Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымая ўніфікацыя падатковага заканадаўства Беларусі й Расеі?


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: старшыня выканкаму грамадзкага аб’яднаньня “Альтэрнатыва-21” Сяргей Балыкін і аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Кастусь Скуратовіч.

(Цыганкоў: ) “Падатковы саюз не атрымаўся”, — менавіта так называецца артыкул, апублікаваны ў пятніцу ва ўплывовым расейскім бізнэс-выданьні “Ведомости”. У сваіх высновах аўтары публікацыі спасылаюцца на меркаваньні экспэртаў, а таксама на аналіз падатковай сыстэмы Беларусі, што зьявіўся днямі на сайце міністэрства Расеі ў падатках і зборах.

Галоўная выснова гэтага дакумэнта наступная — падатковае заканадаўства Беларусі й Расеі, а таксама структура даходаў бюджэтаў дзьвюх краінаў прынцыпова адрозьніваюцца, таму ўніфікацыя, іншымі словамі — пераход на расейскую сыстэму падаткаабкладаньня — можа выклікаць нэгатыўныя наступствы для беларускай эканомікі. Найперш гэта скарачэньне бюджэтных выдаткаў на сацыяльные праграмы. Ці патрэбная Беларусі ўніфікацыя падатковага заканадаўства з Расеяй, а калі патрэбна, то ў якіх сфэрах?”

(Балыкін: ) “Я лічу, што Беларусі трэба ўніфікаваць сваё падатковае заканадаўства з Расеяй, бо беларуская падатковая сыстэма занадта кепская. Зразумела, што й расейская не ідэальная, але значна лепш за беларускую. Таму Менск павінен наблізіцца да расейскіх стандартаў у падаткаабкладаньні.

Шчыра кажучы, Беларусь і сама магла б зрабіць сваю падатковую сыстэму лепш за расейскую. Але няма палітычнай волі з боку ўлады, і пакуль ня бачна палітычнай сілы, якая магла б прыйсьці да ўлады і правесьці падатковую рэформу”.

(Цыганкоў: ) “У Беларусі й Расеі структуры эканомікі розныя. Расея жыве за кошт продажу прыродных рэсурсаў, Беларусь — як зборачны цэх. Ці магчымая і ці патрэбная тут уніфікацыя?”

(Балыкін: ) “У любым выпадку нашая падатковая сыстэма не стымулюе прадпрымальніцкую актыўнасьць. Пераход на расейскія стандарты падаткаабкладаньня стымуляваў бы прадпрымальніцкую актыўнасьць, і дзяржаўныя даходы маглі б вырасьці”.

(Скуратовіч: ) “Расея зьяўляецца нашым асноўным гандлёвым партнэрам, але паколькі падатковыя сыстэмы розныя, то й розныя ўмовы для дзейнасьці суб’ектаў гаспадараньня. Нармальнага супрацоўніцтва не атрымоўваецца. Ідучы ад патрэбаў жыцьця, негледзячы на тое, ці будзе палітычная інтэграцыя — але ўмовы гаспадараньня мусяць быць аднолькавымі”.

(Цыганкоў: ) “Вы кажаце, што расейская падатковае заканадаўства больш прагрэсіўнае. Чаму б, карыстаючыся такой лёгікай, Беларусі не ўніфікаваць сваё падатковую сыстэму з заходнімі краінамі?”

(Скуратовіч: ) “Эканомікі вельмі розныя. Трэба спачатку рэфармаваць ўласнасьць. На Захадзе, напрыклад, вялікую долю займаюць падаткі на нерухомасьць. У нас жа ад нерухомасьці дзяржава амаль нічога не атрымлівае”.

(Балыкін: ) “Толькі Расея выяўляе да нас пэўны інтарэс. Нажаль, у Беларусі няма палітычных сілаў, якія могуць усур’ёз запатрабаваць нейкіх падатковых і нааагул эканамічных рэформаў. Дакладней, яны ёсьць, але яны, нажаль, вельмі неўплывовыя. А сама беларуская дзяржава на такія рэформы ісьці не жадае. І таму, можа, толькі ўціск з боку Расеі нейкім чынам падштурхне ўладу да эканамічных рэформаў”.

(Цыганкоў: ) “Аднак любая эканамічная ўніфікацыя нясе пэўную страту палітычнага сувэрэнітэту і палітычную залежнасьць…”

(Балыкін: ) “Беларусь, дзякуючы цяперашняй уладзе, і так ужо істотна залежная ад Расеі. Калі Масква ня будзе так спрыяльна ставіцца да Беларусі, як цяпер, то беларуская дзяржава страціць шмат грошай. Шмат грошай Менск атрымлівае толькі за тое, што яна зьяўляецца базай на шляху з Эўропы ў Расею”.

(Цыганкоў: ) “Давайце яшчэ раз вернемся да высноваў, што зрабілі экспэрты расейскага падатковага ведамства. Галоўная выснова гэтага дакумэнта наступная — пераход на расейскую сыстэму падаткаабкладаньня можа выклікаць нэгатыўныя наступствы для беларускай эканомікі. Найперш гэта скарачэньне бюджэтных выдаткаў на сацыяльныя праграмы. Калі вы сьцьвярджаеце, што такі пераход — станоўчая зьява, то дзе беларуская дзяржава будзе браць грошы на сацыяльныя праграмы?”

(Балыкін: ) “Трэба прааналізаваць наагул дзяржаўныя выдаткі. Можа, варта скараціць колькасьць чыноўнікаў, кантрольных органаў, якія моцна ціснуць на эканоміку. За кошт гэтага скарачэньня можна падвысіць сацыяльныя выдаткі. Скарачэньне дзяржаўнага ціску на эканоміку будзе стымуляваць прадпрымальніцкую актыўнасьць, і ў доўгачасовай пэрспэктыве сацыяльныя выдаткі нават вырастуць”.

(Скуратовіч: ) “Праз падаткавую палітыку ўлада ажыцьцяўляе свае паўнамоцтвы. У Нямеччыне зь 10-ці спрэчных выпадкаў 9 вырашаецца судамі на карысьць падаткаплатніка. А ў нас у несудовым парадку могуць забраць і апісаць маёмасьць, падатковае заканадаўства можа памяняцца цягам гаспадарчага году. Улада мае магчымасьць даваць ільготы тым суб’ектам гаспадараньня, якім яны палічылі мэтазгодным даць”.

(Балыкін: ) “Першыя, хто не зацікаўленыя ва ўніфікацыі беларускага і расейскага падатковага заканадаўства — гэта спадар Лукашэнка ды ўвогуле беларуская дзяржава. Бо ўніфікацыя беларускага і расейскага падатковага заканадаўства азначае, што беларускія кантрольныя органы страчваюць значную частку сваіх паўнамоцтваў.

Увогуле ж беларуская падатковая сыстэма будуецца на тым, каб выціснуць з суб’ектаў гаспадараньня найбольш грошай у бюджэт. Падатковыя органы проста бяруць тое, што ёсьць, і існуюць сёньняшнім днём”.

(Скуратовіч: ) “Для нашай падатковай сыстэмы характэрны фіскальны ўхіл. Пакуль чалавеку не дадуць магчымасьць працаваць, зарабляць, і пры гэтым нешта плаціць дзяржаве — толку ня будзе”.

(Цыганкоў: ) “Ваш прагноз — ці пойдзе бліжэйшым часам беларуская кіраўніцтва на ўніфікацыю падатковага заканадаўства з Расеяй?”

(Балыкін: ) “Ды ні ў якім разе! Як я ўжо казаў, беларуская дзяржава не зацікаўленая ва ўніфікаваньні падатковага заканадаўства з Расеяй, наагул не зацікаўленая ў тым, каб стварыць аднолькавыя ўмовы для гаспадарчай дзейнасьці ў Беларусі й Расеі. Бо ў нас эканоміка занадта зарэгуляваная дзяржавай, і чыноўнікі не зацікаўленыя ў тым, каб страціць хаця б частку сваіх паўнамоцтваў”.

(Скуратовіч: ) “Ва ўнутранай эканамічнай палітыцы ні на якія паслабленьні, лібэралізацыю Лукашэнка ня пойдзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG