Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнку палохаюць замежныя інвэстыцыі?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: намесьнік дырэктара Цэнтру эўрапейскай інтэграцыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Аляксандар Зайцаў і аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Кастусь Скуратовіч

(Валер Карбалевіч: ) “Тэма замежных інвэстыцыяў у беларускую эканоміку абмяркоўваецца даволі часта на розных афіцыйных паседжаньнях. Як вядома, замежныя інвэстыцыі ідуць у Беларусь вельмі цяжка. На гэты год вызначаная амбіцыйная задача: прыцягнуць 1 мільярд даляраў. Сэмінар кіроўных работнікаў у Берасьці цалкам прысьвечаны гэтай праблеме. Выступ спадара Лукашэнкі, як заўсёды, быў супярэчлівы.

З аднаго боку, было заяўлена, што прыцягненьне замежнага капіталу зьяўляецца адным з галоўных кірункаў дзяржаўнай палітыкі. А зь іншага боку, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларуская эканоміка павінна разьвівацца найперш уласным капіталам, каб ня трапіць у кабалу да замежных інвэстараў. Якая прычына такой супярэчлівасьці? Ці не здаецца вам, што Лукашэнка разумее сэнс прыцягненьня замежных інвэстыцыяў вельмі спэцыфічна, своеасабліва, і ягонае разуменьне адрозьніваецца ад прынятага ў сьвеце?”

(Аляксандар Зайцаў: ) “У многіх кіраўнікоў на месцах вельмі нізкі ўзровень разуменьня праблемы замежных інвэстыцыяў. Таму гэты сэмінар нешта дасьць. Уся постсавецкая прастора знаходзіцца пад прэсам інвэстыцыйнага голаду. Беларусь не выключэньне. Сваіх інвэстыцыяў няма і пакуль не чакаецца з Расеі. Прыцягненьне заходніх інвэстыцыяў — пытаньне актуальнае.

Якая тут небясьпека? Беларускія прадпрыемствы па шэрагу пазыцыяў зьяўляюцца канкурэнтамі эўрапейскіх, нават з улікам нізкай якасьці беларускай прадукцыі. Таму тут трэба не памыліцца. Каб не прыйшлі канкурэнты, не скупілі гэтыя прадпрыемствы й не давялі іх да банкрутцтва. Таму трэба быць асьцярожным”.

(Кастусь Скуратовіч: ) “Як выбіраць партнэраў? Мы іх выбіраем амаль дзесяць гадоў. З прыходам да ўлады Лукашэнкі гэта робіцца рэгулярна. Але так нікога і ня выбралі, ніхто да нас не прыйшоў.

Я зазірнуў у слоўнік эканомікі, які быў выдадзены ў 1958 годзе. Так вось, там напісана, што “замежныя інвэстыцыі — гэта сродак закабаленьня слабаразьвітых краінаў”. І, напрыклад, чым больш ЗША хоча закабаліць Гандурас, тым больш яму даюць грошай. Такая ідэалягічная ўстаноўка нашага чынавенства да гэтага часу. Мусіць, і Лукашэнка падзяляе гэтыя погляды.

Што тычыцца патрэбы ў інвэстыцыях. Я ўпэўнены, што ніводзін дырэктар прадпрыемства альбо кіраўнік гаспадаркі ня ведае, навошта яму тыя замежныя інвэстыцыі. Няма ніводнага амбітнага праекту, пад які можна было б шукаць інвэстараў. У канцы мінулага году, калі складаліся праграмы і пляны прыцягненьня інвэстыцыяў, высьветлілася, што там няма ніводнага сур’ёзнага праекту. Гаворка там ішла пра будаўніцтва паркінгаў, гандлёвых цэнтраў. А праекты ў прамысловасьці апынуліся на пэрыфэрыі.

І яшчэ адзін момант. Усе ведаюць, як кіраўнік дзяржавы ставіцца да тых, хто браў нейкія валютныя сродкі. Іх жа трэба вяртаць. Таму кіраўнікі прадпрыемстваў вельмі асьцерагаюцца такіх праектаў. Любая дамова з замежным інвэстарам — гэта рызыка. Гаворка ідзе пра вялікія грошы ва ўмовах рынкавай канкурэнцыі”.

(Карбалевіч: ) “Часам падаецца, што замежныя інвэстыцыі проста пужаюць Лукашэнку, ён асьцерагаецца іх, асьцерагаецца таго, што яны могуць разбурыць тую сацыяльна-эканамічную мадэль, якая пабудаваная ў Беларусі. Як вы можаце пракамэнтаваць гэтую тэзу?”

(Зайцаў: ) “Любая сацыяльна-эканамічная мадэль — гэта ня нейкая канстанта, якая павінна захоўвацца ўвесь час. Бо мяняецца сьвет, мяняюцца ўмовы, у якіх знаходзіцца краіна. Трэба мяняць і сацыяльна-эканамічную мадэль. Прычым, апэратыўна і плянуючы наперад.

Калі казаць пра становішча ў нашай прамысловасьці, то прадпрыемствы, чым далей, тым больш страчваюць шанцы на мадэрнізацыю. Іх удалося мабілізаваць у 1996–1998 гады коштам таго, што ўдавалася збываць асноўную колькасьць прадукцыі ў Расею. Цяпер капітал праядаецца. Таму пытаньне прыцягненьня замежных інвэстыцыяў — гэта пытаньне прынцыповае. І гэты сэмінар ў Берасьці хутчэй паставіць пытаньні, чым дасьць адказы. Таму што мяняць трэба вельмі шмат.

Калі мысьліць катэгорыямі небясьпекі замежных інвэстыцыяў, як робіць кіраўнік дзяржавы, то трэба адзначыць, што пагрозу нясуць не інвэстыцыі, а крэдыты. Пагроза крэдытнай пасткі існуе. Тады краіна, каб аддаць стары крэдыт, бярэ новы. Але гэта не азначае, што трэба агулам рубіць усю ідэю. Калі нашыя заводы знойдуць стратэгічных партнэраў на Захадзе, каму будзе кепска? Я мяркую, што рана ці позна краіна да гэтага прыйдзе, жыцьцё прымусіць”.

(Скуратовіч: ) “Ёсьць такое вызначэньне — футурашок. Гэта страх перад будучыняй. Як вядома, беларусы людзі памяркоўныя, яны не сьпяшаюцца, прыглядаюцца. Але калі кіраўнік дзяржавы кажа, што ён супраць закабаленьня Беларусі, то тут пайшла гульня ў палітыку.

Калі мы ўжо баімся, што на буйныя прадпрыемствы прыйдзе канкурэнт, прыватызуе і закрые іх, то ёсьць жа малы і сярэдні бізнэс. Калі яму даць свабоду, то ён сам будзе шукаць за мяжой стратэгічных інвэстараў. І з часам гэты сэктар можа зрабіць значны ўнёсак у аднаўленьне ўсёй эканомікі. Менавіта так рабілася ў Кітаі. Там малы і сярэдні бізнэс перакачваў замежныя інвэстыцыі ў буйныя прадпрыемствы, садзейнічаючы іх мадэрнізацыі”.

(Карбалевіч: ) “Лукашэнка выказаў незадавальненьне дзейнасьцю свабодных эканамічных зонаў. Яны былі абвінавачаныя ў тым, што не выконваюць тых задачаў, дзеля вырашэньня якіх былі створаныя. Замест таго, каб прыцягваць замежныя інвэстыцыі й выпускаць прадукцыю на экспарт, свабодныя эканамічныя зоны прадаюць яе ў асноўным на ўнутраным рынку. І тым самым ствараюць канкурэнцыю беларускім вытворцам, якія працуюць па-за межамі свабодных эканамічных зонаў. Як бы вы ацанілі эфэктыўнасьць гэтых зонаў?”

(Зайцаў: ) “Вельмі сымбалічна, што кіраўнік дзяржавы пачаў лаяць свабодныя эканамічныя зоны, знаходзячыся ў Берасьці. Тут знаходзіцца самая першая, самая буйная і самая эфэктыўная зона з усіх, якія ёсьць у Беларусі. На маю думку, ідэя свабодных эканамічных зонаў — ідэя не для Беларусі.

Мой суразмоўца ўжо казаў пра вопыт Кітаю. Гэтая краіна паказала самы пасьпяховы досьвед свабодных эканамічных зонаў. У Кітаі яны называліся “зоны апрацоўкі прадукцыі на экспарт”. Гэтая мадэль была прыстасаваная дзеля таго, каб прыцягнуць грошы хуацяо ў вытворчасьць прыморскіх рэгіёнаў і экспартаваць прадукцыю на Захад, у ЗША, Японію.

У Беларусі сытуацыя іншая. Мы краіна натуральных манаполіяў. Нашыя асноўныя экспартэры — гэта буйныя заводы. І трэба было мадэрнізаваць гэтыя прадпрыемствы, зрабіць больш эфэктыўнымі. І тут свабодныя эканамічныя зоны наўрад ці дапамогуць”.

(Скуратовіч: ) “Я бы сказаў так: калі свабодныя эканамічныя зоны існуюць, значыць, некаму яны выгодныя. Але я хацеў бы зьвярнуць увагу трохі на іншае. У нас існуе вельмі буйная і вельмі прыбытковая свабодная эканамічная зона. Я маю на ўвазе кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, якое вельмі актыўна займаецца гаспадарчай дзейнасьцю, мае вялікія прэфэрэнцыі ў розных галінах прамысловасьці, гандлю. Прычым, яна існуе ў маштабах усёй краіны, не абмяжоўваецца нейкім адным рэгіёнам. Хоць гэтая структура на самай справе канкуруе зь іншымі беларускімі прадпрыемствамі, якія такіх ільготаў ня маюць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, з аднаго боку, без прыцягненьня замежных інвэстыцыяў беларускую эканоміку чакаюць значныя цяжкасьці. Але зь іншага боку, замежныя інвэстыцыі аб’ектыўна разбураюць беларускую сацыяльна-эканамічную мадэль. Да таго ж замежны капітал ня вельмі імкнецца ў Беларусь з тых жа прычынаў. Таму чакаць наплыву замежнага капіталу, чакаць, што замежныя івэстыцыі зробяцца важным чыньнікам разьвіцьця беларускай эканомікі, не даводзіцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG