Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Івашкевіч: “Кіроўны рэжым развальваецца, калі за апазыцыю галасуюць 70% выбарцаў”


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі зь Менску і намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, які адбывае пакараньне ў Баранавіцкай выпраўчай установе за зьнявагу гонару прэзыдэнта

(Валер Карбалевіч: ) “Выбары ў мясцовыя саветы набліжаюцца да фіналу. Ужо можна рабіць нейкія папярэднія высновы. Калі гаварыць у цэлым, то мясцовыя выбары праходзяць па тым жа сцэнары, што і мінулыя выбарчыя кампаніі: мясцовыя выбары 1999 году, выбары ў Палату прадстаўнікоў 2000 году, прэзыдэнцкія выбары 2001 году. Яны праходзяць пад жорсткім кантролем уладаў і ставяць за мэту правесьці ў дэпутаты толькі прадстаўнікоў прэзыдэнцкай вэртыкалі. Зьвяртаюць на сябе ўвагу падзеі, якія адбываюцца апошнія дні.

У чацьвер і пятніцу ўлады зрабілі чарговы ход у перадвыбарчай кампаніі. У Менску выбарчыя камісіі выключаюць з выбарчага працэсу, адмаўляюць у рэгістрацыі найбольш пэрспэктыўным кандыдатам ад апазыцыі й проста незалежным кандыдатам. Чаму менавіта зараз пачалася гэтая кампанія? Ці гэта даўно сплянаваная акцыя, ці гэта рэакцыя на эфэктыўную выбарчую кампанію, якую праводзяць гэтыя кандыдаты?”

(Аляксандар Дабравольскі: ) “Вышэйшая ўлада даручыла мяцовай уладзе правесьці выбары так, каб у мясцовыя саветы не патрапілі кандыдаты ад дэмакратычных партыяў. Менская ўлада правяла сацыялягічныя апытаньні па акругах. І 27 лютага самых папулярных дэмакратычных кандыдатаў зьнялі з выбарчай кампаніі. Яшчэ некалькіх кандыдатаў, напэўна, здымуць 28 лютага. Прычым адмяняюць рэгістрацыю па вельмі дзіўных прычынах.

Напрыклад, прадстаўніка АГП Яўгена Лабановіча зьнялі з выбараў за быццам бы выпуск лістоў да выбарцаў без выходных зьвестак. Хоць ён кожнае пісьмо падпісваў сам. А тое пісьмо, у выпуску якога яго абвінавацілі, было ксэракопіяй. Ён такіх не рассылаў.

Раісу Міхайлоўскую з БСДП “НГ” зьнялі з выбараў за тое, што яе плякат быў пакрыты поліэтыленам ад дажджу. І быццам бы яна затраціла свае сродкі на гэты поліэтылен, што забаронена заканадаўствам.

А рэйтынгі гэтых зьнятых кандыдатаў былі 60–65%. І ў кандыдатаў, якія прадстаўляюць уладу, ніякіх шанцаў не было”.

(Карбалевіч: ) “Улады чарговы раз выкарыстоўваюць датэрміновае галасаваньне. За першыя два дні па краіне прагаласавала 5,2% выбарцаў, а ў Віцебскай вобласьці — амаль 8%. Вядома, што датэрміновае галасаваньне — гэта зручны сродак падтрымкі кандыдатаў ад улады. Па ўсёй краіне выкарыстоўваецца адміністрацыйны прымус. На прадпрыемствах і ўстановах складаюць сьпісы, дзе адзначаюць тых, хто прагаласаваў датэрмінова, выдаюць заробкі ды іншае. А як гэты працэс адбываецца ў Баранавічах?”

(Віктар Івашкевіч: ) “У Баранавічах адбываецца тое, што, напэўна, па ўсёй Беларусі. Усе мясцовыя ўлады атрымалі аднолькавы загад: забясьпечыць высокія лічбы датэрміновага галасаваньня. Падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў 2000 году выбары ў Баранавічах не адбыліся. Кіраўнік гораду атрымаў вялізарны “наганяй”. Яму паабяцалі амаль крымінальную адказнасьць за паўтарэньне падобных праколаў. Таму апёкшыся на малацы, ён дзьме на ваду.

Зараз у Баранавічах людзям на працы выдаюць квіткі зь іх прозьвішчамі, якія яны павінны падпісаць у выбарчай камісіі, потым аднесьці й здаць свайму начальніку. Але гэта азлабляе людзей супраць улады. Гэта-па першае.

Па-другое, кандыдаты ад улады не імкнуцца выйграваць выбары. Людзі прызначаныя быць кандыдатамі пад прымусам. Палова кандыдатаў ад улады ў Баранавічах нават сваё пасьведчаньне кандыдата не забрала. Яны дзейнічаюць па прынцыпе: вы (улада) хацелі мяне вылучыць, дык і агітуйце за мяне самі.

Зразумела, што датэрміновае галасаваньне спрыяе фальсыфікацыям. Улада зараз нават ня ставіць пытаньне аб нейкім рэальным уплыве на людзей. Проста рыхтуюцца да фальсыфікацыяў”.

(Карбалевіч: ) “На падставе досьведу папярэдніх выбараў улады робяць усё, каб выбары адбыліся па ўсіх акругах, на выбарчыя ўчасткі зьявілася звыш 50% выбарцаў. Для гэтага ў буйных гарадах, напрыклад, у Менску, значна скарачаюць колькасьць выбарцаў. Навошта гэта трэба ўладам? Якія мэты яны ставяць перад сабой?”

(Дабравольскі: ) “Людзі страцілі давер да ўлады. Яны ня вераць, што з дапамогай улады можна штосьці зьмяніць. У насельніцтва зараз вялікая пасіўнасьць. І ўлада гэта ведае. Яна імкнецца правесьці выбары ў адзін тур.

Каб прызналі, што выбары адбыліся, улада зьмяншае колькасьць выбарцаў у некаторых акругах нават напалову і больш. Зьмяншэньне адбываецца за кошт тых людзей, якія не прыйшлі на выбарчыя ўчасткі падчас мінулых выбараў. Напрыклад, на адным участку, дзе балятаваўся кандыдат ад нашай партыі, налічваецца 1200 кватэраў, а выбарцаў у сьпісах толькі 850. На другім участку 960 кватэраў, а выбарцаў у сьпісах — 633. Атрымліваееца, што ў сярэднім у кожнай кватэры жыве менш, чым па адным чалавеку. Гэта немагчыма зразумець з пункту гледжаньня здаровага сэнсу.

Шмат выбарцаў не атрымлівае запрашэньне на выбары. Гэтыя людзі крыўдзяцца і кажуць: “Мы ня пойдзем галасаваць”. А ўладзе гэта якраз і трэба.

Назіраючы за тым, як праходзіць кампанія ня толькі ў Менску, але і ў іншых месцах, хачу канстатаваць, што кандыдаты ад улады ня ўмеюць і ня хочуць працаваць з выбарцамі. Увесь разьлік толькі на фальсыфікацыі”.

(Івашкевіч: ) “Напэўна ў штабе ў адміністрацыі прэзыдэнта прынялі рашэньне, што для таго, каб гэтыя выбары былі прызнаныя дэмакратычнымі АБСЭ, трэба, каб у іх паудзельнічалі апазыцыйныя кандыдаты. Гэта трохі адрозьніваецца ад сытуацыі 2000 году, калі тых апазыцыйных кандыдатаў, якія не падтрымалі байкот, а пайшлі на выбары, “зарэзалі” падчас рэгістрацыі. Зараз вырашылі частцы апазыцыянэраў даць магчымасьць паўдзельнічаць. Але альбо да галасаваньня, альбо ў выніку падліку галасоў у саветах не застанецца ніякіх незалежных дэпутатаў.

Можа, зробяць выключэньне для некалькіх чалавек. Ня ведаю, па якой сыстэме яны будуць адабраныя для дэманстрацыі дэмакратычнасьці.

Тое ж самае зь яўкай людзей на выбары. Улада хоча прадэманстраваць, што ніякага байкоту не адбылося (таму што, напрыклад, КХП БНФ праводзіць байкот), і народ выбраў прадстаўнікоў улады.

Так вырашылі ў цэнтры і далі ў агульным выглядзе загад мясцовай вэртыкалі. А мясцовыя начальнікі са страху, што іх пазвальняюць з працы ці “пасодзяць”, стараюцца як могуць, даводзячы ўсё да абсурду. Як звычайна ў любой таталітарнай сыстэме”.

(Карбалевіч: ) “Якія папярэднія высновы можна зрабіць з ходу гэтай выбарчай кампаніі? Якія ўрокі, досьвед можна вынесьці? На мой погляд, з кожнымі новымі выбарамі ўлады усё больш прафэсійна (калі можна ў гэтым выпадку ўжыць такое слова) праводзяць у дэпутаты сваіх людзей. Дзяржаўная выбарчая машына даведзеная амаль да аўтаматызму. Яна дзейнічае больш дыфэрэнцыявана ў залежнасьці ад рэгіёнаў і этапаў кампаніі.

І спадзяваньні дэмакратаў, што ва ўладаў ня хопіць сілаў закрыць вялізарную колькасьць выбарчых участкаў, ня спраўджваецца. Ці згодныя вы з такой высновай? І што можна зрабіць у такіх умовах апазыцыі? Якія захады можна супрацьпаставіць выбарчай машыне ўладаў?”

(Дабравольскі: ) “Відавочна, што ўлада наогул не зацікаўленая ў выяўленьні грамадзкай думкі і ў тым, каб у саветах былі прадстаўнікі розных палітычных сілаў. Яна хоча, каб там былі толькі яе прыхільнікі.

Апазыцыя ня ставіла задачу правядзеньня масіраванай кампаніі падчас мясцовых выбараў. У мясцовых саветах 24000 дэпутацкіх месцаў. Такой колькасьці кандыдатаў апазыцыя сёньня вылучыць не магла. Гэтыя выбары для апазыцыі былі спробай праверыць свае сілы й тактыку ўлады.

У выбарах у Палату прадстаўнікоў будзе толькі 110 акругаў. І ў апазыцыі будзе дастатковая колькасьць кандыдатаў, каб паставіць уладу ў цяжкае становішча. Таму што апазыцыйныя кандыдаты хочуць і могуць працаваць з выбарцамі. Чаго ня скажаш пра кандыдатаў ад улады. Яна ніколі ня слухала голасу народу і ня ставіла сабе такой мэты”.

(Івашкевіч: ) “Па-першае, БНФ пад сваёй маркай апошні раз удзельнічаў у выбарах восем гадоў таму, у 1995 годзе. Тады фронт атрымаў вялікую паразу. З тых часоў у сяброў Фронту ўзьнік комплекс нейкай сарамлівасьці за сваю абрэвіятуру, за свой брэнд. Людзі, маўляў, лічаць нас фашыстамі, у БНФ нізкі рэйтыг і іншае.

Гэтыя выбары, адкрыты ўдзел у іх нашых кандыдатаў пад сваёй шыльдай паказалі, што сёньня назва БНФ ня ёсьць чорнай меткай. Мала таго, сёньня гэта ёсьць плюсам, таму што людзі ведаюць гэтую абрэвіятуру. Я мяркую, што гэтая выбарчая кампанія паказвае пачатак развароту грамадзкай думкі ў іншы бок. Гэты ківач, які ў 1995 годзе хіснуўся ўлева, прайшоў нулявы пік і рухаецца ўправа. Нашыя людзі выйшлі нарэшце з падпольля. Гэтыя выбары зьнялі ў сяброў БНФ былыя комплексы.

Па-другое, усе дэмакратычныя рэвалюцыі ў Цэнтральнай Эўропе, якія адбываліся праз выбары, перамагалі пры ўмове, што за апазыцыю галасуе больш 70%. Пры такой умове кіроўны рэжым развальваецца, рассыпаецца. І фальсыфікацыі не спрацоўваюць.

Таму перад апазыцыяй зараз стаіць задача, прааналізаваўшы вынікі мясцовых выбараў, дамагчыся перад выбарамі ў Палату прадстаўнікоў такой сытуацыі, каб людзі галасавалі не за чалавека, а за марку апазыцыі. І тады нават шэранькі кандыдат (бо выбітных, напэўна, не зарэгіструюць), але маючы брэнд апазыцыі, атрымае тыя 70% пратэстнага электарату, якія галасуюць за зьмены.

І зараз, агульная задача апазыцыі — фармуляваньне гэтай агульнай апазыцыйнай маркі, якую б падтрымалі ўсе, хто не падтрымлівае рэжым”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, выбары ў мясцовыя саветы адбываюцца цалкам адпаведна прагнозам. Яны не зьяўляюцца ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі. Але канчатковыя высновы, урокі й досьведы мы зможам зрабіць праз больш працяглы час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG