Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая прычына адставак кіраўніка ураду і міністраў?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: журналіст Аляксандар Старыкевіч і палітоляг Алег Багуцкі

(Валер Карбалевіч: ) “Адстаўкі прэм’ера Генадзя Навіцкага, віцэ-прэм’ера Папкова, міністра сельскай гаспадаркі Русага і шэрагу іншых кіраўнікоў даволі нечаканыя. Ніякіх сур’ёзных прычынаў для гэтага не было. Такіх відавочных правалаў у эканоміцы не адбылося. Сытуацыя пагаршаецца, але вельмі павольна. Усе эканамічныя паказчыкі прыкладна такія ж, як і паўгоду, год, два назад. Нявыплаты сялянам за сельгаспрадукцыю — таксама зьява ня новая. Такая сытуацыя цягнецца ўжо шмат гадоў. Ствараецца ўражаньне, што тая нагода, якая аб’яўленая прычынай адставак, надуманая. Ці згодныя вы з такім меркаваньнем? Калі згодныя, то якая сапраўдная прычына гэтых падзеяў?”

(Аляксандар Старыкевіч: ) “З улікам таго, што запазычанасьць сялянам за прадукцыю, запазычанасьць заробкаў існуе дастаткова даўно, то нагода для адстаўкі Навіцкага і некаторых ягоных паплечнікаў выглядае досыць штучнаю.

Чаму менавіта цяпер здарыліся адстаўкі? Ствараюцца ўмовы для магчымасьці — падкрэсьліваю, менавіта магчымасьці — правядзеньня буйной палітычнай кампаніі восеньню ці пры канцы мінулага году. Адбудзецца яна ці не — гэта залежыць ад шэрагу чыньнікаў, у тым ліку вонкавых. Аднак тое, што падрыхтоўка да яе вядзецца, ужо відавочна”.

(Алег Багуцкі: ) “Мне здаецца, што гэтыя адстаўкі не такія ўжо нечаканыя. Я даўно чакаў, калі ж Лукашэнка пачне сваю кампанію. Не сакрэт, у грамадзтве ўжо даўно абмяркоўваецца, што, магчыма, восеньню пройдзе рэфэрэндум аб магчымых зьменах Канстытуцыі, якія дазволілі б працягнуць прэзыдэнцкія паўнамоцтвы цяперашняга кіраўніка дзяржавы.

За апошні год рэйтынг Лукашэнкі значна ўпаў. Таму яму трэба правесьці вельмі моцную і дынамічную кампанію. Хутчэй за ўсё, ён зразумеў, што толькі ціскам на апазыцыю і закрыцьцём незалежных газэтаў нельга падняць свой рэйтынг. І ніхто ня шкодзіў гэтак ягонай папулярнасьці, як рабілі чыноўнікі зь ягонага блізкага атачэньня.

Але мне здаецца, што ён трапіў у тую пастку, у якую трапляюць усе недэмакратычныя рэжымы. Калі няма грамадзкага кантролю, няма сапраўднай прадстаўнічай улады, незалежных СМІ, якія могуць кантраляваць уладу на ўсіх узроўнях, няма мясцовага самакіраваньня — усё гэта ўрэшце прыводзіць да свавольства чыноўнікаў. І ў такіх варунках любы рэжым пачынае загніваць. На мой погляд, якраз гэта і адбываецца ў нас у краіне. Таму зразумела, чаму здарыліся гэтыя адстаўкі. Іншая справа, ці дасьць гэта нейкую карысьць?”

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, казаць пра эканамічную карысьць тут не выпадае. Таму што ўрад у Беларусі тэхнічны, ён праводзіць той эканамічны курс, які вызначыў кіраўнік дзяржавы. І калі эканамічны курс ня зьменіцца, то чакаць нейкіх значных зьменаў у эканоміцы са зьменаю ўраду не даводзіцца.

Хачу нагадаць, нешта падобнае адбылося незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Тады Лукашэнка ўчыніў “цукровы скандал”. Таксама па тэлебачаньню было паказана, як прэзыдэнт адпраўляе ў адстаўкі кіраўнікоў канцэрнаў, аб’яўленых вінаватымі ў дэфіцыце цукру. Цяпер сцэнар паўтараецца.

Хацеў бы зьвярнуць увагу яшчэ на адну акалічнасьць. Спэктакль пад назваю “Лукашэнка — абаронца народу ад злых чыноўнікаў” расьцягнуўся на трое сутак. Спачатку ў аўторак кіраўнік дзяржавы робіць разнос. Потым у сераду ўсе дзяржаўныя СМІ распавядалі, якія пакараньні панесьлі розныя чыноўнікі і кіраўнікі. І вось у чацьвер — фінал. Лукашэнка праводзіць чарговае паседжаньне і адпраўляе ў адстаўку прэм’ера і міністраў. То бок з чыста піарнага гледзішча гэты спэктакль быў зроблены даволі эфэктна. Ці дасьць гэта той палітычны эфэкт, які быў заплянаваны? Ці сапраўды насельніцтва паверыць, што Лукашэнка ня ведаў да гэтага часу пра нявыплаты грошай сялянам, вось толькі цяпер даведаўся і таму ўчыніў сканадал?”

(Старыкевіч: ) “Я думаю, што ў кароткатэрміновай пэрспэктыве рэйтынг Лукашэнкі праз гэтую кампанію ўздымецца. Чыньнік выбарца сёньня павінен быць адпрацаваны. Варыянт з адстаўкамі й іншымі пакараньнямі разьлічаны на электарат. Але ня больш за тое. У выпадку правядзеньня рэфэрэндуму ён ня будзе вырашальным. Вынікі любых кампаніяў такога кшталту залежаць ад Цэнтарвыбаркаму.

Іншая справа, што тут могуць быць і іншыя мэты. Магчыма, адстаўка Навіцкага будзе скарыстаная каб знайсьці чарговае тлумачэньне для Масквы, чаму запавольваецца рашэньне шэрагу пытаньняў (Белтрансгаз, прыватызацыя, увядзеньне ў Беларусі расейскага рубля і іншае). Маўляў, новы ўрад павінен увайсьці ў курс справы, разабрацца. А там у Расеі хутка пачнецца свая выбарчая кампанія. І Маскве будзе не да Беларусі І так можна выйграць час. Так што, насамрэч, тут можа быць некалькі прычынаў, дзеля чаго ўсё гэта было зроблена”.

(Багуцкі: ) “За гэтыя дзевяць гадоў грамадзтва значна зьмянілася. І адным толькі заявам кіраўніка дзяржавы ўжо ня вераць нават тыя, хто за яго галасаваў на выбарах. Іншая справа, што будзе адбывацца далей. У Лукашэнкі яшчэ ёсьць нейкі патэнцыял. Але чакаць сур’ёзнай зьмены эканамічнага курсу не даводзіцца. А бяз гэтага стратэгічныя зьмены ў эканоміцы немагчымыя”.

(Старыкевіч: ) “Думаю, што на пэўную частку грамадзтва ўзгадка Лукашэнкі пра буржуяў, якія езьдзяць на “мэрсэдэсах”, зробяць уражаньне. Безумоўна, нас чакае з гэтай нагоды досыць буйная прапагандысцкая кампанія, у час якой будзе падкрэсьлівацца тое, што робіць у іх абарону Лукашэнка.

Хоць, здараецца, робіцца гэта так груба, што можа даць адваротны вынік. Я не разумею, чаму “Советская Белоруссия” дазваляе сабе літаральна зьдзекавацца з Лукашэнкі. Нельга расцаніць інакш сёньняшні загаловак на першай паласе: “Прэзыдэнт прыняў рашэньне, і селяне павесялелі”. Гэта ўжо калька з выказваньня Сталіна: “Жыць стала лепей, жыць стала весялей”.

Зьвярнуў бы ўвагу на такую акалічнасьць. У аўторак на тым вядомым паседжаньні ў Лукашэнкі шмат дасталося губэрнатарам. Дамашкевічу наогул было заяўлена, што папраўляць становішча ўжо будзе іншы. Але ў выніку ніводзін з губэрнатараў не пацярпеў. Вымовы ня будзем лічыць сур’ёзным пакараньнем. На мой погляд, гэта знакавая абставіна. Бо калі забясьпечваць вынікі рэфэрэндуму, то роля губэрнатараў тут значная. Падчас папярэдніх выбарчых кампаніяў яны праявілі сябе вельмі надзейна. Таму тут ёсьць на чым задумацца”.

(Карбалевіч: ) “Калі працягнуць гэтую думку, то неабходна адзначыць, што падчас выступу ў аўторак Лукашэнка вельмі моцна крытыкаваў чынавенства. Ён сказаў, што бандыты на “мэрсэдэсах” разам з губэрнатарамі і чыноўнікамі гуляюць. Трэба разумець, гуляюць на тыя грошы, якія яны павінныя былі аддаць сялянам. Такім чынам, відавочная спроба павярнуць незадавальненьне насельніцтва ў бок чынавенства. У зьвязку з адстаўкамі, які рэзананс гэта можа выклікаць у чынавенства?”

(Старыкевіч: ) “Я думаю, што чынавенства з разуменьнем успрыме тое, што адбылося. Бо насамрэч Навіцкага адправілі ў адстаўку ў адносна спакойным стылі. Галоўнае, што яму паставіў у віну Лукашэнка, гэта мяккасьць характару. Чынавенства ў свой час досыць спакойна ўспрыняло і арышты кіраўнікоў высокага ўзроўню, і больш зьневажальныя публічныя разборкі, чым гэтым разам. Таму, на мой погляд, не выпадае цяпер чакаць нейкай сур’ёзнай рэакцыі ў гэтым асяродзьдзі”.

(Багуцкі: ) “Я згодзен са спадаром Старыкевічам, што, хутчэй за ўсё, чынавенства і бюракратыя ўспрыме ўсё гэта спакойна. Таму што ўсё ж кайданкі сёньня ні на кога не надзелі. І мне здаецца, што Лукашэнка наўрад ці будзе працягваць нейкія моцныя атакі на бюракратыю. Таму што ён знаходзіцца цяпер у вельмі складанай сытуацыі. Адна справа, калі ён атрымліваў на выбарах лічбу, блізкую да 50%. А цяпер сытуацыя зьмянілася. Ягоны рэйтынг толькі трохі больш 20%. Таму ён цалкам становіцца закладнікам вэртыкалі, і выбарчых камісіяў, якія знаходзяцца пад кантролем вэртыкалі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, можна адзначыць, што гучныя адстаўкі носяць хутчэй палітычны характар, чым эканамічны. У аснове ляжаць палітычныя чыньнікі. Не даводзіцца чакаць значнага ўплыву гэтых адставак на эканамічную сытуацыю, на масавую сьвядомасьць ці на чынавенства”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG