Удзельнікі: экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў, дацэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Віталь Сіліцкі
(Валер Карбалевіч: ) “Падчас наведваньня вайсковай часткі ў Берасьці Аляксандар Лукашэнка выступіў з шэрагам заяваў аб замежнай палітыцы Беларусі. Перш за ўсё, зьвернем увагу на той сюжэт яго імправізаванай прэс-канфэрэнцыі, якая тычыцца дачыненьняў з Польшчай. Кіраўнік Беларусі ўжо даўно не выказваўся адносна беларуска-польскіх стасункаў. І знаходзячыся ў Берасьці, на мяжы з заходнім суседам, было б цалкам дарэчы пагаварыць на гэтую тэму. Але Лукашэнка закрануў толькі адзін аспэкт дачыненьняў: пытаньне аб магчымай перадысьлякацыі ў Польшчу зь Нямеччыны амэрыканскіх ваенных базаў. Кіраўнік Беларусі выказаўся вельмі рэзка супраць гэтых плянаў і выступіў з пагрозамі.
Ці сапраўды зьяўленьне на тэрыторыі Польшчы амэрыканскіх ваенных базаў пагражае нацыянальнай бясьпецы Беларусі? Наколькі адэкватная рэакцыя Лукашэнкі на гэтыя пляны?”
(Андрэй Фёдараў: ) “На мой погляд, перадысьлякацыя амэрыканскіх ваенных базаў на тэрыторыю Польшчы не зьяўляецца пагрозай нацыянальнай бясьпецы Беларусі. Па-першае, гэта не супярэчыць ніякім міжнародным дамоўленасьцям. У першую чаргу, гэта не супярэчыць Дамове аб звычайных узброеных сілах у Эўропе.
Беларусь, Польшча, Нямеччына і яшчэ шэраг краінаў уваходзяць у так званую “Цэнтральную зону”, вызначаную гэтай дамовай. Для гэтай зоны існуюць пэўныя ліміты па колькасьці ўзброеных сілаў і ўзбраеньняў. І перадысьлякацыя ў межах адзначанай зоны без павелічэньня колькасьці войскаў не парушае згаданую дамову.
Вядома, набліжэньне амэрыканскіх войскаў да беларускіх межаў можа выклікаць пэўную занепакоенасьць. Але такая рэакцыя можа быць толькі ў тым выпадку, калі разглядаць ЗША ці НАТО як ворага. Дарэчы, Лукашэнка назваў учора Злучаныя Штаты патэнцыйным праціўнікам.
Таму рэакцыя Лукашэнкі адэкватная з гледзішча яго ўяўленьняў аб сьвеце. Але праблема ў тым, наколькі яна адэкватная з пункту гледжаньня інтарэсаў Беларусі”.
(Віталь Сіліцкі: ) “Па-першае, трэба спачатку вызначыць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. І толькі пасьля гэтага можна гаварыць аб тым, што ім пагражае. У трактоўцы Лукашэнкі нацыянальныя інтарэсы Беларусі падаюцца вельмі спэцыфічна. Незразумела, хто наш праціўнік, хто зьбіраецца з намі ваяваць і іншае. Рэакцыя кіраўніка дзяржавы даволі прадказальная, але незьмястоўная.
Рэакцыя Лукашэнкі ў першую чаргу арыентаваная на ўнутраную аудыторыю Беларусі, на вырашэньне ўнутраных палітычных праблемаў самаго Аляксандра Рыгоравіча. Ён паспрабаваў падліць алею ў агонь антызаходніх настрояў, стварыць вобраз ворага й іншае. Заява Лукашэнкі, што цяпер амэрыканцы будуць пад нашым прыцэлам, нашмат больш пагражаюць нацыянальнай бясьпецы Беларусі, чым зьяўленьне амэрыканскіх базаў у Польшчы”.
(Фёдараў: ) “Трэба адзначыць, што пакуль гэтае пытаньне зусім нявырашанае. Польскія афіцыйныя асобы абвяргаюць існаваньне нейкіх плянаў па разьмяшчэньні амэрыканскіх базаў у Польшчы. І міністар абароны, і МЗС Польшчы пакуль што не пацьвердзілі такіх намераў. Таму на сёньняшні дзень мы можам казаць толькі аб гіпатэтычным разьвіцьці падзеяў”.
(Карбалевіч: ) “Хацеў бы адзначыць той аспэкт гэтай праблемы, на якую зьвярнуў увагу спадар Сіліцкі. Калі згаданыя намеры сапраўды рэалізуюцца, то гэта будзе палітычным падарункам для Лукашэнкі. Стварэньне вобразу Беларусі як крэпасьці у аблозе, антыамэрыканізм беларускай зьнешняй палітыкі атрымаюць новы імпульс. Любы чыньнік, які можа ўспрымацца грамадзкай свядомасьцю як зьнешняя пагроза, працуе на ўзмацненьне існага палітычнага рэжыму.
Пяройдзем да іншай тэмы. Апошні час шмат пісалі аб новым крызысе ў беларуска-расейскіх дачыненьнях. Беларускія ўлады сьцьвярджалі, што ў гэтых адносінах усё нармальна, абвінавацілі расейскую газету “Известия” амаль у правакацыі. І вось цяпер сам Лукашэнка прызнаў, што ў стасунках з Расеяй існуе нямала праблемаў. Што ж тады так упарта абвяргалі беларускія афіцыйныя асобы? Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтую сытуацыю?”
(Фёдараў: ) “Здаецца, на самай справе дачыненьні не такія добрыя, як сьцьвярджаюць афіцыйныя СМІ. Гэта ўскосна пацьвердзіў учора і Лукашэнка. Пуцін не згадаў Беларусь у сваім штогадовым пасланьні парлямэнту. Не адбылося сустрэчы двух прэзыдэнтаў, а таксама адмененае паседжаньне Парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі й Расеі. Не адбылася прыватызацыя “Белтрансгазу” з удзелам Расеі. Усё гэта прыклады таго, што ня ўсё так добра ў дацкім каралеўстве. Падчас візыту Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбург ніякай сур’ёзнай размовы не магло адбыцца.
Прычыны гэтага вядомыя. Беларусь не выконвае тых дамоўленасьцяў, абяцаньняў, якія яна дала найперш у галіне эканомікі. І менавіта на гэтай падставе адбываюцца разыходжаньні”.
(Сіліцкі: ) “З заяваў Лукашэнкі ў Берасьці вынікае, што ў беларуска-расейскіх дачыненьнях ёсьць праблемы. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, то тут адбываюцца правалы. Тут і эканамічныя супярэчнасьці, і заявы расейскіх афіцыйных асобаў, што рэфэрэндуму аб канстытуцыйным акце ня будзе. Усё гэта складваецца ў суцэльны малюнак. Так што Лукашэнка проста канстатаваў відавочнае”.
(Карбалевіч: ) “Чаму ж тады такая рэзкая рэакцыя беларускіх афіцыйных асобаў і дзяржаўных СМІ на публікацыі ў расейскіх газэтах?”
(Сіліцкі: ) “Адна рэч — рэальныя адносіны, і зусім іншая — малюнак, які падаюць грамадзтву. Лукашэнка ня вельмі хоча паказваць, што існуюць нейкія праблемы. Ва ўсякім разе, гэтыя праблемы павінны падавацца ў інтэрпрэтацыі афіцыйнага Менску”.
(Фёдараў: ) “Тым больш, што ў Лукашэнкі застаецца надзея на зьмяненьне сытуацыі ў выгадным для яго кірунку”.
(Карбалевіч: ) “Да таго ж расейскія СМІ тлумачаць сытуацыю так, што галоўным вінаватым у пагаршэньні дачыненьняў Беларусі й Расеі зьяўляецца Лукашэнка.
Ня першы раз Лукашэнка выказвае нездавальненьне наладжваньнем партнэрства паміж Расеяй і ЗША. І цяпер кіраўнік Беларусі заявіў, што пацалункі прэзыдэнтаў дзьвюх дзяржаваў — Пуціна і Буша, гэта “дымавая заслона”. Крытыка Лукашэнкам палітыкі ЗША за спробу стварэньня “аднапалярнага сьвету”, за пагрозы Ірану і Паўночнай Карэі — зьява звыклая. Але ў Берасьці прагучала і асьцярожная крытыка Расеі за згодніцтва з амэрыканцамі. Чаму Лукашэнку так не падабаюцца замежнапалітычныя падыходы Расеі?”
(Фёдараў: ) “Напярэдадні візыту прэзыдэнта ЗША Буша ў Эўропу восем сябраў Гельсынскай камісіі Кангрэсу Злучаных Штатаў зьвярнуліся да яго з заклікам абмеркаваць на перамовах з Пуціным “беларускае пытаньне”. Вядома, што ЗША займаюць даволі жорсткую пазыцыю адносна беларускага рэжыму. Таму зразумелыя хваляваньні кіраўніцтва Беларусі. А Расея — гэта адзіная крыніца падтрымкі для афіцыйнага Менску. А разьлічваць на ляяльнасьць Захаду не даводзіцца”.
(Карбалевіч: ) “Але вопыт сьведчыць, што ўсе спробы Захаду аказаць ціск на Беларусь з дапамогаю Расеі не давалі плёну. Расея цьвёрда падтрымлівае Беларусь, абараняе яе ва ўсіх міжнародных арганізацыях. І, здаецца, няма падставаў меркаваць, што ў гэтым сэнсе нешта зьменіцца. Таму, здаецца, хваляваньні афіцыйнага Менску ня маюць падставаў”.
(Фёдараў: ) “Па-першае, як вядома, кропля і камень точыць. Калі гэтак не адбывалася раней, то нельга сказаць, што гэтак не адбудзецца цяпер альбо ў будучым. Па-другое, раней у Расеі было больш супярэчнасьцяў з Захадам. Напрыклад, вялікія спрэчкі вяліся аб пашырэньні НАТО на Ўсход. А цяпер існуе значна менш разыходжаньняў”.
(Сіліцкі: ) “Я часткова згодны зь Фёдаравым. Амэрыканскі вэктар зьнешняй палітыкі Расеі значна ўзмацніўся. Зь дзеяньняў Пуціна вынікае, што ЗША патрэбныя больш Расеі, чым Расея — ЗША. І калі спатрэбіцца, то амэрыканцы могуць выкарыстаць гэтую карту. Таму ў Лукашэнкі ў гэтым сэнсе ёсьць падставы для занепакоенасьці.
У нейкім сэнсе Лукашэнка цяпер мне нагадвае Эрыха Гонэкера часу перабудовы. Калі Гарбачоў сваімі рэформамі нанёс яму удар ў сьпіну. Пакуль незразумела, ці будуць у дадзеным выпадку падзеі разьвівацца па гэтай аналёгіі. Але, сапраўды, Лукашэнку няма куды ісьці, акрамя Расеі. У іншы бок усе масты спаленыя”.
(Карбалевіч: ) “Сапраўды, паляпшэньне дачыненьняў паміж Расеяй і Захадам, Расеяй і ЗША разбурае мадэль замежнай палітыкі, якую доўга ствараў Лукашэнка. Замежная палітыка Беларусі й Расеі ўсё больш разыходзіцца. Зразумела, што гэта непакоіць Лукашэнку. Таму што ўзмацняецца ізаляцыя Беларусі.
Такім чынам, Лукашэнка чарговы раз засьведчыў свой канфрантацыйны стыль у замежнай палітыцы. Таму чакаць зьяўленьня нейкіх спрыяльных пэрспэктываў у дачыненьнях Беларусі зь іншымі краінамі пакуль не даводзіцца”.