Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Польшча выступае супраць санкцыяў Эўразьвязу да Беларусі?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: аналітык Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Агата Вяжбоўска-Мязга з Варшавы і экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў зь Менску

(Валер Карбалевіч: ) “У зьвязку з парушэньнямі прафсаюзных правоў беларускімі ўладамі ў Эўразьвязе разглядаецца пытаньне аб увядзеньні санкцыяў, найперш эканамічных, супраць Беларусі. Аднак віцэ-міністар гаспадаркі Польшчы Міраслаў Зяліньскі заявіў аб тым, што польскі ўрад выступіць супраць такіх санкцыяў, таму што гэта супярэчыць эканамічным інтарэсам Польшчы.

Магчыма, гэтая заява выклікана ня толькі нейкімі канкрэтнымі магчымымі гаспадарчымі стратамі, а адлюстроўвае больш агульны падыход польскай палітычнай эліты да “беларускага пытаньня”. Вядома, што Польша не далучылася да рашэньня краін Эўразьвязу забараніць візыты на сваю тэрыторыю васьмі найвышэйшым дзяржаўным асобам Беларусі, якое было прынятае ў лістападзе 2002 году. То бок, Варшава прытрымліваецца больш мяккага падыходу да рэжыму Лукашэнкі, лічыць, што ня санкцыі, а супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам дасьць большы плён. Ці гэта так?”

(Агата Вяжбоўска-Мязга: ) “У першую чаргу, за такім рашэньнем стаяць эканамічныя інтарэсы. Польша зацікаўленая ў тым, каб Беларусь была выгадным гандлёвым партнэрам. У 2003 годзе гандлёвы абарот узрос на 150%. Але зь іншага боку, сапраўды, польскія ўлады прытрымліваюцца пазыцыі, што Беларусь ня трэба ізаляваць, трэба імкнуцца ўцягнуць яе ў міжнародны дыялёг, эўрапейскія працэсы і такім чынам уплываць на ўнутраныя працэсы ў краіне”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Я згодны з польскаю каляжанкаю, што тут найперш існуюць польскія эканамічныя інтарэсы. У мінулым годзе польска-беларускі гандлёвы абарот склаў каля 700 мільёнаў эўра. Паводле падлікаў, калі санкцыі Эўразьвязу будуць уведзеныя, то гандлёвы абарот зьнізіцца ўдвая. Гэта даволі істотныя страты для Польшчы. У той жа час вядома, што Польшча займае крыху іншую пазыцыю ў адносінах да Беларусі, чым Эўразьвяз. Варшава лічыць, што зь Менскам трэба падтрымліваць дыялёг, яго ня трэба ізаляваць. Іншая справа, наколькі эфэктыўная такая палітыка, тут можна спрачацца”.

(Карбалевіч: ) “Вядома, што ў Польшчы цяпер існуе канфлікт з большасьцю краінаў Эўразьвязу ў пытаньні Канстытуцыі Эўразьвязу. Ці не рызыкуе Варшава ўступіць у новы канфлікт з эўрапейскай супольнасьцю ў пытаньні адносінаў зь Беларусьсю? Ці сапраўды “беларускае пытаньне” для Польшчы такое важнае, што дзеля яго Варшава гатовая да новага канфлікту?”

(Вяжбоўска-Мязга: ) “Відавочна, што пазыцыя Польшчы ў беларускім пытаньні і спрэчкі наконт Канстытуцыі Эўразьвязу — гэта розныя пытаньні. Пакуль аб канфліце ў беларускім пытаньні гаворкі не ідзе. У Эўразьвязе толькі пачалося абмеркаваньне пытаньня аб тым, ці патрэбна ўводзіць гэтыя санкцыі. Гэты працэс будзе ісьці як мінімум паўгоду. І толькі калі будзе прынятае рашэньне, што санкцыі трэба ўводзіць, яно будзе абмяркоўвацца сярод 25 краінаў-сябраў Эўразьвязу. А пакуль кожны сябра альбо кандыдат Эўразьвязу можа выказваць сваё меркаваньне і шукаць саюзьнікаў у падтрымку сваёй пазыцыі. Таму да канфлікту яшчэ вельмі далёка. І калі рашэньне аб санкцыях у адносінах Беларусі будзе прынятае, Польша, нават калі яна супраць, будзе вымушаная выконваць гэтае рашэньне”.

(Фёдараў: ) “Я таксама згодзен, што гэта крыху розныя пытаньні. Цяжка ўявіць, што з-за Беларусі ў Польшчы можа ўзьнікнуць такі канфлікт з большасьцю краінаў Эўразьвязу, як у пытаньні Канстытуцыі. Гэта пытаньні рознага ўзроўню. І нават калі, сапраўды, пазыцыя Польшчы ў беларускім пытаньні будзе значна адрозьнівацца аб большасьці, на яе ня будзе аказвацца такога моцнага ціску, як у пытаньні Канстытуцыі Эўразьвязу. Таму што пытаньне аб Беларусі для Эўразьвязу ня вельмі важнае. У Эўразьвязу цяпер шмат сваіх праблемаў, і Беларусь заўсёды будзе на заднім пляне”.

(Карбалевіч: ) “Хутка, магчыма, узьнікне яшчэ адна праблема ў беларуска-польскіх дачыненьнях. Цяпер абмяркоўваецца пытаньне аб пераносе амэрыканскіх вайсковых базаў з тэрыторыі Нямеччыны на тэрыторыю Польшчы. Лукашэнка ўжо некалькі разоў выказваўся нэгатыўна да гэтай акцыі. Як могуць паўплываць гэтыя падзеі на стасункі Беларусі і Польшчы?”

(Вяжбоўска-Мязга: ) “Гэта залежыць толькі ад беларускага боку. Таму што зьяўленьне амэрыканскіх базаў у Польшчы не скіраванае супраць Беларусі. А Беларусь можа ўспрымаць гэта па-рознаму: ці рэальна, як перагрупоўку вайсковых сілаў унутры НАТО, ці выкарыстае гэтую сытуацыю ў мэтах прапаганды”.

(Фёдараў: ) “Безумоўна, чакаць паляпшэньня беларуска-польскіх дачыненьняў у выпадку рэалізацыі гэтых плянаў, не даводзіцца. Гэта дрэнна адаб’ецца на ўзаемных стасунках. Кіраўніцтва Беларусі ўжо нэгатыўна ацэньвае гэта. Але цікава іншае. Калі Польшча заблякуе ўвядзеньне санкцыяў супраць Беларусі, то гэта будзе вітацца беларускім бокам. Але калі ў Польшчы зьявяцца амэрыканскія базы, гэта ўсё забудзецца, Варшава будзе абвінавачаная ва ўсіх сьмяротных грахах.

Рэч у тым, што афіцыйны Менск ня любіць і ня ўмее аналізаваць, прызнаваць інтарэсы іншых краінаў, супастаўляць іх са сваімі інтарэсамі. Ён ня можа саступіць у нечым адным, каб выйграць у іншым. Кіраўніцтва Беларусі настойвае на максымальных дывідэндах, як яно іх разумее”.

(Карбалевіч: ) “Летась адбыўся візыт сьпікера польскага парлямэнту ў Беларусь, упершыню за многія гады адбылася сустрэча прэм’ераў дзьвюх краінаў. Ці зьяўляецца гэта прыкметаю зьменаў у польскай палітыцы ў адносінах да Беларусі? Ці гэта выпадковыя падзеі, якія нельга зьвязваць у нейкую тэндэнцыю?”

(Вяжбоўска-Мязга: ) “Гэта не азначае зьменаў у ацэнцы ўнутранай сытуацыі ў Беларусі. Польшча пагаджаецца з нэгатыўнай ацэнкай гэтай сытуацыі, якую дае АБСЭ і іншыя эўрапейскія структуры. Але ў высновах АБСЭ, якія былі зробленыя пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, было адзначана, што палітыка ізаляцыі не дала эфэкту. Таму польскія ўлады імкнуцца весьці дыялёг, хоць і вельмі абмежаваны, зь Беларусьсю. Да таго ж Беларусь — сусед Польшчы. Таму нашыя стасункі зь Беларусьсю будуць заўжды больш актыўныя, чым у іншых эўрапейскіх краінаў”.

(Фёдараў: ) “Мы ўжо казалі, што Польшча займае крыху іншую пазыцыю ў адносінах да Беларусі, чым краіны Эўразьвязу і ЗША. У той жа час я лічу, што тыя сустрэчы афіцыйных асобаў Беларусі і Польшчы былі дастаткова выпадковымі, не мелі афіцыйнага стутусу. Таму такія кантакты будуць вельмі абмежаваныя. Будуць сустракацца міністры, будуць абмяркоўвацца, напрыклад, пытаньні міграцыі. Але пэрспэктывы палітычных кантактаў невялікія. А да сустрэчы на вышэйшым узроўні справа ня дойдзе”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, магчыма, дачыненьні Беларусі і Польшчы стаяць напярэдадні нейкага новага этапу. Зразумела, гэта зьвязана з агульнай палітыкай эўрапейскіх інтстытутаў у адносінах да Беларусі. Але, здаецца, і Менску, і Варшаве давядзецца шукаць нейкіх новых падыходаў у сваіх стасунках”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG