Удзельнікі: эканаміст Валер Дашкевіч і прэзыдэнт Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук
(Валер Карбалевіч: ) “Палітычны сэрыял пад назваю “Аб’яднаньне грашовых сыстэмаў” цягнецца ўжо некалькі гадоў. Здавалася, бясконцыя спрэчкі аб адзіным эмісійным цэнтры будуць працягвацца і далей. Таму паведамленьне аб выніках чарговых перамоваў у Менску было нечаканым.
У суботу ў сталіцу Беларусі прыехалі віцэ-прэм’ер Расеі Аляксей Кудрын і кіраўнік расейскага Цэнтрабанку Сяргей Ігнацьеў. Пасьля заканчэньня перамоваў спадар Кудрын заявіў, што праект рашэньня аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру ўзгоднены поўнасьцю. Старшыня праўленьня Нацбанку Беларусі Пётар Пракаповіч пацьвердзіў, што праект адпавядае дамове аб стварэньні саюзнай дзяржавы. Расейскія СМІ, камэнтуючы суботнія перамовы ў Менску, кажуць аб плянаваным зьнікненьні беларускага “зайчыка” як аб вырашаным пытаньні.
Праблема адзінага эмісійнага цэнтру была амаль адзіным спрэчным пытаньнем у вырашэньні праблемы пераходу Беларусі на расейскі рубель. Цяпер, калі верыць віцэ-прем’еру Расеі, апошняя перашкода зьнікла. Ці можам мы гаварыць аб прарыве ў інтэграцыі? Інакш кажучы, ці можам мы казаць аб рэальнасьці страты фінансавага, эканамічнага сувэрэнітэту Беларусі?”
(Валер Дашкевіч: ) “Я мяркую, што казаць аб страце сувэрэнітэту можна. Пра гэта можна было казаць і раней. Ужо недзе напрыканцы 1990-х гадоў была рэальнай страта значнай часткі сувэрэнітэту. І цяпер працэс прыходзіць да свайго лягічнага завяршэньня. Я маю на ўвазе нашую эканамічную залежнасьць ад Расеі, у якую мы з кожным годам уцягваліся ўсё глыбей і глыбей.
І паведамленьні аб выніках перамоваў у суботу ў Менску сьведчаць, што дасягнутая нейкая вырашальная дамоўленасьць аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель. А гэта азначае страту яшчэ адной часткі сувэрэнітэту. Прычым, найбольш значнай эканамічнай часткі.
СМІ пакуль мала паведамляюць аб сутнасьці дамоваў. Але згодна з заявай віцэ-прэм’ера Расеі Кудрына, усе супярэчнасьці па гэтай праблеме зьнятыя канчаткова. Галоўным спрэчным пытаньнем на перамовах было пытаньне аб тым, дзе будзе знаходзіцца эмісійны банк і хто будзе ажыцьцяўляць эмісію грошай. Расея ніколі не дапускала думкі аб тым, што яна хоць часткова адмовіцца ад свайго эмісійнага права. Таму можна меркаваць, што Беларусь урэшце пагадзілася на тое, каб усе пытаньні эмісіі грошай вырашаліся ў Маскве”.
(Яраслаў Раманчук: ) “Я ня згодны з такім катэгарычным меркаваньнем, што пераход на расейскі рубель азначае страту эканамічнага сувэрэнітэту. Мы жывем у ХХІ стагодзьдзі, калі адбываецца працэс глябалізацыі. Эўропа перайшла на эўра. Шэраг дзяржаваў пераходзяць альбо на рэжым прывязкі сваёй валюты да валюты іншай краіны, альбо ўвогуле пераходзяць на валюту іншай краіны. Таму ў нашым выпадку казаць аб страце эканамічнага і фінансавага сувэрэнітэту — гэта значыць, думаць у сыстэме каардынатаў сярэдзіны ХХ стагодзьдзя.
Зь іншага боку, я стаўлю пад сумненьне, што пытаньне аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель вырашанае. Я ня ўпэўнены, што дамоўленасьці, якія дасягнутыя ў суботу, будуць падпісаныя кіраўнікамі дзяржаваў. Нездарма Лукашэнка ўвязвае гэтае пытаньне з палітычнымі пытаньнямі. Ён думае аб канстытуцыйным акце, рэфэрэндуме, аб сваёй ролі ў саюзнай дзяржаве. Ня першы раз мы чулі такія дэклярацыі, што пагадненьне дасягнутае, а потым высьвятлялася, што супярэчнасьці ня вырашаныя.
Таму я мяркую, што расейскі бок сьпяшаецца з высновамі. 20 ліпеня павінна адбыцца паседжаньне вышэйшага дзяржсавету, сустрэнуцца кіраўнікі дзяржаваў. Там многае вырашыцца. Прычым у зьвязку з згаданымі пытаньнямі будзе паднятая праблема прыватызацыі “Белтрансгазу”, прадпрыемстваў нафтахіміі. Таму да той пары, пакуль ня будуць падпісаныя дакумэнты, рана казаць аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель. Тым больш рана казаць аб страце эканамічнага сувэрэнітэту”.
(Дашкевіч: ) “Я б хацеў заўважыць, што дачыненьні Беларусі й Расеі ні ў якім разе нельга разглядаць у кантэксьце агульнаэўрапейскай інтэграцыі. Увядзеньне эўра ў Эўропе і пераход Беларусі на расейскі рубель — зусім розныя рэчы. Пераход Беларусі на расейскі рубель можна параўнаць з тым, калі б, напрыклад, пяць гадоў таму Францыя перайшла на нямецкую марку”.
(Карбалевіч: ) “Перамовы аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру былі вельмі напружанымі. Ні беларускі, ні расейскі бакі не хацелі саступаць. Тым ня менш, калі заява спадара Кудрына адпавядае рэальнасьці, праект пагадненьня дасягнутыя. Спадар Дашкевіч, вы сказалі, што ўступіў беларускі бок, Беларусь прыняла расейскія ўмовы. Чаму ж так здарылася? І што наўзамен атрымала Беларусь? Які тут разьмен адбыўся? З дапамогай якіх рычагоў уціску Расея прымусіла Беларусь пайсьці на саступкі?”
(Дашкевіч: ) “Расея дала абяцаньні. У інтэрвію Кудрына адзначана, што Расея паклапоціцца аб тым, каб не пагоршыўся дабрабыт беларусаў, беларускіх прадпрыемстваў у пераходны пэрыяд. Зь яго словаў, бакі дамовіліся аб парадку крэдытаваньня Цэнтрабанкам Расеі Нацбанку Беларусі.
Думаю, Расея робіць так, каб абцяжарыць магчымасьці Беларусі вярнуцца да сваіх грошай у будычым, калі ў Беларусі зьменіцца ўлада. Таму зараз Расея акажа Беларусі фінансавую дапамогу, будзе падтрымліваць нашую эканоміку праз танныя цэны на энэрганосьбіты некаторы час. І гэта дае магчымасьць беларускаму кіраўніцтву пратрымацца, падтрымліваць здавальняючы ўзровень дабрабыту насельніцтва, маючы на ўвазе і рэфэрэндум, і прэзыдэнцкія выбары 2006 году”.
(Раманчук: ) “Калі зыходзіць з таго, што пытаньне аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель і адзіным эмісійным цэнтры ў Маскве вырашанае, то можна лічыць, што Беларусь пайшла на саступкі. Але я лічу, што абодва бакі зрабілі нейкія саступкі адзін аднаму. Беларусь атрымае крэдыты, танныя цэны на энэрганосьбіты, згоду на аплату іх часткі бартэрам. Беларусь атрымае ад Расеі кампэнсацыю за падатак на даданую вартасьць, прычым ужо ў гэтым годзе. Гэта ўсё саступкі Расеі.
Расея мае амаль 50 мільярдаў даляраў валютнай рэзэрвы. Таму падтрымка Беларусі нават на суму 500 мільёнаў даляраў — для Расеі ня сума, аб якой трэба доўга разважаць. Але бакі не дамовіліся аб прыватызацыі “Белтрансгазу”, прадпрыемстваў нафтахіміі.
Праз адзіную валюту Масква націсьне на Беларусь у пытаньні аб прыстасаваньні сваёй эканамічнай мадэлі, эканамічнага заканадаўства да расейскіх стандартаў. Але я мяркую, што да канца гэтага году мы яшчэ пачуем не адну гісторыю пра мухі й катлеты. Таму што бакі яшчэ знаходзяцца ў стане цяжкіх перамоваў”.
(Карбалевіч: ) “Вядома, што праблема пераходу Беларусі на расейскі рубель у якасьці плацежнага сродку, ня столькі тэхнічная і нават ня чыста эканамічная. У першую чаргу, гэта пытаньне палітычнае. Гэта пацьвердзіў спадар Лукашэнка. Падчас перамоваў з Кудрыным і Ігнацьевым ён заявіў, што ў беларуска-расейскіх дачыненьнях фінансавыя і эканамічныя пытаньні павінны вырашацца ў комплексе з палітычнымі пытаньнямі. Гэтую тэму закрануў Раманчук. Што гэта азначае? Што дасягненьне згоды аб адзіным эмісійным цэнтры нічога ня значыць і наперадзе напружаны палітычны гандаль? Ці штосьці іншае? Як вы мяркуеце, спадар Дашкевіч?”
(Дашкевіч: ) “У эканоміцы ўвогуле ніякія эканамічныя рашэньні не прымаюцца без узважваньня іх палітычных наступстваў. І для Лукашэнкі асабістыя дамоўленасьці з Пуціным значаць вельмі шмат. У Расеі хутка пачынаюцца думскія і прэзыдэнцкія выбары. Таму палітычны момант тут відавочна прысутнічае. Зразумела, на перамовах кіраўнікоў узгадваецца і праблема прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе. Вядома, што Лукашэнка дамагаецца ад Расеі згоды на зьмены ў Канстытуцыі, якія дазвалялі яму балятавацца трэці, чацьверты раз. Ці пойдзе Расея на гэта? Пад уплывам моцнага імпэрскага духу Крэмль можа даць нейкія абяцаньні ў гэтым сэнсе”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, падаецца, што ў беларуска-расейскай інтэграцыі нешта зрушылася зь мёртвай кропкі. Узгадненьне пытаньня аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру ў зьвязку з інфармацыяй аб паседжаньні вышэйшага дзяржсавету 20 ліпеня і нават магчымым візыце Пуціна ў Менск ставіць шэраг пытаньняў. Адзін зь вельмі верагодных і ў той жа час самых небясьпечных для беларускай незалежнасьці й дэмакратыі варыянтаў інтэграцыі: абмен эканамічнага сувэрэнітэту Беларусі на трэці тэрмін Лукашэнкі”.