Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных зносін Кірыл Коктыш з Масквы і палітоляг Віталь Сіліцкі з Менску.
(Валер Карбалевіч: ) “Выбары ў Дзярждуму Расеі шмат хто з экспэртаў і журналістаў ужо назваў сэнсацыйнымі. Можна адзначыць некалькі нечаканасьцяў і тэндэнцый. Па гарачых сьлядах можна зрабіць першыя высновы. Найперш, вельмі вялікая колькасьць грамадзян праігнаравалі выбары.
Па-другое, усе 90-е годы першае месца па колькасьці галасоў на выбарах у Дзярждуму займалі партыі, якія знаходзіліся ў апазыцыі да прэзыдэнта і выканаўчай улады. Найперш, гэта былі камуністы. Цяпер упершыню прапрэзыдэнцкая партыя перамагае зь вялікаю перавагаю. Гэта значыць, Дзярждума будзе поўнасьцю кіраванай з Крамля.
Па-трэцяе, пацярпелі паразу правыя, якія выступалі за разьвіцьцё рынкавай эканомікі, дэмакратыі, арыентацыю на Захад. Па-чацьвертае, атрымалі падтрымку сілы, якія выступаюць за ўмацаваньне ролі дзяржавы ва ўсіх сфэрах, цьвёрдую аўтарытарную руку, шавінізм. А якія вашыя высновы, вашая ацэнка прайшоўшых выбараў у расейскую Дзярждуму?"
(Кірыл Коктыш: ) "Па-першае, вынікі выбараў былі прадказальныя. Ніякай сэнсацыі няма. Расейскія выбаршчыкі ніякай новай палітычнай прапановы не атрымалі. І гэтым тлумачыцца нізкая яўка на гэтыя выбары. Палова насельніцтва не прыйшла на выбары. Найперш, не было ніякай прапановы, якая б задавальняла малодшую частку выбаршчыкаў. Большасьць тых людзей, якія праігнаравалі выбары – гэта людзі, маладзейшыя за 45 гадоў. На выбары прыйшлі тыя, хто галасаваў па інэрцыі, хто прызвычаіўся заўсёды хадзіць на выбары.
Што тычыцца перамогі "Адзінай Расеі", то калі паглядзець на абсалютныя лічбы, з улікам колькасьці прыйшоўшых на выбары, то гэта ня надта вялікая лічба".
(Віталь Сіліцкі: ) "На мой погляд, выбары засьведчылі аўтарытарны характар палітычнай сыстэмы ў Расеі. Пагаджуся з калегам, што нельга казаць аб непрадказальнасьці вынікаў выбараў.
У аснове стратэгіі выбараў знаходзілася стратэгія палітыкі Пуціна ў ягоны другі тэрмін. Узяла верх ідэя цьвёрдай рукі, моцнай дзяржавы, узмацненьня ролі спэцслужбаў. Інакш кажучы, ідэя паліцэйскай дзяржавы. Курс быў вызначаны, калі арыштавалі Хадаркоўскага. Перамагла палітыка, вызначаная лёзунгам: "Мачыць алігархаў!". Гэтая палітыка вызначыла і лёс блёку "Родина", і лёс СПС. А лес "Адзінай Расеі" быў прадказальны пры любым раскладзе.
У Расеі палітычныя партыі існуюць у рэжыме васалату, то бок, васальнай залежнасьці ад Крамля. І гэта датычыцца ўсіх гульцоў расейскага палітычнага рынку, які сёньня можна называць плянам.
Гэта датычыць і КПРФ. У свой час яе прызначылі як адну з галоўных сыстэмных партыяў у дзьвюхпартыйнай сыстэме. А потым перадумалі і вырашылі, што Расеі досыць і аднапартыйнай ці паўтарапартыйнай сыстэмы. Таму яе "замачылі" тым мэтадам, якім можна "замачыць" каго заўгодна. Бо ўсе палітычныя партыі так ці інакш зьвязаныя з алігархамі.
Той жа СПС у 1999 годзе быў створаны як палітычны васал Крамля. А цяпер царскі перст на іх не ўказаў. І яны засталіся ні пры чым.
Блёк "Родина" прызначаны на тую роль, якая у Расеі называецца "намесьнік цара па рэвалюцыі". Гэта такая даволі кантраляваная структура.
Вынікі выбараў выглядаюць як палітычны пасьянс, адмыслова раскладзены Крамлём дзеля таго, каб легітымізаваць, надаць законны выгляд ягонаму новаму стараму курсу".
(Коктыш: ) "Мне падецца, што было б няправільна вызначаць гэтыя выбары як барацьбу паміж дэмакратыяй і аўтарытарызмам. Гэтая парадыгма цяпер неактуальная для расейскага выбаршчыка".
(Карбалевіч: ) "З самага пачатку існаваньня незалежнай Беларусі расейскія палітычныя падзеі зьяўляюцца важным чыньнікам грамадзка-палітычнага жыцьця Беларусі. За ўсімі зьменамі ў суседняй краіне ўважліва сочыць беларуская ўлада, эліта, апазыцыя. Ды ўсё грамадзтва, дзякуючы тэлевізіі, ўважліва сачыла за ходам перадвыбарчай кампаніі. Лукашэнка нават спрабаваў уплываць на гэтую кампанію, праўда, беспасьпяхова.
Як могуць паўплываць вынікі парлямэнцкіх выбараў у Расеі на палітычную сытуацыю ў Беларусі, на беларуска-расейскія дачыненьні?"
(Коктыш: ) "Ніякага асаблівага ўплыву ня будзе, бо ў Расеі нічога карэнным чынам не зьмянілася. Дума і да гэтага часу была машынай для штампоўкі законаў. Яна прымала законы, якія даводзіць урад. Дума пэрыяду 1999-2003 гадоў была прыдаткам Крамля. Яшчэ больш упэўнена можна казаць аб гэткай жа ролі наступнай Думы. Роля Дзярждумы у палітычным жыцьці краіны вельмі сымбалічная.
Што тычыцца беларускага кірунку палітыкі, то можна адзначыць, што ў выніку выбараў магчымасьці Пуціна нейкім чынам узраслі. Хоць і дагэтуль яны былі зусім не маленькія. Таму я не прагназую нейкіх зьменаў у палітыцы інтэграцыі зь Беларусьсю, як і нейкай новай дынамікі ў гэтым кірунку".
(Сіліцкі: ) "Афіцыйныя беларускія мэдыі зробяць усё, каб аб'явіць вынікі расейскіх выбараў уласнаю ідэалягічнаю перамогаю. "Замачылі" Нямцова, Чубайса, Яўлінскага, якія зьяўляюцца ворагамі Лукашэнкі і ягонай палітыкі інтэграцыі.
Але ва ўсім астатнім ніякіх практычных станоўчых вынікаў для афіцыйнага Менску я ня бачу. Выбары ў Думу – гэта ня тая падзея, якая можа паўплываць на палітыку інтэграцыі зь Беларусьсю. Усё вызначаецца ў Крамлі. Нейкіх зьменаў у гэтым сэнсе можна чакаць толькі ад прэзыдэнцкіх выбараў".
(Карбалевіч: ) "Сапраўды, на расейскіх выбарах перамаглі тыя палітычныя сілы, пазыцыі якіх блізкія да пазыцыі Лукашэнкі. Гэта тычыцца ролі дзяржавы ў грамадзкім і эканамічным жыцьці і інш.
Але зь іншага боку, паколькі кантроль Крамля над палітычнымі працэсамі ў Расеі ўзмоцніцца, то гэта азначае паразу стратэгіі Лукашэнкі гуляць на супярэчнасьцях сярод расейскай эліты. Кіраўнік Беларусі рабіў гэта вельмі ўдала ў часы Ельцына, калі моцныя былі левыя сілы. Расейскія камуністы ўвесь час падтрымлівалі Лукашэнку.
У апошні час Лукашэнка таксама спрабаваў актыўна гуляць на расейскім полі з антыпуцінскімі закідамі. Ён прывозіў у Менск расейскіх журналістаў, спрабаваў прарвацца на расейскае тэлебачаньне, каб праз голаву Крамля давесьці да расейскай грамадзкасьці свой пункт гледжаньня на працэс інтэграцыі.
Цяпер, пасьля думскіх выбараў такая стратэгія будзе яшчэ менш выніковая. Такія актыўныя абаронцы Лукашэнкі у Маскве, як, напрыклад, Селязьнёў, страцяць свае ўладныя пазыцыі. Кіраўнік Беларусі апынўся ў сытуацыі, калі трэба дамаўляцца толькі з Пуціным. Ніякіх іншых сур’ёзных падпорак у Расеі больш няма.
Наступнае пытаньне. І ў Расеі, і ў Беларусі існуюць прыхільнікі канцэпцыі экспарту дэмакратыі з Расеі ў Беларусь. Як выглядае жыцьцяздольнасьць гэтай канцэпцыі на фоне вынікаў апошніх расейскіх думскіх выбараў?"
(Коктыш: ) "Мне падаецца, што казаць аб экспарце расейскай дэмакратыі можна было ў часы Ельцына. Гэтая канцэпцыя мінулай эпохі. Што тычыцца Пуціна, то ён будзе экспартаваць што заўгодна, толькі не дэмакратыю. Пуцін імкнецца прагматызаваць палітыку. Ён увязвае, наколькі гэта магчыма, расейскія эканамічныя і палітычныя інтарэсы. Будзе адбывацца ня экспарт дэмакратыі, а экспарт капіталу, прасоўваньне расейскіх эканамічных інтарэсаў, стварэньне адзінай эканамічнай прасторы зь Беларусьсю. А палітычны клімат альбо палітычнае прыкрыцьцё прасоўваньня расейскіх эканамічных інтарэсаў будзе выбудоўвацца толькі пасьля таго, як будзе нешта зроблена ў эканоміцы".
(Сіліцкі: ) "Спачатку хачу пажартаваць. Сёньня у беларускай Палаце прадстаўнікоў, з улікам групы "Рэспубліка", будзе больш дэмакратаў, чым у расейскай Дзярждуме.
Калі казаць сур'ёзна, то сёньня ў Расеі існуе рэжым такога мяккага аксамітнага аўтарытарызму. Таму я згодны з думкаю, што Расея будзе экспартаваць у Беларусь усё, што заўгодна, акрамя дэмакратыі. Але я хацеў бы адзначыць, што і экспарт усяго іншага для беларускага рэжыму ня менш небясьпечны, чым дэмакратыя. Напрыклад, экспарт капіталу ўяўляе для Лукашэнкі пэўную небясьпеку, таму што ён падрывае беларускі рэжым.
Але зьмяніць беларускі рэжым пад уплывам Масквы ня так лёгка, як падаецца на першы погляд. Гэта даволі небясьпечная для Расеі гульня. Аб гэтым сьведчыць досьвед апошніх падзеяў у Грузіі".
(Карбалевіч: ) "Калі ў мінулых складах Дзярждумы былі фракцыі, якія выступалі з крытыкай сытуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі, то цяпер такіх фракцыяў ня будзе. Лукашэнку калі і будуць крытыкаваць, то толькі за тое, што ён ня хоча інтэгравацца з Расеяй па маскоўскім сцэнары.
Такім чынам, уплыў на Беларусь вынікаў выбараў у расейскую Дзярждуму даволі супярэчлівы. Ва ўсялякім разе, спадзяваньні на дэмакратычную трансфармацыю Беларусі пад уплывам Расеі сталі яшчэ меншымі, чым раней".