Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначае новая кампанія “ўдасканаленьня ідэалягічнай працы”?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: палітоляг Уладзімер Роўда, філёзаф Алесь Анціпенка і пісьменьнік Алесь Петрашкевіч

(Валер Карбалевіч: ) “У чацьвер на сэмінары кіроўных работнікаў Лукашэнка выступіў з дакладам аб удасканаленьні ідэалягічнай працы. Упершыню за годы ягонага кіраваньня гэтай праблеме надаецца такая ўвага. Лукашэнка абгрунтаваў неабходнасьць беларускай дзяржаўнай ідэалёгіі й ідэалягічна-выхаваўчай працы.

Дзіўна тое, што амаль дзевяць гадоў ягонага кіраваньня дзяржава жыла безь дзяржаўнай ідэалёгіі і, здаецца, не заўважала гэтага. А вось цяпер чамусьці ўзьнікла вострая патрэба стварыць такую ідэалёгію, перабудаваць ідэалягічную працу з насельніцтвам, сфармаваць цэлую сыстэму ідэалягічнай вэртыкалі. Навошта спатрэбілася Лукашэнку зьвяртацца да гэтага пытаньня? Што такога значнага здарылася ў краіне, што ўзьнікла неабходнасьць у вырашэньні гэтай праблемы?”

(Уладзімер Роўда: ) “Мне здаецца, што гэта зьвязана з узмацненьнем антыдэмакратычных тэндэнцыяў у жыцьці краіны. Аўтарытарны рэжым становіцца больш жорсткім. З гэтага й вынікае неабходнасьць для кіраўніцтва краіны стварэньня дзяржаўнай ідэалёгіі. А існаваньне афіцыйнай дзяржаўнай ідэалёгіі — гэта адна з прыкметаў таталітарнага рэжыму”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Петрашкевіч, вы ў савецкі час працавалі загадчыкам аддзелу культуры ЦК КПБ? Пра што нагадвае вам гэтая ідэя ўзнавіць у наш час ідэйна-выхаваўчую працу з насельніцтвам? Ці не ўзьнікае ў вас пэўных асацыяцыяў?”

(Алесь Петрашкевіч: ) “У мяне ў гэтым пытаньні досьвед, сапраўды, даволі багаты. Усё тое, што мы ўчора ўбачылі па тэлебачаньні, а сёньня прачыталі ў газэтах, сьведчыць аб звароце да тых формаў ідэалягічнага ўзьдзеяньня, якія ўжо былі раней, што мы даўно праходзілі. Гэта закручваньне гаек, цэнзура (пра што можна казаць, а пра што нельга). Я б мог сёньня назваць тыя часы жахлівымі. Гэта была палітыка, накіраваная на сьцьверджаньне пэўных ідэалягічных догмаў”.

(Алесь Анціпенка: ) “Аснову любой ідэалёгіі складае сыстэма атрыманьня, захаваньня і выкарыстаньня ўлады. Чаму менавіта цяпер зьвярнулі ўвагу на гэтую праблему? З аднаго боку, адбываецца вычарпаньне папулісцкага рэсурсу. Зь іншага боку, паступова пагаршаецца эканамічная сытуацыя ў краіне.

Таму ўзьнікае рэальная пагроза ўладзе сёньняшняга кіраўніцтва. Пра гэта можга прачытаць у самім дакладзе Лукашэнкі. Адна пагроза зыходзіць з унутраных працэсаў, пагроза ўзнікненьня моцнай спантаннай апазыцыі.

Другая пагроза — зьнешняя. Яна сыходзіць з Расеі. Значная частка беларускага насельніцтва эмігравала ў расейскую інфармацыйную прастору. І перад беларускаю ўладаю стаіць задача: вярнуць гэтае насельніцтва на радзіму, стварыць інфармацыйную мяжу з Расеяю.

Ідэалёгія — гэта мэханізм утрыманьня улады. І кіраўніцтва краіны зьвяртаецца да яе таму, што ўсе іншыя сродкі вычарпаныя. І тут рэпрэзэнтаваны клясычны варыянт утрыманьня ўлады з дапамогаю ідэалёгіі. Вядома, што любая ідэалёгія ёсьць псэўдарацыянальная сыстэма перакананьня людзей. І каб яна эфэктыўна працавала, патрэбны рэпрэсіўны мэханізм. Таму былі сфармуляваны пагрозы на адрас супрацоўнікаў дзяржаўных ВНУ, школаў, якія не падзяляюць дзяржаўную палітыку”.

(Карбалевіч: ) “Лукашэнка ўжо ня першы раз спасылаецца на тое, што ва ўсім сьвеце, асабліва ў заходніх краінах, існуе дзяржаўная ідэалёгія, дзяржава праводзіць ідэалягічную працу і нават, як ён сьцьвярджае, больш моцную, чым было ў СССР. Ці сапраўды ў дэмакратычных краінах існуе дзяржаўная ідэалёгія і дзяржаўныя інстытуты навязваюць дзяржаўную ідэалёгію сваім грамадзянам?”

(Роўда: ) “Бясспрэчна, што ва ўсіх грамдзтвах і дзяржавах існуе ідэалёгія. Але нельга казаць аб дзяржаўная ідэалёгіі. Гэта па-першае. Па-другое, больш правільна было б казаць не пра ідэалёгію, а пра ідэалёгіі. Існуюць розныя ідэалёгіі, якія канкуруюць і ўзаемадзейнічаюць паміж сабою.

Трэба зьвярнуць увагу на дзьве мэтадалягічныя памылкі ў прамове Лукашэнкі. Па-першае, усе гэтыя ідэалёгіі грунтуюцца на нацыянальнай глебе. Гэта не дзяржаўніцкія ідэалёгіі, а нацыянальная. Але гэтая нацыянальная ідэя сыходзіць ад самаго грамадзтва. Яна не навязваецца дзяржаваю, тым больш з ужываньнем рэпрэсіўных сродкаў.

Па-другое, ідэалягічны плюралізм, разнастайнасьць думак, падыходаў, розных бачаньняў вырашэньня асноўных праблемаў тым ня менш дазваляюць існаваньне так званага “каштоўнаснага кансэнсусу”.

Таму стварэньня афіцыйнай дзяржаўнай ідэалёгіі, якая будзе навязвацца дзяржаваю насельніцтву як ісьціна ў апошняй інстанцыі, супярэчыць дэмакратычным прынцыпам. І тады мы будзем вяртацца да тых часоў, калі ўсе вывучалі “навуковы камунізм”.

(Анціпенка: ) “Ідэалёгіі — гэта комплекс ідэяў, які належаць розным палітычным партыям. Дэмакратычныя дзяржавы ня маюць дзяржаўнай ідэалёгіі. Яны базуюцца на канстытуцыі, заскоках, якія замацоўваюць правы і свабоды грамадзянаў. І ўся сыстэма дзяржаўнай улады пабудаваная такім чынам, каб гэтыя правы і свабоды ажыцьцяўляліся”.

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, у дакладзе Лукашэнкі сьвядома ці не былі пераблытаныя некалькі рэчаў. Напрыклад, ёсьць ідэалёгія грамадзтва, а ёсьць дзяржаўная ідэалёгія. Гэта розныя рэчы. А з кантэксту дакладу вынікае, што гэта адно і тое ж.

Што ж прапануе Лукашэнка ўзяць за аснову ідэалёгіі беларускай дзяржаўнасьці? Незалежныя дасьледчыкі ўвесь час цьвердзяць, што ў беларускім соцыюме няма аб’яднаўчай ідэі. Дык можа якраз цяпер Лукашэнка спрабуе запоўніць гэты вакуўм і прапаноўвае такую ідэю? Як ацаніць сутнасьць той ідэалёгіі беларускай дзяржаўнасьці, якую прапанаваў Лукашэнка?”

(Роўда: ) “Калі глядзець на прапановы Лукашэнкі з гледзішча нацыянальнай ідэі, то яны не адпавядаюць глыбінным патрэбам і каштоўнасьцям беларускай нацыі. Тут зроблена спроба такога штучнага сынтэзу, калі хочуць узяць найлепшае з марксізму-ленінізму (ідэя роўнасьці і салідарнасьці), кансэрватызму (талерантнасьць), лібэралізму (канкурэнцыя) і зрабіць такую мяшанку, якая, на думку Лукашэнкі, ня толькі адлюстроўвае асаблівасьці беларускай нацыі, але зьяўляецца ўнікальнай ідэалёгіяй, прэтэндуе на статус нейкага ноў-хаў, нейкага ідэалягічнага прадукту, які можа спажывацца ў цэлым рэгіёне Ўсходняй Эўропы.

Згодна ягонай вэрсіі, Расея ня спраўдзіла спадзяваньняў, здалася пад ціскам лібэралізму, а Беларусь вытрымала ціск і змагла ажыцьцявіць такі натуральны сынтэз. Таму Беларусь стала як бы сьветачам для ўсіх суседніх краінаў, якія павінны арыентавацца на нас”.

(Петрашкевіч: ) “Было б правільна, каб распрацоўвалася ідэалёгія незалежнасьці, сувэрэнітэту дзяржавы, абароны нацыянальнай беларускай культуры, мовы, навогул дзяржаўнасьці. Але дакладчык не сфармуляваў гэтую ідэю, ён яе не ўспрымае арганічна.

Мне прыпамінаецца адзін выраз пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. Калісьці ў савецкі час ён патэлефанаваў мне на працу і сказаў: “Усе вы там у вашым ЦК мудакаватыя, і ЦК ваша мудакаватае”. Дык вось зараз у мяне ўзьнікае пытаньне: ці не вяртаемся мы ў тыю самую “мудакаватасьць”?”

(Анціпенка: ) “Беларускае грамадзтва яшчэ не зрабіла кардынальнага палітычнага і культурніцка-цывілізацыйнага выбару. А тая ідэалёгія, якую нам прапануюць, называецца эклектыкай”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, з аднаго боку, гэта эклектыка. Але зь іншага боку, Лукашэнка прапануе канцэпцыю асобага шляху для Беларусі. На яго думку, Беларусь адзіная краіна, якая захавала традыцыйныя каштоўнасьці й таму бярэ на сябе ролю духоўнага лідэру ўсходнеэўрапейскай цывілізацыі.

Цікава, што нешта падобнае казаў і палітычны антыпод Лукашэнкі Зянон Пазьняк. Ён сьцьвярджаў, што і на Захадзе існуе духоўны крызыс, і Расея зьяўляецца пагрозаю, а вось Беларусь — адзіная краіна ва ўсёй Эўропе, якая захавала духоўныя каштоўнасьці, якія могуць стаць прыкладам для ўсіх блізкіх і далёкіх суседзяў. Дзіўна, што адбываецца супадзеньне ўяўленьняў аб Беларусі такіх розных палітыкаў.

Але мне падаецца, што ўвесь сэнс той ідэалягічнай канструкцыі, якую будуе Лукашэнка, палягае ў іншым. Ён імкнецца на практыцы стварыць у Беларусі нейкую ідэалягічную аўтаркію, штучную міжнародную ізаляцыю, каб ізаляваць Беларусь ад дэмакратычных ідэяў і каштоўнасьцяў, агарадзіць яе ад сучасных ідэалягічных плыняў. І, тым самым, абгрунтаваць неабходнасьць існага рэжыму.

Як вы мяркуеце, да чаго можа прывесьці практычная рэалізацыя тых задачаў, ідэяў, прапановаў, якія вылучыў Лукашэнка на згаданым сэмінары? Вядома, што і ў савецкі час ідэалягічная праца ў значнай ступені была фармальнай. Уся ідэалягічная машына працавала ў значнай меры ўхаластую. Зараз грамадзтва ўсё ж зьмянілася, яно стала больш інфармацыйна адкрытым. Наколькі ў гэтых умовах магчыма вярнуць былыя формы і мэтады працы?”

(Роўда: ) “Лукашэнка ня вынайшаў нічога новага. Ён наўпрост хоча рэанімаваць тыя інструмэнты, якія працавалі ў савецкі час. Магчыма, што гэта і спрацуе. Але за гэты час шмат што з гэтага інструмэнтарыя збанкрутавала”.

(Петрашкевіч: ) “Мне здаецца, што ў поўнай меры ўсё вярнуць назад нікому ўжо ня ўдасца. Прайшло многа часу, зьявіліся іншыя людзі й іншыя паняцьці. Але такая спроба будзе зробленая, прычым вельмі прымітыўна і напорыста. Будзе ўзмоцненая цэнзура, зацісканьне свабодаў.

Сёньня ў “Народнай волі” была цікавая заметка аднаго жыхара вёскі. Ён піша, што ў іх ёсьць ідэалягічны кіраўнік, намесьнік старшыні калгасу, але няма каму даіць кароваў”.

(Карбалевіч: ) “Справа ў тым, што ў рэжымах падобнага тыпу ёсьць пэўная заканамернасьць: калі няма каму даіць кароваў, не хапае малака, то трэба ўзмацняць ідэалягічную працу”.

(Анціпенка: ) “Усё будзе залежаць ад таго, наколькі інтэнсіўна будзе задзейнічаны рэпрэсіўны апарат. Таму што любая ідэалёгія, якая навязваецца дзяржавай, будзе эфэктыўнай толькі тады, калі існуе комплекс страху.

Ёсьць яшчэ адзін важны аспэкт. Фактычна Лукашэнка стварае цяпер паўнавартасную партыю ўлады. Да гэтага часу такую функцыю выконвала вэртыкаль. Але яна займалася толькі задачай кірваньня. А любая партыя мае яшчэ і ідэалягічны складнік. Ствараючы сыстэму ідэалягічнай працы, ідэалягічную вэртыкаль, Лукашэнка стварае паўнавартасную партыю ўлады”.

(Роўда: ) “У такім разе ён стварае паўнавартасны таталітарны рэжым. Таму што стварэньне сыстэмы кантролю за духоўным жыцьцём грамадзтва ёсьць элемэнтам таталітарызму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG