Удзельнікі: прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і выканаўчы дырэктар Беларускага Гельсынскага камітэту Алег Гулак
(Валер Карбалевіч: ) “У суботу 19 красавіка ў Беларусі праводзіцца суботнік. Беларусь — адзіная краіна постсавецкай прасторы, дзе так пасьлядоўна захоўваюцца і шануюцца савецкія традыцыі. Адна з такіх нядобрых традыцыяў — суботнікі. У савецкі час яны называліся камуністычнымі. Цяпер у Беларусі штогоду ўлады ладзяць суботнікі. Праўда, яны ўжо не называюцца камуністычнымі, але мэханізм іх правядзеньня застаўся той жа. Але цяпер нават не хаваюць, што суботнік праводзяць улады. Прынятае адмысловае рашэньне ўраду. Ініцыятыва працоўных, як у савецкі час, амаль ня ўзгадваецца.
Як вы лічыце, які сэнс гэтага мерапрыемства? Суботнікі выконваюць палітычную, эканамічную ці нейкую іншую функцыю?”
(Аляксандар Ярашук: ) “Нейкі эканамічны сэнс у суботніках ёсьць. Але, калі называць рэчы сваімі імёнамі, то гэта ў асноўным прапагандысцкая і палітычная зьява. 19 красавіка суботнік, а з 1 траўня буйныя прадпрыемствы будуць адпачываць цэлы працоўны тыдзень. Таму што няма працы. Таму шукаць тут лёгіку цяжка. У выходны дзень людзей прымушаюць працаваць (19 красавіка), а ў працоўныя — адпачываць”.
(Алег Гулак: ) “Канечне, пэўны эканамічны сэнс у згаданым мерапрыемстве ёсьць. Таму што адзінь дзень працы нешта каштуе. У шэрагу ўстановаў людзі не працуюць, а пералічваюць дзённы заробак на рахунак суботніка.
Але сёньня я прачытаў у “БДГ”, што Лукашэнка дае асабісты самалёт, каб расейская прыгажуня паляцела дадому. І ўсё гэта за дзяржаўныя грошы. Калі гэтыя грошы ў яго лішнія, то чаму б не пералічыць іх на пабудову бібліятэкі? Тады, можа, і суботнік не патрэбна было б ладзіць.
Але, як і ў савецкі час, гэта ў першую чаргу палітычна-ідэалягічнае мерапрыемства. І яно цалкам адпавядае выступу Лукашэнкі на сэмінары па праблемах ідэалягічнай працы. У сваім выступе ён сказаў, што ў беларускім грамадзтве павінна быць ня толькі праца за грошы, але і бясплатная праца на карысьць грамадзтва”.
(Карбалевіч: ) “Наколькі адпавядае правядзеньне суботніка ў тым фармаце, у якім ён праводзіцца, беларускаму заканадаўству, ня кажучы пра міжнароднае працоўнае заканадаўства? Тут жа ні пра якую добраахвотнасьць гаворкі няма”.
(Ярашук: ) “Найбольш яскравым прыкладам парушэньня законаў з боку дзяржавы зьяўляецца факт, які меў месца некалькі гадоў назад. Сябра нашага прафсаюзу ў Асіповічах проста зьвольнілі з працы за адмову ўдзельнічаць у суботніку. Наш суд яму не дапамог. Тады зьвярнуліся да Міжнароднай арганізацыі працы, якая давяла да ўраду Беларусі, што парушаецца міжнароднае заканадаўства. Усе прызналі парушэньне закону. Тым ня менш, чалавека да сёньняшняга дня не аднавілі на працы”.
(Гулак: ) “У гэтым годзе пастанова Савету Міністраў аб прызначэньні суботніка ў прававым сэнсе сфармуляваная трохі лепш, чым у папярэднія гады. У пастанове ўзгадваецца, што праца на суботніку павінна быць добраахвотнай і адлічэньні грошай таксама павінны быць добраахвотнымі. Але мы ўсе ведаем, як гэта робіцца на практыцы.
Да нас, у Беларускі Гельсынскі камітэт ужо паступалі скаргі ад людзей, якія працуюць у дзяржаўных установах, што іх прымушаюць удзельнічаць у суботніку альбо патрабуюць вылічыць грошы ў фонд суботніка. А гэта супярэчыць нашаму заканадаўству, у прыватнасьці, артыкулу 13 Працоўнага кодэксу, які забараняе прымусовую працу. А прымусовы суботнік якраз і зьяўляецца такой працай. Прымусовая праца забароненая некалькімі канвэнцыямі Міжнароднай арганізацыі працы.
Нашая арганізацыя таксама займалася справай звольненага сябра Свабоднага прафсаюзу з Асіповічаў, пра якую згадваў спадар Ярашук. Я ўжо даволі доўга займаюся праваабарончай працай, і ўсялякае бачыў у судах. Але нават я быў вельмі зьдзіўлены, калі суд пагадзіўся зь дзеяньнямі адміністрацыі прадпрыемства аб звальненьні гэтага чалавека. Усё гэта сьведчыць аб тым, што існуе палітычная ўстаноўка аб усеагульным удзеле ў суботніках, і нават суд ёй падпарадкоўваецца”.
(Карбалевіч: ) “Чаму беларускае насельніцтва маўкліва пагаджаецца з тым прымусам, які чыніць улада пры арганізацыі суботніка? Чаму няма актыўнага і масавага супраціву? Тыя асобныя выпадкі, якія зьвязаныя ў асноўным зь дзейнасьцю свабодных прафсаюзаў, гэта тыя выключэньні, якія пацьвярджаюць правіла. Якая прычына — страху ці звычка?”
(Ярашук: ) “Здавалася б, што дрэннага ў тым, што людзі выйдуць, папрацуюць дзеля такой высакароднай мэты як будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі. Аднак велізарная большасьць людзей не адчувае такой патрэбы.
Чаму няма пратэсту? З той жа прычыны, чаму яго ўвогуле ў краіне не адбываецца. Існуе і звычка працы на суботніках, інэрцыя, якая цягнецца з савецкага часу. Пэрыяд дэмакратыі быў вельмі кароткі, каб людзі маглі ўсё асэнсаваць.
Натуральна, мае месца пачуцьцё страху. Хачу зноў зьвярнуцца да таго асіповіцкага прыкладу. Ведаеце, якая гэта навука, як гэта прагучала для многіх? Паспрабуй толькі ня выйсьці на суботнік! І ніякія міжнародныя канвэнцыі, умяшальніцтва міжнародных структураў не дапамогуць. Гэта была дэманстрацыя, хто тут гаспадар. Таму многія вымушаныя дэманстраваць “патас добраахвотнай працы”. Хаця вядома, што ніякай тут добраахвотнасьці няма”.
(Гулак: ) “У пэўнай меры гэта, вядома, звычка, якая ідзе з савецкага часу. Таму многім суботнікі “ня рэжуць вока”. Але галоўнае, безумоўна, гэта страх. Таму што людзі не абароненыя. У людзей няма рэальных мэханізмаў бараніць свае правы. Маецца на ўвазе і магчымасьць судовай абароны.
Хто мусіў быў найперш падымаць голас і бараніць правы працоўных? Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Аднак ФПБ зьяўляецца цяпер правадніком палітыкі ўлады і, наадварот, прымушае людзей да ўдзелу ў суботніку.
Цяпер уведзеная кантрактная сыстэма. Праз год кантракты перазаключаюцца. І пры гэтым будзе ўлічвацца, ці працаваў чалавек на суботніку, ці ва ўсім пагаджаўся з патрабаваньнямі адміністрацыі. І людзі гэта выдатна разумеюць.
Да таго ж існуе праблема беспрацоўя. Няхай людзі няшмат зарабляюць, але дзе знайсьці лепшае месца? Бізнэсу, прыватнай ініцыятыве ўлада перашкаджае. Людзям цяжка знайсьці працу па-за межамі дзяржаўнага сэктару. Таму яны трымаюцца за свае працоўныя месцы і вымушаныя літаральна станавіцца на калені перад адміністрацыйным прымусам.
Але, нягледзячы на ўсе гэтыя аб’ектыўныя чыньнікі, мы павінны разумець, што калі мы ня будзем супраціўляцца, то ўлада будзе ня толькі ставіць нас на калені, але ўвогуле, скажам так, класьці. Усё ж ёсьць пэўныя магчымасьці супраціву. І ў ФПБ існуюць прафсаюзы, якія супраціўляюцца. Ёсьць і незалежныя прафсаюзы. Ёсьць праваабарончыя арганізацыі. І калі хтосьці хоча абараніць сваё права ня ўдзельнічаць у суботніках, можаце зьвяртацца да нас, мы гатовыя дапамагчы. У выпадку, калі гэта немагчыма будзе зрабіць у нашых судах, будзем зьвяртацца ў міжнародныя структуры”.
(Ярашук: ) “Тут існуе яшчэ адзін момант. Мы ўсе ў свой час ў той ці іншай ступені прайшлі праз суботнікі і ведаем, што часьцяком усё заканчвалася банальнай выпіўкай. Таму для пэўнай часткі грамадзянаў такое мерапрыемства і нядрэннае. Ёсьць магчымасьць уцячы ад жонкі, памахаць крыху венікам, а потым, як кажуць, “адарвацца па поўнай праграме”. І начальства звычайна не выстаўляе прэтэнзіяў за тое, што падначаленыя так “ударна” закончылі працоўны дзень”.
(Карбалевіч: ) “Гэта пры ўмове, што своечасова выплацілі заробкі. Такім чынам, суботнікі — гэта вельмі яскравая зьява, якая характарызуе сутнасьць беларускага палітычнага рэжыму — мабыць, больш за іншыя факты і падзеі. Суботнікі магчымыя толькі ў межах той сацыяльнай мадэлі, якая існуе ў Беларусі, зь велізарным дамінаваньнем дзяржаўнага сэктару эканомікі, адсутнасьцю ўплывовых незалежных прафсаюзаў, аўтарытарным кіраваньнем. І зьнікненьне суботнікаў зь беларускага жыцьця будзе адной з важных прыкметаў пачатку дэмакратычных зьменаў”.