Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошняе апытаньне: ці зьявіліся новыя тэндэнцыі грамадзскай думкі?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандр Сасноў і палітоляг Алег Багуцкі.

(Карбалевіч: ) “Новае апытаньне грамадзскай думкі не прынесла сэнсацыйных вынікаў, а зафіксавала ўсе ранейшыя тэндэнцыі масавай сьвядомасьці. Больш за палову рэспандэнтаў лічаць, што краіна разьвіваецца ў няправільным кірунку. Такія настроі трываюць у гарамадзтве ужо некалькі гадоў. Тым ня менш, колькасьць людзей, якія падтрымліваюць апазыцыю (24%) таксама не павялічваецца ўжо шмат часу. Больш за тое, рэйтынг Лукашэнкі ў верасьні ў параўнаньні з красавіком вырас на 5% і дасягнуў амаль 32%. Такім чынам, нездаволенасьць палітыкай уладаў не ператвараецца ў пераход сымпатый людзей ад ўладаў да апазыцыі. У чым прычыны гэткай сытуацыі?"

(Сасноў: ) "Па-першае, ёсьць сацыялягіны чыньнік, які зьвязаны з сэзонам. Калі паглдязець трэнды, дынаміку рэйтынгу Лукашэнкі, то можна ўбачыць, што кожную весну рэйтынг зьніжаецца, а кожную восень – павышаецца. Увосень заканчваюцца сельскагаспадарчыя работы, і людзі больш лагодна адносяцца да ўлады, ад якой яны часова сталі менш залежаць. Зьвярніце ўвагу, што усе выбары праводзяцца таксама восеньню. Гэта сьведчыць аб тым, што згаданы фэномэн вядомы і палітэхнёлагам ва ўладзе.

Падтрымка апазыцыі трохі павялічылася, нягледзячы на моцны ціск уладаў ды дзяржаўных СМІ на апазыцыйныя структуры. Гэта сьведчыць аб тым, што пратэстныя настроі не зьмяншаюцца. Галоўная прычына невысокага рэйтынгу апазыцыі – гэта інфармацыйная палітыка ўладаў".

(Багуцкі: ) "Я толькі часткова пагаджаюся з спадаром Сасновым. Тое, што дзяржаўныя СМІ ціснуць на апазыцыю, гэта зразумела. Але я хацеў бы нагадаць, што ў 1989-1990 гадах дзяржаўныя СМІ таксама не падтрымлівалі апазыцыю. Тым ня менш, на мітынгі апазыцыі зьбіраліся па 100 тысяч чалавек. І ў многіх месцах тады апазыцыя перамагала на выбарах.

Мне падаецца, што тут ёсьць праблема ў самой апазыцыі. За апошнія гады апазыцыя не паказала ня новых людзей, ня новых ідэяў. У такой сытуацыі рэйтынг апазыцыйных структураў падымацца ня можа".

(Карбалевіч: ) "Праблема ў тым, што пра дзейнасьць апазыцыі насельніцтва даведваецца не ад самой апазыцыі, а ад дзяржаўных СМІ. І пакуль гэтая праблема ня будзе вырашаная, пакуль апазыцыя ня знойдзе сваіх уласных механізмаў камунікацыі з насельніцтвам, гэтую сытуацыю зьмяніць немагчыма, як бы не мяняліся лідары апазыцыі".

(Багуцкі: ) "Я згодзен з тым, што вы кажаце, але пакуль што апазыцыя не праяўляе вялікай зацікаўленасьці шукаць такія альтэрнатыўныя мэханізмы камунікацыі з насельніцтвам".

(Карбалевіч: ) "Зьвернем увагу на наступныя лічбы. Калі ў рэспандэнтаў пытаюцца пра іхнае стаўленьне да зьменаў у Канстытуцыі, якія адкрываюць дарогу да трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Лукашэнкі, то ў падтрымку гэтай ідэі выказваюцца 22,6%, супраць – 51,8%.

У зьвязку з гэтым хацеў бы зьвярнуць увагу вось на якую акалічнасьць. Рэйтынг Лукашэнкі – 32%. А ў падтрымку ягонага трэцяга тэрміну выказваецца толькі 22,6%. Розніца амаль 9%. У сацыялягічным сэнсе лічба не малая. Як бы вы патлумачылі гэтую розніцу?”

(Сасноў: ) "Каб дакладна адказаць на вашае пытаньне, трэба было б праводзіць дадатковыя дасьледаваньні. Можна выказаць такую гіпотэзу. Існуе нейкі парадак зьнаходжаньня прэзыдэнта на сваёй пасадзе, вызначаны Канстытуцыяй. Частцы выбаршчыкаў Лукашэнка падабаецца, але і яны выступаюць за захаваньне існуючага парадку".

(Багуцкі: ) "Я згодзен у асноўным з тым, што сказаў спадар Сасноў. Але хацеў бы дадаць, што частка электарату Лукашэнкі пакуль што не атаясамлівае пытаньне падтрымкі прэзыдэнта і зьмены ў Канстытуцыі. Цягам лета дзяржаўныя СМІ ня так часта падымалі пытаньне аб трэцім тэрміне".

(Карбалевіч: ) "На мой погляд тут існуе такі фэномэн грамадзскай думкі, што нават у тых людзей, якія цяпер падтрымліваюць палітыку Лукашэнкі, наступае сытуацыя псыхалягічнай стомленасьці ад аднаго чалавека, які ўжо дзевяць гадоў бесперапынна прысутнічае на тэлеэкране. І яны таксама хацелі б нейкіх зьменаў.

Адсюль вынікае наступнае пытаньне. 83,3% людзей адказваюць, што не ведаюць чалавека, які мог бы пасьпяхова канкураваць з Лукашэнкам на наступных прэзыдэнцкіх выбарах. А ведаюць такого чалавека толькі 13,2%. Чым бы вы растлумачылі гэтыя лічбы?"

(Сасноў: ) "На апазыцыйным небасхіле, так бы мовіць, няма такой асобы, якая магла бы прыцягнуць сымпатыі значнай часткі насельніцтва. А Лукашэнка на сваім палітычным полі адзін. Ягоныя прыхільнікі кансалідаваныя сваім лідэрам. Таму і рэйтынг ягоны высокі.

Але калі паставіць рэспандэнта ў сытуацыю жорсткага выбару, каб ён вымушаны быў выбіраць паміж дзвюма палітыкамі, то сытуацыя мяняецца. У апошнім апытаньні мы паставілі пытаньньне аб гіпатэтычным выбары на прэзыдэнцкіх выбарах паміж Лукашэнкам і генэралам Фраловым. У выніку "раскручаны" Лукашэнка набраў 34%, а "нераскручаны", невядомы большасьці людзей генэрал Фралоў атрымаў 17%".

(Карбалевіч: ) "Наколькі я зразумеў, вось гэты нечакана высокі рэйтынг гэнэрала Фралова сапраўды тлумачыцца сытуацыяй жорсткага выбару. На мой погляд, калі б на месца Фралова паставіць прозвішча іншага апазыцыйнага палітыка, напрыклад, Ярашука, Домаша, Ганчарыка, то прыкладна такі ж рэйтынг быў бы і ў іх. То бок, пытаньне ня ў прозьвішчы Фралова, а ў тым, што зьявілася нейкая альтэрнатыва".

(Сасноў: ) "Так, менавіта гэта я хацеў сказаць. Сапраўды, калі б на месца прозьвішча Фралова паставіць, напрыклад, прозьвішча Лябедзька альбо Домаш, то вынік быў бы прыкладна той жа. Хацеў бы зьвярнуць увагу, што Фралоў амаль што невядомы. А, напрыклад, тыя ж Домаш і Ганчарык больш вядомыя, яны ўдзельнічалі ў прэзыдэнцкіх выбарах. Таму, магчыма, яны набралі бы больш галасоў. Гэта сьведчыць аб тым, што ў краіне моцныя пратэстныя настроі, гатоўнасьць да пераменаў".

(Багуцкі: ) "Сапраўды, у апазыцыйным асяродзьдзі няма яскравага лідара. І мне таксама было бы цяжка адказаць на тое пытаньне, якое паставіў Інстытут, які прадстаўляе Сасноў.

Хацеў бы падняць іншы бок гэтага пытаньня. Тых лідэраў, якія маглі б канкураваць з Лукашэнкам, сёньня няма з намі. Гэта Віктар Ганчар, Генадзь Карпенка, Юры Захаранка. Улада адсочвае сытуацыю і робіць так, каб не было рэальнага выбару.

Што тычыцца высокага рэйтынгу Фралова, то мне здаецца, што ягоная малая вядомасьць зьяўляецца як раз такі ягоным плюсам. Бо ў яго няма антыэлектарату".

(Карбалевіч: ) "Ці не здаецца вам, што грамадзкая сьвядомасьць неяк застыла? Што цяжка заўважыць нейкія новыя тэндэнцыі і працэсы ў грамадзкай думцы з дапамогай сацыялягічных дасьледаваньняў?"

(Сасноў: ) "Я думаю, што пэўныя зрухі ёсьць. Напрыклад, цяпер мы вызначылі, што электарат Лукашэнкі вельмі дрэнна ставіцца да ідэі інтэграцыі з Расеяй. Большасьці зь іх гэтая інтэграцыя ўжо не патрэбная. Ёсьць і іншыя зрухі".

(Багуцкі: ) "Электарат верыць свайму лэдару, гэта зразумела. Яшчэ я бы адзначыў, што рост рэйтынгу Лукашэнкі за апошнія месцы зьвязаны ня толькі з тымі чыньнікамі, якія ўжо згадваліся, але і з тым, што кіраўнік Беларусі заняў вельмі жорсткую пазыцыі ў перамовах з Расеяй".

(Карбалевіч: ) "Здаецца, тут мы назіраем тыповы для сацыялёгіі фэномэн адносінаў паміж моцным лідэрам і ягоным электаратам. Моцны лідэр, які прыцягвае да сябе значную колькасьць прыхільнікаў, можа мяняць сваю пазыцыю нават на 180 градусаў, і ягоны электарат таксама разам зь ім будзе кардынальна мяняць пазыцыю.

Такім чынам паводле дадзеных сацыялягічных дасьледаваньняў можна зрабіць высову: пратэстныя настроі ў грамадзтве пакуль не трансфармаваліся ў палітычную альтэрнатыву. Гэтая даўняя праблема беларускага палітычнага жыцьця. І зьмена гэтай сытуацыі залежыць ад шмат якіх чыньнікаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG