Удзельнікі: эканамісты Валер Дашкевіч і Леанід Злотнікаў
(Валер Карбалевіч: ) “Пасьля перамоваў на ўзроўні віцэ-прэм’ераў і кіраўнікоў цэнтральных банкаў Беларусі й Расеі ў Менску 7 чэрвеня камэнтары да зьместу дамоўленасьцяў даваў, у асноўным, расейскі бок. Беларускія службовыя асобы ўстрымліваліся ад камэнтароў.
І вось у чацьвер намесьнік кіраўніка Нацбанку Беларусі Павал Калаўр, выступаючы ў Савеце Рэспублікі, распавёў пра зьмест дамоўленасьцяў аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель. Ён заявіў, што паводле дамоўленасьцяў у Менску, Беларусь адмаўляецца ад правядзеньня самастойнай валютнай палітыкі. У раду прадстаўнікоў расейскага банку ўвойдуць два прадстаўнікі Беларусі.
Ці праясьніў сытуацыю камэнтар аднаго з кіраўнікоў Нацбанку Беларусі? Ці сапраўды кантроль над валютнай, крэдытна-грашовай палітыкай Беларусі з 2005 году пераходзіць да Расеі?”
(Валер Дашкевіч: ) “Я прысутнічаў на экспэртным савеце, на якім выступаў спадар Калаўр. Таму магу пацьвердзіць усё сказанае. Спадар Калаўр двойчы падкрэсьліў, што справа ідзе аб пераходзе на расейскі рубель, а не на нейкую адзіную грашовую адзінку саюзу Беларусі й Расеі. А калі мы пераходзім на расейскі рубель, то зразумела, што права эмісіі, права вызначаць валютную палітыку застаецца за банкам Расеі. Бо гэта яе грошы. А мы будзем імі толькі карыстацца на пэўных умовах.
Былі акрэсьленыя ўмовы, аб якіх дамовіўся Нацбанк Беларусі й Цэнтрабанк Расеі. З 1 студзеня 2005 году Беларусь пераходзіць поўнасьцю на расейскі рубель. У пераходны пэрыяд тэрмінам шэсьць месяцаў наяўныя беларускія грошы будуць абарочвацца разам з расейскімі. А потым застанецца толькі расейскі рубель. Расея бярэ на сябе абавязак забясьпечыць Беларусь расейскімі рублямі на аб’ём беларускіх рублёў на руках насельніцтва і ў банках. Плюс яшчэ 30% ад гэтай сумы на выпадак сэзонных хістаньняў.
Гэтыя грошы будуць выдзеленыя Беларусі як тэхнічны безадсоткавы і бестэрміновы крэдыт. Валютную палітыку будзе вызначаць выключна банк Расеі. Залатавалютныя рэзэрвы Беларусі застаюцца ў Нацыянальным банку Беларусі й могуць быць выкарыстаныя для падтрымкі ліквіднасьці беларускай банкаўскай сыстэмы.
Яшчэ адна важная інфармацыя ад спадара Калаўра, якую мало хто заўважыў. Усе тыя пляны, якія тычыліся 2008 году, калі павінен адбыцца пераход на нейкую новую агульную для Беларусі й Расеі грашовую адзінку і стварэньне наднацыянальнага банку, расейскі бок не жадае абмяркоўваць. Гэта азначае, што з гледзішча Масквы пераход на расейскі рубель ёсьць канцом грашовай інтэграцыі”.
(Леанід Злотнікаў: ) “На справе адбываецца пераход крэдытна-грашовай палітыкі Беларусі пад кантроль Расеі. Беларускі Нацбанк страчвае свае функцыі эмітэнта. У гэтай сувязі, хачу заўважыць, што беларуская эканоміка ня вельмі ўстойлівая. І дзеля яе падтрымкі кіраўніцтва Беларусі час ад часу ўключае друкарскі станок. А вось чакаць гэтага ад Расеі не даводзіцца”.
(Дашкевіч: ) “Хацеў бы яшчэ дадаць. Дасягнутая такая дамоўленасьць, што Нацбанк Беларусі ў пераходны пэрыяд будзе мець невялікае права эмісіі. Паколькі беларускі валавы ўнутраны прадукт складае дзесьці каля 4% ад расейскага, то Нацбанк Беларусі будзе мець права павялічваць свае ўнутраныя актывы (інакш кажучы, эмісію) на 4% ад аб’ёму эмісіі Цэнтрабанку Расеі. Гэта пэўная магчымасьць падтрымаць беларускую эканоміку ў пераходны пэрыяд, яе адаптацыю да новых умоваў.
Акрамя таго, дамоўленасьцямі прадугледжана, што Нацбанк Беларусі ў крытычных абставінах, калі ў Беларусі ня будзе хапаць грошай разьлічвацца па выплатам з Расеяй, можа атрымаць крэдытную лінію каля 20 мільярдаў расейскіх рублёў”.
(Карбалевіч: ) “Гэтыя дамоўленасьці паміж урадамі й цэнтральнымі банкамі дзьвюх краінаў сапраўды нечаканыя. Вядома, што беларускае кіраўніцтва вельмі ўпарта адстойвае сваё права захоўваць кантроль над эканомікай. Беларусь ніяк не пагаджаецца аддаваць кантрольны пакет акцыяў прадпрыемства “Белтрансгаз” “Газпраму”. Кіраўніцтва краіны ня хоча прадаваць прадпрыемства нафтахіміі на тых умовах, якія прапануюць расейскія кампаніі. А вось кантроль над валютнай, грашова-крэдытнай палітыкай яно гатовае аддаць Расеі. Дзе лёгіка? Адно з другім трохі ня складваецца. У больш дробных пытаньнях Беларусь упарта супраціўляецца. А ў вельмі важным, галоўным, цэнтральным пытаньні эканамічнай палітыкі кіраўніцтва краіны саступае. Як бы вы маглі растлумачыць такія нелягічныя, супярэчлівыя дзеяньні афіцыйнага Менску?”
(Дашкевіч: ) “Па-першае, хачу адзначыць, што палітычнага рашэньня аб пераходзе на расейскі рубель пакуль што няма. Дамовіліся толькі цэнтральныя банкі і ўрады. Кіраўнікі дзяржаваў пакуль што маўчаць. Магчыма, тут ідзе нейкая складаная палітычная гульня. Па-другое, што тычыцца продажу прадпрыемстваў нафтахіміі, то цяпер урад Беларусі разглядае іншыя ўмовы продажу. Верагодна, іх кошт будзе паніжаны.
Што тычыцца “Белтрансгазу”, то перамовы яшчэ толькі хутка пачнуцца. Думаю, што ціск на беларускі бок у гэтым пытаньні ўзмоцніцца. Гэты працэс яшчэ не закончыўся, і рана рабіць высновы”.
(Злотнікаў: ) “Пераход на расейскі рубель не азначае, што Лукашэнка страчвае нешта вельмі важнае. Самае галоўнае, што страчвае кіраўніцтва краіны — гэта права эмісіі беларускіх рублёў. Але мы бачым, што апошнія гады кіраўніцтва ўсё менш злоўжывае друкарскім станком. Інфляцыя ў краіне зьмяншаецца. Ужо ёсьць рашэньне, што з 1 студзеня наступнага году Нацбанк не праводзіць эмісію для падтрымкі жыльлёвага будаўніцтва. А гэта на працягу апошніх гадоў быў галоўны чыньнік эмісіі. Таму страта кантролю над грашовай палітыкай не такая ўжо і вялікая. А вось страта кантролю над прадпрыемствамі — гэта рэальная страта ўлады. Гэтым усё і тлумачыцца”.
(Карбалевіч: ) “У працяг той думкі, якія выказвалі мае суразмоўцы. Да якіх эканамічных, сацыяльных, а магчыма і палітычных наступстваў можа прывесьці пераход Беларусі на расейскі рубель? Сярод беларускіх і расейскіх эканамістаў існуе меркаваньне, што такі пераход будзе азначаць зьмену той “беларускай мадэлі разьвіцьця”, той сацыяльнай і эканамічнай мадэлі, якая існуе ў Беларусі. Ці згодныя вы з такім меркаваньнем?”
(Дашкевіч: ) “Ня згодны. Я лічу, што ў рамках вось гэтага валютнага саюзу самастойнасьць Беларусі застаецца даволі высокаю. І Беларусь у стане праводзіць тую ж сацыяльна-эканамічную палітыку, як і сёньня.
Але, разам з тым, узьнікае новая сытуацыя. У самой Расеі з 89 рэгіёнаў 75 — датацыйныя. Разьлікі паказваюць, што Беларусь, хутчэй за ўсё, апынуўшыся ў расейскай рублёвай зоне, далучыцца да датацыйных рэгіёнаў. Але ці будзе Масква даваць Беларусі датацыі? Хутчэй за ўсё, ня будуць супрацоўнічаць зь Беларусьсю і міжнародныя фінансавыя арганізацыі.
Цяпер мы маем каля 50% стратных прадпрыемстваў. Пераход на расейскі рубель фактычна азначае рэвальвацыю грашовай адзінкі. Гэта азначае, што ўмовы канкурэнцыі нашай прадукцыі на расейскім рынку значна пагоршацца. І замест 50% стратных прадпрыемстваў іх будзе 70–80%. Магчымымі наступствамі могуць стаць павелічэньне беспрацоўя, затрымкі выплатаў заробкаў і пэнсіяў. Гэтая сытуацыя будзе прымушаць кіраўніцтва краіны задумацца аб эканамічнай палітыцы. У гэтым сэнсе, зьмены магчымыя. Каб атрымаць грошы ў бюджэт, верагодны продаж тых прадпрыемстваў, пра якія мы ўжо казалі.
Таму ў прынцыпе магчыма, нават перайшоўшы на расейскі рубель, праводзіць ранейшую эканамічную палітыку. Але гэта будзе нядоўга. Хутка ўзьнікне дылема: альбо пераходзіць на нармалёвыя рынкавыя адносіны, альбо стварыць умовы для сацыяльнага выбуху. Прычым, апошняе можа азначаць страту ўлады для сёньняшняга кіраўніцтва.
Магчыма, што зь пераходам на расейскі рубель палітычны ціск на афіцыйны Менск з боку Масквы ўзмоцніцца. Крэмль будзе штурхаць Беларусь у кірунку рынкавых рэформаў і дэмакратыі хоць да ўзроўню расейскіх стандартаў. І зноў перад кіраўніцтвам узьнікнуць праблемы”.
(Карбалевіч: ) “Большыя, чым сёньня?”
(Дашкевіч: ) “Так”.
(Злотнікаў: ) “Пераход Беларусі на расейскі рубель можа ніяк не паўплываць на беларускую сацыяльна-эканамічную мадэль. Як бы, напрыклад, паўплывала на беларускую эканоміку, калі б мы перайшлі на юань ці даляр? Ніяк. Таму і пры расейскім рублі існуе магчымасьць захаваць старую эканамічную мадэль.
Я згодны з Дашкевічам, што гэта пагоршыць канкурэнтаздольнасьць беларускага машынабудаваньня і ўвогуле ўсёй прамысловасьці. Але ж нават у выпадку, калі мы захаваем свой беларускі рубель і не пяройдзем на расейскі, наша канкурэнтаздольнасьць усё роўна будзе пагаршацца. Таму што не адбываецца рэформаў”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, калі намеры і пляны кіраўніцтва Беларусі й Расеі рэалізуюцца, то гэта азначае, што Беларусь стаіць напярэдадні значных зьменаў: эканамічных, сацыяльных, палітычных”.