Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што засьведчыла сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Маскве?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: намесьнік генэральнага дырэктара Цэнтру палітычных тэхналёгіяў Дзьмітры Арлоў з Масквы і экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Апошнія падзеі ў беларуска-расейскіх дачыненьнях даволі нечаканыя. Раптоўны візыт Лукашэнкі ў Маскву і ягоная сустрэча з Пуціным, дамова аб правядзеньні паседжаньня найвышэйшага дзяржаўнага савету саюзнай дзяржавы не плянаваліся. Здавалася б, у Сочы абодва бакі паставілі нейкія кропкі альбо шматкроп’е. Яны дамовіліся, што пераходзяць у газавых дачыненьнях на рынкавыя цэны. Таму Беларусі, здавалася б, трэба пачынаць гуляць па новых правілах, будаваць стратэгію незалежнага выжываньня ў рынкавых умовах.

Але Лукашэнка нечакана паехаў у Маскву, пераканаў Пуціна ў неабходнасьці сустрэчы. Як вынік, бакі дамовіліся аб правядзеньні паседжаньня найвышэйшага дзяржаўнага савету саюзнай дзяржавы 14 кастрычніка.

Падчас прэс-канфэрэнцыі ў Сочы пасьля сустрэчы з Пуціным Лукашэнка бадзёра заяўляў, што мы выжывем пры рынкавых цэнах, што нічога страшнага не адбываецца. Але празь нейкі час высьвятляецца, што ніякай іншай стратэгіі ў кіраўніцтва Беларусі няма. І падумаўшы, пачакаўшы некалькі дзён Лукашэнка зноў паехаў у Маскву прасіць літасьці. Як бы вы пракамэнтавалі гэтую сытуацыю?”

(Дзьмітры Арлоў: ) “Я мяркую, што вашае пытаньне ў значнай ступені ўтрымлівае і адказ. Сапраўды, для Беларусі альтэрнатывы інтэграцыі няма. І яе няма найперш у эканамічным пляне. У расейскай прэсе прыводзіліся высновы, зробленыя аналітыкамі, у тым ліку блізкімі да Крамля. Паводле іхных разьлікаў, пераход на рынкавыя цэны на газ і транзыт газу прывядзе да стратаў Беларусьсю ад 400 да 700 мільёнаў даляраў. Я думаю, што фармат візыту Лукашэнкі ў Маскву дазваляе трактаваць ягоную пазыцыю як пазыцыю просьбіта”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Я згодны з сваімі суразмоўцамі. Сапраўды, у Сочы былі заявы, што мы вытрымаем рынкавыя цэны. Але вярнуўшыся уў Менск, зрабіўшы падлікі, правёўшы перамовы з “Газпромам”, Лукашэнка зразумеў, што трапіў у цяжкае становішча. Яму прыйшлося выбіраць паміж дрэнным і вельмі дрэнным. Але з інфармацыі аб сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі ў Маскве вынікае, што пытаньньне аб цэнах на газ не абмяркоўвалася. Таму я ня ўпэўнены, што на гэтым кірунку Менску можна шмат выйграць”.

(Карбалевіч: ) “Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі не плянавалася. Але расейскі прэзыдэнт пагадзіўся сустрэцца. Больш за тое, ён пагадзіўся на правядзеньне паседжаньня найвышэйшага дзяржаўнага савету саюзнай дзяржавы праз два тыдні, гэта значыць, у пажарным парадку. Што паабяцаў Лукашэнка Пуціну, каб атрымаць ягоную згоду на сустрэчу і на паседжаньне найвышэйшага дзяржаўнага савету саюзнай дзяржавы?”

(Арлоў: ) “Я мяркую, што на гэтай сустрэчы ішоў гандаль па пытаньні далучэньня Беларусі да расейскай рублёвай прасторы. Раней з ураду Беларусі былі абнародаваныя лічбы, нібыта адмова ад нацыянальнай валюты, пераход на расейскі рубель будуць каштаваць Беларусі 2100 мільёнаў даляраў. Я мяркую, што падчас сустрэчы Лукашэнка агучыў іншыя, значна меншыя лічбы. Відавочна, што Расея ня будзе плаціць такіх значных сумаў Беларусі за яе пераход у расейскую рублёвую зону. Усё абмяжуецца сымбалічным тэхнічным крэдытам. Магчыма, Лукашэнка сфармуляваў больш прымальныя для Расеі ўмовы пераходу Беларусі на расейскі рубель.

Хачу адзначыць, што паседжаньне найвышэйшага дзяржаўнага савету саюзнай дзяржавы плянавалася даўно. І Пуцін падчас прэс-канфэрэнцыі ў Сочы сказаў, што калі Лукашэнка так настойліва выступае за ягонае правядзеньне, то ён ня супраць гэты савет сабраць”.

(Фёдараў: ) “У Пуціна хутка парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары. І яму было б вельмі да часу дасягненьне пагадненьня аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель. Таму думаю, грашовае пытаньне было галоўным на сустрэчы. І, мяркую, менавіта ў гэтым пытаньні Беларусь пайшла на саступкі. Магчыма, яшчэ Беларусь прапанавала больш нізкую цэну за “Белтрансгаз”. І “Газпром”, і расейскае кіраўніцтва гэтае пытаньне вельмі цікавіць”.

(Карбалевіч: ) “Паводле афіцыйных паведамленьняў, галоўнымі пытаньнямі парадку дня паседжаньня вышэйшага дзяржаўнага савету саюзнай дзяржавы будуць пытаньні аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель і аб канстытуцыйным акце. Падаецца, што палітычны гандаль зноў вяртаецца да той кропкі, на якой ён знаходзіўся апошнія месяцы: расейскі рубель у абмен на трэці тэрмін Лукашэнкі. Да гэтага часу Масква адмаўлялася ад такога палітычнага бартэру. А вось цяпер гэтыя пытаньні зноў пастаўленыя ў пакеце. Што гэта азначае? Магчыма на гэты раз Крэмль пагодзіцца на прапанову Лукашэнкі?”

(Арлоў: ) “Я мяркую, што ня будзе гэтага абмену: ухваленьне канстытуцыйнага акту ў абмен на ўвядзеньне расейскага рубля. Сапраўды ўвядзеньне расейскага рубля на тэрыторыі сумежных дзяржаваў (Беларусі, Украіны, Казахстану і інш.) будзе спрыяльна ўзьдзейнічаць на эканоміку Расеі. Дастаткова паглядзець на прыклад ЗША, валютай якіх карыстаецца палова сьвету. І ўсе краіны, якія карыстаюцца далярам, фактычна крэдытуюць амэрыканскую эканоміку, у выніку чаго яна атрымлівае дадатковыя рэсурсы для разьвіцьця. Такія рэсурсы патрэбныя і Расеі. Але гэта не азначае, што расейскі ўрад гатовы плаціць за гэта завысокую цану.

З майго гледзішча, законных падставаў для Лукашэнкі працягваць свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы на трэці тэрмін няма. І ў выпадку, калі Лукашэнка паспрабуе зьмяніць Канстытуцыю, гэта выкліча вельмі нэгатыўную рэакцыю як міжнароднай супольнасьці, Эўразьвязу, так і Расеі. Я думаю, яна ня будзе жорсткай, але зусім пэўнаю і нэгатыўнай.

Прэзыдэнту Пуціну не патрэбны цяпер імідж чалавека, які вырошчвае і прыкрывае рэжымы, якія адкрыта і груба парушаюць законы, канстытуцыі і нормы міжнароднага права. Таму прыняцьцё дакумэнта (у дадзеным выпадку, Канстытуцыйнага акту), які дазволіў бы Лукашэнку заставацца на трэці тэрмін, ня можа быць прадметам гандлю. Але гэта не азначае, што ня могуць быць падпісаныя дакумэнты дзеля далейшага руху інтэграцыі.

Але я пагаджуся з тым, што ўсё датычнае палітычнай інтэграцыі Пуцін у нейкай ступені ператварае ў фарс альбо ў вялы працэс, які мала каго цікавіць. Маскву рэальна цікавіць эканоміка: нізкая цана за транзыт, “Белтрансгаз”, пераход Беларусі на расейскі рубель і кантроль расейскіх кампаніяў над беларускай эканомікай. Вось у гэтым рэальныя інтарэсы расейскай дзяржавы і ўраду ў Беларусі.

Вядомы фармат інтэграцыі, які задаволіў бы Маскву. Гэта ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі на ўмовах, падобных за тыя, на якіх Усходняя Нямеччына ўваходзіла ў склад Заходняй. Зразумела, што нейкія дэталі могуць абмяркоўвацца. Усё астатняе нерэалістычна. Ніхто ў Расеі ня можа ўявіць раўнапраўны зьвяз гэтых дзяржаваў. Таму ўсе палітычныя дакумэнты ў беларуска-расейскіх дачыненьнях носяць дэклярацыйны характар.

Іншая справа, эканамічныя пытаньні. Тут ідзе канкрэтны і жорсткі гандаль. І прадметам гэтага гандлю палітычныя сюжэты, тым больш такія як легітымізацыя Лукашэнкі на трэці тэрмін, быць ня могуць”.

(Фёдараў: ) “Хацеў бы пагадзіцца са спадаром Арловым. Цяпер Беларусь ня ў тым стане, каб дыктаваць нешта Расеі. Беларусь цяпер просіць. Зразумела, Лукашэнка будзе спрабаваць праціснуць пытаньне аб трэцім тэрміне. Але Расея цяпер ня моцна залежыць ад Беларусі, каб пагаджацца з тымі патрабаваньнямі Менску, зь якімі яна ня згодная”.

(Карбалевіч: ) “Палітычны гандаль паміж Масквою і Менскам працягваецца. Парадак дня на перамовах даўно вызначаны. Але вырашыць іх да агульнага задавальненьня бакоў не ўдаецца ўжо некалькі гадоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG