Удзельнікі: старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч і Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
(Валер Карбалевіч: ) “Беларуская апазыцыя пачала рыхтавацца да выбараў у Палату прадстаўнікоў больш чым за год да рэальнай даты іх правядзеньня. Але не ўдаецца дасягнуць адзінства ў стратэгіі, тактыцы, арганізацыйных пытаньнях. Дэ-факта, сёньня існуюць дзьве кааліцыі: Народная кааліцыя “Пяцёрка плюс” і Эўрапейская кааліцыя “Свабодная Беларусь”.
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” прапанаваў ісьці на выбары “дзьвюма калёнамі”. Ці значыць гэта, што адзіны блёк альбо кааліцыя непатрэбная? Трэба так разумець, што ў кожнай акрузе будзе выстаўляцца па адным прадстаўніку ад дзьвюх кааліцыяў. У чым плюсы і мінусы такой тактыкі?”
(Мікола Статкевіч: ) “Мы выступаем за тое, каб існавала адзіная апазыцыйная кааліцыя. Але мы хацелі б, каб аб’яднаўшыся, мы змаглі аб’яднаць наш электарат. Тут усё складаней. Таму што беларускі электарат традыцыйна падзелены на празаходні, які падтрымлівае апазыцыю, і на насельніцтва, арыентаванае на Ўсход, якое падтрымлівала Лукашэнку. Апошняя група цяпер зьмянілася. Але яна не перайшла на пазыцыі празаходняга электарату, а проста раскалолася.
Цяпер частка былога электарату Лукашэнкі, які падтрымліваў інтэграцыю з Расеяй, перастае падтрымліваць кіраўніка дзяржавы. Таму трэба паспрабаваць атрымаць галасы абодвух частак электарату: праэўрапейскага і прасавецкага. Бо можа так атрымацца, што партыі аб’яднаюцца, а іх электарат — не. Напрыклад, мне цяжка ўявіць, каб прыхільнік кампартыі прагаласаваў за БНФ.
Таму мы прапануем мяккую кааліцыю, якая б прадугледжвала агульнае назіраньне, падтрымку апазыцыйнага кандыдата, калі ён будзе толькі адзін зарэгістраваны ў акрузе, адсутнасьць барацьбы паміж апазыцыйнымі кандыдатамі ў першым туры і падтрымка ў другім туры.
На жаль, беларуская апазыцыя непапулярная ў грамадзтве. Таму апазыцыя павінна заняцца пошукам плятформы ці плятформаў. У сытуацыі цывілізацыйна расколатага грамадзтва найбольш мэтазгодным быў бы пошук некалькіх платформаў. Для празаходняга электарату была бы прынятая платформа інтэграцыі Беларусі ў Эўразьвяз.
Але нельга скідваць тую частку грамадзтва, якая яшчэ марыць пра СССР ці яго эрзац у выглядзе саюзнай дзяржавы. І такім чынам забраць галасы ад кандыдата ад улады. А ў другім туры магчымая перадача галасоў ад аднаго апазыцыйнага кандыдата да другога”.
(Анатоль Лябедзька: ) “Прыярытэтам мы бачым працэс кансалідацыі і аб’яднаньня ўсіх апанэнтаў існоўнага рэжыму. Таму на выбары неабходна ісьці выключна адной калёнай. Другой быць не павінна. Хіба што толькі гэта будзе “пятая калёна”. Я не зразумеў сутнасьць прапановы аб мяккай кааліцыі. Таму што тое, што цяпер прапануецца — гэта не кааліцыя, не рэальнае аб’яднаньне і кансалідацыя. Таму што кансалідаваная кааліцыя — гэта адзіны брэнд і плятформа, адзіны сьпіс кандыдатаў. Менавіта на гэтым падмурку стаіць Народная кааліцыя “Пяцёрка плюс”. Сёньня вакол кааліцыі аб’яднана да 90% рэальных суб’ектаў, якія маюць простае ці ўскоснае дачыненьне да грамадзка-палітычнага жыцьця. І працэс ідзе далей.
Я лічу абсалютна штучным дзяліць электарат на падставе ягоных адносінаў да Расеі і Захаду. Зьвернемся да фактаў і сацылягічных дасьледаваньняў. Сацыёлягі адзначаюць наступныя прыярытэты людзей: 40% адзначаюць нізкі ўзровень жыцьця, 30% — эканамічны крызыс, 22% — інфляцыю, 18% — беспрацоўе. І толькі ў канцы гэтага шэрагу стаяць адносіны з Расеяй (2,1%). І гэта нармальны натуральны падыход людзей. І пляформа Народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс” скіраваная на адбудову нашага агульнага дому — Беларусі. І пытаньне замежнапалітычнай арыентацыі не зьяўляецца прыярытэтам. І ўвогуле, гэта элемэнт нядобрасумленнай канкурэнцыі, калі спрабуюць падзяліць кааліцыі на празаходнюю і прарасейскую.
(Карбалевіч: ) “Сапраўды, каб тая схема, пра якую вы распавялі, спадар Статкевіч, спрацавала, калі б Народная кааліцыя “Пяцёрка плюс” прэзэнтавала сябе як прыхільніца інтэграцыі з Расеяй. Але гэтая каліцыя прэзэнтуе сябе зусім інакш. Яна прэзэнтуе сябе як апазыцыйная кааліцыя, альтэрнатыўная ўладзе. Таму вашая прапанова не зусім стасуецца з тымі рэальнымі брэндамі, зь якімі ідуць на выбары абедзьве кааліцыі”.
(Статкевіч: ) “Мы разглядалі розныя варыянты. Мы бачым дзьве рэальныя, эфэктыўныя тактыкі для апазыцыі. Першы варыянт: яна ўся грунтуецца на празаходнім электараце і спрабуе пашырыць праэўрапейскі электарат. Другі варыянт: працаваць з прарасейскм электаратам.
На жаль, нашыя правыя калегі выбралі трэці варыянт, абсалютна нам незразумелы і, на наш погляд, мабыць, найгоршы. Яны аб’ядналі ў жорсткую кааліцыю ўсіх. І вось уявіце сабе такую сытуацыю. Я прапаную спусьціцца на зямлю, да бабулек. Вось адна бабулька прыходзіць да суседкі з суседняга дому і кажа: “Трэба галасаваць за Народную кааліцыю “Пяцёрка плюс”, бо там добры кандыдат з кампартыі, які выступае за інтэграцыю з Расеяй”. А другая кажа: “Дурніца ты, там жа БНФ, яны ў НАТО хочуць”. У выніку і кампартыя і БНФ гэтых бабулек згубяць. Але гэтым бабулькам нават і ня трэба будзе сустракацца, таму што ім усё гэта давядзе беларуская тэлевізія. Гэты варыянт мог бы спрацаваць у нейкіх іншых краінах, але ня ў нас. Як можа прыхільнік кампартыі прагаласаваць за БНФ? Я вельмі сумняваюся.
Гэтую дыскусію трэба было бы весьці ня ў СМІ, а сабраўшыся разам. Але, на жаль, дыскусія выйшла ў СМІ. Цяпер тая схема, калі розныя апазыцыйныя кааліцыі пазыцыянавалі б сябе як празаходняя і праўсходняя, не спрацуе. Але мы будзем настойваць на тым, каб у кожнай акрузе быў кандыдат з праэўрапейскай плятформай, і скарыстаў выбары для прапаганды Эўрапейскага Зьвязу.
Калі “Пяцёрка плюс” настойвае на сваёй схеме, то я публічна прапаноўваю спадару Лябедзьку правесьці перамовы паміж дзьвюма кааліцыямі і дамовіцца аб узаемадзеяньні й супрацоўніцтве ў рамках мяккай кааліцыі альбо, як мы яе называем, “Дамовы дзеля дэмакратыі”. Гэтая прапанова дасланая ў партыі, чакаем адказу”.
(Лябедзька: ) “Па-першае, практыка сьведчыць, што вялікай праблемы ў аб’яднаньні розных палітычных сілаў не існуе. І існаваньне нашай кааліцыі гэта пацьвярджае. Але мяне зьдзіўляе іншае. Яшчэ вясной вашая партыя, спадар Статкевіч, уваходзіла ў адну кааліцыю з Партыяй працы і ПКБ Калякіна. Цяпер гэтыя партыі ў нашай кааліцыі. І вельмі дзіўна, што так хутка мяняюцца вашыя арыенціры і адносіны да партнэраў.
Нашая стратэгія палягае ў тым, каб прапанаваць грамадзтву рэальную альтэрнатыву. Альтэрнатыва ня можа быць дзьвюх- альбо трохгаловай. Адзіная характарыстыка альтэрнатывы — яна павінна быць моцнай. А дзеля гэтага патрэбныя кансалідацыя і аб’яднаньне. На сёньняшні дзень аб’яднаньне, фактычна, завершанае. І рэальнай альтэрнатывы нашай кааліцыі няма. Таму ўсе структуры, якія будуць удзельнічаць у выбарах акрамя Народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс” мы разглядаем як чыньнік, які ўлады будуць выкарыстоўваць, каб не дапусьціць аб’яднаньня апазыцыі”.
(Статкевіч: ) “Па-першае, канфэдэрацыя “За сацыяльныя перамены”, у якую ўваходзіла ПКБ і Партыя працы, была сацыяльным аб’яднаньнем, а не палітычным. Яна ніколі не была выбарчым блёкам. Але галоўнае ў тым, што за высокімі словамі не атрымаў адказу на пытаньне: як тая бабулька, прыхільніца кампартыі — прагаласуе за БНФ ці не?”
(Лябедзька: ) “Ёсьць перадвыбарчыя тэхналёгіі. І такія тэхналёгіі, напрыклад, аб’ядналі людзей розных палітычных поглядаў у Грузіі. Зусім нядаўна людзі там аб’ядналіся і сказалі “не” тым махінацыям, якія рабілі падчас выбараў грузінскія ўлады. Натуральна, што любая структура, якая пойдзе на выбары, будзе мець канструктыўную праграму, пабудаваную на 4–5 базавых элемэнтах. Іх будуць паўтараць усе кандыдаты ў дэпутаты і сябры іх камандаў. Гэта пытаньне тэхналёгіі”.
(Статкевіч: ) “Я нагадаю, што ў Грузіі апазыцыя ішла на выбары некалькімі блёкамі, якія канкуравалі паміж сабою. А аб’ядналіся яны ўжо пасьля выбараў”.
(Карбалевіч: ) “Спадар Лябедзька, вось спадар Статкевіч прапанаваў правесьці канкрэтныя перамовы паміж дзьвюма створанымі кааліцыямі і неяк дамовіцца аб адзінай тактыцы. Як вы да гэтага ставіцеся?”
(Лябедзька: ) “Мы прапануем ім далучыцца да рэальнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”. Што тычыцца варыянту мяккай кааліцыі, то ён можа паўстане бліжэй да выбараў. Цяпер галоўны прыярытэт для нас — добра адбудаваць нашую кааліцыю”.
(Карбалевіч: ) “Дыскусія паказала, што да адзінства ў тактыцы беларускай апазыцыі яшчэ далёка. Але і часу да выбараў яшчэ шмат. І дасягненьне згоды цалкам магчымае. Было б толькі жаданьне”.