Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб чым сьведчаць выказваньні Лукашэнкі у інтэрвію Сырыйскай газэце "Аль-Баас"?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: дырэктар Цэнтру па праблемах эўрапейскай інтэграцыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Юры Шаўцоў і экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў.

(Валер Карбалевіч: ) “У інтэрвію Сырыйскай газэце "Аль-Баас" Лукашэнка выказвае шэраг меркаваньняў аб замежнай палітыцы Беларусі. У апошні час мы можам назіраць некаторыя яе асаблівасьці. З аднаго боку, існуе тэндэнцыя да ўзмацненьня міжнароднай ізаляцыі. Лукашэнка сустракаецца толькі зь лідэрамі дзяржаваў СНД на нейкіх самітах. Быў адменены візыт беларускага кіраўніка ў Малдову. Таксама былі адмененыя візыты у Беларусь прэзыдэнтаў Ірана і Туркмэністана. Зь іншага боку, Лукашэнка спрабуе распавесьці аб глябальных сусьветных праблемах.

Кіраўнік Беларусі адзначыў, што Сырыя – наш даўні саюзьнік і мы падтрымліваем яе палітыку. У той жа час мы ведаем, што апошнім часам дачыненьні паміж Сырыяй і ЗША даволі напружаныя. Злучаныя Штаты абвінавачваюць Дамаск у падтрымцы былога ірацкага рэжыму і інш. На гэтым фоне як вы ацэньваеце падтрымку Беларусьсю Сырыі, былога рэжыма Садама Хусейна і іншыя прыклады цеснага супрацоўніцтва зь дзяржавамі, якія лічацца ізгоямі?"

(Юрый Шаўцоў: ) "Мне падаецца, што выраз пра тое, што Сырыя зьяўляецца саюзьнікам Беларусі – у пэўным сэнсе, носіць прапагандысцкі характар. Проста нагадваецца традыцыя, якая існавала паміж СССР і Сырыяй. А ў Сырыі шмат людзей, якія добра памятаюць пра гэтую традыцыю. І такім чынам Лукашэнка хоча атрымаць сымпатыі гэтых людзей. А ўвогуле ў Беларусі з Сырыяй няма дамоваў аб саюзе ці накшталт гэтага".

(Карбалевіч: ) "Мы ведаем, што Лукашэнка вельмы спрыяльна адносіцца і да Сырыі, і да Ірана, і да былога рэжыму ў Іраку, і да Лівіі, і да Кубы. У чым сэнс і прычыны такой цягі да дзяржаваў-ізгояў?"

(Шаўцоў: ) "Я ня бачу такой тэндэнцыі. Таму што такая ж цяга ў Лукашэнкі і да Расеі, Кітая, Віетнама. Гэта імкненьне да краінаў, дзе могуць быць беларускія эканамічныя інтарэсы. Трэба глядзець на вынікі. Рыторыка аб дружбе з так званымі ізгоямі не падмацаваная нейкімі эканамічнымі ці палітычнымі дамовамі і рэальнымі адносінамі. Таму ўвага да адносінаў з гэтымі краінамі, у пэўным сэнсе, перабольшаная".

(Андрэй Фёдараў: ) "Я згодзен з тым, што ў Беларусі сапраўды няма ніякіх палітычных дамоўленасьцяў з Сырыяй. Сапраўды, у Беларусі добрыя дачыненьні з Расеяй і Кітаем. Але хачу заўважыць, што Расея і Кітай таксама ня вельмі ўдалыя прыклады дэмакратыі.

Такая палітыка тлумачыцца тым, што беларускі лідэр мае схільнасьць да аўтакратычнага стылю кіраваньня. І таму яму падабаюцца аналягічныя рэжымы ў сьвеце".

(Карбалевіч: ) "Зьвернем увагу на камэнтар Лукашэнкі аб падзеях у Іраку. Ужо даўно Менск выкарыстоўвае ірацкую кампанію дзеля правядзеньня палітыкі антыамэрыканізму. Амаль у кожным выпуску "Панарамы" БТ распавядаецца аб падзеях у Іраку. Прычым, паказваецца параза амэрыканскіх войскаў у гэтай краіне, змаганьне іракцаў з "акупантамі". Які сэнс мае такая рэзкая крытка ЗША? У чым палягаюць мэты такой палітыкі?"

(Шаўцоў: ) "У гэтым пытаньні шмат пластоў. Па-першае, такім чынам Беларусь хоча наладзіць добрыя стасункі з Эўропаю, Эўразьвязам, найперш зь Нямеччынай і Францыяй. Таму што ў Эўропе распавядаюць аб сытуацыі ў Іраку прыкладна ў тым жа стылі, што і ў Беларусі. Нават CNN дае з Іраку тую ж інфармацыю.

Па-другое, такою палітыкаю Беларусь імкнецца атрымаць падтрымку краінаў трэцяга сьвету. Па-трэцяе, гэта спроба гуляць на электарат і пэўныя палітычныя сілы Расеі. Беларусь моцна інтэграваная ў расейскую прастору, і кожны крок зьнешняй палітыкі Менску нейкім чынам адлюстроўваецца ў Расеі".

(Фёдараў: ) "З пачатку ірацкай кампаніі палітыка Беларусі да гэтай падзеі не зьмянілася. А сэнс такой антыамерыканскай палітыкі ў тым, што з ЗША дачыненьні дрэнныя. Менск падазрае Злучаныя Штаты ў імкненьні змяніць сытуацыю ў Беларусі, дапускаючы нават сілавы ціск. Таму, чым у больш негатыўным выглядзе будзе прадстаўлена пазыцыя ЗША ў вачах беларускага насельніцтва, тым меншы будзе ўплыў Вашынгтону на сытуацыю ў Беларусі".

(Карбалевіч: ) "Калі падагульніць тыя тэзы, якія былі выказаныя Лукашэнкам ў інтэрвію, то гэта падтрымка Сырыі і ірацкага супраціву амэрыканцам, рэзкая крытыка ЗША, прэтэнзія на нейкую асаблівую ролю Беларусі калі не ў сьвеце, то, ва ўсялякім разе, ў рэгіёне Блізкага і Сярэдняга Ўсходу. Лукашэнка ўзгадвае пра свае прапановы мірнага вырашэньня ірацкага пытаньня, якія не былі запатрабаваныя. Кіраўнік Беларусі разважае аб палестына-ізраільскім канфлікце, тых чыньніках, якія маглі б яго вырашыць. Лукашэнка крытыкуе палітыку "неалібэралізму". Ці не падаецца вам, што ён прэтэндуе на ролю прадстаўніка трэцяга сьвету ў змаганьні супраць калі не ўсяго Захаду, то ЗША?"

(Шаўцоў: ) "У такой катэгарычнай форме, думаю, не. Але трэба памятаць, што мы, напэўна, адзіная краіна ў рэгіёне, якая зьяўляецца сябрам Руху Недалучэньня. Таму заявы Лукашэнкі добра ўспрымаюцца сябрамі гэтага Руху.

Што тычыцца неалібэралізму, то хто яго цяпер толькі не крытыкуе? Уся Эўропа крытыкуе, пра трэці сьвет і казаць няма чаго. Таму тут я ня бачу нейкай асаблівай лініі Беларусі.

Можа гэта і ёсьць недахоп. Бо палітычны твар Беларусі ў трэцім сьвеце не надта яскрава акрэсьлены. Нашая палітыка ідэалягічная".

(Фёдараў: ) "Палітыка – гэта мастацтва магчымага. Гэта цалкам датычыць беларускай замежнай палітыкі. Я не сумняюся, што кіраўніцтва Беларусі хацела б мець нармальныя дачыненьні і з ЗША, і з Эўропаю. Але Захад выстаўляе прэтэнзіі, ставіць умовы, датычныя праблемаў дэмакратыі. Менск з гэтым ня можа пагадзіцца.

Зь іншага боку тыя рэжымы-ізгоі, аб якіх мы казалі, зьўляюцца духоўна блізкімі Менску. Таму, калі там не атрымліваецца, а тут ёсьць магчымасьць супрацоўнічаць, то вада цячэ туды, куды можа. Вада не можа цячы ўгору".

(Шаўцоў: ) "Мне падаецца, што галоўная праблема ня гэтыя заявы Лукашэнкі. Гэта звычайныя завы напярэдадні візыту. Галоўнае тое, што такая палітыка на Поўдні і Ўсходзе праводзіцца невялікай эўрапейскай краінаю, якая мае складаныя дачыненьні з Эўропаю".

(Фёдараў: ) "Я думаю, што ні цяпер, ні пасьля візыту стасункі з Сырыяй ня выйдуць на першы плян у палітыцы Беларусі. І Лукашэнка зрабіў звычайныя заявы, якія робяцца напярэдадні візыту ў іншую краіну".

(Карбалевіч: ) "На мой погляд, гэтыя тэзы Лукашэнкі звычайныя толькі для самаго Лукашэнкі. Калі ж мерыць іх згодна з правіламі міжнароднай дыпляматыі, то гэтае інтэрвію, як і шмат іншых ягоных заяваў, занадта ідэалягізаванае. Не хапае дыпляматычнасьці. Беларусь вызначаецца вельмі моцным антыамэрыканізмам у сваёй палітыцы. І я не магу пагадзіцца, што гэта супадае з палітыкаю Эўропы.

Але галоўнае, і ў гэтым інтэрвію, і ў іншых выказваньнях Лукашэнкі – гэта лінія на захаваньне і ўмацаваньне той эканамічнай і палітычнай сыстэмы, якая існуе ў Беларусі, і падтрымка тых чыньнікаў у замежнай палітыцы, якія дапамагаюць гэтую сыстэму захаваць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG