Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваецца супрацьстаяньне ўладаў і малога бізнэсу


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа і галоўны рэдактар Інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Аляксандар Класкоўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “З фронту вайны супраць прадпрымальнікаў прыходзяць усё новыя зводкі. У Ваўкавыску дзесяць кіроўцаў таксовак разам з уладальнікам Мікалаем Аўтуховічам абвесьцілі галадоўку на знак пратэсту супраць арышту падатковай інспэкцыяй 13 аўтамабіляў. Сытуацыя ў Ваўкавыску не выключэньне, а хутчэй правіла. Канфлікты ўладаў з прадпрымальнікамі адбываюцца ва ўсёй краіне. У Менску не спыняюцца пратэсты гандляроў рынкаў, працягваецца супрацьстаяньне вакол ліквідацыі шапікаў. Ці можна канстатаваць, што пачалася новая хваля наступу ўладаў на прадпрымальнікаў? Ці гэта працяг той палітыкі, якая ідзе ўжо некалькі апошніх гадоў?”

(Аляксандар Патупа: ) “Відавочна, гэта працяг ранейшай палітыкі. Але ёсьць і новыя хвалі наступу, я б сказаў, прэсінгу на дробных прадпрымальнікаў. Сёньня ў Менску засталося толькі 45 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. А на пачатак гэтага году іх было каля 68 тысяч. Прычым, гэта лічбы толькі зарэгістраваных прадпрымальнікаў. Рэальна працуюць і плацяць падаткі менш людзей. Ідзе глябальны наступ на прадпрымальніцкае асяродзьдзе.

Я прысутнічаў на двух паседжаньнях міжведамаснай рады, падчас якіх выступалі з дакладамі прадстаўнікі Міністэрства падаткаў. З гэтых дакладаў вынікае, што найболш падаткаў дзяржва атрымлівае менавіта ад індывідуальных прадпрымальнікаў, калі лічыць аб’ём падаткаў на працоўную адзінку. Дзяржава знішчае найбольш пасьпяховы сэктар эканомікі”.

(Карбалевіч: ) “Праблемы ў прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча пачаліся менавіта пасьля выхаду прэзыдэнцкага дэкрэту №4, які абмяжоўвае колькасьць наёмных працаўнікоў у аднаго прадпрымальніка колькасьцью ня больш за тры чалавекі”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Пра нейкія хвалі наступу на прадпрымальнікаў можна казаць зь нейкаю доляю ўмоўнасьці — у тым сэнсе, што чаргуюцца мэтады. Калі, напрыклад, заўчора гэта была перарэгістрацыя, учора — укараненьне касавых апаратаў (як казаў спадар Патупа, “татальная касавізацыя”), сёньня — знос шапікаў пад маркай “эстэтызацыі”. Мэтады чаргуюцца, але ў аснове ляжыць тое стаўленьне, якое адлюстравана фразай з вышэйшых вуснаў: вашывыя блохі.

Ня трэба спрашчаць праблему. Неяк цывілізаваць бізнэс трэба. Калі ж казаць пра звышзадачу палітыкі ўладаў, дык яна зводзіцца да таго, каб не выпусьціць бізнэсу з рэзэрвацыі, якую яму ўлады адвялі. Доказам такога стаўленьня зьяўляецца даклад кіраўніка дзяржавы аб дзяржаўнай ідэалёгіі. Там няма тэзысаў аб тым, што прыватная ініцыятыва — добра, гэта рухавік эканамічнага прагрэсу. Наадварот, так казалася, што прага нажывы — гэта не для нас, нашыя людзі павінны быць зь нейкага асаблівага цеста. Карацей, на найвышэйшым узроўні ўзятыя на ўзбраеньне нэабальшавіцкія пастуляты. Таму чакаць іншай палітыкі тут не даводзіцца”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Класкоўскі падняў важную праблему: якія прычыны ў аснове гэтай пэрманэнтнай вайны ўладаў з прадпрымальнікамі. Ці тут мы маем справу з банальнай спробай папоўніць дзяржаўны бюджэт, таму палітыка дзяржавы нагадвае рэкет? Ці галоўнымі тут зьяўляюцца палітычныя чыньнікі: страх, што страта кантролю над бізнэсам будзе азначаць і страту кантролю над грамадзтвам? Ці тут існуюць псыхалягічныя альбо ідэалягічныя чыньнікі, напрыклад, клясавая нянавісьць да буржуяў?”

(Патупа: ) “Зносячы шапікі, улады спасылаюцца на эстэтычныя прычыны, кажуць, што толькі супэрмаркеты зьяўляюцца цывілізаванай формай гандлю. Цікава, што гэта кажуць людзі, якія маюць добрую марксісцка-ленінскую адукацыю. А згодна з марксісцкай тэорыяй, у грамадзкім жыцьці дамінуюць эканамічныя чыньнікі, а ўжо потым зь іх вынікаюць эстэтычныя чыньнікі і іншыя. Праблема шапікаў — гэта найперш праблема культуры гандлю. А цывілізаванасьць гандлю найперш датычыць законнасьці. Стабільныя правілы гульні — найбольшая прыкмета цывілізаванасьці.

Глябальная прычына барацьбы ўладаў супраць бізнэсу — гэта жаданьне кансэрвацыі электарату. Прадпрымальнікі больш незалежныя ад улады. Кіраўніцтву краіны патрэбны калгасны электарат, які “правільна” галасуе.

Яшчэ адзін чыньнік. Існая палітыка стварае кармушкі для намэнклятуры. У нашых умовах дзеля разьвіцьця бізнэсу патрэбныя “дахі”, якія будуць падтрымліваць бізнэс. Гэта важная псыхоляга-палітычная прычына палітыкі прэсінгу супраць прадпрымальнікаў. Кантраляваць вялікія структуры лягчэй, чым шмат індывідуальных прадпрымальнікаў”.

(Класкоўскі: ) “Я перакананы, што тут найбольш дзейнічаюць палітычныя чыньнікі. Улады баяцца страціць кантроль над грамадзтвам. Бо чым мацнейшая і эканамічна незалежная сярэдняя кляса, тым большая пагроза дзеля ўлады. Такой клясе патрэбныя і палітыччныя свабоды, і незалежная прэса і іншае. Таму ўлады і трымаюць бізнэс у рэзэрвацыі.

Але я хацеў бы зьвярнуць увагу на тое, што гэта тычыцца бізнэсу, які ўладам не падкантрольны. Але казаць пра нейкую клясавую нянавісьць да багатых не даводзіцца. Таму што значная частка намэнклятуры пры сьціплых заробках жыве зусім не па-пралетарску. Тут праводзіцца палітыка, якую можна назваць, як любяць казаць нашыя ўлады, падвойных стандартаў: адных (чужых) душыць, а іншых (сваіх, прыкормленых) падтрымліваць. Усё гэта робіцца на мяжы, а то і за мяжою крыміналу. Таму не выпадае казаць аб нейкай клясавай ці якой іншай прынцыповасьці”.

(Карбалевіч: ) “У зьвязку з сытуацыяй у Ваўкавыску ўзьнікае пытаньне аб супраціву незаконным дзеяньням уладаў. У краіне мала таго, што законы абцяжарваюць працу прадпрымальнікаў, дык нават гэтыя законы не выконваюцца ўладамі. Прадпрымальнікі спрабавалі выкарыстоўваць шмат якія сродкі барацьбы. Былі і агульнанацыянальныя страйкі, перамовы з уладамі, зьвяртаньне ў суд. І вось цяпер у Ваўкавыску аб’яўленая галадоўка. Якія мэтады пратэсту супраць палітыкі ўладаў зьяўляюцца найбольш эфэктыўнымі?”

(Патупа: ) “Я разумею сытуацыю ў Ваўкавыску, спачуваю гэтым людзям, але на мой погляд, гэта ня мэтад барацьбы. Галоўная праблема ў згаданай сфэры — гэта тое, што прымяненьне законаў дамінуе над правафармаваньнем. Не так прынцыпова важна, як сфармуляваны закон, як тое, як ён рэалізуецца на практыцы. Дзеля кантролю за дзеяньнямі ўладаў патрэбная актыўнасьць з боку грамадзкіх арганізацыяў, якія падтрымліваюць прадпрымальніцкія структуры. А для гэтага патрэбныя рэсурсы.

Што тычыцца напісаньня лібэральных законаў, то гэта магчыма. Але гэта ніяк ня ўзьдзейнічае на нашую ўладу. Мы ўжо маем можа 3–5 тонаў такіх папераў. Страйкі таксама не эфэктыўныя. Наш Беларускі саюз прадпрымальнікаў вёў вельмі цяжкія перамовы з уладамі. Ёсьць і вынікі, хоць і ня вельмі вялікія. Тут магчымыя толькі ар’ергардныя баі, каб запаволіць працэс уладнага наступу і дачакацца лепшых часоў.

І тут узьнікае пытаньне аб ролі саміх прадпрымальнікаў. Яны ня вельмі хочуць даваць рэсурсы на гэтую справу. Няма канцэнтрацыі такіх сродкаў, каб можна было ствараць структуры супраціву, якія маглі бы абапірацца і на міжнародную падтрымку. Таму самі прадпрымальнікі вінаватыя ў гэтай сытуацыі ня менш, чым урад”.

(Класкоўскі: ) “Трэба разабрацца з тэрміналёгіяй. Тэрмін “супраціў” у дадзеным выпадку не зусім дакладны. Сапраўды, цяпер ідуць толькі ар’ергардныя баі. Гэтыя крокі адчаю як галадоўка, зразумелыя. Калі людзям нічога іншага не застаецца, то такім адчайным жэстам яны зьвяртаюць на сябе ўвагу. І ў канкрэтнай лякальнай сытуацыі нават магчымае паказальнае кропкавае рашэньне. “Мудры кіраўнік” можа сказаць: “Вы тут перагнулі палку”. Але кардынальна гэта праблемы ня вырашыць.

Таму трэба казаць пра пасьлядоўнае стратэгічнае прасоўваньне інтарэсаў гэтага сацыяльнага слою. Я згодны з тым, што рознага кшталту страйкамы ня маюць вялікай пэрспэктывы. Цэнтар цяжару трэба пераносіць на аб’яднаньні прадпрымальнікаў, структуры, якія могуць весьці перамовы з уладамі. У цяжкіх няроўных умовах яны вырашаюць шмат якія пытаньні.

Разам з тым, вырашэньне галоўных праблемаў разьвіцьця бізнэсу палягае ў палітычнай плашчыні. Пакуль існуе ўлада з такою ідэалёгіяй, якая сьцьвярджае, што прага нажывы — гэта не для нас (пры гэтым стварае “дахі” для дзяржаўнага капіталізму), ніякіх карэнных зьменаў ня будзе. Таму пэрспэктывы разьвіцьця бізнэсу ў нашай краіне варта зьвязваць толькі з карэннымі палітычнымі зьменамі”.

(Карбалевіч: ) “Мы можам канстатаваць, што сёньняшняя палітыка ўладаў у адносінах да дробнага бізнэсу ў прыватнасьці, і бізнэсу ўвогуле, цалкам выцякае з той сацыяльнай мадэлі, якая створаная ў краіне. І пакуль гэтая мадэль будзе захоўвацца, цяперашняя палітыка будзе працягвацца. Адзіны сродак зьмяненьня сытуацыі — карпаратыўная салідарнасьць прадпрымальнікаў, кансалідацыя іхных зьвязаў і перанос праблемы ў палітычную плашчыню. Толькі ў зьвязку з палітычнымі зьменамі магчымая зьмена ролі й месца бізнэсу ў грамадзтве і краіне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG