Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром” выстаўляе Менску ўльтыматум


Валер Карбалевіч, Менск

(эфір 5 верасьня)

Удзельнікі: журналіст газэты “Ведомости” Ўладзіслаў Максімаў з Масквы і аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак зь Менску.

(Карбалевіч: ) “Крызыс у беларуска-расейскіх дачыненьнях перайшоў у стадыю абмену эканамічнымі ўдарамі. Тры дні назад Лукашэнка адправіў пасланьне Пуціну. У ім ён паставіў такія ўмовы пераходу Беларусі на расейскі рубель, якія робяць такі пераход амаль немагчымым, ва ўсялякім разе, цягам бліжэйшых некалькіх гадоў.

У адказ “Газпром” даслаў у Менск ліст, у якім расейская кампанія паведамляе пра сваю адмову ад стварэньня супольнага прадпрыемства на аснове “Белтрансгазу”, вычарпаньні лімітаў таннага газу ў гэтым годзе і адмове ў пастаўках газу па ўнутрырасейскіх цэнах у наступным годзе. Што азначае гэты крок? Ці можна лічыць гэта палітычным адказам Масквы на адмову Беларусі пераходзіць на расейскі рубель?”

(Манёнак: ) “На мой погляд, гэта выключна палітычны ход. Вядома, што перамовы паміж беларускім бокам і “Газпромам” пра стварэньне супольнага прадпрыемства на аснове “Белтрансгазу” скончыліся яшчэ ў ліпені безвынікова. “Газпром” вельмі зацікаўлены ў тым, каб беларуская газавая труба апынулася ў ягонай ўласнасьці. Цяпер гэтая расейская манаполія стварае супольны газавы канцэрн і ва Ўкраіне. “Газпром” шукае больш танныя выхады на эўрапейскі рынак. Цікавасьць да “Белтрансгазу” абумоўленая яшчэ й тым, што па тэрыторыі Беларусі будуецца міжкантынэнтальны газапровад Ямал-Эўропа.

І пасьля таго, як Масква атрымала пасланьне Лукашэнкі ў пытаньні аб’яднаньня валютаў, “Газпром” выставіў такі ўльтыматум. Таму гэта выключна палітычнае рашэньне”.

(Максімаў: ) “Я не зусім згодны з тым меркаваньнем, што гэта выключна палітычнае пытаньне. Паводле вызначэньня пытаньне пра адзіную валюту мае і эканамічны, і палітычны аспэкты. На мой погляд, увядзеньне расейскага рубля ў Беларусі можа стаць пачаткам канца палітычнай кар’еры Лукашэнкі. Таму я разумею, чаму ён так супраціўляецца такому рашэньню. Зь іншага боку, праблема газавага і нафтавага транзыту па беларускай тэрыторыі зьяўляецца ці не адзіным аргумэнтам, якім Лукашэнка можа адэкватна адказваць на ціск расейскага кіраўніцтва. Таму, на мой погляд, тут існуе спалучэньне эканамічных і палітычных чыньнікаў”.

(Карбалевіч: ) “Ці можна гэтае рашэньне “Газпрому” лічыць за цьвёрды намер зьмяніць сваю палітыку ў Беларусі? Ці гэта крок у эканамічным і палітычным гандлі, нейкі шантаж? Ці магчыма сытуацыя, калі абодва бакі пойдуць на саступкі і знойдуць нейкі кампраміс і ў пытаньні цэнаў на газ, і ў пытаньні стварэньня супольнага прадпрыемства?”

(Манёнак: ) “Гэта падобна на палітычны шантаж. Напрыклад, з Украінаю “Газпром” вядзе перамовы пра стварэньне такога ж газавага канцэрну больш за два гады, і ніякіх ультыматумаў там не ўжывае.

Канечне, беларускі бок вельмі завысіў цану “Белтрансгазу”. За менш чым палову акцыяў гэтага прадпрыемства Беларусь патрабуе 5 мільярдаў даляраў. Магчыма, праблему вырашыла б сустрэча кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў. Але ж менавіта напярэдадні магчымай сустрэчы зьявіўся гэты ўльтыматум.

Танны газ, які “Газпром” пастаўляе ў Беларусь, павінен закончыцца ў канцы гэтага месяцу. На гэты год газавы балянс Беларусі складае каля 18,5 мільярдаў кубамэтраў газу. Пры гэтым, 10,2 мільярду пастаўляе “Газпром”. Астатняе пастаўляе ў асноўным “Ітэра”. Фінансавыя сродкі на аплату гэтых энэрганосьбітаў прадугледжаныя. Дзякуючы неверагоднаму ціску ўраду на дзяржаўныя прадпрыемствы, апошнія больш-менш рэгулярна разьлічваюцца за пабежныя пастаўкі. Вялікі крок наперад зроблены ў тым сэнсе, што Беларусь разлічваецца грашыма. Вядуцца перамовы зь Ліванам, і ўжо ёсьць прынцыповая згода пра атрыманьне ліванскага крэдыту на выплату запазыкі за газ.

“Газпром” зьбіраецца выйсьці зь міждзяржаўнага пагадненьня 2002 г. толькі зь 1 студзеня наступнага году. Таму ёсьць некалькі месяцаў на тое, каб беларускі бок пайшоў на саступкі, і быў знойдзены кампраміс. Сёньня я размаўляла с адмыслоўцамі “Белтрансгазу”. Яны працуюць над прапановамі беларускага боку. І трэба ўлічваць тое, што ў “Газпрому” да Беларусі ёсьць стратэгічны інтарэс”.

(Максімаў: ) “У адрозненьні ад стасункаў з Украінай, у апошнім лісьце “Газпрому” да беларускага кіраўніцтва палітычны кампанэнт вельмі відавочны. Таму што пачатковыя ўмовы перамоваў былі розныя. Супярэчнасьці расейскай манаполіі з Украінай маюць эканамічныя чыньнікі. А ў выпадку зь Беларусьсю сытуацыя іншая. Вылучэньне кошту “Белтрансгазу” ў памеры пяці мільярдаў — гэта занадта. Ніводная расейская кампанія ніколі не плаціла такую суму ні за адзін расейскі ці замежны актыў.

Зразумела, шмат што будзе вырашацца за сталом перамоваў, найперш перамоваў Лукашэнкі з Пуціным. “Газпром” — дзяржаўная кампанія. І яе пазыцыя вызначаецца кіраўніцтвам краіны. Палітычныя чыньнікі ў дзеяньнях “Газпрому” будуць дамінаваць”.

(Карбалевіч: ) “Давайце ўявім сытуацыю, што бакі ня знойдуць кампрамісу, і з наступнага году Беларусі давядзецца купляць расейскі газ па камэрцыйных цэнах. Ці вытрымае беларуская эканоміка такі моцны ўдар?”

(Манёнак: ) “Гэта будзе вельмі моцны ўдар для беларускай эканомікі. Трэба мець на ўвазе, што цана на газ павялічваецца нават на расейскім рынку. Год назад, калі заключалася пагадненьне паміж “Газпромам” і беларускім урадам, адна тысяча кубамэтраў газу каштавала 24 даляры, а цяпер — 29 даляраў.

Па сапраўднаму трэба было б даўно рыхтавацца да такога разьвіцьця падзеяў. Але гэта не было зроблена. Беларуская эканоміка не падрыхтаваная да такога кроку — яна разбэшчаная танным газам. Урад краіны імкнецца закрыць сваю вытворчасьць ад канкурэнцыі. Ствараецца камісія для рэгуляваньня імпарту — гэта рэакцыя на тое, што беларускім таварам усё цяжэй канкураваць на сваім унутраным рынку, ня кажучы ўжо пра расейскі — таму што беларуская прамысловасьць не рэфармаваная. На шмат якіх прадпрыемствах за кошт крэдытаў выплачваюць і запазыкі за газ, і заробкі працаўнікам. Урад ня мае рашучасьці да рэформаў. Таму нашая эканоміка ня зможа вытрымаць высокія цэны на газ”.

(Максімаў: ) “Мне падаецца, што “Газпром” не выканае сваю пагрозу, будзе знойдзены кампраміс. Да гэтага схіляе і той чыньнік, што цяпер у Расеі пачынаюцца дзьве перадвыбарчыя кампаніі. І партыя ўлады будзе актыўна выкарыстоўваць лёзунг інтэграцыі зь Беларусьсю. Таму сытуацыя будзе закансэрваваная на аснове статус-кво.

Але хацеў бы вярнуцца да тэмы пераходу Беларусі на расейскі рубель. На мой погляд, беларуская эканоміка будзе існаваць да таго часу, пакуль будзе існаваць беларускі рубель. Увядзеньне ў Беларусі расейскага рубля будзе азначаць пачатак інтэграцыі беларускай эканомікі ў расейскую. У гэтым сэнсе, мне падаецца, пытаньне газавае і пытаньне грашовае сутыкнуліся невыпадкова”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, падаецца, што беларуска-расейская інтэграцыя зайшла ў чарговы тупік. Як толькі бакі пачалі ўлічваць эканамічныя інтарэсы, перайшлі ад палітычных пытаньняў да прагматыкі, адразу гэтыя дачыненьні ўступілі ў пэрыяд крызысу. Падаецца, што беларуска-расейская інтэграцыя не вытрымлівае выпрабаваньне рацыяналізацыяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG