Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз рэабілітацыю Сталіна ў Дзень Перамогі — да новага рэфэрэндуму?


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) “Вось ужо ня першы год Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўвае сьвята Перамогі 9 траўня для палітычных заяваў. Аднак што было незвычайным сёлета — тое, што, бадай, упершыню Лукашэнка так адкрыта выступіў у абарону сталінізму. “Перастаньце кляйміць кіраўнікоў краіны тых часоў, пачынаючы ад кіраўніка галоўнага нашага — Сталіна”, — заявіў прэзыдэнт Беларусі. Ён таксама заявіў, што шмат чаго адбываецца, чаго кіраўнік дзяржавы можа ня ведаць, маўляў, шмат чаго ня ведаў Сталін. Чаму зараз Лукашэнку спатрэбілася абяляць Сталіна ў Дзень Перамогі?”

(Кароль: ) “Мяркую, што такія заявы не павінен рабіць ня толькі кіраўнік дзяржавы, але які заўгодна чалавек, які хаця б крыху ведае гісторыю, сапраўдныя абставіны і прычыны. На жаль, сьвята Перамогі палітызавалася даўно. Аднак тут — эпахальны перагляд, бо па сутнасьці апраўдваецца сталінізм. Адраджаецца канцэпцыя, якая даўно перагледжаная і нікім, хто мае гонар і веды, не падзяляецца…

На мой погляд, выступ Лукашэнкі абсалютна палітызаваны, з памылковымі штучнымі гістарычнымі паралелямі, якія недазваляльныя і за якія студэнт ад выкладчыка атрымае “двойку”. І гэтая палітызацыя нават не для мэтаў пэўнай групоўкі, а хутчэй для канкрэтных мэтаў аднаго чалавека ці вельмі вузкага кола людзей, што знаходяцца зараз пры ўладзе ў Беларусі”.

(Цыганкоў: ) “Аляксандар Лукашэнка 9 траўня гаварыў, аднак, ня толькі пра гісторыю, але й пра сучаснасьць. Ён зноў заявіў, што пабудова саюзнай дзяржавы Беларусі з Расеяй — галоўная мэта ягонае палітыкі. Аднак прамовы з нагоды Сьвята Перамогі Аляксандра Лукашэнкі ды Ўладзімера Пуціна кардынальна розьніліся. Уладзімер Падгол, я ведаю, вы аналізавалі гэтыя прамовы — якое пасланьне прэзыдэнты несьлі сваім народам?”

(Падгол: ) “Лукашэнка ў сваім выступе пайшоў у прамую канфрантацыю з Пуціным і Бушам. Для Пуціна галоўная пагроза ў сёньняшнім сьвеце — гэта тэрарызм, а сродак барацьбы зь ім — утварэньне ўсясьветнае кааліцыі цывілізаваных дэмакратычных дзяржаваў. Адпаведна, Пуцін робіць крок на зьбліжэньне з ЗША. Бо падчас вайны ў Іраку ён выступаў супраць гэтай вайны і ўскосна — супраць ЗША, а цяпер заднім чыслом апраўдвае дзеяньні ЗША ў Іраку.

Лукашэнка ж адкрыта ў сваім выступе правёў паралель паміж дзеяньнямі нацысцкай Нямеччыны зь сёньняшнімі дзеяньнямі ЗША па “захопу”, як ён кажа, і “акупацыі” Іраку.

Далей… Пуцін ані слова не казаў пра саюз зь Беларусьсю, ані пра вайсковы саюз СНД. Лукашэнка ж заяўляў, што толькі вайсковы саюз краінаў СНД можа спыніць тую ўсясьветную вайну, якая вось-вось пачнецца”.

(Цыганкоў: ) “Давайце паразважаем, як беларускае насельніцтва можа ўспрымаць гэтыя заявы. Можна прыгадаць рэфэрэндум 14 траўня 1995 году, і тады прапагандысцкая гульня вакол сьвята 9 траўня, узьдзеяньне гэтага дня мела свой уплыў на вынікі галасаваньня, спрычынілася да паразы апазыцыі тады. Якая частка людзей зараз успрымае сьвет такім, якім яго малюе беларусам Аляксандар Лукашэнка?”

(Кароль: ) “Думаю, што сытуацыя зьмянілася. Можна было назіраць рэакцыю залі — яна была вельмі стрыманая, і на тварах не было аніякага адбітку ўхвалы гэтых паралеляў і параўнаньняў.

9 траўня ў бальшыні беларускіх сем’яў успрымаецца як сьвята і падзея, якая забясьпечыла жыцьцё, мірнае існаваньне, абараніла іх радзіму, іхны родны кут. І на гэтым сьвятым спэкуляваць доўга нельга. Тым больш, калі такія прамовы нясуць пагрозу нармальнаму існаваньню Беларусі ў сьвеце”.

(Падгол: ) “Я бачу тут такі кантэкст: гэты выступ — другая частка нарады ў справе ідэалёгіі, што адбылася два месяцы таму. Там стрыжням новай ідэалёгіі Лукашэнка вызначыў узор ірацкага народу, які зьбіраецца бараніць Садама да сваёй сьмерці, і кожны дом стане цьвярдыняй. Гэты стрыжань ляснуўся літаральна за колькі тыдняў. І Лукашэнка праводзіць трансфармацыю. Цяпер ёсьць дакладная дата — 60-годзьдзе Перамогі, і ў ідэалёгіі падрыхтоўка да гадавіны будзе эксплюатавацца, і відаць, пад гэтае 60-годзьдзе і варта чакаць нейкага новага рэфэрэндуму…

Паглядзіце, якія вобразы хацеў зь сябе паказаць Лукашэнка. Ён выступіў выратавальнікам цывілізацыі, абаронцам вэтэранаў, гісторыі, Сталіна, Перамогі, ратаўніком чалавецтва ад новай усясьветнай вайны. Ён сказаў: “я приказал ветеранам — жить”. Ён выступіў і камандармам вэтэранаў, далучыўся да іх ды іхнай Перамогі. Такім чынам, цягам бліжэйшых гадоў мы будзем бачыць спробы прэзыдэнта працаваць у гэтых псыхалягічных вобразах, і нейкім чынам выцягваць з глыбіняў душы беларускага народу, выцягваць нават у моладзі гэтыя пераможныя архетыпы, і спрабаваць на гэтым працягнуць сваю ўладу. Але з кожным днём гэта будзе цяжэй рабіць”.

(Цыганкоў: ) “Нагадаю яшчэ адзін даволі красамоўны факт. Аляксандар Лукашэнка даслаў віншаваньні з нагоды Дня Перамогі кіраўнікам усіх дзяржаваў СНД, але не даслаў падобныя віншаваньні кіраўнікам дзяржаваў антыгітлераўскай кааліцыі — Вялікай Брытаніі, ЗША, Францыі… Лукашэнка таксама сказаў, што ўнёсак саюзьнікаў у перамогу — толькі “сотая доля” таго, што ўнёс савецкі народ”.

(Кароль: ) “Гэта адлучэньне зноў жа штучнае і адмоўна будзе ўспрымацца ў міжнародных стасунках і ня лепшым чынам адаб’ецца на міжнародным становішчы Беларусі. Што да пасылу насельніцтву, то можна сказаць, што няшмат людзей у Беларусі атаясамляюць перамогу з саюзьнікамі, таму такі зварот Лукашэнкі псыхалягічна абгрунтаваны. Але й тут нават у кароткачасовай пэрспэктыве яго чакае параза, бо ёсьць сучасны ўзровень жыцьця гэтых краінаў, іхны ўплыў на сытуацыю ў сьвеце і прыклад гэтага жыцьця.

Кажучы пра тыя архетыпы, якія адзначыў спадар Падгол, я пагаджуся — так, гэта спробы Лукашэнкі абаперціся на такія схемы. Але гэтыя спробы безвыніковыя, бо яны адначасова нараджаюць асацыяцыі з тым, што ёсьць, што было абяцана, і што не збылося. Нават у гэтае сьвята Лукашэнка ня здолеў забясьпечыць вэтэранаў матэрыяльнымі падарункамі, што было традыцыяй з даўніх часоў”.

(Цыганкоў: ) “Ці доўга яшчэ будзе 9 траўня днём для палітычных заяваў і наколькі яны будуць сустракаць водгук у насельніцтва?”

(Падгол: ) “Я думаю, што адраджэньне нэасталінізму ў Беларусі мы будзем бачыць яшчэ год. Як толькі адбудуцца выбары ў Расеі (відаць, Пуціна пераабяруць) — вельмі рэзка зьменіцца стаўленьне і Крамля, і Захаду да Лукашэнкі. Міт, што Лукашэнка — адзіны пераможца ў Вялікай Айчыннай вайне, наўрад ці доўга працягне сваё існаваньне”.

(Кароль: ) “Палітызацыя 9 траўня будзе працягвацца, пакуль існуе гэты рэжым. Спадзяюся, што сп. Падгол у сваім прагнозе даў дакладныя тэрміны ягонага існаваньня.

Але я ўсё ж падкрэсьліў бы небясьпеку. На жаль, меркаваньні Лукашэнкі могуць быць уключаныя ў сыстэму ідэалягічных прапагандысцкіх каштоўнасьцяў, якія будуць імкнуцца навязаць усім. Будзем думаць, што гэты час будзе непрацяглым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG