Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калядная прамова Лукашэнкі ў Катэдральным саборы


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: галоўны рэдактар Інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Аляксандар Класкоўскі і філёзаф Алесь Анціпенка.

(Валер Карбалевіч: ) “Падчас урачыстага набажэнства ў Сьвята-Духавым Катэдральным саборы ў сераду Аляксандар Лукашэнка выступіў з прамоваю, у якой прагучалі пэўныя заклікі да насельніцтва. Можна нават сказаць, што была выкладзеная нейкая тэзысная праграма для краіны на гэты год. Трэба адзначыць, што кіраўнік дзяржавы заўсёды падчас святкаваньня Раства Хрыстова па праваслаўным календары наведвае Катэдральны сабор і выступае там з прамовай. Але заўсёды гэта былі звычайныя віншаваньні праваслаўных вернікаў зь сьвятам, адзначэньне ролі Царквы у духоўным жыцьці грамадзтва. На гэты раз упершыню Лукашэнка выступіў у царкве з такою праграмнаю прамоваю. Чым гэта выклікана? І наколькі да месца і да часу такая нерэлігійная прамова?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Лукашэнку ніколі асабліва не хвалявалі нейкія нюансы рэлігійных дактрынаў, асаблівасьці рытуалаў і інш. Ён заўжды ішоў на альянс з праваслаўнаю царквою выключна з палітычных мэтаў. Кіраўнік дзяржавы разглядае гэтую царкву як апору сваёй улады. І ў дадзеным выпадку гэты экзатычны антураж для такіх лёзунгаў не бянтэжыць яго. Але Лукашэнка быў па-свойму шчыры, бо ён казаў пра тое, што яго ў дадзеным выпадку хвалюе.

А хвалюе яго тое, што ён абвясьціў і паставіў перад урадам задачу выціснуць 10% валавого ўнутранага прадукту ў гэтым годзе. Але кіраўнік дзяржавы сам ня ўпэўнены, што гэта атрымаецца, бо рэсурсы сыстэмы амаль вычарпаныя. Тым ня менш, як ён казаў — “хоць потам, хоць крывёю” трэба забясьпечыць гэтыя паказьнікі. А на даляглядзе — культавыя 250 даляраў у 2005 годзе трэба атрымаць. У гэтым годзе адбудуцца пэўныя электаральныя мерапрыемствы, магчыма, зьвязаныя з працягам прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. А што ў каго баліць, той пра тое і гаворыць.

Ёсьць, магчыма, пэўныя асаблівасьці кіраўніка беларускай дзяржавы, якія вядуць да таго, што любыя мерапрыемствы зь ягоным удзелам, у храме ці ў мастацкай установе, ператвараюцца ў такі, свайго кшталту, партыйна-гаспадарчы актыў”.

(Карбалевіч: ) “Цікавая думка. Калісьці экс-прэм’ер Расеі Чарнамырдзін казаў: “Якую партыю ні будуй, усё роўна атрымліваецца КПСС”.Так і тут, які ні адбываецца сход ці мерапрыемства, урэшце ўсё ператвараецца ў партыйна-гаспадарчы актыў”.

(Алесь Анціпенка: ) “Сапраўды, ёсьць нейкая некантэкстуальнасьць у ягонай прамове ў такім месцы і ў такі час. Але, зь іншага боку, вядома, што праваслаўная царква ёсьць адным з інструмэнтаў дзяржаўнай палітыкі. Значная частка праваслаўных вернікаў ёсьць і значнаю часткаю электарату Лукашэнкі. Акрамя таго, здаецца, гэта пачатак унутранай мабілізацыі беларускага рэжыму да выбараў у Палату прадстаўнікоў і магчымага рэфэрэндуму”.

(Карбалевіч: ) “Зьвяртаюць на сябе ўвагу такія тэзы Лукашэнкі: “Наш дабрабыт залежыць ад нас. Гасподзь проста так нічога нікому не дае... Чужое, дарам атрыманае, разбэшчвае чалавека. Ніхто, нічога, ніадкуль нам не прывязе. Усё нечага каштуе. Рана ці позна за гэта давядзецца плаціць. Таму давайце сваімі рукамі з маленькіх цаглінак ствараць свой храм”.

Падаецца, што гэтыя пастуляты, прагучалыя ў праваслаўным храме, не зусім стасуюцца з праваслаўнай ідэалёгіяй. Гэта хутчэй пастуляты з пратэстанцкай рэлігіі, з таго, што прынята лічыць элемэнтамі пратэстанцкай этыкі, дзякуючы якой, як лічыцца, капіталізм дасягнуў высокай эфэктыўнасьці ў заходніх краінах. Як бы вы пракамэнтавалі гэты сюжэт з выступу Лукашэнкі?”

(Класкоўскі: ) “Жыцьцё прымушае так гаварыць. Сам Лукашэнка любіць казаць, што ён ідзе ад жыцьця. Зноў хачу падкрэсьліць, што яго мала хвалююць тонкасьці рэлігійных дактрынаў. Усё вызначаецца палітычным момантам. А ён сёньня такі, што рэсурсы папулізму вычарпаныя. І таму гэта такое ненавязьлівае прывучэньне электарату да думкі, што лепей жыць мы ня будзем”.

(Анціпенка: ) “Стасункі з Расеяй становяцца ўсё больш праблематычнымі. І ў гэтых умовах трэба мабілізаваць грамадзтва на выкананьне той задачы, якую Лукашэнка паставіў перад урадам: дасягнуць 10% росту валавога ўнутранага прадукту. І сьвята — гэта добрая нагода зьвярнуцца да шараговага грамадзяніна і ўкласьці яму ў галаву ідэю, што ўсё залежыць ад яго. Акрамя таго зьявіўся новы чыньнік: набліжэньне да межаў Беларусі Эўразьвязу. Гэта пацягне шэраг эканамічных праблемаў.

У мінулым годзе беларускаму грамадзтву была рэпрэзэнтаваная дзяржаўная ідэалёгія. Але яна вельмі эклектычная, спалучае ў сабе неспалучальныя элемэнты. Таму нічога дзіўнага ў такіх закліках Лукашэнкі я ня бачу”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, гэтыя заклікі абапірацца на ўласныя сілы прагучалі ў момант напружаных дачыненьняў з Расеяй. Яшчэ невядомыя цэны на газ у гэтым годзе. І таму натуральным выглядае заклік да насельніцтва рыхтавацца да цяжкага выжываньня ва ўмовах “варожага атачэньня” і эканамічных цяжкасьцяў.

Спадар Анціпенка зьвярнуў увагу на тое, што афіцыйныя ідэалягемы імкнуцца спалучаць вельмі розныя неспалучальныя элемэнты. Гэта адбылося і падчас прамовы ў храме. Лукашэнка аб’явіў гэты год годам якасьці і паскарэньня, таму што без высокай якасьці і паскарэньня мы ня можам вырашыць тых задачаў, якія пастаўленыя перад краінаю. І ўсё гэта нагадвае савецкія лёзунгі. “Пяцігодка эфэктыўнасьці і якасьці” была ў брэжнеўскія часы. А курс на “аскарэньне сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця” быў абвешчаны Гарбачовым у пачатку ягонай дзейнасьці. Хачу нагадаць, што мінулы год быў аб’яўлены “годам навядзеньня парадку ў краіне”. Як вы можаце пракамэнтаваць гэта?”

(Класкоўскі: ) “У мяне ўзьніклі тыя ж самыя асацыяцыі. Тут цікавы такі гібрыд пэрыяду “застою” і “перабудовы”. Але гэтыя заклікі ня вельмі рэалістычныя. У час Брэжнева заклікі да павышэньня якасьці былі не выканальныя ў межах той сыстэмы. А сёньня мы жывём у постіндустрыяльную эпоху, ідзе спаборніцтва ідэяў. А гэта патрабуе іншай ступені разьняволенасьці мысьленьня. Таму трэба пачынаць зь якасьці кадраў і іх мысьленьня.

Вядома, што пасьля курсу на паскарэньне Гарбачоў абвесьціў перабудову. Наўрад ці такая эвалюцыя магчымая ў Беларусі. Хачу нагадаць, што падчас прэс-канфэрэнцыі перад расейскімі журналістамі 1 жніўня мінулага году Лукашэнка сказаў, што Гарбачоў добры чалавек, але ўсё пазытыўнае, што ён зрабіў, народ забыў, а толькі памятае, што ён разваліў вялікую краіну. А вось я, казаў, кіраўнік Беларусі, такім шляхам не пайду. Таму ня будзе ў Беларусі абвешчаная дэмакратызацыя і галоснасьць, як гэта зрабіў Гарбачоў”.

(Анціпенка: ) “Лукашэнка ня першы раз зьвяртаецца да савецкіх лёзунгаў. Тут трэба зьвярнуць увагу, што беларускае гісторыя з 1994 году добра кладзецца на схему савецкай гісторыі. Мы перажылі барацьбу з НЭПам, рэіндустрыалізацыю, рэкалектывізацыю, “справу Прампартыі” (падчас другіх прэзыдэнцкіх выбараў), “справу дактароў”. Цяпер, паводле гэтай схемы, мы знаходзімся на этапе позьняга брэжневізму і раньняй гарбачоўшчыны. Далей, напэўна, нас чакаюць два варыянты. Першы вырыянт: калі з паскарэньнем нічога не атрымаецца, то нас чакае кароткі пэрыяд андропаўшчыны. Другі варыянт: калі з паскарэньнем атрымаецца, то мы рушым да перабудовы”.

(Карбалевіч: ) “Мне падаецца, перабудова — гэта ня самае горшае для Беларусі. Падсумоўваючы, можна сказаць, што выступ Лукашэнкі падчас урачыстага набажэнства ў Сьвята-Духавым Катэдральным саборы ў сераду выглядае трохі дзіўным у сэнсе і часу, і месца, і зьместу прамовы. Дзіўнай зьяўляецца і тая мяшанка зь лібэральна-пратэстанцкіх пастулятаў і забытых лёзунгаў савецкага часу. Малаверагодна што гэтыя заклікі, прагучалыя ў сьвяточны дзень, змогуць дапамагчы краіне ва ўмовах той эканамічнай палітыкі, якая праводзіцца дзяржаваю, ва ўмовах той міжнароднай ізаляцыі, у якой апынулася Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG