Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць у Беларусі дзяржаўны антысэмітызм?


Юры Дракахруст, Прага

26 траўня ў Менску адбыўся акт антысэміцкага вандалізму – быў апаганены мэмарыял ахвяраў генацыду габрэяў часу другой усясьветнай вайны. Трагедыя беларускага габрэйства стала часткаю Галакосту. Падчас другой усясьветнай вайны нацысты забілі 6 мільёнаў габрэяў, паўмільёну зь іх былі жыхарамі Беларусі.

(Юры Дракахруст: ) “Мэмарыял “Яма” стаіць на месцы былога менскага гета, якое было цалкам зьнішчанае ў 1943 годзе. Учора невядомыя вандалы размалявалі помнікі загінулым свастыкамі й антысэміцкімі лёзунгамі, сярод якіх і злавеснае “Галакост-2003”. Пра злачынства гаворыць прэзыдэнт габрэйскіх арганізацыяў і абшчынаў Беларусі Леанід Левін”.

(Леанід Левін: ) “Каб вы ведалі – гэта ня толькі на Яме. Два дні таму ў Бабруйску гэта было, гэта ж было ў мястэчку Цімкавічы. Ну і на Яме. Думаю, што ня толькі для габрэяў гэтае месца сьвятое, але для кожнага, хто жыве ў Менску, у Беларусі: яно абагульняе ўсю трагедыю габрэяў. Тым больш, што сёлета спаўняецца 60 гадоў, як зьнішчылі менскае гета.

На мой погляд, гэта рабілі людзі, якія ўсё добра ведаюць і добра падрыхтаваныя. Трэба ведаць, што такое Галакост, ня кожны гэта ведае. Свастыка на ўвесь помнік вялікая... Гэта, мяркую, ня проста так. Нехта стаіць за гэтым, каму гэта вельмі спадабаецца”.

(Дракахруст: ) “Пра прычыны ўчорашняй і іншых праяваў антысэмітызму і ксэнафобіі гаворыць віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-Цэнтру, рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Дынько”.

(Андрэй Дынько: ) “Нягледзячы на вонкавы спакой жыцьця ў Беларусі, у нашай краіне цяпер вельмі шмат нецярпімасьці, ксэнафобіі. Апошняе дзесяцігодзьдзе мы назіраем толькі рост пачуцьця нянавісьці, разьлітай па людзкіх душах. У Беларусі гэтая цяперашняя прыкрая сытуацыя мае яшчэ прычынай пагардлівае стаўленьне да культуры, да інтэлігенцыі, да тых маральных вартасьцяў, якія інтэлігенцыя абараняе.

Ня першы год афіцыйная прэса, асабліва тэлебачаньне і радыё, зьдзекуюцца з падставовых вартасьцяў, якія характарызавалі беларускае мысьленьне, беларускі дух у мінулыя стагодзьдзі – як абавязковая павага да любога іншага, цярплівае стаўленьне да іншага, ні ў якім разе не зачапаць, ня крыўдзіць слабейшага. А цяпер наадварот – хто слабейшы, па тым топчуцца. Хто акадэмік – таго зьбіваюць у пад’езьдзе.

Хоць на афіцыйным узроўні ў нас цяпер, дзякуй Богу, няма прапаганды антысэмітызму, тым ня менш, на дзяржаўным узроўні ўсімі гэтымі кантактамі, кшталту Садама Хусэйна альбо губэрнатара Краснадарскай вобласьці Кандраценкі, аўтаматычна абуджаецца гэтае брыдкае пачуцьцё антысэмітызму. Калі з такімі людзьмі нашая ўлада сябруе і ручкаецца, то гэта відавочны знак для пэўных колаў, што тыя ідэі, якія яны праводзілі ў жыцьцё, яны слушныя.

Была выдадзеная кніга “По законам подлости», і ніхто за гэта не панёс адказнасьці. Больш за тое, да выданьня гэтага спрычынілася наша Беларуская праваслаўная царква, якую цяпер узводзяць у ранг амаль дзяржаўнае царквы тут у Беларусі. І калі гэтая кніга прадаецца тут свабодна ў Менску, і нікога гэтае не хвалюе, то ясна, што знаходзяцца нейкія разумова непаўнавартыя людзі, якія гэтую кніжку прачытаюць, а пасьля ідуць рэалізоўваць тое, што яны бачылі”.

(Дракахруст: ) “Старшыня габрэйскіх арганізацыяў і абшчынаў Леанід Левін зьвярнуўся ў пракуратуру з просьбаю завесьці па факце апаганьваньня мэмарыялу крымінальную справу”.

(Левін: ) “І я прыехаў туды першы, але ў гэты ж самы час прыехалі сюды з Цэнтральнай міліцыі, прыехала вялікая група – сьледчыя і іншыя, і яны ўзяліся за гэтую справу. З уладамі я не размаўляў на гэтую тэму. Я падаў заяву ў пракуратуру, каб адкрылі крымінальную справу.

Я думаю проста, па-зямному: каму “Яма” на дарозе стаіць? Тым, хто хоча раздуць міжнацыянальны канфлікт. Тым, хто хоча, каб людзі чубіліся, мелі ворага, каб было ў чый бок камень кінуць. Габрэі вельмі падыходзяць для гэтага. “Бей жидов!”, як яны пішуць на помніку”.

(Дракахруст: ) “На думку Андрэя Дынька, распаўсюду ксэнафобіі і антысэмітызму ў Беларусі спрыяе беспакаранасьць”.

(Дынько: ) “І яшчэ адно: нягледзячы на ўсе пампэзныя сьвяткаваньні Дня перамогі, Дня вызваленьня Менску, нацызм як ідэалёгія далёка не памёр у Беларусі. І самае прыкрае – што ні разу, ні разу за ўсе гады (калі не лічыць адзінкавага прыкладу ў Віцебску, дзікага выпадку, калі скінгеды зьбівалі людзей зь іншым колерам скуры), ні разу за апошнія гады ў Беларусі ніхто ня быў пакараны. Зьбілі прафэсара Мальдзіса – ніхто не знайшоў вінаватых. Зьбілі на горкі яблык акадэміка Гарэцкага – ніхто не знайшоў вінаватых. Зьняважылі помнік ахвярам габрэйскага гета – ніхто нават не шукаў.

Нармальная дэмакратычная ўлада ніколі б нават не цярпела такіх прыкрасьцяў. І, дарэчы, тое, што цяпер улада гэта церпіць, гэта вельмі кепска скончыцца для яе. Калі ў нас адбываюцца такія рэчы, то віна кладзецца на ўладу – хоча яна гэтага ці ня хоча. Калі ўлада ўзяла поўную адказнасьць за ўсё, што адбываецца ў краіне, то аўтаматычна і адказнасьць за гэтыя брыдкія акты, вінаватых у якіх не знайшлі, кладзецца на цяперашнюю ўладу”.

(Дракахруст: ) “Акты антысэміцкага вандалізму здараюцца ня толькі ў Беларусі. Але ў іншых (прынамсі, эўрапейскіх) краінах гэта звычайна ня толькі караецца, але і атрымлівае належную палітычную і маральную ацэнку на самым высокім ўзроўні. Пра рэакцыю беларускіх уладаў на ўчорашняе апаганьваньне “Ямы” пакуль нічога невядома. Часам маўчаньне больш красамоўнае за словы”.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG