Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ніякага камфортнага жыцьця ў агляднай пэрспэктыве ў беларускага кіраўніцтва ня будзе”


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: зь Менску — галоўны рэдактар Інтэрнэт-газэты “Беларускія навіны” Аляксандар Класкоўскі і з Масквы — дырэктар Цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй П’янткоўскі.

(Віталь Цыганкоў: ) “Толькі што ў Сочы закончылася сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Ня будзе перабольшваньнем сказаць, што адносіны паміж дзьвюма краінамі напярэдадні гэтай сустрэчы былі больш падобнымі да халоднай вайны, чым да саюзных дачыненьняў. Спачатку кіраўніцтва “Газпрому” заявіла, што спыняе ўсялякія перамовы наконт акцыянаваньня “Белтрансгазу”.

Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Касьянаў у мінулую суботу падпісаў распараджэньне, паводле якога пастаўкі таннага газу ў Беларусь спыняюцца пасьля 31 сьнежня. У адказ віцэ-прэм’ер Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што Беларусь можа ўзьняць тарыф за транзыт расейскага газу.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі, якую прэзыдэнты правялі пасьля свайго спатканьня, Уладзімер Пуцін заявіў, што вельмі цяжка вызначыць, хто каму павінен, таму прэзыдэнты вырашылі, што ў газавай сфэры Беларусь і Расея пераходзяць на рынкавыя дачыненьні. кЯ мяркуеце, ці гавораць вынікі сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна пра тое, што пасьля спатканьня прэзыдэнтаў гэтая “халодная вайна” будзе скончаная? Ці наадварот — яна разгарнецца з новай сілай?”

(Андрэй П’янткоўскі: ) “Мяркую, што сустрэча не прынесла аніякіх драматычных зьменаў у той вэктар беларуска-расейскіх дачыненьняў, які склаўся падчас прэзыдэнцтва Пуціна. Вечная гульня ў аб’яднаньне, якую прыдумаў Лукашэнка, атрымліваючы вялізныя эканамічныя дывідэнды, пры Пуціне ўжо не праходзіць. Аднак значная частка расейскай палітычнай эліты ўсё яшчэ працягвае лічыць Лукашэнку нейкім вялікім аб’яднальнікам славянскіх земляў, і Пуцін ня можа дазволіць рэзка спыніць гэты аб’яднаўчы фарс у год выбарчай кампаніі.

І Лукашэнка сёньня меў абсалютную рацыю, калі казаў, што адмова ад аб’яднаньня – гэта ягоная палітычная сьмерць. Я б толькі ўдакладніў: адмова ад гэтай гульні ў аб’яднаньне ёсьць палітычнай сьмерцю Лукашэнкі. Аднак сёньня Пуцін вымушана ўдыхнуў у Лукашэнку яшчэ трошкі жыцьця, дазволіўшы яму пакарыстацца новым аргумэнтам, новай знаходкай. Маўляў, нам, беларусам, патрэбны час, каб паціху, павольна думаць. Так што яшчэ мінімум год гэтага працэсу для Лукашэнкі забясьпечаны. Але думаю, пасьля інаўгурацыі на другі тэрмін Пуцін усе гэтыя гульні спыніць канчаткова”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Самае першае ўражаньне наконт сустрэчы — бакі абсалютна ні пра што не дамовілася. Відаць, гаворка была вельмі моцная, рэзкая. З манеры Пуціна на прэсавай канфэрэнцыі адчувалася, што ён нават раздражнёны і нібыта па інэрцыі паўтарае тыя тэзысы, якія, відаць, доўга даводзіў. Бо Аляксандар Лукашэнка прыкінуўся, што, маўляў, мы не заўжды так хутка разумеем.

І самы галоўны, бадай, тэзыс — “будзем пераходзіць на рынкавыя стасункі”. Маўляў, колькі б ні казалі ўсялякіх прыгожых словаў — хопіць, гэта надакучыла, і будзем цяпер гандляваць па рынкавых коштах.

Так што, калі рэзюмаваць: Масква будзе яшчэ больш жорстка, агрэсіўна ціснуць, настойваць на сваіх умовах, і што тычыцца агульнай валюты, і што тычыцца акцыянаваньня “Белтрансгазу”. Ну а беларускі лідэр будзе па магчымасьці цягнуць час. Невыпадковы тут і пасаж, што “ў нас меней досьведу, мы не такія…” Калі трэба, Лукашэнка наадварот кажа, што беларусы — гэта расейцы са знакам якасьці, яны і думаць могуць хутчэй. А тут, відаць, нявыгадна думаць хутчэй — хаця рана ці поўна, відаць, давядзецца”.

(Цыганкоў: ) “Аднак рынкавыя дачыненьні, пра якія казаў Пуцін, гэта ня толькі большы кошт расейскага газу, але гэта і магчымасьць Беларусі павялічыць плату за транзыт. А таксама іншыя крокі. Напярэдадні сустрэчы прэзыдэнтаў у Беларусі быў арыштаваны пакет акцыяў 15% Мозырскага нафтаперапрацоўчага заводу, якія належаць расейскай кампаніі “Слаўнафце”.

Міхаіл Касьянаў прыгадаў таксама і скаргу расейскай кампаніі “Транснафтапрадукт”, бо беларускі бок ставіць пад сумнеў права ўласнасьці гэтай кампаніі на бэнзаправоды, што праходзяць па беларускай тэрыторыі. Афіцыйны Менск паказаў, што і ён мае пэўныя козыры. На вашую думку, у дадзенай сытуацыі хто ад каго больш залежыць, і хто каму больш павінны? Іншымі словамі, хто можа выйграць у сапраўднай гандлёвай вайне, калі яна пачнецца паміж Менскам і Масквой?”

(П’янткоўскі: ) “Я б яшчэ дадаў, што падчас размовы Лукашэнка напэўна выцягнуў свой улюбёны аргумэнт — а мы тут вас абараняем ад насоўваньня ордаў НАТО. І гэта каштуе мільярды. У нармальных рынкавых дачыненьнях паміж дзьвюма дзяржавамі заўжды адбываецца гандаль. І калі адна хоча даражэй прадаць газ, і іншая — даражэй узяць за транзыт газу, гэта натуральны працэс. Аднак ён атручваецца атмасфэрай фальшаванага сяброўства і аб’яднаньня.

Чым хутчэй мы скінем зь сябе гэтую нуду фальшывых абдымкаў, тым хутчэй пачнем рашаць рэальныя пытаньні на ўзаемавыгадным грунце. Працяг будаваньня гэтых фальшывых канструкцыяў нявыгадны нікому, бо будзе толькі абвастраць эканамічныя праблемы і ўскладняць іхнае рашэньне”.

(Цыганкоў: ) “У мінулым годзе газавую атаку, як назвалі тады канфлікт “Газпрому” зь Беларусьсю, Менску ўдалося пагасіць. Прынамсі, Беларусь некалькі месяцаў плаціла за ўсе пастаўкі па рынкавых коштах, а ад пачатку гэтага году зноў пачала атрымліваць газ па льготных цэнах — каля 30 даляраў. Ці не здаецца, што і цяпер прыблізна так усё і скончыцца, ці Масква ўсур’ёз мае намер перайсьці на рынкавыя кошты?”

(Класкоўскі: ) “Думаю (і Пуцін гэта падкрэсьліў) Масква будзе культываваць ўсё больш пасьлядоўна рынкавыя падыходы. Карацей, ніякага камфортнага жыцьця ў агляднай пэрспэктыве ў беларускага кіраўніцтва ня будзе. Ужо гэтыя інтэграцыйныя фокусы ўсім надакучылі, і тут я гатовы крыху паспрачацца са спадаром П’янткоўскім. У эліты расейскай (я сёньня адмыслова праглядаў выказваньні такіх “салаўёў інтэграцыі” як Рагозін, Затулін), нават у іх адчуваецца вельмі выразна раздражненьне, мякка кажучы, не зусім шчырымі паводзінамі Лукашэнкі. Так што ціск будзе нарастаць.

Калі вяртацца да пытаньня, хто болей прайграе… Пройгрыш будзе абодвух бакоў. Але Расея вялікая краіна, і яна можа кампэнсаваць гэта на іншых кірунках. А для Беларусі гэта пагражае ў найгоршым выпадку варыянтам аўтаркіі. Лукашэнка з аднаго боку кажа рытуальную фразу: “Адмова ад інтэграцыі — для мяне палітычная смерць”. Але гэтая фраза нічога не каштуе. Зь іншага боку, аддаць эканамічную ўладу, а значыць, і вялікую частку палітычнай — гэта таксама для яго палітычная сьмерць. Гэта сьмерць той сыстэмы ўлады, якую ён ствараў 9 гадоў. Ён ня пойдзе, натуральна, на гэта…”

(Цыганкоў: ) “Тады які выбар яму застаецца?”

(Класкоўскі: ) “Вось гэты самы пэсымістычны для беларусаў варыянт самаізаляцыі — і ад Захаду, і ад Усходу. Гэта днямі ўжо прагучала — патэтычная фраза, што мы ня скорымся перад ціскам ні з Захаду, ні з Усходу, і застанемся такой “несгибаемой страной”. Гэта ўжо падобна на тыя прамовы, што гучаць у Пхэньяне, напрыклад. Крый божа, каб нас чакаў такі варыянт”.

(Цыганкоў: ) “У Сочы таксама закраналася пытаньне расейскага рубля, і наколькі мы можам меркаваць з прэсавай канфэрэнцыі, нейкага канкрэтнага адказу прэзыдэнты пакуль ня вызначылі. Многія, найперш у Беларусі, лічаць, што пасьля ўвядзеньня расейскага рубля працэс, які называюць “інтэграцыяй”, стане незваротным. Ці пойдзе Лукашэнка на гэта?”

(П’янткоўскі: ) “Думаю, не — бо гэта падрывае грунт ягонай эканамічнай улады. Ня столькі сувэрэнітэт Беларусі, колькі ўлады Лукашэнкі і ягонага кляну. Разумееце, калі ў вас ёсьць друкарскі варштат, які вы можаце выкарыстоўваць, то навошта вы будзеце ад яго адмаўляцца?”

(Класкоўскі: ) “Я таксама схіляюся, што Лукашэнка ня згодзіцца ў гэтыя тэрміны, якія прапануе Масква, і на гэтых умовах увесьці расейскі рубель. А іншыя ўмовы і тэрміны Маскве ня вельмі падабаюцца. Сёньня з вуснаў Лукашэнкі прагучала тэза, што “мы не павінны апусьціцца на ніжэйшы ўзровень”. Гэта зноў празрысты намёк на дамову 1999 году, якая была падпісаная зь Ельцыным і якая сто гадоў не патрэбная Пуціну, і ён увесь час свайго прэзыдэнцтва гэта падкрэсьлівае. Таму ня будзе гэтага адзінага рубля, а калі і будуць падпісаныя нейкія дамовы, афіцыйны Менск не аднойчы паказваў, што яму нічога не каштуе потым ад іх адмовіцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG