Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць рынкавыя цэны на газ падштурхнуць эканамічныя рэформы ў Беларусі?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: эканаміст Валер Дашкевіч і аглядальнік "Беларускай газэты" Натальля Грыб.

(Валер Карбалевіч: ) “І ва ўрадавых інстанцыях Беларусі, і сярод незалежных экспэртаў цяпер абмяркоўваецца пытаньне, наколькі вялікай праблемай для краіны будзе аплата рынкавых цэнаў за газ.

Відавочна, што беларускае кіраўніцтва будзе ўпарта гандлявацца. І ў яго ёсьць шмат козыраў, якія яно будзе выкарыстоўваць. Гэта і транзытныя тарыфы, і кошт “Белтрансгазу”, і пытаньне аб пераходзе на расейскі рубель, і нават цана расейскіх вайсковых базаў ў Беларусі.

Але нават паводле аптымістычнага сцэнару, экспэрты прызнаюць, што Беларусі давядзецца плаціць за газ мінімум на 120 мільёнаў даляраў больш, чым раней. Гэтую лічбу, дарэчы, называў і сам Лукашэнка.

Прычым гэта ня проста вяртаньне сытуацыі на пачатак 2002 году, да падпісаньня пагадненьняў аб пераходзе на пастаўкі газу Беларусі па ўнутрырасейскім цэнам, бо да 2002 году Беларусь аплочвала большую частку паставак газу не грашыма, а таварамі, і “Газпром” глядзеў скрозь пальцы на беларускую запазычансьць. Цяпер, здаецца, пазыцыя “Газпрому” будзе больш жорсткай, плаціць за газ давядзецца грашыма.

Як гэтая новая сытуацыя паўплывае на эканамічную палітыку Беларусі? Ці падштурхне гэта беларускае кіраўніцтва да нейкіх рэформаў? Ці наадварот, прывядзе да яшчэ большага руху па шляху існуючай мадэлі мабілізацыйнай эканомікі?"

(Грыб: ) "Па-першае, ў гэтым годзе "Белтрансгаз" плаціць за газ грашыма. Таму нельга казаць, што ў наступным годзе нас чакаюць нейкія рэвалюцыйныя зьмены.

Па-другое, віцэ-прэм'ер Кабякоў адзначыў, што пры пераходзе на рынкавыя цэны на газ Беларусь страціць 200 мільёнаў даляраў. Сапраўды, давайце зыходзіць з таго, што "Газпром" будзе пастаўляць Беларусі газ па "ўкраінскіх" цэнах: 50 даляраў за тысячу кубамэтраў. А Беларусь будзе браць за транзыт па "ўкраінскіх" тарыфах: 1,09 даляра за тысячу кубамэтраў газу на 100 кіламэтраў адлегласьці. Беларусь атрымае ад транзыту 50-60 мільёнаў даляраў. А па новых цэнах Мінск павінен будзе заплаціць 250 мільёнаў даляраў. Розніца паміж гэтымі лічбамі і складзе тую суму, якую назваў Кабякоў. У гэтым годзе нашая краіна заплаціць за газ прыкладна 650 мільёнаў даляраў, а ў наступным – 850 мільёнаў.

Праблема аплаты за газ не ўпершыню сталася праблемай для Беларусі. Да 1999 году нашая краіна атрымлівала газ па цане 50 даляраў за тысячу кубамэтраў. Але ў той час было некалькі валютных курсаў. Па-другое, плацілі не грашыма, а самазваламі ды трактарамі па бартэру. Таму рэальны кошт газу для Беларусі складаў 25-35 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Таму тыя 200 мільёнаў даляраў у наступным годзе запатрабуюць зацягнуць паясы. На кожным прадпрыемстве свая асаблівая доля паліва ў канчатковым кошце прадукцыі. У адных прадпрыемствах гэта 2-3%, у другіх – 15%, у іншых – 40%. Апошнім будзе цяжэй за іншых.

Нельга казаць адназначна, што з 1 студзеня ці з 1 сакавіка нашая прамысловасьць упадзе. Лічу, што такога не адбудзецца. Але ўжо каторы год Беларусь ня можа пачаць рэформы. Хочацца спадявацца, што гэтая сытуацыя станецца штуршком да сур'ёзных рэформаў".

(Валер Дашкевіч: ) "У мяне менш аптымістычны погляд на магчымасьць рэформаў. Паводле маіх разьлікаў павышэньне цаны на газ не значна паўплывае на канчатковую цану прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў. Доля энэргетыкі ў гэтай цане складае дзесьці каля 7-8%, і павышэньне цаны на газ на 20-30% у найгоршым выпадку павялічыць цэны на прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў на 3-4%, максімум 5% у сярэднім. Гэта зусім ня шмат.

Праблема ў іншым. Нават сёньня беларускія прадпрыемствы зь цяжкасьцю плацяць за спажываемы газ, 40% зь іх – стратныя. І асноўная крыніца платы за газ – гэта банкаўскія крэдыты і бюджэтныя пазыкі. "Белтрансгаз" бярэ пазыку і плаціць "Газпрому". І ён нават не ўяўляе, як ён разлічыцца за іх. Магчыма, што дзяржава проста сьпіша ўсе запазыкі. Таму павышэньне цаны на газ мала што памяняе ў цяжкім становішчы беларускіх прадпрыемстваў.

З іншага боку, унутры краіны спажыўца плацяць беларускімі рублямі. А за газ трэба плаціць валютаю. Таму тут могуць узнікнуць складанасьці.

Беларускі ўрад і асабіста Лукашэнка да рэформаў не гатовыя. І каля яны паспрабуюць ажыцьцяўляць рынкавыя рэформы, у іх, кажучы словамі Чарнамырдзіна, атрымаецца "як заўсёды". Гэта будзе нейкая імітацыя рэформаў.

Найбольш верагодны варыянт эканамічнай палітыкі палягае ў тым, што ўлады будуць прадаваць дзяржаўныя прадпрыемствы, каб разлічвацца за газ празь бюджэт".

(Карбалевіч: ) "Такім чынам, відавочна, абодва бакі будуць упарта гандлявацца, ціснуць на ўсе эканамічныя і палітчныя рычагі. Але ўсё ж новыя ўмовы прымусяць кіраўніцтва Беларусі карэктаваць сваю эканамічную палітыку, будаваць трохі іншую мадэль дачыненьняў з Расеяй, як бы яно гэтаму не супраціўлялася. А вось у які бок адбудзецца гэтая карэктыроўка, пытаньне застаецца адкрытым".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG