Удзельнікі: былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі і экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў.
(Валер Карбалевіч: ) “У гэтым годзе дачыненьні Беларусі і Захаду разьвіваліся даволі супярэчліва. З аднаго боку, Захад зрабіў шэраг крокаў насустрач беларускім уладам. Па-першае, пагадзіўся на зьмену мандату місіі АБСЭ ў Менску. Новы офіс АБСЭ мае іншы, звужаны мандат і больш абмежаваныя функцыі. Па-другое, Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ прызнала Нацыянальны сход Беларусі. Па-трэцяе, краіны Эўразьвязу адмянілі сваё рашэньне аб забароне візытаў вышэйшых кіраўнікоў Беларусі.
Зь іншага боку, АБСЭ, Рада Эўропы, Эўразьвяз выступілі з шэрагам заяваў, у якіх даецца жорсткая ацэнка сытуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі. ЗША на заканадаўчым узроўні прымалі санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва. Як бы вы ацанілі ролю новага офісу АБСЭ ў Менску, ягоны ўплыў на грамадзка-палітычную сытуацыю ў Беларусі ў параўнаньні з папярэдняй місіяй — Кансультацыйна-назіральнай групай АБСЭ?”
(Пятро Садоўскі: ) “Мне здаецца, што адказваючы на гэтае пытаньне, трэба разумець, што такое АБСЭ. Палітыку ў Эўропе вызначае Эўразьвяз. Таму чакаць нейкага значнага ўплыву ад офісу АБСЭ нельга. Гэта агульны адказ. Офіс АБСЭ — новая місія. Ён абмежаваўся інфармацыйнай задачаю, канстатацыяй фактаў. Пры сустрэчах з прадстаўнікамі ўлады кіраўнікі місіі вяла артыкулявалі свае прэтэнзіі да парушэньня эўрапейскіх стандартаў. І ня больш за тое. Таму мая ацэнка працы офісу АБСЭ даволі пэсымістычная ці скептычная”.
(Андрэй Фёдараў: ) “Хацеў бы дадаць факты, якія сьведчаць аб пэўных кроках Захаду насустрач Беларусі ў гэтым годзе. Я маю на ўвазе новую стратэгію Эўразьвязу у адносінах да “новых суседзяў”. У ёй Беларусі, Украіне і Малдове прапанавана значна пашыранае супрацоўніцтва ў абмен на пэўныя крокі з нашага боку. Пакуль сур’ёзных прапановаў у адказ зь беларускага боку мы не пачулі.
Цяпер — што тычыцца офісу АБСЭ. Па-першае, ён мае іншы мандат, чым Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ. Па-другое, кіраўнік ў яго не такі актыўны, як ягоны папярэднік. Таму офіс паводзіць сябе цяпер ціха, фактычна займаецца толькі маніторынгам, інфармуе сваё кіраўніцтва ў Вене аб працэсах у Беларусі. Наколькі можна зразумець, інфармуе аб’ектыўна. Офіс АБСЭ супрацоўнічае з уладамі. Адны праекты, прапанаваныя офісам, рэалізуюцца, іншыя ўладамі адмаўляюцца. Зь іншага боку, можна адзначыць, што спадар Вік паводзіў сябе вельмі актыўна. Але вынікі таксама былі ня вельмі станоўчыя. Праблема Беларусі ня ў тым, што ўплыў звонку слабы, а ў тым, што сытуацыя ўнутры краіны ня вельмі спрыяе пераменам”.
(Карбалевіч: ) “Сёньня ў эўрапейскіх інстытутах існуюць, абмяркоўваюцца дзьве лініі, два падыходы да Беларусі. Адна лінія, якую, у прыватнасьці, падтрымліваюць Нямеччына і Польшча, зыходзіць зь неабходнасьці адмовы ад палітыкі ізаляцыі, прызнаньня беларускага рэжыму, супрацоўніцтва зь ім. Прыхільнікі другой лініі, якую найперш падтрымлівае ЗША, выступаюць за ўзмацненьне жорсткасьці, ціску на Менск, каб прымусіць яго пайсьці на саступкі ў сфэры дэмакратыі і правоў чалавека.
Але падзеі 2003 году паказваюць, што любыя дзеяньні Захаду ў дачыненьні да Беларусі — альбо лаяльныя, альбо жорсткія — не выклікаюць адэкватных крокаў у адказ. Афіцыйны Менск, па вялікім рахунку, ніяк не рэагаваў ні на крокі насустрач, ні на рэзкую крытыку ў свой адрас. Якая зь дзьвюх лініяў, на ваш погляд, больш эфэктыўная? І якую лінію возьмуць на ўзбраеньне заходнія дзяржавы ў наступным годзе?”
(Садоўскі: ) “Я хацеў бы трохі ўдакладніць альбо не пагадзіцца з вамі ў вашай клясыфікацыі дзяржаваў і палітыкі адносна Беларусі. Я б выстраіў іншую дыхатамію. Найперш, трэба адзначыць, што ў Эўразьвязу няма адзінага пункту погляду на Беларусь. Група дзяржаваў, якія аб’ядноўваюць Нямеччыну, Францыю, Італію глядзяць на Беларусь у агульным усходнім вымярэньні, у зьвязку з Расеяй, Украінай, Малдовай. Вядома, што Эўропа корміцца расейскім газам, нафтай. Іншая група дзяржаваў (ЗША, Літва, Польшча, Чэхія) імкнецца працаваць зь Беларусьсю асобна, як бы ў процівагу Расеі.
Беларусь, на жаль, не ўпамінаецца, калі кажуць аб пэрспэктывах сяброўства ў Эўразьвязе новых краінаў. Кажуць пра Ўкраіну, Малдову. А Беларусь выносіцца за дужкі. Я добра ведаю нямецкі пункт погляду на Беларусь — і афіцыйны, і погляд палітолягаў. Ён зводзіцца да таго, што Беларусь бачыцца нейкім шарнірам, мостам паміж Эўропай і Расеяй. Але немцы паважаюць жаданьне Расеі быць у цесных стасунках з Беларусьсю.
Блізкія суседзі (Літва, Латвія) зацікаўленыя ў добрых эканамічных дачыненьнях з Беларусьсю. І атрымліваецца пэўны разрыў. З аднаго боку, Эўропа артыкулюе свае дэмакратычныя падыходы да палітычнай сыстэмы Беларусі. Зь іншага боку, прагматызм прымушае Эўропу не заплюшчваць вачэй на тое, што Беларусь стаіць на шляху на Захад наркотыкаў, прастытуцыі, незаконных мігрантаў і іншага”.
(Фёдараў: ) “Вы слушна адзначылі, што былі выпрабаваныя два падыходы да Беларусі: жорсткі і мяккі. Ні адзін, ні другі ніякага ўплыву на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі не аказалі, у сэнсе разьвіцьця дэмакратыі. У АБСЭ, Эўразьвязу, заходніх краінаў няма рычагоў уплыву на Беларусь. Прынятыя захады не ўплываюць на эканамічнае і палітычнае становішча ў краіне. Таму беларускія ўлады могуць спакойна не рэагаваць на заходні ціск. Таму што ўнутраная сытуацыя не вымушае да такой рэакцыі”.
(Карбалевіч: ) “Хачу працягнуць думку спадара Фёдарава. Ствараецца ўражаньне, што беларускі дзяржаўны арганізм не рэагуе на выклікі з заходняга кірунку. Заходні ўплыў на Беларусь у гэтым годзе зьменшыўся. І гэтая тэндэнцыя працягваецца. Афіцыйны Менск гэта цалкам задавальняе. У наступным годзе ў краіне чакаюцца буйныя палітычныя кампаніі: выбары ў Палату прадстаўнікоў, магчыма, рэфэрэндум. У зьвязку з гэтым ці можна чакаць узмацненьня заходняга ўплыву на Беларусь?”
(Садоўскі: ) “На жаль, не магу быць аптымістам. Тут у Беларусі нічога ня зьменіцца, таму ня зьменіцца і палітыка Захаду. Адзінае, што можа актывізаваць Захад, гэта магчымы рэфэрэндум аб працягненьні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. Таму што ўсё ж Беларусь — гэта Эўропа, а ня Азія, не Казахстан альбо Таджыкістан”.
(Фёдараў: ) “Вяртаючыся да цяперашняга году — хацеў бы адзначыць, што ўвага ад Беларусі была адцягнутая ірацкай кампаніяй. Што тычыцца наступнага году, то згодзен з спадаром Садоўскім, што толькі рэфэрэндум можа прыцягнуць да сябе ўвагу. Калі казаць пра выбары ў Палату прадстаўнікоў, то адзінае што можа быць, гэта непрызнаньне іх сумленнымі і справядлівымі. Але гэта не мяняе сытуацыі тут. Лукашэнка даў даручэньне міністру замежных справаў Мартынаву пачаць працу па нармалізацыі дачыненьняў з Захадам. Цалкам верагодна, што на такое даручэньне маглі паўплываць вынікі расейскіх выбараў у Дзярждуму. Але такія даручэньні даюцца ня ў першы раз. І раней Лукашэнка патрабаваў нармалізаваць дачыненьні з НАТО, з ЗША ды іншымі. Усё гэта ні да чаго не прыводзіла. Бо не выконваюцца тыя ўмовы, якія ставіць Захад. А бяз гэтага Захад таксама ня пойдзе на супрацоўніцтва”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, у гэтым годзе, магчыма, больш, чым у папярэднія, стаў відавочны тупік у дачыненьнях Беларусі і Захаду. Больш за тое, назіраецца дзіўны парадокс: чым больш аб’яднаная Эўропа набліжаецца да Беларусі, тым больш зьмяншаецца ўплыў на краіну эўрапейскіх інстытутаў. Як доўга можа працягвацца такі палітычны фэномэн? Спадзяёмся, што ў наступным годзе мы атрымаем хоць частковы адказ”.