Удзельнікі: былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў і намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк
(Валер Карбалевіч: ) “Падчас наведваньня Баранавіцкага авіярэмонтнага заводу Аляксандар Лукашэнка выказаў шэраг заяваў адносна вонкавай бясьпекі Беларусі. Відавочна, што яны зробленыя пад уплывам вайны ў Іраку.
“Ірацкі крызыс” стаў важкім элемэнтам ня толькі замежнай палітыкі Беларусі, але часткова і ўнутранай, прынамсі, важным чыньнікам дзяржаўнай прапаганды. Ствараецца ўражаньне, што кіраўніцтва краіны спрабуе сьвядома і пасьлядоўна выкарыстаць гэты міжнародны крызыс як падставу для ператварэньня Беларусі ў мадэль “крэпасьці ў аблозе”.
За некалькі месяцаў да пачатку вайны афіцыйны Менск рэзка інтэнсыфікаваў эканамічныя і палітычныя сувязі з Багдадам. З пачаткам вайны Лукашэнка выступіў фактычна ў падтрымку Іраку. У афіцыйных СМІ кампанія супраць амэрыканскай акцыі дасягнула ўзроўню гістэрыі.
Акрамя заяваў назіраюцца і пэўныя дзеяньні. У ваенкаматах ствараюцца мабілізацыйныя структуры, аб’яўлена, што будуць праводзіцца вайсковыя зборы ваеннаабавязаных, якія знаходзяцца ў запасе. Праведзеныя вучэньні грамадзянскай абароны. А вось цяпер аб’яўлена аб плянах правядзеньня вайсковых вучэньняў.
Перш за ўсё зьвернем увагу на выказваньні Лукашэнкі адносна замежнапалітычных праблемаў бясьпекі. Хоць ён заявіў, што ваяваць зь Беларусьсю ніхто не зьбіраецца, але Менск выступае супраць канцэпцыяў “гуманітарнай інтэрвэнцыі”, “восі зла”, пашырэньня НАТО на Ўсход, стварэньня ваенных базаў каля межаў Беларусі. Патрэбна фармаваць новую мадэль бясьпекі ў Эўропе, у якой павінна быць месца Беларусі. І з кантэксту заявы вынікае, што менавіта ЗША працівяцца стварэньню такой мадэлі. Як бы вы маглі пракамэнтаваць такое гледзішча вонкавай бясьпекі краіны?”
(Андрэй Саньнікаў: ) “Відавочна, што гэтыя заявы накіраваныя, перш за ўсё, на ўнутранае карыстаньне. Ён вельмі напалоханы тым, што адбылося ў Іраку, занепакоены дзеяньнямі ЗША супраць рэжымаў, якія ўяўляюць пагрозу.
Трэба заўважыць, што Лукашэнка на гэтым авіярамонтным заводзе выказваўся больш перед генэралітэтам, чым перад супрацоўнікамі заводу. Незадаволенасьць Лукашэнкі палітыкай ЗША сьведчыць аб тым, што ён усьведамляе сутнасьць амэрыканскай стратэгіі: нэўтралізацыя рэжымаў, якія зьяўляюцца крыніцаюйміжнародных крызысаў. А гэта такія рэжымы, дзе адсутнічае дэмакратыя, парушаюцца правы чалавека, ствараецца таталітарная сыстэма. Менавіта дыктатура Садама Хусэйна прывяла да вытворчасьці зброі масавага зьнішчэньня”.
(Уладзімер Нісьцюк: ) “Па-першае, сапраўды антыамэрыканскія заявы Лукашэнкі даходзяць да стану гістэрыі. І гэта вельмі пашкодзіла міжнароднаму аўтарытэту Беларусі. Лукашэнка абвінаваціў кіраўнікоў шэрагу дзяржаваў СНД (Азэрбайджану, Грузіі, Узбэкістану) у падтрымцы ЗША насуперак меркаваньню сваіх народаў. Тым самым ён умяшаўся ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў і пашкодзіў інтарэсам Беларусі ў СНД.
Па-другое, Лукашэнка раскрытыкаваў пазыцыю Расеі па ірацкім пытаньні. Ён узяў на сябе права ацаніць дзеяньні Пуціна і ўвогуле Крамля ў адносінах да вайны ў Іраку. Што не найлепшым чынам паўплывае на дачыненьнях з Расеяй.
Па-трэцяе, заявы Лукашэнкі сьведчаць аб тым, што ён пераацэньвае ролю Беларусі ў міжнародных стасунках, штучна надае ёй статус вялікай дзяржавы.
Выказваньні Лукашэнкі заўсёды жорсткія, адназначныя, яны не даюць беларускай дыпляматыі магчымасьці манэўру. Напрыклад, ён заявіў, што ў Эўропе лічаць нашае войска самым баяздольным. Гэта абраза для Расеі і многіх іншых эўрапейскіх дзяржаваў, якія маюць больш моцныя, тэхнічна забясьпечаныя і падрыхтаваныя войскі”.
(Карбалевіч: ) “Хацеў бы заўважыць, што ў гэтых разважаньнях аб новай мадэлі бясьпекі ў Эўропе ня згадваецца Дамова аб калектыўнай бясьпецы СНД, у якую ўваходзіць Беларусь.
Як ужо адзначалася, Лукашэнка аб’явіў, што ў кастрычніку гэтага году адбудуцца комплексныя апэратыўныя вучэньні “Чыстае неба-2003” з удзелам ня толькі Міністэрства абароны, але і МУС, КГБ, МНС, памежных войскаў. Падчас гэтых вучэньняў будуць адпрацоўвацца варыянты адбіцьця нападу, падобна на той, які адбыўся ў Іраку. Пры гэтым будуць задзейнічаныя каля 80 адзінак авіятэхнікі.
Падобныя вучэньні праводзяцца ў Беларусі трэці год запар. Падрэсьліваецца, што падчас вучэньняў будуць правераныя вынікі рэфармаваньня беларускага войску. Як вы лічыце, у правядзеньні гэтых вучэньняў які чыньнік стаіць на першым месцы: ваенны ці палітычны?”
(Саньнікаў: ) “Як адзначыў спадар Нісьцюк, у выказваньні Лукашэнкі назіраецца сындром вялікадзяржаўнага мысьленьня. У правядзеньні гэтых вучэньняў найперш прысутнічае палітычны чыньнік. Ён арыентатваны на насельніцтва Беларусі. Але выкарыстоўваюцца сродкі савецкага часу.
Акрамя таго, пляны вучэньняў сьведчаць аб тым, што Лукашэнка напалоханы вайною ў Іраку. Ён казаў аб тым, што падчас гэтых вучэньняў будуць адпрацоўвацца варыянты адбіцьця нападу, падобна на той, які адбыўся ў Іраку. Незразумела, навошта палохаць насельніцтва, калі ў нас і вакол нас усё спакойна, як кажуць прадстаўнікі ўлады. І калі іх словы разыходзяцца зь дзеяньнямі, то гэта азначае, што яны ўсьведамляюць нестабільнасьць сытуацыі.
Вучэньні будуць каштаваць вельмі дорага. Таму гэта рабаваньне насельніцтва, падаткаплатнікаў.
Лукашэнка імкнецца найперш пераканаць сябе і генэралітэт у тым, што ён усё робіць правільна. Што тычыцца сапраўднага стану беларускага войску, то ён жахлівы, прычым, найперш, маральны стан. І ніякія вучэньні ня могуць яго зьмяніць. Таму што вайскоўцы не разумеюць, якую радзіму яны павінны абараняць”.
(Нісьцюк: ) “Мне таксама бачыцца, што на першым месцы тут палітычны чыньнік дзейнічае. Па-першае, мяне ўразіла ваенна-тэарэтычная недасьведчанасьць галоўнакамандуючага беларускім войскам. Ніколі нельга на беларускім тэатры ваенных дзеяньняў адпрацоўваць мадэлі вайны, якія вядуцца ў іншым геаграфічным рэгіёне, напрыклад, у Іраку.
Па-другое, вучэньні — гэта фінал падрыхтоўкі войскаў. А нашыя лётчыкі альбо не лятаюць зусім, альбо маюць невялікі па часе налёт. Яны не падрыхтаваныя, не гатовыя да сур’ёзных ваенных дзеяньняў. Таму гэтыя вучэньні могуць стаць яшчэ і небясьпечнымі. А плянуецца падняць у паветра 80 адзінак авіятэхнікі.
Па-трэцяе, тут я згодны са спадаром Саньнікавым, каштаваць гэтыя вучэньні будуць вельмі шмат. Тым больш, авіяцыйныя вучэньні. Мы ўжо столькі патрацілі грошай і на вучэньнях, і на “Дажынках”, і на іншых сьвятах, і на афіцыйных мерапрыемствах, што не хапае на самае неабходнае. Адзіны сэнс гэтых мерапрыемстваў — засалодзіць кіраўніка дзяржавы. У дадзеным выпадку, будзе паказвацца не сапраўдная ваенная моц, а толькі яе дэманстрацыя. Такую паказуху не любілі і ў савецкім войску”.
(Карбалевіч: ) “Хацеў бы зьвярнуць увагу на такую акалічнасьць. Вучэньні “Нёман-2001” адбыліся за два тыдні да прэзыдэнцкіх выбараў. Ці можна зьвязаць плянаваныя вучэньні ў гэтым годзе таксама з палітычнай кампаніяй? І ці ня можам мы ў зьвязку з датай вучэньняў спрагназаваць прыкладную дату палітычнай кампаніі, напрыклад, рэфэрэндуму?”
(Саньнікаў: ) “Я мяркую, што такая сытуацыя вельмі верагодная. Але я ня думаю, што гэтыя вучэньні нейкім чынам паўплываюць на тое, каб рэфэрэндум прайшоў па сцэнару ўлады. Цяпер на насельніцтва найбольш уплываюць сацыяльна-эканамічныя праблемы”.
(Нісьцюк: ) “Па-першае, я не хацеў бы пра гэты рэфэрэндум шмат казаць, таму што мы яго рэклямуем. Яшчэ нікія рашэньні не прынятыя, а мы пра яго ўжо даўно гаворым.
Па-другое, на пляны гэтых вучэньняў уплываюць некаторыя асабістыя якасьці Лукашэнкі. Ён зможа зноў надзець тую вайсковую форму зь нікому не зразумелымі пагонамі й прадэманстраваць сябе ў надзвычайнай якасьці. Традыцыйна, народ Беларусі паважае ваенных. Таму ёсьць спрыяльная магчымасьць паказаць самога сябе. Гэта для яго гэта будзе наркатычнай ін’екцыяй”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, Лукашэнка чарговы раз выкарыстоўвае міжнародны крызыс дзеля штучнага ўзмацненьня напружанасьці як унутры дзяржавы, так і вакол яе. Падаецца, што гэта зручны вонкавы фон для правядзеньня буйной палітычнай кампаніі з мэтаю захаваньня і ўмацаваньня ўлады”.