Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць альтэрнатыва Лукашэнку ў грамадзкай сьвядомасьці?


Юры Дракахруст, Прага

(Юры Дракахруст: ) “Апошнім часам зьявіўся шэраг публікацыяў, аўтары якіх выказваюць меркаваньне, што цяперашняя беларуская ўлада выбрала “мотарэсурс”, страціла драйву. Але падаецца, што гэты дыягназ не зусім пацьвярджаецца рэчаіснасьцю.

Гэтай вясною прайшоў шэраг маніфэстацыяў, у кожнай зь якіх узяла ўдзел ня больш як 3 тысячы чалавек. На сёлетніх мясцовых выбарах улада атрымала абсалютную перамогу. Зразумела, гэтыя выбары не былі свабоднымі, але калі б народ сапраўды моцна прагнуў пераменаў, то гэта б адлюстравалася ў выніках галасаваньня больш істотна.

Спадар Дубавец, у адным з апошніх нумароў “Нашай Нівы” Вы надрукавалі нататку пад назваю “Беларусь перарасла Лукашэнку”. Чаму Вы так лічыце?”

(Сяргей Дубавец: ) “Па-першае , я не лічу, што ўлада вычарпала свой “мотарэсурс”. Наадварот, я лічу, што ўлада ў асобе прэзыдэнта яго ніколі ня вычарпае. Але тая краіна, якую ён і ягоны электарат хацелі бачыць – тая Беларусь ужо існуе, наколькі гэта магчыма. Савецкія парадкі ў эканоміцы, у культуры, ва усім. Курс назад дасягнуў апошняй кропкі. Зараз мы можам ці стаяць на месцы і змагацца з усялякімі “прошукамі” жывога жыцьця альбо... Іншага сёньняшні кіраўнік краіны прапанаваць ня можа, дакладней, ягоная ідэалёгія і той кшталт краіны, які ён задумляў – гэта ўжо створана”.

(Дракахруст: ) “Спадар Суздальцаў, на сайце “Наше мнение” Вы выказалі меркаваньне, што Лукашэнка ўжо ўстыў беларусам. У сваім артыкуле Вы адзначаеце, што пра яго ўжо не гавораць у грамадзкім транспарце і гэта – вельмі пагрозьлівы для яго знак. Але можа быць гэта – прыкмета прывыканьня, калі ўлада ўжо ўспрымаецца як нешта кшталту надвор’я. Надвор’е цяжка любіць, але і змагацца за яго зьмену неяк дзіўна. Паводле якіх чыньнікаў Вы робіце выснову, што ўлада свой “мотарэсурс” вычарпала?”

(Андрэй Суздальцаў: ) “Вычарпала. Ёсьць некалькі дакладных паказчыкаў. Упершыню рэйтынг, які быў агучаны Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, супаў з вынікамі нашага назіраньня за так бы мовіць “крытычнымі кропкамі” грамадзтва, за колам асобаў , якія вызначаюць грамадзкую думку.

Апошнія тры месяцы назіраецца цікавая карціна. Любыя інфармацыйныя нагоды, якія дае наш прэзыдэнт, не выклікаюць аніякай рэакцыі нават у тых колах, якіх гэта тычыцца непасрэдна. Ён перастаў быць навіною. Для палітычнага лідэра краіны, адзінага палітыка ў краіне, як ён сам сабе называе, гэта крах. Фігуральна кажучы, ён можа нават абвесьціць вайну – гэтаму ніхто не паверыць, толькі пасьмяюцца. Гэта для яго самае жахлівае – што людзі ўжо проста сьмяюцца.

Раней у грамадзкім транспарце часьцяком ўспыхвалі гарачыя дыскусіі наконт Аляксандра Лукашэнкі, часам нават да боек даходзіла. Я на мінулым тыдні ехаў у электрычцы, адзін з пасажыраў нечым абураўся, і нарэшце сказаў : “Трэба напісаць пра гэта Лукашэнку”. І народ пачаў рагатаць – ад пэнсіянэра да школьніка. І гэта для ўлады вельмі небясьпечная прыкмета, бо ўлада існуе толькі пакуль мы ў яе верым. Як толькі веры ў яе, як ва ўладу, няма, яна спыняе сваё існаваньне”.

(Дракахруст: ) “Спадар Дубавец, Вы сказалі , што беларуская ўлада і грамадзтва апынуліся на раздарожжы. Частка грамадзтва, лідэрам якой зьяўляўся кіраўнік дзяржавы, хацела вярнуцца ў СССР. І ў той ступені, у якой гэта магчыма ў ХХІ стагодзьдзі, гэта адбылося. Зараз паводле Вас выбар – ці вяртацца ў ХХІ стагодзьдзе, ці стаяць на месцы. Але ёсьць шмат прыкладаў: Куба, Паўночная Карэя, Ірак Садама Хусэйна. Калі б ня вельмі моцнае вонкавае ўзьдзеяньне, Ірак, магчыма, яшчэ б дзесяцігодзьдзі стаяў на месцы. Чаму Вы лічыце, што Беларусь стаяць на месцы ўжо ня можа?”

(Дубавец: ) “Я не казаў, што яна ня можа стаяць на месцы, я якраз перакананы, што яна яшчэ будзе нейкі час стаяць. Я толькі зьвярнуў увагу на тое, што сам гэты стан рэсаветызацыі і стаяньня на месцы абсалютна непрадукцыйны для краіны. Ну а высновы з гэтага кожны будзе рабіць сам.

Калі Лукашэнка прыходзіў да ўлады якраз на хвалі настальгіі па савецкай мінуўшчыне, асноўныя тэзы яго былі пра вяртаньне СССР, захаваньне калгасаў і каманднай сыстэмы. На гэтых лёзунгах ён і стаў прэзыдэнтам. І нейкі час гэта ўсё працавала. Але ўжо некалькі гадоў, як гэты курс вычарпаўся. Сам кіраўнік Беларусі гаворыць, што краіне патрэбная ідэалёгія. Але ён дадае, што ня ведае, якая гэта будзе ідэалёгія. Гэта значыць, што замест ідэалёгіі ў краіне дзейнічае мэнталітэт Аляксандра Рыгоравіча. І на гэтым мэнталітэце, на гэтай харызьме, на ягоных уяўленьнях пра ўсё на сьвеце, краіна можа безумоўна існаваць дастаткова доўгі час, як Куба існуе на харызьме Кастра і як Ірак існаваў на харызьме Хусэйна”.

(Дракахруст: ) “Спадар Суздальцаў, Вы ў сваім адказе прыгадалі зьвесткі апытаньняў НІСЭПД, паводле якіх рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі, хаця і з ваганьнямі, але няўхільна зьніжаецца. Калі падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў ён быў дзесьці каля 50%, то зараз, паводле красавіцкага апытаньня ён зьнізіўся амаль удвая. Гэта бадай самы нізкі паказчык за ўвесь час кіраваньня Лукашэнкі. Аднак што цікава – гэтае зьніжэньне ягонай папулярнасьці не “пералілося”, не трансфармавалася ў падвышэньне папулярнасьці нейкіх іншых асобаў. Вось перада мною адказы на пытаньне ў красавіцкім дасьледаваньні НІСЭПД: “Калі б сёньня былі прэзыдэнцкія выбары, за каго б Вы прагаласавалі?”

Лукашэнка 26.3%
Ганчарык 2.6%
Шушкевіч 2.6%
Лябедька 2.3%
Гайдукевіч 2.3%.

Нават пры такім драматычны падзеньні рэйтынгу кіраўніка дзяржавы сытуацыя засталася такой жа, як і ўсе 9 гадоў ягонага кіраваньня – узровень папулярнасьці Лукашэнкі несувымяральна вышэйшы, чым у ягоных патэнцыйных канкурэнтаў. Ці пацьвяржаюць гэтыя зьвесткі Вашую гіпотэзу, што ўлада згубіла драйву?”

(Суздальцаў: ) “Я цалкам згодны са спадаром Дубаўцом. Ня толькі савецкая хваля адыходзіць, але і значная частка беларускага электарату, якая паводле маіх падлікаў дасягае 70%, знаходзілася ў стане пераарыентацыі. Яна кіраваліся прынцыпам “Чума на абодва вашыя дамы”. Нешматлюднасьць мітынгаў, нізкія рэйтынгі партыяў гавораць пра тое, што гэтая частка электарату не пайшла да традыцыйнай апазыцыі. Але гэтая частка ўжо адмовіла і ў даверы Аляксандру Рыгоравічу. Гэтыя людзі ўжо жывуць у рынкавых умовах і пачынаюць шукаць трэці шлях.

Сытуацыя зьмяняецца даволі адчувальна. Улада празявала электарат, які заўсёды лічыла сваім: гэта частка прадпрымальнікаў, кваліфікаваныя рабочыя, людзі звычайна дзьвюхмоўныя. Усе гэтыя стаўкі на адзіную моладзевую арганізацыю, на прафсаюзы – усё гэта спробы вярнуць уплыў на гэтую частку беларускага грамадзтва. Але яны спазьняюцца – і, здаецца, назаўсёды. Я згодны са спадаром Дубаўцом, што ўлада, займаючы такую пазыцыю, не вырашае праблемы, яна спрабуе іх пераседзець. Рызыка захаваньня цяперашняга рэжыму больш высокая, чым рызыка руху наперад. Гэта – карэнная памылка ўлады, якая адыграе сваю ролю ў наступныя месяцы”.

(Дракахруст: ) “Спадар Дубавец, я прашу Вас патлумачыць гэты фэномэн, што нават пры істотным падзеньні папулярнасьці Лукашэнкі паводле рэйтынгу застаецца “вышэйшая ліга”, якая складаецца зь яго аднаго, і нават ня “першая ліга”, а “дваровая каманда”.

(Дубавец: ) “Я мяркую , што гэта фэномэн абсалютызму, калі ў краіне існуе толькі адзіны палітык. Гэта ўзурпацыя ўсёй улады адным чалавекам. Калі ў краіне ўзьнікае такі аўтарытарны кіраўнік, зразумела, што перш за ўсё ён зьнішчае поле публічнай палітыкі. Напрыклад, у Літве можна налічыць два дзясяткі імёнаў людзей, якія рэальна сёньня могуць стаць прэзыдэнтамі Літвы. А ў нашай сытуацыі людзі кажуць: “А хто, калі ня ён?”

Любыя спробы стварэньня, аднаўленьня публічнай палітыкі, што мы бачылі ў дзейнасьці той жа групы “Рэспубліка” ў нацыянальным сходзе, выклікаюць вельмі нэрвовую рэакцыю ўзурпатара. Гэта нармальнае спаборніцтва, нармальнае для Беларусі, бо іншага нельга сабе ўявіць. Прыведзены мной прыклад пікіровак паміж дэпутатамі групы “Рэспубліка” і Лукашэнкам – магчыма, першы прыклад такога змаганьня. Поле публічнай палітыкі – гэта тое поле, на якім растуць імёны, тыя, якія будуць “калі ня ён”.

Людзі мусяць прыходзіць, скажам, на рэфэрэндум аб трэцім тэрміне Лукашэнкі й казаць: “А Краўчанка лепей”, а ня думаць: “Раз адзін – дык адзін”.

(Дракахруст: ) “Спадар Суздальцаў, ці згодныя Вы з тым, што ў сьвядомасьці людзей лідэра, асабліва аўтарытарнага, можа выцясьніць толькі іншы лідэр? Якія Вы бачыце мэханізмы зламаць міт “Хто, калі ня ён?”

(Суздальцаў: ) “Натуральна, гэта традыцыйная схема: аўтарытарнага лідэра можа замяніць толькі альтэрнатыўны лідэр. Але мы не дачакаемся ніякага альтэрнатыўнага лідэра, пакуль ня ўзьнікне адпаведная сытуацыя – эканамічная і сацыяльная. Пакуль сытуацыя не складзецца, мы такіх лідэраў ня ўбачым і шукаць іх – дарэмны занятак. Але калі яна ўзьнікне, мы, магчыма, зьдзівімся, калі ўбачым гэтых людзей. Я часткова згодны са спадаром Дубаўцом, што лідэры зьяўляюцца, гадуюцца ў сфэры публічнай палітыкі. Але з гісторыі мы ведаем, што часам лідэрамі робяцца людзі зусім ня з гэтай сфэры.

Пытаньне “Хто, калі ня ён” памылковае. У 2001 годзе падчас апошняй прэзыдэнцкай кампаніі пытаньне так і было пастаўленае, і рэальная альтэрнатыўная кандыдатура не была знойдзеная.

Унутраных рэсурсаў, каб падняць рэйтынг Лукашэнкі, проста няма. Ён можа яго рэзка ўзьняць паводле вонкавых прычынаў. Можна стаць эўрапейскім Фідэлем на пэўны час. Малы рэйтынг не азначае, што зьявілася нейкая альтэрнатыва. Стан паўсьпячкі можа працягнуцца даволі доўга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG