Удзельнічаюць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і палітоляг Уладзімер Падгол.
(Віталь Цыганкоў: ) “У пятніцу 1 жніўня Аляксандар Лукашэнка правёў шырокамаштабную піяр-акцыю. Слухаючы ягоную чатырохгадзінную прэсавую канфэрэнцыю, адказы прэзыдэнта Беларусі расейскім рэгіянальным мэдыям, стваралася ўражаньне, што Аляксандар Лукашэнка засумаваў па гэткай удзячнай аўдыторыі.
Напрыклад, расейскі журналіст перад сваім пытаньнем гаварыў, што прадстаўляе рэгіён, у якім шмат прыхільнікаў Лукашэнкі альбо перадаваў прывітаньне ад нацыянальна-патрыятычных сілаў Расеі і гэтак далей. Які сэнс у гэтай накіраванай на зьнешняе выкарыстаньне акцыі? Бо тое, што гаварыў Лукашэнка, беларускаму слухачу даўно і добра вядома”.
(Анатоль Лябедзька: ) “Я гэта разглядаю як інфармацыйнае забесьпячэньне ў Расеі мажлівага беларускага рэфэрэндуму. І па-другое, гэта рэакцыя Лукашэнкі на сёньняшні ня самы лепшы стан беларуска-расейскіх адносінаў”.
(Цыганкоў: ) “Наколькі апраўданая такая тактыка і як на яе можа адрэагаваць Крэмль?”
(Лябедзька: ) “Лукашэнка скарыстоўвае тую мажлівасьць, што Пуцін сёньня зьвязаны па руках і нагах прэзыдэнцкімі выбарамі ў Расеі. Разьлік просты — да гэтага моманту публічных дыскусіяў Пуцін з Лукашэнкам ня будзе весьці. Бо ён хацеў бы атрымаць максымальную колькасьць галасоў на выбарах, а губляць тыя 5–7% расейскіх выбарцаў, якія сымпатызуюць Лукашэнку, ён ня будзе.
Таму Лукашэнка мае толькі гэты прамежак часу, калі ён можа правесьці рэфэрэндум і прымусіць расейскую палітычную эліту пагадзіцца зь ягонымі вынікамі. І праца з мэдыямі — гэта падрыхтоўка мажлівага рэфэрэндуму і ўспрыняцьця яго расейскай рэгіянальнай элітай”.
(Уладзімер Падгол: ) “Паводле маіх зьвестак, Пуцін і Крэмль рыхтавалі другую сэрыю “мух з катлетамі”. Яны мусілі адбыцца пасьля сустрэчаў Лукашэнкі і Пуціна, пасьля няўдалага абмеркаваньня Канстытуцыйнага акту ды іншых сумесных праектаў. Вось у гэты момант мы мусілі ўбачыць вельмі моцны удар Крамля, нават да дэнансаваньня некаторых беларуска-расейскіх пагадненьняў у сувязі з тым, што Лукашэнка страціў давер і не выконвае пэўных пунктаў сваіх абавязкаў.
Лукашэнка вымушаны быў нанесьці апераджальны ўдар, каб захаваць свой рэйтынг. Ён супрацьпаставіў сваю беларускую мадэль пуцінскай мадэлі і прапанаваў яе расейскім рэгіёнам. Тым самым ён можа і заблякаваць гэтыя крамлёўскія пляны.
Па-другое, Лукашэнка імкнецца прарваць тую інфармацыйную блякаду, якую наладзілі яму асноўныя электроныя мэдыі Расеі. Прэзыдэнт Беларусі адкрыта сказаў, што яны перадаюць у расейскія рэгіёны відэа– і аўдыёматэрыялы. Такім чынам, ён проста вядзе наступ праз расейскія рэгіёны на Пуціна”.
(Цыганкоў: ) “Якая мэта гэта наступу? Мяркуецца выгандляваць нейкія эканамічныя прэфэрэнцыі ці проста ідзе барацьба рэйтынгаў, і прычыны тут найперш палітычныя?”
(Лябедзька: ) “Я зыходжу з таго, што Лукашэнка ўжо прайграў Пуціну. Іхныя магчымасьці несумяшчальныя. Гэта прыкладна як параўноўваць эканамічныя магутнасьці Расеі й Беларусі. На гэтым этапе Лукашэнка пазыцыянуе сябе як лідэр антыпуцінскай апазыцыі, але не палітычнай, а ідэалягічнай. Прэзыдэнт Беларусі спрабуе гуляць на супярэчнасьцях паміж Крамлём і часткай расейскай палітычнай эліты, ён выкарыстоўвае тое, што рэгіёны заўсёды даволі дрэнна ставіліся да Масквы, выкарыстоўвае нянавісьць значнай часткі электарату да алігархаў, антыамэрыканскія настроі і гэтак далей.
Лукашэнка хоча быць прымальным да нейкай часткі расейскага электарату, але ўжо без пэрспэктывы прыйсьці ў Крэсль. Ён змагаецца ўсё ж за вырашэньне сваіх унутрыпалітычных задачаў. Для яго было б вельмі добрым вынікам, каб Крэмль прызнаў беларускі рэфэрэндум, ягоныя вынікі юрыдычнымі і легітымнымі. І дял гэтага ён выкарыстоўвае частку расейскай палітычнай эліты, каб яна яму дапамагала. Думаю, што пытаньне пра шапку Манамаха — гэта зь мінулага”.
(Падгол: ) “Сёньня гаворка сапраўды не ідзе пра шапку Манамаха ў Крамлі. Але сёньня Крэмль ня хоча, каб Лукашэнка са сваёй мадэльлю фігураваў і падчас выбараў у Дзярждуму. І падчас прэзыдэнцкіх выбараў, калі Лукашэнка са сваімі мадэлямі застанецца ў сьвядомасьці расейцаў, левыя будуць ставіць яго як узор у барацьбе супраць правых на выбарах у Дзярждуму, правыя будуць “біць” Лукашэнку ў адказ, і такая інфармацыйная віхура за гэтыя дзьве кампаніі ўмацуе ягоны рэйтынг у Беларусі”.
(Цыганкоў: ) “Тое, што казаў Лукашэнка, беларускаму выбарцу даўно вядома. Пры ўсёй красамоўнасьці нічога новага тут няма. Мне нават здаецца, што беларусаў гэта будзе ўжо раздражняць, паколькі ён даўно паўтараецца і імкнецца быць большым расейцам, чым самі расейцы. Як, на вашую думку, сёньняшні выступ будзе ўспрыняты беларускім электаратам?”
(Падгол: ) “Памятаеце, як Лукашэнка казаў: “Мне б сотую частку таго, што маюць расейцы. Беларусь была б квітнеючай краінай”. На мой погляд, “савецкія” беларусы, дэпалітызаваныя, адлучаныя ад інфармацыйных патокаў, успрымуць станоўча гэтую дэмагогію”.
(Лябедзька: ) “Мне здаецца, што пераважная большасьць успрыме Лукашэнку як зьдзьмуты шарык. Таму што калі гэта было цікавым і незвычайным у 1994 годзе, то цяпер людзям гэта надакучыла. Думаю, што сацыялягічныя апытаньні не дадуць вялікага прыросту галасоў Лукашэнку. Нагадаю, што вясной быў зарэгістраваны самы нізкі ўзровень ягонай падтрымкі.
І калі пасьля такой піяр-кампаніі як сустрэча з расейскім журналістамі і “галовы” Навіцкага зь міністрамі, гэта дасьць Лукашэнку максымум 4–5%, то можна лічыць, што апраўдаліся затрачаныя грошы і падарункі, якія дадуць расейскім журналістам. Калі гэтага не адбудзецца, то гэта вельмі сумны вынік для прэзыдэнта”.
(Цыганкоў: ) “На прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка зноў неканкрэтна адказаў на пытаньне пра свой трэці тэрмін, заявіўшы, шіто яшчэ нічога ня вырашыў. Прэзыдэнт, аднак упершыню сказаў, што думае над тым, хто можа яго замяніць, каму ён можа “перадаць” краіну”.
(Лябедзька: ) “Лукашэнка яшчэ ніколі не праводзіў рэфэрэндуму, ня маючы падтрымкі хаця б паловы насельніцтва Беларусі й палітычнай падтрымкі з боку Крамля. Цяпер такой падтрымкі няма. Гэта дзьве новыя акалічнасьці, якія ён мусіць улічваць, і гэта прымушае Лукашэнку цягнуць. Калі б ён сустракаўся з журналістамі ў такі момант тры гады таму, усе рашэньні былі б выказаныя. Сёньня ж прынцыпова іншая сытуацыя. Што да таго, што Лукашэнка можа назваць нейкага свайго пераемніка, штосьці наконт рук — то я думаю, што ён можа перакладваць толькі са сваёй правай у левую руку”.
(Падгол: ) “Аднак калі гэты рэйтынг папаўзе ўгару і калі дасягне 50%, вось тут у любы час можна і прызначаць рэфэрэндум. Нават не зьвяртаючы ўвагі на Маскву, што ён адкрытым тэкстам сёньня і заяўляў, сказаўшы, што будзе рашаць толькі беларускі народ і Масква ня будзе мець ніякага ўплыву. У Лукашэнкі сёньня адна мэта і адначасова перадумова рэфэрэндуму —выцягнуць рэйтынг”.
(Лябедзька: ) “Аднак рэч у тым, што гэтым інтэрвію ён можа выцягваць свой рэйтынг у Расеі, але не ў Беларусі. У Расеі ён можа мець хоць 50%, аднак не існуе мэханізмаў юрыдычнай і палітычнай легітымізацыі Лукашэнкі ў Расеі. Эліты расейская, нават левыя, ня пойдуць на гэта. Яны будуць выкарыстоўваць Лукашэнку, ягоныя мадэлі, рэалізаваныя ў Беларусі, ягоны вобраз, але ніхто ня будзе пускаць яго самога ў расейскі агарод.
Калі б сюды прыехалі вядучыя расейскія тэлеканалы, могла б падняцца нейкая інфармацыйныая хваля. Але на тое ў Расеі сёньня і кіраваная дэмакратыя, каб трымаць сытуацыю пад кантролем”.