Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫНІКІ ГОДУ. ПРАДПРЫМАЛЬНІЦКІ РУХ: ТЭНДЭНЦЫІ І ПЭРСПЭКТЫВЫ


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “Апошнія гады ва ўмовах грамадзкай апатыі, дэпалітызацыі, поўнага кантролю дзяржавы над усімі грамадзкімі сфэрамі, затуханьня пратэстных настрояў, на ўвесь голас заявіў аб сабе прадпрымальніцкі рух як адзіная сіла, здольная на самаарганізацыю і супраціў дзеяньням уладаў. Экспэрты сталі казаць аб зьяўленьні кансалідаванай грамадзкай сілы, фармаваньні сярэдняй клясы, якая стварае аснову для дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі. Зразумела, тут шмат перабольшваньняў. Але відавочна тое, што прадпрымальнікі сталі адзіным сацыяльным слоем, які эканамічна незалежны ад дзяржавы, мае свае асобныя матэрыяльныя інтарэсы і ўсьведамляе іх.

Калі казаць пра гэты год, то можам адзначыць шмат падзеяў, зьвязаных з прадпрымальніцкім рухам. Гэта і агульнанацыянальны страйк 12 сакавіка, у якім удзельнічала каля 70% індывідуальных прадпрымальнікаў. Была надта ўпартая, доўгая галадоўка прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча і больш як двух дзясяткаў работнікаў ягонай фірмы “Радыё-таксі” ў Ваўкавыску. Былі лякальныя пратэсты ў розных гарадах краіны супраць ліквідацыі рынкаў, зносу кіёскаў і іншага. Былі спробы кансалідацыі прадпрымальніцкага руху, аб’яднаньня розных арганізацыяў.

Здаецца, што зрабіўшы некалькі крокаў наперад, прадпрымальніцкі рух перажывае цяпер нейкі пэрыяд застою. Першыя арганізацыі прадпрымальнікаў узьніклі ў пачатку 1990-х гадоў, але яны аб’ядноўваюць толькі некалькі адсоткаў ад усіх існоўных бізнэсоўцаў. У гэтым сэнсе арганізацыі індывідуальных прадпрымальнікаў, іх прафсаюзы ахапілі больш прадпрымальнікаў, але тут таксама шмат праблемаў. Па вялікаму рахунку, не ўдалося адбіць наступу ўлады на правы бізнэсу. Посьпехі тут вельмі нязначныя. Наступ улады працягваўся і ў гэтым годзе. Гэта і дэкрэт №4, і знос кіёскаў у Менску, іншае. Ці адбыўся нейкі крок наперад у прадпрымальніцкім руху ў гэтым годзе? Ці ёсьць нейкія дасягненьні?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Падаецца, што пры аналізе прадпрымальніцкага руху ў многіх назіральнікаў складаецца ўражаньне таго, што па-француску называецца дэжа-вю, уражаньне ўжо бачанага. Як правіла, гэта сытуацыйная рэакцыя. Схема такая: выходзіць нейкі дэкрэт, указ альбо пастанова; яно не падабаецца прадпрымальнікам; яны спрабуюць наладзіць нейкі пратэст. Кіраўнікі прадпрымальнікаў выступаюць з заявамі, дзе пагражаюць страйкамі. Усё гэта часам нагадвае жарты пра чарговае “кітайскае папярэджаньне”. Здаецца, што ўлады ўжо трохі прызвычаіліся да гэтага і ня надта палохаюцца. Ва ўсялякім разе, эфэктыўнасьць гэтых мэтадаў барацьбы невялікая.

На працягу году ўлады мэтадычна выціскалі дробны бізнэс з розных нішаў. Напрыклад, у Менску на вачах адбывалася “зачыстка” цэнтру гораду і нават нецэнтральных вуліцаў ад шапікаў. Усё гэта адбывалася пад лёзунгам руху да цывілізаванасьці, эўрапейскасьці. У гэтым сэнсе кароткая рэмарка. Я толькі што прыляцеў з Брусэлю. І там на кожным кроку ў цэнтры гораду шмат гэтых шапікаў. А Брусэль — гэта палітычны цэнтар Эўропы. Рух прадпрымальнікаў распадаецца на дзьве плыні, якія між сабою нібыта не перасякаюцца. Ёсьць старыя рэспэктабэльныя саюзы прадпрымальнікаў, якія лічаць, што яны вядуць цывілізаваны дыялёг з уладамі. Хоць прызнаюцца, што эфэкт ад гэтага таксама ня надта вялікі. І ёсьць саюзы, якія аб’ядноўваюць дробны бізнэс. І з боку першых прасьлізвае такое часткова пагардлівае стаўленьне да індывідуальных прадпрымальнікаў. Маўляў, чаўнакі сваё прайгралі, яны асуджаныя на выміраньне як сацыяльная страта. Ва ўсялякім разе, пытаньне кансалідацыі, асэнсаваньня стратэгічных мэтаў — гэта пытаньне жыцьця і сьмерці прадпрымальнікаў на Беларусі”.

(Леанід Малахаў: ) “2003 год для прадпрымальнікаў выдаўся асабліва цяжкі. Шмат было дэкрэтаў, указаў, пастановаў, якія парушалі правы прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікі адказвалі невялікімі выступамі. Асаблівай увагі заслугоўвае агульнанацыянальны страйк і народны марш “За лепшае жыцьцё” 12 сакавіка. Да гэтага часу кожная арганізацыя, якая бароніць правы прадпрымальнікаў, дзейнічала паасобку, кожная лічыла эфэктыўнымі толькі свае мэтады барацьбы. Але дзеля правядзеньня сумеснай акцыі 12 сакавіка яны аб’ядналіся. Мы прыйшлі да высновы, што толькі сумесныя дзеяньні дазволяць добра падрыхтаваць гэтую акцыю. Адбылася сустрэча кіраўнікоў прадпрымальніцкіх арганізацыяў, і мы дамовіліся аб сумеснай працы. У выніку 12 сакавіка па краіне страйкавала 70% індывідуальных прадпрымальнікаў, тры тысячы прадпрымальнікаў прынялі ўдзел у народным маршы. Вось гэты досьвед аб’яднаньня высілкаў і сумеснай працы і ёсьць галоўным дасягненьнем мінулага году ў прадпрымальніцкім руху.

Што тычыць розных плыняў у прадпрымальніцкім руху, аб якіх казаў спадар Класкоўскі. Адны ладзяць публічныя акцыі пратэсту, іншыя вядуць перапіску з уладамі, я лічу, што ўсе дзеяньні трэба лічыць пазытыўнымі. Кроплі точаць камень”.

(Карбалевіч: ) “Першы агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў адбыўся ў 1998 годзе. За гэты час у краіне адбыліся прэзыдэнцкія выбары, выбары ў Палату прадстаўнікоў, двойчы — мясцовыя выбары. Ці была спроба стварыць нейкую сыстэму палітычнай бясьпекі, мэханізмы абароны інтарэсаў бізнэсу ў органах дзяржаўнай улады? У Палаце прадстаўнікоў ёсьць прадпрымальнікі, але яны абараняюць толькі свой уласны бізнэс. Чаму прадпрымальніцкія саюзы не стварылі сваёй партыі альбо не заключылі пагадненьня, саюзу з існоўнымі партыямі? Напрыклад, на мінулых думскіх выбарах у Расеі ўсе палітычныя партыі, нават камуністы, уступалі ў саюзы зь бізнэсоўцамі. А што ў Беларусі? Як, напрыклад, прадпрымальніцкія саюзы ўдзельнічалі ў мясцовых выбарах у гэтым годзе менавіта як аб’яднаньні, а не як асобныя бізнэсоўцы, прыватныя асобы?”

(Класкоўскі: ) “Усе вашыя пытаньні гучаць у значнай ступені рытарычна. Калі казаць коратка, то вынікі выбараў у мясцовыя саветы, з гледзішча ўдзелу ў іх прадпрымальнікаў, вельмі сьціплыя. Таму варта зазірнуць у пэрспэктыву, паразважаць аб тым, ці ёсьць шанцы ў прадпрымальніцкіх саюзаў прабіцца ў Палату прадстаўнікоў, каб сыстэмна абараняць свае інтарэсы. Вось спадар Малахаў увайшоў у раду блёку “Свабодная Беларусь”. Гэтая тэндэнцыя руху кіраўнікоў прадпрымальніцкіх саюзаў у палітыку слушная і заканамерная.

Няправільна будзе ўяўляць, што прадпрымальнікі могуць асобна адваёўваць ва ўладаў нейкія пляцдармы эканамічных свабодаў, партыі — палітычныя свабоды, трэці сэктар — грамадзянскія правы. Па вялікім рахунку, усім трэба браць адзін і той жа пляцдарм ці бастыён. Таму, калі падсумоўваць, то трэба адзначыць, што пытаньне кансалідацыі, аб’яднаньня з палітычнымі сіламі — гэта стратэгічнае пытаньне на сёньняшнім этапе прадпрымальніцкага руху”.

(Малахаў: ) “Я лічу, што прадпрымальнікі сасьпелі да ўсьведамленьня неабходнасьці палітычнай абароны сваіх інтарэсаў. І яны пачалі гэта рабіць. Бо ёсьць такі выраз, што калі ты не цікавісься палітыкай, то палітыка зацікавіцца табою. У мясцовых выбарах прадпрымальніцкія саюзы ўдзельнічалі па-рознаму. Нехта пайшоў кандыдатам у дэпутаты, нехта ўваходзіў у склад камандаў іншых кандыдатаў. Але не было адзінага стратэгічнага пляну, які б мог рэалізаваць патэнцыял прадпрымальніцкага руху.

На мой погляд, і большасьць палітычных партыяў несур’ёзна паставілася да гэтых выбараў. Маўляў, гэта ня выбары, а палітычная кампанія. Ня вельмі сур’ёзна яны аднесьліся і да магчымасьці прадпрымальнікаў. Лічу, гэта няправільна. Мясцовыя выбары — гэта падмурак для наступных выбарчых кампаніяў. А патэнцыял прадпрымальніцкага руху вялікі. Прадпрымальніцкія саюзы здольныя ня толькі вылучыць кандыдатаў у дэпутаты, фармаваць каманды, вылучаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Яны могуць правесьць глябальную мабілізацыйную кампанію. У Беларусі зарэгістравана каля 200 тысяч прадпрымальнікаў. Плюс да гэтага працоўныя ў іх па найме. Плюс іхныя сем’і. У суме гэта складае каля мільёну ўсяго дарослага насельніцтва краіны. Таму прадпрымальнікі ўжо ўсьвядомілі, што выбары — гэта сур’ёзна, у іх трэба ўдзельнічаць”.

(Карбалевіч: ) “Да гэтага часу прадпрымальнікі адстойвалі толькі ўласныя карпаратыўныя інтарэсы. А ці магчыма такое разьвіцьцё падзеяў, калі прадпрымальніцкі рух набудзе падтрымку іншых слаёў грамадзтва, акумулюе пратэстныя настроі, стане авангардам руху супраціву, каталізатарам дэмакратычнай трансфармацыі? Кажучы марксісцкай мовай, ці можа кляса для сябе эвалюцыянаваць у клясу для грамадзтва? Ці ёсьць пэрспэктывы разьвіцьця ў гэтым кірунку?”

(Класкоўскі: ) “Мне падаецца, што цяпер існуе сытуацыя заганнага кола. Сярэдняя кляса яшчэ не да канца сфармаваная. Яна загнаная ў кут, мусіць толькі адбівацца, рэагаваць нейкімі адчайнымі формамі пратэсту. У яе няма часу, каб асэнсаваць свае стратэгічныя інтэрэсы, знайсьці хаўрусьнікаў, аб’яднацца зь імі.

Але мы дарма кідаем камяні толькі ў бок прадпрымальнікаў, іх лідэраў і арганізацыяў, абвінавачваем іх у слабасьці палітычных памкненьняў. Але ж ёсьць у нас і партыі, якія павінны шукаць таксама сваіх хаўруснікаў. Гэта павінна быць вуліцай з двухбаковым рухам.

У сёньняшніх умовах, калі вылучыць лёзунгі дэмакратызацыі ў зьвязку з усталяваньнем спрыяльнага, цывілізаванага асяродзьдзя для разьвіцьця бізнэсу, то гэта можа быць вельмі пэрспэктыўнай ідэяй, якая можа аб’яднаць значныя слаі насельніцтва Таму што сёньня шараговыя спажыўцы не задаволеныя зьнішчэньнем дробнага бізнэсу. Напрыклад, забарона гандляваць садавінай на вуліцах ударыла па ўсім насельніцтве”.

(Малахаў: ) “Гэта ўсё можа адбыцца. Больш за тое, я ўпэўнены, што аб’яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў краіны адбудзецца”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, прадпрымальніцкі рух знаходзіцца на такім жа раздарожжы, як і ўсё беларускае грамадзтва. Ягоныя дасягненьні і хібы — люстэрка агульнаграмадзкіх працэсаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG