Удзельнікі: галоўны рэдактар Інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Аляксандар Класкоўскі і выкладчык Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Алесь Лагвінец
(Валер Карбалевіч: ) “Вайна ў Іраку усё ж пачалася. Калі вывесьці за дужкі маральныя і эмацыйныя ацэнкі й паглядзець на яе з геапалітычнага, гістарычнага гледзішча, то можна адзначыць, што гэтая вайна стала адлюстраваньнем новага стану сьвету, новага раскладу сілаў у пачатку ХХІ стагодзьдзя. Найперш гэты канфлікт прадэманстраваў, наколькі шчыльным стаў сьвет, наколькі ўзрасла ўзаемазалежнасьць дзяржаваў сьвету.
Супрацьстаяньне паміж дзьвюма дзяржавамі — ЗША і Іракам — выклікала сусьветны крызыс, раскол нават сярод заходніх саюзьнікаў.
Другая папярэдняя выснова, якую можна зрабіць з ірацкага крызысу: сёньняшняе міжнароднае права, сёньняшняя сыстэма галоўных міжнародных інстытутаў, такіх як ААН, НАТО і іншых, што ўзьнікла па другой сусьветнай вайне, ужо не адпавядае новым суадносінам сілаў у сьвеце.
Але нас найбольш цікавіць уплыў гэтыга сусьветнага катаклізму на Беларусь. Да пачатку вайны афіцыйны Менск даволі актыўна ўмешваўся у гэты канфлікт. Нават больш актыўна, чым можа дазволіць сабе такая ня вельмі ўплывовая дзяржава, як Беларусь. Лукашэнка неаднаразова выказваўся ў падтрымку Іраку, кантакты з Багдадам апошнія паўгоду былі вельмі інтэнсіўнымі. Беларусь абвінавачвалі ў пастаўках зброі Іраку. Як бы вы ацанілі пазыцыю Беларусі ў дачыненьні да “ірацкага крызысу” да пачатку вайны?”
(Аляксандар Класкоўскі: ) “Апошнія тыдні я сказаў бы, што гэтая пазыцыя была проста ірацыянальнай. І ў папярэднія гады было шмат пытаньняў да палітыкі Беларусі ў дачыненьнях з Іракам. Напрыклад, не адзін раз узьнікала пытаньне аб продажу зброі ірацкаму рэжыму. У апошнія тыдні гэтыя стасункі былі даведзеныя да поўнага абсурду. Дастаткова прыгадаць сумнавядомы візыт багдадзкага мэра, які за два тыдні да вайны захацеў вывучаць вопыт функцыянаваньня каналізацыі, ачышчальнай сыстэмы ў Менску. Былі грозныя заявы з боку найвышэйшых службовых асобаў супраць ЗША. Складвалася ўражаньне, што беларускаму кіраўніцтву здрадзіла пачуцьцё небясьпекі для іх улады”.
(Алесь Лагвінец: ) “Найперш трэба сказаць, што беларуская замежная палітыка ажыцьцяўляецца людзьмі, якія маюць старыя катэгорыі мысьленьня. Яны яшчэ мысьляць у катэгорыях супэрдзяржавы (СССР), якой даўно ўжо няма, якая наўрад ці будзе адноўленая. Безумоўна, палітыка кіраўніцтва Беларусі была неабачлівая.
Палітыка Беларусі грунтавалася на тым, што паколькі ў нас няма вялікіх рэсурсаў і мы ня можам чакаць інвэстыцыяў з Захаду, трэба шукаць рынкі збыту на Ўсходзе любым коштам. І нават Іраку, маўляў, мы можам прапаноўваць нашыя паслугі й тавары. Гэтая палітыка ішла ў разрэз з доўгатэрміновымі інтарэсамі Беларусі”.
(Карбалевіч: ) “Так, пазыцыя Беларусі адрозьнівалася ад антываеннай пазыцыі эўрапейскіх краінаў (Францыі, Нямеччыны, Расеі ды іншых). Гэтыя дзяржавы згаджаліся з тым, што Ірак уяўляе небясьпеку для сьвету, што яго трэба раззброіць, падтрымалі адпаведную рэзалюцыю ААН. Разнагалосьсі з ЗША ўзьніклі толькі ў пытаньні аб сродках узьдзеяньня на багдадзкі рэжым. Адрозна ад ЗША, яны выступалі за мірнае рашэньне канфлікту, без вайны.
Дачыненьні ж Беларусі з Іракам, нават калі вынесьці за дужкі пытаньне аб продажы зброі, можна назваць саюзьніцкімі. Менск даўно выступаў за адмену ўсялякіх санкцыяў супраць рэжыму Садама Хусэйна. Інтэнсіўныя кантакты, узаемныя візыты дэлегацыяў высокага ўзроўню, заявы аб магчымым прыезьдзе ў Менск сына Хусэйна ды іншае сьведчаць аб тым, што фактычна Беларусь у гэтым канфлікце апынулася на баку Іраку, а значыць супраць пазыцыі ААН.
І вось зараз вайна пачалася. І Лукашэнка, і МЗС Беларусі выступілі з асуджэньнем дзеяньняў ЗША. Падчас простай лініі з чытачамі газэтаў “Комсомольская правда в Белоруссии” і “Советская Белоруссия” Лукашэнка выступіў з заявай аб тым, што гэтая вайна зьяўляецца “агрэсіўнай”. Ці абмяжуецца гэтым беларуская пазыцыя? Ці палітыка падтрымкі Іраку будзе мець пэўны працяг?
Успомнім, што падчас “косаўскага крызысу” ў 1999 годзе Лукашэнка спрабаваў абараняць Югаславію. Ён зьдзейсніў візыт у Бялград і ўсяляк падштурхоўваў Расею аказваць жорсткі супраціў НАТО. Пра што сьведчаць першыя заявы афіцыйных асобаў і органаў Беларусі адносна вайны ў Іраку?”
(Класкоўскі: ) “Тое, што ў Багдад Лукашэнка не паляціць, дык гэта дакладна. Думаю, што нейкіх авантурных крокаў афіцыйны Менск рабіць у гэтай сытуацыі ўсё ж ня будзе. І такі пасыл, сыгнал прагучаў падчас так званай простай лініі Лукашэнкі з чытачамі дзьвюх газэтаў. Ён перавёў размову пра Ірак у нечаканую плашчыню.
Замест звыклага клеймаваньня “агрэсараў” Лукашэнка раптам пачаў дакараць францускую і расейскую дыпляматыю за тое, што яны выступалі супраць намераў ЗША пачаць вайну вельмі просталінейна. Такім чынам, гэта можна разглядаць як ускоснае апраўданьне дзеяньняў Вашынгтону. Такія выказваньні наводзяць на думку, што ў кіраўніцтва Беларусі ёсьць пачуцьцё самазахаваньня, і яно будзе стрымліваць ад найбольш небясьпечных, авантурных крокаў у кантэксьце ірацкай сытуацыі”.
(Лагвінец: ) “Заява Лукашэнкі аб тым, што ЗША — велізарны монстар, зь якім трэба лічыцца, ня ўкладваецца ў рамкі нармалёвага бачаньня сваіх партнэраў на замежнапалітычнай сцэне. У параўнаньні з папярэднімі заявамі яна больш стрыманая. Лукашэнка спрабуе захаваць твар, зьменшыць сваю антыамэрыканскую рыторыку. Таму што вайна пачалася, і перапыніць яе нельга.
Таму мог бы даць невялікую параду кіраўніцтву МЗС Беларусі: трохі суцішыць свой тон і паспрабаваць больш рэалістычна ацэньваць міжнародную сытуацыю, не рабіць моцных заяваў, якія толькі шкодзяць краіне”.
(Карбалевіч: ) “У выказваньні Лукашэнкі падчас простай лініі з чытачамі дзьвюх газэтаў былі два дзіўныя сюжэты. Так, ён выказаў думку, што вайна ЗША супраць Іраку стала першай вайной пасьля другой сусьветнай вайны бяз санкцыі ААН. І быццам бы нават нядаўняя вайна НАТО супраць Югаславіі была санкцыянаваная ААН, і яе падтрымала Расея.
Найперш трэба адзначыць, што ў апошнім выпадку Лукашэнка памыліўся. Вайна НАТО супраць Югаславіі адбывалася бяз санкцыі ААН, таму што якраз Расея заблякавала такое рашэньне.
Па-другое, большасьць войнаў, якія адбыліся пасьля другой сусьветнай вайны, былі якраз бяз санкцыі ААН. Можна прыгадаць самыя вядомыя зь іх: вайна СССР у Афганістане, вайна ЗША ў Віетнаме і іншыя.
Другі цікавы сюжэт з выступу Лукашэнкі тычыўся ягонага прагнозу. Ён заявіў, што вайна будзе зацяжной, а ўрады ў ЗША і Англіі не ўтрымаюцца ва ўладзе. Прагноз даволі сумнеўны.
Але давайце зьвернемся да трохі іншай тэмы. Якая рэакцыя беларускага насельніцтва на пачатак вайны ў Іраку? Ці поўнасьцю супадае грамадзкая думка з пазыцыяй кіраўніцтва дзяржавы?”
(Класкоўскі: ) “Напэўна тут варта асобна казаць пра рэакцыю насельніцтва і пра рэакцыю эліты. Бо насельніцтва ў нас вельмі дэпалітызаванае. І тыя мітынгі супраць вайны ў Іраку, якія спрабавалі арганізаваць прафсаюзы, былі малалюдныя. Туды прыйшлі толькі функцыянэры. Як ні дзіўна, насельніцтва ЗША больш пратэставала супраць гэтай вайны, чым беларускае насельніцтва.
А вось эліта ў нас падзеленая. Афіцыйная эліта будзе паўтараць афіцыйную пазыцыю. А апазыцыя будзе праводзіць прыкладна такую лінію: ці варта “мачыць” дыктатара, ці ня варта”.
(Лагвінец: ) “Я ня згодны з такім пэсымістычным пунктам гледжаньня і не сказаў бы, што нашае грамадзтва такое дэпалітызаванае. Інфармацыі будзе вельмі шмат. Кожны грамадзянін будзе неяк асэнсоўваць гэтую інфармацыю, пераасэнсоўваць яе і прыходзіць да пэўных высноваў. Улічваючы велізарны ўплыў расейскіх СМІ, можна меркаваць, што беларускае бачаньне ірацкай сытуацыі будзе блізкае да расейскага. У беларускага грамадзтва цяжкія ўспаміны, зьвязаныя з памяцьцю аб першай і другой сусьветнымі войнамі. Таму перасьцярога насельніцтва будзе тычыцца таго, каб гэтая вайна не закранула нашую краіну”.
(Карбалевіч: ) “Ірацкі крызыс — гэта ня толькі канфлікт паміж Іракам і ЗША. Гэта сусьветны крызыс. Ягоны ўплыў на падзеі ў сьвеце будзе значным. А які ўплыў акажа гэты канфлікт на зьнешнюю і ўнутраную палітыку Беларусі?”
(Класкоўскі: ) “Найперш, трэба адзначыць, што ня будзе такіх жахлівых наступстваў, якія на днях намалявала адна аўстрыйская газэта. Яна напісала, што пасьля Іраку ЗША пачнуць разьбірацца зь Беларусьсю. Маўляў, празь некалькі месяцаў ледзь не амэрыканская марская пяхота будзе штурмаваць Менск. Натуральна, гэта глупства.
Але з-за ня вельмі разумнай замежнапалітычнай лініі можа зацягнуцца выхад Беларусі з ізаляцыі ці паўізаляцыі. Усё залежыць ад таго, ці зможа кіраўніцтва краіны адмовіцца ад старых стэрэатыпаў мысьленьня. Тых стэрэатыпаў, што паўтораныя ў сёньняшняй заяве МЗС.
Сёньня разбураецца ранейшая сыстэма сьветаўладкаваньня. Добра гэта ці дрэнна — іншая справа. Але ўсе заклікі беларускага МЗС спыніць вайну раўназначныя магчымасьці спыніць стралу. Вярнуцца за стол перамоваў, зноў вярнуць справу ў Раду бясьпекі ААН немагчыма. Трэба па-новаму асэнсоўваць сытуацыю, ролю, месца і шлях Беларусі ў новай сытуацыі. Зь іншага боку — гэта гістарычны шанец найхутчэй вызначыць сваё месца ў новым сьвеце”.
(Лагвінец: ) “Мне здаецца, што пасьля пэўных антыамэрыканскіх дэклярацыяў Беларусі варта будзе шукаць магчымасьцяў для наладжваньня дыялёгу з заходнімі краінамі”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, ірацкі крызыс акажа значны ўплыў на разьвіцьцё міжнародных працэсаў. Якое месца зойме Беларусь ў новай міжнароднай сытуацыі, у значнай ступені залежыць ад пазыцыі самой Беларусі. Ці здолее беларускае кіраўніцтва правільна асэнсаваць новую сытуацыю і выкарыстаць яе дзеля сваіх інтэрэсаў? Праз пэўны час мы атрымаем адказы на гэтыя пытаньні”.