Удзельнікі: аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Паўлюк Быкоўскі й палітоляг Уладзімер Падгол.
(Валер Карбалевіч: ) “З пачаткам вайны ў Іраку тон беларускіх дзяржаўных СМІ, асабліва тэлебачаньня, рэзка зьмяніўся. З радыётэлевізійных перадач відавочна выцякае, на чыім баку ў гэтай вайне знаходзіцца Беларусь. Прапагандысцкая антыамэрыканская хваля дасягнула ўзроўню псыхалягічнай вайны. Амбасадар Іраку ў Беларусі амаль кожны дзень на Беларускім тэлебачаньні камэнтуе ход вайны.
Гэтыя перадачы навязваюць такія прапагандысцкія штампы: ЗША агрэсар, які вядзе вайну няправымі сродкамі; народ Іраку аб’яднаўся вакол свайго правадыра Садама Хусэйна і вядзе справядлівую вайну; войскі ЗША церпяць паразу; увесь сьвет выступае супраць ЗША; амэрыканскі народ таксама супраць вайны, але ўрад Злучаных Штатаў сілай падаўляе яго супраціў. Што тычыцца беларускага народу, то ён супраць агрэсіі і гатовы аказаць дапамогу сваім сябрам у Іраку. І ў цэнтры такой кампаніі, зразумела, знаходзіцца Лукашэнка.
Якія мэты ставіць улада, праводзячы такую прапагандысцкую лінію? Якіх задачаў яна хоча дасягнуць? І ці гэтая кампанія арыентаваная на ўнутраную аудыторыю, ці на зьнешнюю?”
(Паўлюк Быкоўскі: ) “На мой погляд, гэтая кампанія арыентаваная на ўнутраную аўдыторыю. І такім чынам паказваецца, што беларускае кіраўніцтва — адзінае ў сьвеце справядлівае кіраўніцтва. Яно адстойвае справядлівасьць, не баіцца казаць праўду нават пра палітыку супэрдзяржавы і з-за гэтага церпіць. І усе крытычныя заявы заходніх краінаў наконт браку дэмакратыі ў Беларусі будуць тлумачыцца помстай за антыамэрыканскую пазыцыю ў гэтым канфлікце”.
(Уладзімер Падгол: ) “Я згодны з тым, што гэтая кампанія арыентаваная на ўнутраную аўдыторыю. Але хачу зьвярнуць увагу, што кожны дзяржаўны сродак інфармацыі працуе па сваёй тэхналёгіі. У дзяржаўных СМІ няма адзінай прапагандысцкай мадэлі і адзінага штампу. Напрыклад, ОНТ правяло дыскусію ў перадачы “Выбар”, у якой удзельнічаў Раманчук з альтэрнатыўным пунктам гледжаньня. А вось БТ працуе ў стылі клясычнай камуністычнай прапаганды.
Такім чынам, кожны канал працуе дыфэрэнцыявана, на сваю аўдыторыю, сваю электаральную групу. А звышмэта відавочная: падняць рэйтыг Лукашэнкі і абваліць рэйтынг апазыцыі”.
(Карбалевіч: ) “Мне падалося, што сам Лукашэнка і ягоныя штатныя піаршчыкі неяк ажылі, устрахануліся, адчулі, што фартуна ім спрыяе. Вобраз ворага, які ўвесь час прысутнічаў у дзяржаўнай прапагандзе, цяпер атрымаў натуральнае аблічча. Антыамэрыканізм, які быў адметнаю рысаю палітыкі беларускага кіраўніцтва, упісаўся ў сусьветную антываенную хвалю. Беларускі рэжым як бы атрымаў саюзьнікаў, хоць і часовых, у барацьбе супраць ЗША. І таму ён спяшаецца скарыстацца зручным момантам і адпомсьціць Злучаным Штатам за іх жорсткую пазыцыю ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі.
Гэтая прапагандысцкая хваля абапіраецца на нейкія сьветапоглядныя, мэнтальныя рысы беларускай масавай сьвядомасьці, на страх перад вайною ў генэтычнай памяці народу.
Але ці ня можа гэтае празьмернае акцэнтаваньне ўвагі на вайну даць адваротны эфэкт? Ці ня можа так здарыцца, што сам Лукашэнка і дзяржаўныя прапагандысты перагнуць палку, давядуць антыамэрыканскую гістэрыю да такога ўзроўню, што ў людзей узьнікне адчуваньне небясьпекі ад уцягваньня Беларусі ў вайну? Вось гэтая ідэя дапамогі ірацкаму народу, няхай пакуль гуманітарнай дапамогі, у час, калі ў краіне вядуцца баявыя дзеяньні, да чаго гэта можа прывесьці?”
(Быкоўскі: ) “На мой погляд, наўрад ці гэта будзе ўспрынята адмоўна беларускім грамадзтвам. Бо Беларусь — краіна сталых людзей, якія выхаваныя на савецкіх штампах “вораг-сябар”. Яны памятаюць, як зьбіралі дапамогу нікарагуанскім, віетнамскім дзецям. Таму афіцыйная прапаганда будзе ўзьдзейнічаць і працаваць якасна.
Малаверагодна, што ўлада перагне палку, таму што тут захоўваецца межа, якую імкнуцца не пераступаць. І сам Лукашэнка не дазваляе сабе гістэрычных выказваньняў. І падчас выступу на мінулым тыдні, і ў гэты панядзелак ён казаў, што трэба разьвіваць адносіны з ЗША. І зьмены ў дыпляматычным корпусе якраз і накіраваныя на гэта. Таму ў значнай ступені гэта маленькая ўнутраная прапагандысцкая вайна.
Магчыма, прысутнічае тут і іншы чыньнік. Такім чынам Беларусь далучаецца да эўрапейскай і сусьветнай антываеннай хвалі і дзякуе Эўропе за прызнаньне Парлямэнцкай Асамблеяй АБСЭ Нацыянальнага сходу Беларусі.
Найбольш важна, што ў беларускага кіраўніцтва існуе жаданьне быць падключаным да сусьветнай палітыкі”.
(Падгол: ) “Я бачу нейкую верагоднасьць, што “дубаломная” прапаганда можа настроіць супраць рэжыму нейкую частку электарату, які сёньня нэўтральны ці вагаецца. Падобны малюнак быў падчас вайны ў Югаславіі ў 1999 годзе. Тады ўлада ўвесь час узгадвала лёзунг апазыцыі “Бялград — сёньня, Менск — заўтра” і зьвязвала яго з вайною. Цяпер улада зноў агучвае лёзунг, які прыпісваецца апазыцыі: “Хусэйн — сеньня, Лукашэнка — заўтра”. Калі такая прапаганда будзе актыўна працягвацца, то частка электарату пачне задумвацца: навошта нам такі прэзыдэнт, які ставіць краіну, па прыкладу Югаславіі і Іраку, на мяжу бамбаваньняў.
Другі аспэкт гэтай праблемы. У аўторак падчас новых кадравых прызначэньняў Лукашэнка прагаварыўся. Ён абураўся наконт хлусьні, якую перадаюць многія тэлеканалы аб вайне ў Іраку. Мы, казаў ён, мусім адбудаваць сваю ідэалягічную сыстэму. Нам няма чаго саромецца, а трэба працаваць па такіх жа прынцыпах.
Гэта азначае, што мы знаходзімся на старце, на мяжы новага прапагандысцкага этапу. Калі эканоміка валіцца, пагаршаецца ўзровень жыцьця, я прадбачу, што ў найбліжэйшы час афіцыйныя СМІ разгорнуць прапаганду ў стылі савецкага часу: “дубаломную”, прымітыўную”.
(Карбалевіч: ) “Здаецца, што адной з галоўных задачаў гэтай прапагандысцкай кампаніі зьяўляецца дыскрэдытацыя апазыцыі. Ужо некалькі разоў БТ абвяшчала, што апазыцыя падтрымлівае амэрыканскую вайну ў Іраку. Нават дзьве вулічныя акцыі апазыцыі, якія былі прымеркаваныя да 85-х угодкаў БНР, былі названыя акцыямі ў падтрымку вайны. Ці зьяўляецца гэта пачаткам новага этапу псыхалягічнай вайны супраць апазыцыі?”
(Быкоўскі: ) “Пытаньне даволі складанае. Мне падаецца, што тут прысутнічаюць дзьве задачы. Па-першае, гэта традыцыйнае пераключэньне ўвагі на тое, што ёсьць ворагі, якія перашкаджаюць. На апазыцыю можна сьпісаць эканамічныя і іншыя праблемы.
Але, здаецца, што справа гэтым не абмяжуецца. Існуе задача ідэалягічнага абгрунтаваньня ўзмацненьня рэжыму. Спадар Падгол ужо адзначаў, што хутчэй за ўсё адбываюцца зьмены ў прапагандысцкай машыне. І я думаю, што, верагодна, гэта так.
Калі сапраўды адбываецца такая зьмена, якая абгрунтоўваецца значнымі зьменамі ў сьвеце, то можна сьцьвярджаць, што будуецца ідэалягічная машына савецкага кшталту. Узрасьце роля сілавых структураў. Узмацняцца канфлікты, якія сёньня існуюць у савецкім грамадзтве. І вось асабліва гэта зьяўляецца небясьпечным наступствам такіх зьменаў. Але ўсё гэта пакуль што прагнозы”.
(Падгол: ) “Самая першая задача дзяржаўнай прапагандысцкай машыны — стварыць з апазыцыі пудзіла для грамадзтва. Вось згаданы ўжо рэпартаж па БТ пра вулічныя акцыі апазыцыі, прысьвечаныя ўгодкам БНР, дэманструе, што прапаганда малюе з апазыцыі вобраз нелюдзей. Ідзе замбаваньне сьвядомасьці людзей, каб зьвязаць апазыцыю з крывёю, вайною. І гэта як бы завяршае той вельмі непрывабны, нават пачварны вобраз апазыцыі, які фармаваўся дзяржаўнымі СМІ ўжо шмат гадоў.
Гэта можа прывесьці да таго, што апазыцыя будзе загнаная ў татальнае гета, будуць зьнішчаныя яе кантакты з насельніцтвам. Але гэта можа прысьпешыць зьяўленьне новай апазыцыі ці вельмі значнай трансфармацыі сёньняшняй апазыцыі, якая памяняе стратэгію,тактыку, мэтодыку і лідэраў”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, галоўная выснова з той прапагандысцкай кампаніі, якую распачалі дзяржаўныя СМІ вакол вайны ў Іраку, гэта ўзмацненьне ксэнафобіі, пошуку ворагаў, узмацненьне ідэалягічна-прапагандысцкага чыньніку ў дзяржаўнай палітыцы”.