Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя беларускіх уладаў на вынікі выбараў у Дзярждуму Расеі


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: палітоляг Уладзімер Падгол і галоўны рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль.

(Валер Карбалевіч: ) “Расейскія парлямэнцкія выбары працягваюць выклікаць значны рэзананс у беларускім палітычным асяродзьдзі. Іх камэнтуюць экспэрты, журналісты, палітыкі. Найбольш цікавая афіцыйная рэакцыя ўладаў. Тое, што яны будуць рабіць акцэнт на паразу правых палітычных сілаў Расеі (СПС і “Яблыка”), падкрэсьліваць, што гэта нанесла ўдар і па беларускай правай апазыцыі — гэта прагназавалася. Але цікава тое, што афіцыйныя СМІ вельмі крытычна ўвогуле ацэньваюць вынікі расейскіх выбараў. БТ закцэнтавала ўвагу на высновах назіральнікаў АБСЭ аб парушэньнях дэмакратычных стандартаў, моцным адміністрацыйным рэсурсе і інш. Што хочуць гэтым сказаць беларускія ўлады? Што ў Расеі таксама няма дэмакратыі, і таму на гэтым фоне і Беларусь выглядае ня так ужо адыёзна? Ці нешта іншае?”

(Уладзімер Падгол: ) “Я б дадаў да тых фактаў, якія вы прывялі, яшчэ некалькі. У газэце “Звязда” за 9 сьнежня расейскія выбары камэнтуюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія былі назіральнікамі. Дэпутат Ігар Катляроў сьцьвярджае, што выбары прайшлі з парушэньнем законаў, спрацаваў адміністрацыйны рэсурс. Валер Захарчанка кажа, што палова расяян не галасавала на гэтых выбарах. Усё гэта сьведчыць пра тое, што ў беларускай кіроўнай эліце існуе страх ад магчымых дзеяньняў новай Думы. Яшчэ ж існуе парлямэнцкі сход саюзу Беларусі й Расеі. Пасьля думскіх выбараў гэты сход папоўніцца прапуцінскімі дэпутатамі, якія будуць жорстка выконваць загады Крамля.

Гэта азначае, што спробы Лукашэнкі лавіраваць паміж тымі ці іншымі групоўкамі ў мінулым складзе Дзярждумы закончацца нічым. На гэтай палітыцы трэба ставіць крыж. А акцэнт беларускіх дзяржаўных СМІ на недэмакратычнасьці расейскіх выбараў — гэта, думаю, закід на будучае. Калі Дзярждума пачне прымаць нявыгадныя Беларусі рашэньні, накшталт уключэньня Беларусі ў склад Расеі ці звароту да беларускага народу з заклікам да ціску на свайго кіраўніка у пляне аб’яднаньня, то тады можна будзе заявіць: сусьветная супольнасьць не прызнала гэтых выбараў дэмакратычнымі. Такім чынам будуецца падмурак абарончай сьцяны ад расейскага ціску”.

(Аляксей Кароль: ) “Рэакцыя беларускіх дзяржаўных СМІ на выбары ў Дзярждуму Расеі сьведчыць аб паразе ўсяго зьнешнепалітычнага курсу Лукашэнкі. Маецца на ўвазе, што страчаны ягоны разьлік на гульню на супярэчнасьцях унутры расейскай палітычнай эліты. Хачу нагадаць выказваньне Лукашэнкі, што ягоны лёс залежыць ад Расеі. І цяпер гэты лёс залежыць ад адной асобы — Пуціна. А мы ведаем аб адмоўным стаўленьні прэзыдэнта Расеі да Лукашэнкі. І апошняга гэта палохае. Таму кажуць пра недэмакратычны характар расейскіх выбараў, ведучы аб стэрэатыпах грамадзкай сьвядомасьці, якая адмоўна ставіцца да гэтага”.

(Карбалевіч: ) “Пры ўсім тым, што склад Дзярждумы зьменіцца, у прынцыпе расклад палітычных сілаў у Расеі, здаецца, ня надта моцна зьменіцца. І папярэдняя Дума была паслухмяная Крамлю. І новая будзе паслухмяная. І ўвогуле, роля Дзярждумы ў палітычным жыцьці Расеі ня надта вялікая ў апошнія гады. Таму, здаецца, якая тут можа быць небясьпека для Лукашэнкі ад вынікаў гэтых выбараў?

Зь іншага боку, значную колькасьць галасоў атрымалі палітычныя сілы, якія ў ідэалягічным сэнсе зьяўляюцца аднадумцамі Лукашэнкі. Гэта сілы, якія стаяць на антызаходніх пазыцыях, выступаюць за моцную руку, павышэньне ролі дзяржавы ў эканамічным і грамадзкім жыцьці. Таму, здавалася б, у Лукашэнкі няма падставаў для нейкай трывогі. Тым ня менш, такая трывога адчуваецца”.

(Падгол: ) “Я з вамі ня згодзен. У Думу прыйшлі не аднадумцы Лукашэнкі. Прыйшлі рафінаваныя імпэрыялісты, у якіх адна мэта: уключэньне Беларусі ў склад Расеі. Гэта і палохае Лукашэнку”.

(Кароль: ) “Нават калі і прыйшлі ідэалягічныя аднадумцы Лукашэнкі, то гэта ня значыць, што яны бачаць пэрспэктывы аб’яднаньня зь Беларусьсю (дакладней, паглынаньне Беларусі) так, як Лукашэнка. У перадвыбарных выступах адзін зь лідэраў блёку “Радзіма” Рагозін вельмі моцна крытыкаваў Лукашэнку. Кіраўнік Беларусі ня ёсьць постацьцю, якую сур’ёзна разглядаюць расейскія палітыкі на палітычным полі Расеі. Акрамя таго, расейская палітычная эліта выступае супраць трэцяга тэрміну Лукашэнкі. Гэтая праблема кранае Крэмль, аб чым я магу меркаваць па круглым стале ў Маскве, на якім я нядаўна прысутнічаў”.

(Падгол: ) “Хацеў бы працягнуць гэтую думку. Не дэпутаты запрашалі ў Маскву лідэраў беларускай апазыцыі. Гэта рабілі блізкія да Крамлю палітолягі”.

(Карбалевіч: ) “У расейскай палітычнай эліце, у мінулым складзе Дзярждумы камуністы былі адзіныя, хто пасьлядоўна абараняў Лукашэнку, падтрымліваў ягоную канцэпцыю інтэграцыі Беларусі й Расеі. Камуністы выступалі супраць ціску на беларускае кіраўніцтва і інш. Цяпер КПРФ пацярпела значную паразу. Гэта, мусіць, таксама турбуе Лукашэнку?”

(Падгол: ) “У панядзелак БТ паказала Лукашэнку, які выказваў задавальненьне вынікамі расейскіх выбараў. Але на ягоным твары быў выраз чалавека, перад якім на стале ляжыць любімы нябожчык. У выглядзе гэтага нябожчыка былі ягоныя мары, пляны адносна маніпуляцыі на расейскім палітычным полі. Цяпер на гэтым можна ставіць крыж”.

(Кароль: ) “Палітыка Лукашэнкі прывяла да ізаляцыі Беларусі і на Захадзе, і цяпер ужо і на Ўсходзе. Ён панікуе і шукае выйсьця”.

(Карбалевіч: ) “У панядзелак Лукашэнка правёў нараду па пытаньнях зьнешняй палітыкі. Ён даў даручэньне міністру замежных справаў Мартынаву пачаць працу па нармалізацыі дачыненьняў з Захадам, у тым ліку з ЗША. Вядома, што гэтыя дачыненьні вельмі складаныя. Аб гэтым сьведчыць і паказанае ў той жа панядзелак інтэрвію Лукашэнкі нямецкаму часопісу “Шпігель”. Гэтае даручэньне Мартынаву неяк зьвязанае з вынікамі расейскіх выбараў?”

(Падгол: ) “Такое заданьне даецца пэрыядычна. Але цяпер яно супала з выбарамі ў Дзярждуму. У паведамленьнях дзяржаўных СМІ быў зроблены акцэнт менавіта на гэтым заданьні. І Мартынаў потым даваў інтэрвію, казаў аб гэтым. І на сайтах дзяржаўным інфармацыйных агенцтваў гэта паведамлялася. Тым самым Лукашэнка падае сыгнал Захаду аб жаданьні наладзіць адносіны. Але адначасова, сапраўды, у тым жа інтэрвію “Шпігелю” ён агрэсіўна атакуе Захад”.

(Кароль: ) “Хістаньні Лукашэнкі ў розны бок вядомыя. У яго была і празаходняя і антызаходняя рыторыка, і прарасейскія і антырасейскія выказваньні. Усё гэта тлумачыцца пошукам сродкаў дзяля захаваньня ўлады. Цяпер, я лічу, заданьне Мартынаву зьвязанае з вынікамі расейскіх выбараў. Гэта сьведчыць аб разгубленасьці ўлады і яе кіраўніка”.

(Карбалевіч: ) “Мне падаецца, што выбары ў расейскую Дзярждуму зафіксавалі значны сыгнал расейскага грамадзтва. Расейская грамадзкая думка паварочваецца ў бок імпэрскай ідэі. І Пуцін, як нармалёвы палітык, ня можа не ўспрыняць гэтага сыгналу. Падаецца, менавіта гэты чыньнік устрывожыў Лукашэнку. Магчыма, ён устрывожыў і кіраўнікоў іншых дзяржаваў СНД. Адсюль вынікае і насьцярожанасьць, і разубленасьць беларускага кіраўніка, спробы ўбачыць наступствы гэтых выбараў для расейскай палітыкі, беларуска-расейскай інтэграцыі. Больш выразна расейская палітка, у тым ліку і ў дачыненьні да Беларусі будзе вызначаная толькі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG