Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму дзяржава плянуе адмяніць сацыяльныя льготы?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і эканамічны аглядальнік Міхась Залескі

(Карбалевіч: ) “У Беларусі пачынаецца яшчэ адна рэформа ці, дакладней сказаць, перамена ў сацыяльнай сфэры. Чакаецца масавае скасаваньне льготаў. У сераду была нарада ў Лукашэнкі ў гэтым пытаньні. Урад падрыхтаваў адпаведны законапраект, які хутка паступіць ў Палату прадстаўнікоў. Згодна плянаў улады, ільготы будуць замененыя адраснай сацыяльнай дапамогаю.

Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што прыкладна каля сямі мільёнаў чалавек зь дзесяці мільёнаў усяго насельніцтва Беларусі маюць ільготы. Выканаўчая ўлада заяўляе, што гэтая сытуацыя ненармальная. Ці згодныя вы з такою высноваю?”

(Злотнікаў: ) “Справа зусім ня ў тым, што сем мільёнаў чалавек маюць ільготы, а ў тым, ці можа вытрымаць беларуская эканоміка такі вялікі аб’ём ільготаў. Праблема ня ў тым, што амаль захавалася савецкая сыстэма сацыяльнай абароны. Было б нядрэнна, каб яна захавалася. У заходніх краінах існуе таксама шмат ільготаў. Напрыклад, жанчына зь дзіцём можа жыць за кошт дзяржавы, пакуль дзіцё ня стане дарослым. Таму справа ня ў тым, што захавалася савецкая сыстэма льготаў, а праблема ў тым, што захавалася савецкая эканоміка. То бок, у Беларусі захавалася неэфэктыўная эканоміка, якая ня можа падтрымліваць нават той невялікі ўзровень жыцьця, які існуе ў Беларусі.

Існуе правіла, што ў дзяржаўны бюджэт нельга сабіраць рэсурсаў больш, чым 25-27% ад усяго валавога ўнутранага прадукту. А ў Беларусі гэты паказьнік складае 37%. Гэта азначае, што ў эканоміцы не застаецца сродкаў для інвэстыцыяў, мадэрнізацыі ды іншае.

Таму я згодны са спадаром Лукашэнкам, што калі такі аб’ём ільготаў захаваецца, то эканоміка разваліцца. Трэба пагадзіцца з тым, што сацыяльны цяжар на эканоміку занадта вялікі. Таму яго трэба зьніжаць. У Расеі, напрыклад, гэты цяжар на 7% ніжэйшы, чым у нас. І нашыя прадпрыемствы знаходзяцца ў горшых умовах, чым расейскія, падатковы цяжар у нас большы”.

(Залескі: ) “Я хацеў бы зьвярнуць увагу на іншы аспэкт пытаньня: хто атрымлівае гэтыя льготы. Калі разьбіць насельніцтва на 10 роўных групаў па атрымваных прыбытках, то статыстыка сьведчыць, што багацейшая група атрымлівае большы аб’ём сацыяльнай дапамогі праз ільготы, чым бяднейшая. Таму дзяржава, перш чым пазбавіцца ад сваіх сацыяльных абавязкаў, мусіць спачатка пераразьмеркаваць гэтыя льготы, накіраваць іх на тую частку насельніцтва, якая мае ў іх большую патрэбу. І толькі пасьля гэтага ўжо можна скарачаць”.

(Карбалевіч: ) “Гэтая велізарная колькасьць ільготаў — спадчына савецкага часу. Але з моманту распаду савецкай сыстэмы прайшло больш чым 11 гадоў. То бок было шмат часу, каб зразумець, што гэтая сытуацыя ненармальная. Тым ня менш, улада ня толькі амаль нічога не зрабіла, каб зьмяніць звыклы стан рэчаў, але наадварот, лічыла кансэрвацыю старой сацыяльнай сыстэмы адной з галоўных адметных рысаў гэтак званай “беларускай мадэлі разьвіцьця”. Кіраўніцтва краіны вельмі ганарылася, што Беларусь амаль адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе з савецкага часу захавалася сацыяльная абарона насельніцтва.

І вось цяпер улада робіць пакушэньне на сваю сьвятарную карову. На вачах разбураецца мадэль сацыяльна арыентаванай эканамічнай мадэлі. Гэта азначае, што павінна было адбыцца нешта вельмі важнае, калі кіраўніцтва краіны рашылася на такі, як казаў Лукашэнка, непапулярны крок. Што ж здарылася?”

(Злотнікаў: ) “Чаму менавіта цяпер скідваюць лішні цяжар зь дзяржаўнага дырыжабля? Таму што беларуская эканоміка — банкрут. Прычым банкруты не асобныя прадпрыемствы, а банкрут — уся эканоміка. Усе буйныя прадпрыемствы з колькасьцю працоўных звыш 1 тысячы чалавек — неплацёжаздольныя. Калі браць рэальны стан, то 2/3 прадпрыемстваў трэба банкрутаваць. У дзяржавы сапраўды ўжо няма грошай для ўтрыманьня такой сыстэмы ільготаў, бо рэальная эканоміка разбураецца на вачах”.

(Залескі: ) “У пэўным сэнсе сапраўды, дзяржава адмяняе льготы таму, што закончыліся грошы. Але тут ёсьць і палітычны аспэкт. Справа ў тым, што тая частка электарату, на якую была арыентаваная палітыка захаваньня льготаў, скарачаецца з дэмаграфічных прычынаў. Таму зараз уладзе трэба думаць, як набываць сабе новы электарат. Насельніцтва бяднее. Таму магчымы такі варыянт, што пры пераходзе да адраснай падтрымкі, пэўныя катэгорыі насельніцтва атрымаюць больш. І яны могуць стаць новай электаральнай асноваю ўлады”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам адмена льготаў — гэта ўскоснае прызнаньне таго, што эканамічны стан краіны пагаршаецца. Сёньняшняя сытуацыя ў Беларусі не ўнікальная. Ва ўсім сьвеце існуе правіла, што рэформы пачынаюцца тады, калі заканчваюцца грошы або, калі казаць у больш шырокім сэнсе, рэсурсы для працягу ранейшай палітыкі.

Але беларускія рэформы, калі іх можна так назваць, закранаюць толькі сацыяльную сфэру. Пачынаючы зь мінулага году, дзяржава пасьлядоўна, крок за крокам скідвае зь сябе цяжар сацыяльнае сфэры, называючы гэта рэформамі. Але чамусьці ўлада адначасова не праводзіць рэформаў у эканамічнай сфэры, што трэба было б рабіць. У чым тут прычына такой палітыкі ўлады? І, на ваш погляд, ці правільней было б пачаць рэформы з эканамічнай сфэры? Ці рэфармаваньне эканамічнай і сацыяльнай сфэры павінны ісьці паралельна?”

(Злотнікаў: ) “Калі б адбываліся ў эканоміцы рынкавыя рэформы, то, магчыма, ільготы скасоўваць і не давялося б. Тады эканоміка працавала б эфэктыўна, і хапіла б грошай на льготы.

Эканамічныя рэформы не праводзяцца таму, што дзейная мадэль — аптымальная для захаваньня ўлады. Такая мадэль дазваляе людзям, якія маюць уладу, мець пэўны прыбытак. Зь іншага боку, яна дазваляе трымаць кантроль над грамадзтвам, дырэктаратам і іншае. Калі ж эканоміка стане свабоднаю, то існуючая палітычнае мадэль зьменіцца. У гэтым галоўная прычына”.

(Карбалевіч: ) “Але такая сытуацыя, калі дзяржава скідвае са сваіх плячэй сацыяльны цяжар, зьяўляецца ня менш небясьпечнай для ўлады, чым эканамічныя рэформы”.

(Злотнікаў: ) “Я так ня думаю. Вазьміце Паўночную Карэю ці Кубу і вы ўбачыце, што нізкі ўзровень жыцьця нічым не пагражае ўладзе. Так і ў Беларусі. Нават зьявіўся новы лёзунг: “Не пытайся, што ўлада зрабіла для цябе. А запытай сябе, што ты зрабіў для ўлады”. Як і ў савецкі час, людзей заклікаюць думаць пра тое, каб дзяржава была моцнаю. Нашая ўлада ўжо не баіцца палітычнай залежнасьці ад беднага насельніцтва. Вэртыкаль забясьпечвае патрэбны вынік на выбарах”.

(Залескі: ) “Я згодны з тым, што эканамічныя рэформы не праводзяцца таму, што дзейная сацыяльная мадэль цалкам задавальняе кіраўніцтва краіны. Яна дазваляе і прыбытак атрымліваць, і ўладу захаваць. А эканамічная неэфэктыўнасьць гэтай мадэлі яго мала хвалюе.

Але сытуацыя, калі сацыяльныя рэформы пачынаюцца раней за эканамічныя, стварае пэўную небясьпеку для ўлады. Праблема ў тым, што людзі, якіх пазбавяць ільготаў, ня маюць магчымасьці іх кампэнсаваць, знайсьці працу. Таму што ў нерэфармаванай эканоміцы ствараецца мала працоўных месцаў. Але гэтая небясьпека адтэрмінаваная.

Зь іншага боку, зьбядненьне, люмпэнізацыя найбольш неабароненай часткі насельніцтва не ўяўляе палітычнай небясьпекі для ўлады. Вулічная злачыннасьць, якая можа ўзрасьці, павелічэньне колькасьці валацугаў, бамжоў лёгка лякалізуюцца з дапамогаю сілавых структураў, якія ў нас моцныя”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, захады ўлады па адмене сацыяльных ільготаў зьяўляюцца вымушанымі. Таму што заканчваюцца рэсурсы. І гэта сьведчыць пра вычарпанасьць той эканамічнай палітыкі, той сацыяльнай мадэлі, якая існуе ў Беларусі.

Скарачэньне сацыяльнай падтрымкі насельніцтва пры адсутнасьці эканамічных рэформаў прывядзе да пагаршэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва. Усё гэта — сьведчаньне заганнасьці эканамічнай палітыкі дзяржавы, як бы ўлада ні спрабавала гэта хаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG