Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта афіцыйны Менск правакуе скандалы з Эўропай?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледваньняў Андрэй Фёдараў і дацэнт Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэту Віталь Сіліцкі.

(Карбалевіч: ) “У адносінах паміж Беларусьсю й Захадам адбыўся чарговы скандал. Беларускія ўлады адмовілі ў візе ўпаўнаважанаму АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ спадару Фраймуту Дуве. Адмова ў візыту чалавеку, які займае такую адказную пасаду ў структуры АБСЭ — гэты выклік усім эўрапейскім арганізацыям.

Незадоўга перад гэтым зь Беларусі быў высланы таксама са скандалам нямецкі сацыяліст Ян Буш. Прычым, вакол гэтай высылкі беларускія ўлады арганізавалі гучную прапагандысцкую кампанію.

Такім чынам, мы назіраем новы віток канфрантацыі з Эўропай, арганізаваны афіцыйным Менскам. Што гэта азначае? Гэтая атака на Захад выкліканая нейкімі новымі абставінамі, нейкія новыя задачы вырашае? Ці гэта працяг старой, запраграмаванай на канфлікт палітыкі беларускай дзяржавы, проста цяпер зьявілася нагода для яго абвастрэньня?”

(Фёдараў: ) “Найперш, хацеў бы адзначыць, што гэта ўжо другі інцыдэнт з спадаром Дуве ў ягоных дачыненьнях зь беларускімі ўладамі. Два гады назад у Беларусь ён зьбіраўся прыехаць з сваёй супрацоўніцай. Тады візу не далі менавіта ёй. А спадар Дуве адмовіўся прыехаць у Менск на знак салідарнасьці. Так што гэта ня першы канфлікт Беларусі з гэтай структурай АБСЭ.

Ёсьць яшчэ адна акалічнасьць. У канцы ліпеня спадар Дуве выступіў з дакладам у Вэне перад Сталай радаю АБСЭ, у якім крытыкаваў палітыку беларускіх уладаў у дачыненьні да незалежнай прэсы. Ён узгадаў і закрыцьцё газэтаў “БДГ”, “Навінкі”, ціск на “Народную волю” ды інш. Таму гэты інцыдэнт можна лічыць помстаю кіраўніцтва Беларусі за крытыку.

Як і ў выпадку двухгадовай даўніны, рэакцыя АБСЭ будзе звыклай: выступяць з заяваю. Ніякіх санкцыяў ня будзе”.

(Сіліцкі: ) “Мне здаецца, што цяпер афіцыйны Менск запрашае толькі тых, каго можна звазіць у “пацёмкінскія вёскі”, кшталту Ждановіцкага агракамбінату.

На самай справе, я думаю, што гэта працяг старой палітыкі. Толькі расстаўляюцца новыя акцэнты. У гульні зь легітымізацыяй афіцыйны Менск больш не гуляе. Зразумела, што гэты скандал зьвязаны зь незалежнымі СМІ ў Беларусі. Перасьлед незалежнай прэсы не хаваецца. Здымаюцца ўсе маскі”.

Падчас нядаўняй канфэрэнцыі ў Маскве, якую ладзіла Рада замежнай і абароннай палітыцы зь беларускай апазыцыяй, адзін расейскі экспэрт выказаў думку, што цяпер Лукашэнка вядзе вайну з ЗША і Расеяй. А ў дачыненьнях з Эўропай ён дзьверы пакідае прыадчыненымі, каб у выпадку пільнай неабходнасьці можна было паспрабаваць ушчаміцца туды. Апошнія падзеі абвяргаюць гэтую вэрсію.

У сувязі з гэтым, хацеў бы зьвярнуць увагу на такую акалічнасьць. Сапраўды, галоўным праціўнікам для афіцыйнага Менску зьяўляецца ЗША. Таму вайна з амэрыканскімі структурамі, напрыклад, ліквідацыя прадстаўніцтва IREX ды іншыя дзеяньні беларускіх уладаў былі ў пэўным сэнсе прагназаваныя і знаходзіліся ў рэчышчы гэтай палітыкі.

А дачыненьні зь Нямеччынай былі найлепшымі з усіх заходніх краінаў. У апошні час нямецкія палітыкі спрабавалі неяк зьмякчыць канфлікт з Беларусьсю, нават улагодзіць рэжым Лукашэнкі. Пра што сьведчаць і дзеяньні нямецкай дэпутаткі Уты Цапф у ПА АБСЭ і занадта кампрамісныя паводзіны кіраўніка Офісу АБСЭ ў Беларусі нямецкага дыплямата спадара Гайкена. І ў гэтай сытуацыі высылка нямецкага грамадзяніна Буша і адмова ў візе нямецкаму чыноўніку з АБСЭ выглядае як сьвядомая правакацыя Менскам гучнага скандалу зь Нямеччынай. Ці ёсьць тут нейкая лёгіка? Ці шукаць лёгіку ў паводзінах беларускага рэжыму даўно ўжо не выпадае?”

(Фёдараў: ) “Я ня думаю, што можна рабіць такія высновы пра нейкую новую палітыку ў дачыненьні да Нямеччыны. Адносіны Беларусі зь Нямеччынай больш складаныя і недназначныя, чым, вы, спадар Карбалевіч адзначылі.

Калі ўзяць пазыцыю той жа Уты Цапф. Яна сапраўды прыклала значныя намаганьні, как Нацыянальны сход Беларусі прызналі ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Але на апошняй сэсіі гэтай структуры ў Ротэрдаме спадарыня Цапф была адным з галоўных аўтараў жорсткай рэзалюцыі па Беларусі.

Акрамя таго, беларускае кіраўніцтва больш цікавіць эканамічныя стасункі зь Нямеччынай. А яны разьвіваюцца з прыватнымі нямецкімі фірмамі, і ня могуць пацярпець ад высылкі аднаго партыйнага функцыянэра. А ў палітычным сэнсе Берлін вымушаны прытрымлівацца агульных падыходаў да Беларусі, вызначаных Эўразьвязам.

Таму я ня думаю, што гэта сьвядомы крок Беларусі на канфрантацыю зь Нямеччынай. Гэта проста працяг старой палітыкі, якая прадугледжвае жорсткую рэакцыю да ўсіх, хто спрабуе падштурхоўваць Беларусь да дэмакратыі.

А спадара Дуве трэба разглядаць ня як прадстаўніка Нямеччыны, а як прадстаўніка АБСЭ. І ў гэтай ролі ён зьяўляецца непрыемнай постацьцю для беларускіх уладаў”.

(Сіліцкі: ) “Я сумняюся, што Менск праводзіць нейкую сплянаваную рацыянальную палітыку ў дачыненьнях з Захадам. Я не падтрымліваю тую думку, што вакол Беларусі йдзе вялікая геапалітычная гульня, у якой сутыкнуліся Расея, ЗША. Эўропа. На самай справе, усё шмат прасьцей. На першым пляне ў беларускіх уладаў нейкія кароткачасовыя інтарэсы. Кіраўніцтва краіны імкнецца спыніць кантакты беларускага грамадзтва з Захадам, зачыніць усе вокны. І такая палітыка даволі пасьлядоўная”.

(Карбалевіч: ) “Гэтыя дзеяньні, пра якія ідзе гаворка, можна было б растлумачыць падрыхтойкай да рэфэрэндуму. Адмова ў выдачы візы упаўнаважанаму АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ можна было б растлумачыць тым, што афіцыйны Менск рыхтуе новы наступ на незалежныя СМІ. Тады ў гэтым скандале была б пэўная лёгіка. Але Лукашэнка абвесьціў, што ў гэтым годзе рэфэрэндуму ня будзе. Таму аб’яўляць новую вайну СМІ ня мае сэнсу. Тады ў чым лёгіка выпаду кіраўніцтва Беларусі супраць чыноўніка, які адказвае ў АБСЭ за свабоду СМІ?”

(Фёдараў: ) “Наступ беларускіх уладаў на незалежныя СМІ працягваецца незалежна ад інцыдэнту з спадаром Дуве. І не абавязкова яго зьвязваць з рэфэрэндумам. Для працягненьня тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнка можа пайсьці на іншыя захады.

Беларускія ўлады даўно, больш за год назад абяцалі перадаць на экспэртызу ў АБСЭ закон пра СМІ. Але абяцаньне ня выканалі.

Таму скандалы апошняга часу сьведчаць пра тое, што беларускія ўлады працягваюць наступ на грамадзкія структуры, імкнуцца нэйтралізаваць любую магчымасьць заходніх арганізацыяў уплываць на сытуацыю ў Беларусі. Кіраўніцтву краіны няма чаго траціць. Яны зразумелі, што Захад не прызнае рэфэрэндум легітымным у любым выпадку. Зь іншага боку, моцнага пакараньня з боку Захаду таксама быць ня можа. Таму што няма рычагоў уплыву. У такой сытуацыі няма сэнсу хаваць свой твар і рабіць нейкі прымальны для Захаду выгляд”.

(Сіліцкі: ) “Я ня думаю, што апошнія скандалы нейкім чынам зьвязаныя з плянуемым рэфэрэндумам. Яшчэ раз падкрэсьлю, што міжнародная легітымнасьць — гэта апошняе, што клапоціць Лукашэнку. Калі казаць пра рэфэрэндум, то кіраўніка дзяржавы больш хвалююць нутраныя чыньнікі яго правядзеньня. Тут ёсьць пэўныя праблемы з падтрымкай гэтай ідэі беларускім грамадзтвам. Ёсьць праблемы і з падтрымкай гэтай акцыі з боку Расеі.

Таму ідзе мэтанакіраваная падрыхтоўка да рэфэрэндуму. Пакрысе ўсё зьнішчаецца. Праз паўгады ў такіх умовах рэфэрэндум будзе правозіць лягчэй. У любым выпадку, для працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў яму патрэбная інфармацыйная блякада грамадзтва”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, афіцыйны Менск працягвае палітычную і дыпляматычную вайну па усіх азымутах: і з ЗША, і з Расеяй, і з Эўропай. Курс на міжнародную ізаляцыю — адзіная пасьлядоўная лёгіка замежнай палітыкі Беларусі. І апошнія скандалы зь нямецкімі палітыкамі пацьвярджаюць гэтую выснову”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG