Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрспэктывы ўступленьня Беларусі ва ўсясьветную гандлёвую арганізацыю


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: эканамісты Валер Дашкевіч і Леанід Злотнікаў

(Карбалевіч: ) “У жэнэўскай штаб-кватэры Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі праводзіцца сэмінар па праблеме ўступленьня Беларусі ў гэтую арганізацыю. У сэмінары ўдзельнічаюць прадстаўнікі беларускіх міністэрстваў і ведамстваў.

Праблема ўступленьня Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю паўстала адразу пасьля таго, як краіна атрымала незалежнасьць і пачаліся рынкавыя рэформы. Але, здаецца, кіраўніцтва дзяржавы ніколі не ўспрымала гэтае пытаньне як вельмі актуальнае і першачарговае. Яно разглядалася як нейкая далёкая пэрспэктыва. І толькі актыўныя дзеяньні па ўступленьні ў гэтую арганізацыю галоўнага эканамічнага партнэра — Расеі — прымусіла і беларускі ўрад неяк інтэнсіфікаваць працэс перамоваў. Створаная Рабочая група Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі па Беларусі.

Але складваецца ўражаньне, што Беларусь спрабуе ўступіць у гэтую арганізацыю ня столькі з унутраных патрэбаў, колькі “за кампанію” з Расеяй. І стварэньне новай Арганізацыі рэгіянальнай інтэграцыі ў значнай ступені тлумачыцца неабходнасьцю каардынаваць высілкі яе сябраў у справе ўступленьня ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

Дык ці ёсьць неабходнасьць Беларусі ўступаць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю? І ці адчувае такую неабходнасьць кіраўніцтва Беларусі?”

(Дашкевіч: ) “Калі Расея, якая вядзе актыўныя перамовы пра ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, уступіць туды, то яе мытны рэжым, доступ на яе рынак замежных тавараў і экспарт расейскіх тавараў будуць ажыцьцяўляцца паводле зусім іншых правілаў. А як у нас няма мяжы з Расеяй, то тыя тавары, якія прыйдуць на расейкі рынак, хутка апынуцца і ў Беларусі.

Зь іншага боку, беларускі экспарт у Расею, які складае больш паловы ўсяго экспарту Беларусі, будзе весьціся паводле правілаў Усясьветнай гандлёвай арганізацыі.

Таму пад уплывам дзеяньняў Расеі Беларусь таксама была вымушаная актывізаваць свае перамовы з Усясьветнай гандлёвай арганізацыяй. Гэты працэс пачаўся колькі гадоў назад, але йшоў слаба. І Беларусь вельмі адстае ад Расеі ў такіх перамовах.

Рэч у тым, што ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю адбываецца паводле пэўнай і працяглай працэдуры. Пасьля таго, як урад зьвяртаецца ў гэтую арганізацыю, яе сакратарыят стварае рабочыя групы, якія вядуць працяглыя перамовы з краінай-кандыдаткаю. Прычым, у кожную рабочую групу ўваходзяць тыя краіны, якія зацікаўленыя ў гандлёвых стасунках з краінай-кандыдаткаю. У Рабочую групу па Беларусі ўвайшло каля 30 дзяржаў. Для параўнаньня: у Рабочую групу па Расеі ўваходзяць дзесьці каля 70 дзяржаў. Расея правяла ўжо блізу 20 перамоваў, а Беларусь — толькі чатыры.

Праблема ўскладняецца тым, што ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю стала прадметам перамоваў паміж краінамі, якія нядаўна ўтварылі Арганізацыю рэгіянальнай інтэграцыі: Беларусьсю, Расеяй, Казахстанам і Ўкраінаю. Прычым пазыцыі гэтых краінаў не супадаюць ані ў тэрмінах, ані ў сродках вядзеньня перамоваў. Ёсьць адчуваньне, што Беларусь можа не дасягнуць посьпеху ў гэтых перамовах і апынуцца па-за бортам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі”.

(Злотнікаў: ) “Заява на ўступленьне Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю было пададзена яшчэ ў 1995 годзе. І з таго часу гэты працэс ідзе па інэрцыі. Беларусь ня можа адмовіцца ад гэтых перамоваў, таму што гэта супярэчыць усясьветнай тэндэнцыі. Але й расьцягваньне гэтых пермоваў азначае, што краіна спрабуе зьесьці тое, што ня можа праглынуць. Таму для Беларусі перамовы ператварыліся ў нейкую гульню, бо беларуская эканамічная мадэль несумяшчальная з уступленьнем ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю”.

(Карбалевіч: ) “Калі казаць пра пэрспэктывы ўступленьня Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, то, здаецца, яны моцна залежаць ад таго, як хутка гэта зробіць Расея. Ці згодныя вы з гэтым? І якія праблемы паўстануць у зьвязку з гэтым для беларускай эканомікі? Ці лёгка будзе ёй адаптавацца да патрабаваньняў гэтай арганізацыі?”

(Дашкевіч: ) “Я згодны з тым, што пэрспэктыва ўступленьня Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю шмат у чым залежыць ад Расеі.

Галоўная праблема для Беларусі ў тым, што краіна, якая ўступае ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, мусіць мець рынкаваю эканомікаю. Мы павінныя будзем прыняць правілы, якія дзейнічаюць ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Мы павінныя дамовіцца ў тарыфах на экспартную прадукцыю і адкрыць свой нутраны рынак для замежных тавараў. А нашыя тавары цяпер пераважна неканкурэнтаздольныя. І дамовіцца нам будзе вельмі цяжка, бо на наш рынак прыйдуць тавары сельскай гаспадаркі, лёгкай прамысловасьці… А гэта вельмі небясьпечна для нашай эканомікі.

Зь іншага боку, мы вельмі зацікаўленыя, каб нашыя партнэры адкрылі свае рынкі для нашых калійных угнаеньняў, мэталюргічнай прадукцыі. У чымсьці мы выйграем. Будуць нэўтралізаваныя тыя антыдэмпінгавыя абмежаваньні, якія ўжываюцца цяпер супраць нашай прадукцыі.

У цэлым мы цяпер не гатовыя да свабоднай канкурэнцыі зь іншымі краінамі. Дзеля таго, каб вытрымаць канкурэнцыю, патрэбна правесьці ўвесь комплекс рынкавых рэформаў”.

(Злотнікаў: ) “Беларусь аніяк ня можа ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю з-за шмат якіх прычынаў. У ЗША дзейнічае папраўка Джэксана-Вэніка, згодна зь якою Злучаныя Штаты мусяць блякаваць ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю краіны зь нерынкавай эканомікай.

Акрамя таго, трэба вельмі шмат зьмяніць у эканамічным заканадаўстве Беларусі. Нашай краіне патрэбна перагледзяць каля 2 тысячаў заканадаўчых актаў. Цікава, што паралельна з перамовамі пра ўступленьне Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю ў дзяржаве прымаюцца дэкрэты прэзыдэнта, якія супярэчаць правілам гэтай арганізацыі. Напрыклад, адзін з апошніх такіх актаў — дэкрэт прэзыдэнта пра гандаль рыбай, згодна зь якім уводзяцца квоты ды іншае. І пакуль што нічога ня робіцца для збліжэньня беларускага заканадаўства з правіламі Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі.

Таму вельмі рэальная сытуацыя, калі Расея ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, а Беларусь — не. І што тады адбудзецца? Расейскія імпартныя тарыфы будуць значна паніжаныя. І беларускія тавары стануць неканкурэнтаздольныя на расейскім рынку, куды прыйдуць замежныя тавары. І перад Беларусьсю паўстане дылема: ці “пакласьці” ўвогуле сваю прамысловасьць, ці ўвясьці мытную мяжу з Расеяй”.

(Карбалевіч: ) “Давайце ўявім, што перамовы пра ўступленьне Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю скончыліся пасьпяхова і краіна стала паўнавартасным яе сябрам. Да якіх эканамічных, сацыяльных, а магчыма і палітычных наступстваў гэта можа прывесьці?”

(Дашкевіч: ) “Тут трэба сядаць і лічыць. Таму што адныя прадпрыемствы і галіны выйграюць, а іншыя прайграюць. І паўстае пытаньне: больш выйграўшых ці прайграўшых? Прыклад зь беларускім тэкстылем — тыя квоты на продаж, антыдэмпінгавя сакцыі, якія выкарыстоўваюцца цяпер супраць нас, у выпадку ўступленьня Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю выкарыстоўвацца ня будуць.

Але зь іншага боку, мы вымушаныя будзем даказаваць, што нашая цана на гэты тавар — рынкавая. Гэта па-першае. Па-другое, наш унутраны рынак таксама будзе раскрыты для замежных вытворцаў. Ці зможам мы зь імі канкураваць?

На мой погляд, выйграе вельмі невялікая колькасьць беларускіх прадпрыемстваў, а большасьць прайграе. У такім выпадку тыя захады, якія робіць наш урад, каб штучна падтрымаць свае прадпрыемствы, не дапамогуць”.

(Карбалевіч: ) “Ці азначае гэта, што пры ўступленьні Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю дзейная тут сацыяльная мадэль будзе зьліквідаваная?”

(Дашкевіч: ) “Я ня думаю, што беларуская мадэль будзе зьліквідаваная. Хутчэй за ўсё яна будзе прыстасоўвацца да гэтай сытуацыі. Але так ці йнакш, урад мусіць зразумець, што дзейная мадэль нежыцьцяздольная ва ўмовах інтэграцыі ва ўсясьветную эканоміку”.

(Злотнікаў: ) “У выпадку ўступленьня Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю жыцьцёвы ўзровень насельніцтва ўзрасьце, найперш, ад паніжэньня пратэкцыянісцкіх бар’ераў.

Зь іншага боку, у краінах, якія адкрываюць сваю эканоміку, павялічваецца беспрацоўе. Але, калі браць больш працяглы тэрмін, то праз пэўны час беспрацоўе зьмяншаецца, а жыцьёвы ўзровень падвышаецца”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, пытаньне пра ўступленьне Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю — гэта праблема адначасова эканамічная, сацыяльная, замежнапалітычная. Яна закранае і дачыненьні з Расеяй, і пытаньне інтэграцыі краіны ва ўсясьветную эканоміку, і ўсясьветную супольнасьць. Калі казаць больш шырака, то гэта — праблема інтэграцыі Беларусі ў працэс глябалізацыі. І яе станоўчае вырашэньне несумяшчальна з курсам на міжнародную ізаляцыю, эканамічную аўтаркію, адмовы ад рынкавых рэформаў. Сытуацыя і з гэтага боку падштурхоўвае Беларусь да прынцыповага цывілізацыйнага выбару”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG