Удзельнікі: былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў і экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў
(Валер Карбалевіч: ) “Адбыўся чарговы візыт у Беларусь рабочай групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ на чале з Утай Цапф. Гэта быў шараговы візыт. Ягоная мэта – маніторынг палітычных працэсаў у Беларусі. Але ён праходзіў у крыху іншых умовах, чым папярэдні.
У лютым Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ прыняла ў свой склад Нацыянальны сход Беларусі. І гэта адбылося ў значнай ступені пры падтрымцы гэтай рабочай групы на чале з Утай Цапф. Трэба меркаваць, што рабочая група і Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ ўвогуле разьлічвалі, што гэты крок эўрапейскай палітычнай супольнасьці прывядзе да паляпшэньня ў справе дэмакратызацыі й абароны правоў чалавека ў краіне. Але адбылося ўсё наадварот.
Сама Ута Цапф прызнала, што сытуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі за гэты пэрыяд пагоршылася. І яна адчула пэўнае расчараваньне. І АБСЭ, і Парлямэнцкая Асамблея, і яе рабочая група страцілі той рычаг ціску на афіцыйны Менск, які яны маглі б мець, калі б пытаньне аб прызнаньні Нацыянальнага сходу не было вырашанае. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтую сытуацыю?”
(Андрэй Саньнікаў: ) “Трэба прыгадаць, што Ута Цапф яшчэ да венскай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, на якой быў прызнаны Нацыянальны сход, выказвала заклапочанасьць станам дэмакратыі й правоў чалавека. І пасьля прызнаньня Нацыянальнага сходу сытуацыя пагоршылася. Усё гэта сьведчыць пра тое, што ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ не зусім разумеюць, наколькі важная гэтая праблема.
Я лічу, што пытаньне аб правах чалавека – гэта ключавы момант, які ўсе эўрапейскія арганізацыі павінны ставіць на першае месца ў дачыненьнях зь беларускім рэжымам. Эўрапейскія структуры павінны падтрымліваць захады міжнародных і беларускіх праваабарончых арганізацыяў. Пашырэньне кантактаў з Нацыянальным сходам прынясе шкоду справе дэмакратыі ў Беларусі. Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ павінна больш рашуча ставіць пытаньне аб сытуацыі ў Беларусі. Цяпер у эўрапейскіх арганізацыях адбываюцца спробы нейкага прызнаньня беларускага рэжыму”.
(Андрэй Фёдараў: ) “Відавочна, што ніякіх пазытыўных зрухаў у справе дэмакратыі ў Беларусі не адбылося. І цяжка было іх чакаць. На прэсавай канфэрэнцыі Уты Цапф я зьвярнуў увагу на такі момант. Як звычайна, яна казала аб пазытыўных зрухах і аб нэгатыўных зьявах. У пазытыўнай частцы гаворка ішла аб абяцаньнях афіцыйных асобаў перагледзець Выбарчы кодэкс. А нэгатыўныя моманты: ціск на партыі, няўрадавыя арганізацыі ды іншае. І вынікае, што пазытыў – гэта абяцаньні, надзеі й спадзяваньні, а нэгатыў – гэта рэальныя факты і дзеяньні.
Але я ня згодны са спадаром Саньнікавым, што адбываецца спроба легітымізаваць беларускі рэжым. Я не разумею, які сэнс у гэтым для Эўропы. Што атрымае з гэтага Эўропа? На працягу шасьці гадоў Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ не прызнавала Нацыянальны сход. І гэта не прывяло да паляпшэньня палітычнага клімату. І палітыкі зьнікалі, і газэты закрываліся, і іншае. Наўпрост у АБСЭ не існуе моцных рычагоў уплыву на Беларусь. Таму яны хістаюцца і спрабуюць знайсьці гэтыя рычагі. Але пакуль мала што атрымліваецца”.
(Карбалевіч: ) “Факты сьведчаць аб тым, што афіцыйны Менск быў зацікаўлены, каб у дэлегацыі стварылася добрае ўражаньне аб сытуацыі ў Беларусі. Дэлегацыя была прынятая на даволі высокім узроўні. Яе прымалі кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Латыпаў, міністар замежных справаў Мартынаў, кіраўнікі палатаў Нацыянальнага сходу Вайтовіч і Папоў, старшыня Цэнтарвыбаркаму Ярмошына.
Напярэдадні візыту былі прыпыненыя судовыя справы аб закрыцьці адных з самых вядомых грамадзкіх арганізацыяў – гарадзенскай “Ратушы” і гомельскіх “Грамадзянскіх ініцыятываў”.
А зь іншага боку, якраз падчас знаходжаньня дэлегацыі ў Беларусі Міністэрства інфармацыі выдала шэраг папярэджаньняў некалькім незалежным газэтам. Такія вось супярэчлівыя сыгналы атрымала рабочая група Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Што гэта азначае? Хіба адны дзяржаўныя органы ня ведаюць, што робяць другія? Левая рука ня ведае, што робіць правая? Ці гэта сьведчаньне збояў і супярэчнасьцяў у дзеяньнях дзяржаўных інстытутаў, якія ня могуць праводзіць адзіную палітыку ў дачыненьняў з АБСЭ і Парлямэнцкай асамблеяй АБСЭ?”
(Саньнікаў: ) “Я ня бачу тут супярэчнасьцяў. Адбываецца другая спроба наладзіць штучны дыялёг, які ўлада лічыць добрым шанцам дзеля міжнароднай легітымізацыі. Улада кажа эўрапейскім арганізацыям: мы будзем працягваць ранейшую палітыку, а вы будзеце вымушаныя нас прызнаць.
Я ня думаю, што спыненьне судовых справаў над “Ратушай” і “Грамадзянскімі ініцыятывамі” было прымеркаванае да прыезду дэлегацыі. Суды будуць працягвацца, а газэты будуць зачыняць. І пасланьне ўлады на адрас эўрапейскіх структураў такое: вы вымушаныя будзеце прызнаць нас, што б мы ні рабілі, легітымізаваць нас”.
(Фёдараў: ) “Я згодны са спадаром Саньнікавым, што тут супярэчнасьцяў няма. Папярэджаньні газэтам, пра якія вы гаварылі, гэта пакуль яшчэ не закрыцьцё. І чаму б ні даць нейкія абяцаньні эўрапейскім дэпутатам, якія, хутчэй за ўсё, ня будуць выкананыя? Чаму б не зрабіць добрае ўражаньне?”
(Карбалевіч: ) “Адным з галоўных пытаньняў, якое абмяркоўвалася падчас сустрэчы дэлегацыі з афіцыйнымі беларускімі асобамі, былі зьмены ў Выбарчы кодэкс. Прадстаўнікі ўлады заявілі, што яны гатовыя да зьменаў у выбарчае заканадаўства. Гэта было даволі нечакана. Таму што гэта першая заява на гэты конт.
Можна ўспомніць, што ў 2000 годзе, напярэдадні мінулых выбараў у Палату прадстаўнікоў беларускія ўлады пад ціскам Захаду пайшлі на касмэтычныя зьмены ў выбарчае заканадаўства. Ці не здаецца вам, што цяпер гісторыя паўтараецца і ўлада гатовая вярнуцца да гэтага пытаньня? Ці цяпер адбываецца нешта іншае? Які сэнс гэтай новай гульні?”
(Саньнікаў: ) “Гэта паўтор сытуацыі 2000 году. Прапанова рабочай групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ будзе ўтопленая ў сэмінарах, у так званым “дыялёгу”. А ўлада потым перапыніць увесь гэты “дыялёг” і напярэдадні выбараў скажа: давайце працягваць нашыя дыскусіі пасьля выбараў. Я вельмі скептычна стаўлюся да гэтай ідэі. Нельга разьлічваць на тое, што гэты працэс дасьць нейкія вынікі. Трэба разьлічваць толькі на сябе. Трэба больш мацаваць тыя дэмакратычныя сілы, якія існуюць у Беларусі”.
(Фёдараў: ) “Я думаю, што пэўныя зьмены ў Выбарчы кодэкс Беларусі ўсё ж магчымыя. Але гэтыя зьмены будуць касмэтычнымі. І гэта выгадна ўладзе. Фактычна яна нічога ня зьменіць, але гэта будзе добры прапагандысцкі крок для Эўропы. Я ня ўпэўнены, што ў АБСЭ будуць моцна разьбірацца ў сутнасьці гэтых зьменаў. Галоўнае, будзе засьведчаны сам факт, што зьмены адбыліся.
Але хацеў бы зьвярнуць увагу на іншае. Дэмакратычныя выбары ў Палату прадстаўнікоў – гэта неабходная, але недастатковая ўмова дэмакратызацыі ў краіне. Ёсьць іншая праблема, пра якую рабочая група Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ падчас гэтага візыту чамусьці ня згадвала: паўнамоцтвы парлямэнту”.
(Саньнікаў: ) “Хацеў бы ўдакладніць, што я скептычна стаўлюся не да магчымасьці зьменаў увогуле. Але я не спадзяюся, што гэтыя зьмены прыйдуць ад АБСЭ. Трэба арганізаваць ціск на ўладу, каб патрабаваць такіх зьменаў”.
(Карбалевіч: ) “Як вы мяркуеце, ці ёсьць нейкая стратэгія, канцэпцыя вырашэньня “беларускага пытаньня” ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, АБСЭ ў цэлым? Ці такой канцэпцыі няма, а проста адбываецца маніторынг працэсаў у Беларусі, спробы рэагаваць на падзеі – і больш нічога?”
(Саньнікаў: ) “Я лічу, што канцэпцыі зьменаў у Беларусі АБСЭ ня мае”.
(Фёдараў: ) “На мой погляд, няма стратэгіі. У іх ёсьць канчатковая мэта – дэмакратызацыя Беларусі. Але канкрэтнай стратэгіі яны ня маюць і працуюць згодна з сытуацыяй”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, пасьля гэтага візыту ніякіх асаблівых зьменаў у дачыненьнях Беларусі і АБСЭ, а таксама ў палытыцы АБСЭ адносна Беларусі не прадбачыцца. Але цяпер зьявілася галоўнае зьвяно, з дапамогай якога АБСЭ спрабуе выцягнуць увесь ланцуг: выбарчае заканадаўства. Вакол гэтага пытаньня будуць ісьці асноўныя перамовы, палітычны гандаль у найбліжэйшы год”.