзі, што сабраліся ў "Маладой Беларусі", сапраўды зьяўляюцца лідэрамі, і лідэрамі каго, і ці маюць яны каманды. У мяне на гэты конт ёсьць вялікія сумневы”.

(Дракахруст: ) “Сп. Севярынец, бясспрэчна тое, што Вы – малады палітык, кіраўнік моладзевай арганізацыі. Таксама агульнавядома, што моладзі ў Беларусі ў найбольшай ступені ўласьцівыя апазыцыйныя настроі. Але чаму з гэтых двух фактаў Вы робіце выснову, што менавіта Вашыя аднадумцы ў найбольшай ступені адлюстроўваюць інтарэсы, погляды моладзі, што вы зьяўляецеся кумірамі гэтай самай моладзі?”

(Севярынец: ) “У гэтым якраз і ёсьць сэнс праблемы. Мабілізацыя моладзевага электарату, ператварэньне апалітычнасьці моладзі ў ударную хвалю, якая здольная нанесьці псыхалягіную паразу рэжыму напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў – у гэтым і палягае мэта "Маладой Беларусі". "Маладая Беларусь" – гэта таран, які будзе дапамагаць усім дэмакратычным сілам Беларусі атрымаць перамогу. І ў гэтым сэнсе стварэньне "Маладой Беларусі" не аслабляе пазыцыі дэмакратычнага руху, а ўзмацняе іх.

Мы пакуль яшчэ не куміры маладога пакаленьня, мы пакуль яшчэ лідэры, якія спрабуюць заваяваць гэты давер. Але прабачце, у 24 гады Кастусь Каліноўскі кіраваў паўстаньнем, у 25 гадоў Максім Багдановіч зрабіўся зоркай эўрапейскай паэзіі. А нам да гэтага часу кажуць: "Хлопцы, вы яшчэ маладыя, вы падтрымайце нас і, можа быць, мы зноў атрымаем маральную перамогу". Разумееце, людзі, якія ўжо 5-7 гадоў змагаюцца на вуліцах (а гэта якраз пераважна моладзь), людзі, якія выходзяць на акцыі, церпяць адсідкі – яны ўжо расчараваліся ў існай апазыцыі. Зразумела, апазыцыя неэфэктыўная ў першую чаргу таму, што рэжым паставіў яе ў такія ўмовы, але з гэтага не вынікае, што трэба прымаць гэтыя правілы гульні, наадварот, з гэтага вынікае, што іх трэба ламаць. Таму моладзь як сьвежая сіла ідзе са сваёй уласнай праграмай, плятформай, ідзе, каб даць беларускаму грамадзтву надзею. Беларусь стамілася чакаць”.

(Дракахруст: ) “Сп. Івашкевіч, тое, што моладзь стварае свой асобны перадвыбарчы блёк, наколькі моцна гэта б’е па плянах іншых кааліцыяў, прынамсі кааліцыі "5+". Распаўсюджанае меркаваньне, што палітычна ангажаваная моладзь Паўла Севярынца была "нагамі" апазыцыі, пераважна менавіта яны хадзілі на дэманстрацыі, раскідвалі ўлёткі, агітавалі падчас перадвыбарчых кампаніяў. Ці ня стануць партыі бязь іх "штабамі без салдатаў"?

(Івашкевіч: ) “Я зноў хачу ўдакладніць – ня моладзь стварае блёк, а група маладых людзей, каля 30 чалавек, як было сказана. Нельга толькі таму, што ты маладзейшы за 30 гадоў, заяўляць, што ты – прадстаўнік, рупар і надзея ўсёй беларускай моладзі, якой мільён зь нечым чалавек. Права называцца лідэрамі гэтай моладзі яшчэ трэба заваяваць. Пакуль што тыя людзі, якія заяўляюць, што яны – лідэры ўсёй моладзі, ня маюць на гэта вялікіх правоў.

Па-другое, на сёньняшні дзень у БНФ моладзь – гэта два намесьнікі старшыні, гэта тры з шасьці кіраўнікоў абласных арганізацыяў, гэта дзясяткі кіраўнікоў гарадзкіх і раённых арганізацыяў. І гэтая моладзь БНФ цалкам мае права таксама казаць, што і яны ёсьць моладзевыя лідэры, але ж якія працуюць у межах партыі.

Стварэньне блёку "Маладая Беларусь" па вялікім рахунку ня можа значна пашкодзіць выбарчай кампаніі блёку "5+". Я маю інфармацыю, што ня ўсе асобы, што гатовыя стаць кандыдатамі "Маладой Беларусі", маюць сілы нават вылучыцца, і ня ўсе, хто здольны вылучыцца, будзе мець дастаткова рэсурсаў, каб паўплываць на кампанію. Але калі з гэтых 30 чалавек знойдзецца некалькі асобаў, якія стануць відавочнымі лідэрамі ў сваіх акругах і прадэманструюць гэта паводле нейкіх аб'ектыўных крытэраў, я буду шчасьлівы, калі яны перамогуць. Больш таго, на мясцовым узроўні можа быць пагадненьне, што "пяцёрка" можа падтрымаць іх. Але падтрымаць за рэальнае лідэрства, а не за запіс ў пашпартнай графе "дата нараджэньня".

(Дракахруст: ) “Сп. Севярынец, у мяне да Вас пытаньне наконт палітычнай адказнасьці. Ва ўсіх перад вачыма досьвед расейскіх выбараў, дзе Саюз правых сілаў і "Яблоко" ня здолелі дамовіцца, што прывяло да вядомага выніку. Уявіце сабе, што расцярушваньне сілаў у Беларусі прывядзе ў кастрычніку да падобнай жа горкай паразы. Хто будзе ў гэтым вінаваты? Зразумела, Лукашэнка, але ці толькі ён? Вы адучуваеце рызыку свайго экспэрымэнту?”

(Севярынец: ) “Я б не назваў гэта экспэрымэнтам, гэта заканамернасьць, якая выяўляецца зараз у зьмене пакаленьняў у апазыцыі. Калі ўжо 10 гадоў адны і тыя ж людзі ня могуць прывесьці Беларусь да перамогі, то надыходзіць час маладых. Разам з тым я ўсьведамляю і сваю асабістую адказнасьць, і калектыўную адказнасьць "Маладой Беларусі". Безумоўна, калі нейкія нашыя дзеяньні, недапрацоўкі стануць прычынаю памылак і паразаў у канкрэтных акругах, мы гатовыя несьці гэтую адказнасьць у поўным аб'ёме. Разам з тым хацелася б нагадаць пра тую ж адказнасьць і лідэрам партыяў. Паўтаруся – мы тры месяцы праводзілі кансультацыі з "5+", спрабуючы дамагчыся саступак хаця б у адным зь пяці прынцыпаў, якія выклікалі ў нас пытаньні, пачынаючы са стасункаў з Расеяй і сканчаючы нявер’ем у перамогу. Тут адказнасьць усёй апазыцыі будзе адыгрываць першую ролю”.

(Дракахруст: ) “Сп. Івашкевіч, ці ня лічыце Вы, што стварэньне "Маладой Беларусі" стане сваеасаблівым “дэтанатарам” далейшага памнажэньня колькасьці перадвыбарчых блёкаў. Ужо абвешчана пра стварэньне жаночага блёку, наперадзе, магчыма, блёк пэнсіянэраў і г.д.”

(Івашкевіч: ) “Я не выключаю, што памнажэньне гэтых кааліцыяў будзе працягвацца. Шлях тут вельмі просты. Зьбяруцца 20 чалавек з розных заводаў і скажуць:"Мы – прадстаўнікі заводаў, і мы ствараем рабочую кааліцыю". 20 маладых людзей абвесьцяць сябе лідэрамі моладзі. Могуць сабрацца 20 жанчынаў і заявіць, што яны – лідэры ўсіх беларускіх жанчынаў, якіх 5 мільёнаў. Усе гэтыя кааліцыі з 20-30 чалавек маюць шанцы толькі пры наяўнасьці рэальных рэсурсаў. І таму я лічу, што ў вялікай колькасьці акругаў шмат гэтых кааліцыяў ня будзе ні на што ўплываць.

Кааліцыі ствараюцца дзеля таго, каб стаць суб'ектам перамоўнага працэсу. Вось сп. Севярынец кажа: "Мы тры месяцы вялі перамовы". Хто гэта "мы", калі кааліцыя стварылася пару дзён таму? А тры месяцы хто вёў перамовы, пэрсанальна сп. Севярынец? Магчыма, для кааліцыі "5+" пэрсанальны рэйтынг сп. Севярынца быў не настолькі высокім, каб прызнаць яго паўнацэнным партнэрам па перамовах.

Гэтае будаўніцтва кааліцыяў – часовая зьява. Гэта такая кан'юнктура – хутка зробім, прарвемся, тыя дурні, якія былі, вычарпаліся, а мы зробім. У сытуацыі лукашэнкаўскага рэжыму, які будзе працягвацца яшчэ гадоў 5, трэба мець ня спрынтэрскія, а стаерскія паказчыкі. І я мяркую, хто гэтыя ad hoc кааліцыі пад выбары потым адразу ж і рассыплюцца”.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG