Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы кіраўніцтва Беларусі й Расеі


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага інстытуту міжнародных стасункаў Кірыл Коктыш з Маквы і філёзаф Аляксандар Грыцанаў зь Менску

(Валер Карбалевіч: ) “На фоне леташніх скандалаў чарговыя перамовы кіраўніцтва Беларусі й Расеі, якія адбыліся ў Менску, праходзілі даволі сумна: руцінныя пытаньні, застарэлыя праблемы, пратакольныя мерапрыемствы. Стваралася ўражаньне нейкага паўтору. Абодва бакі рабілі акцэнт менавіта на эканамічныя праблемы. Здаецца, складваецца новы стыль сустрэчаў, для якога характэрны перанос акцэнту з публічнай палітыкі ў кулюарнае высьвятленьне стасункаў.

Таму першае пытаньне, якое хацеў бы прапанаваць на абмеркаваньне, такое. Адна справа, што самі кіраўнікі дзяржаваў і іх інфармацыйныя службы даводзілі да журналістаў, і другая справа, што яны абмяркоўвалі насамрэч. Якім было галоўнае пытаньне гэтых перамоваў, магчыма, схаванае ад грамадзкасьці?”

(Кірыл Коктыш: ) “Галоўным пытаньнем быў комплекс галоўных пытаньняў. Найперш гэта пытаньне аб стане беларускай эканомікі. Ступень старэньня яе асноўных вытворчых фондаў зьяўляецца крытычнай. І стан эканомікі зьяўляецца адзінай падставай для Беларусі сябраваць з Расеяй. Ніякай іншай аб’ектыўнай падставы няма. І мне здаецца, што намаганьні і Беларусі, і Расеі ў гэтым годзе будуць скіраваныя менавіта на гэта.

Расея ўступае ў перадвыбарчы год. Таму “згубіць” Беларусь у гэтым годзе Пуцін ня можа. Расейскі выбарац яму гэтага не даруе. Таму асноўныя намаганьні з боку Масквы будуць арыентаваныя на тое, каб адкласьці вырашэньне праблемаў у двухбаковых дачыненьнях. Таму што вырашыць іх, нават пры намаганьні абодвух бакоў, наўрад ці можна кардынальна”.

(Аляксандар Грыцанаў: ) “На маю думку, апошнія гады і Пуцін, і Лукашэнка працуюць у рэжыме выратавальнай каманды ў пэрыяд землятрусу. Яны ня могуць сплянаваць нейкіх стратэгічных задачаў, ня могуць вырашаць нейкіх стратэгічных пытаньняў, ня могуць плянаваць стратэгічных мэтаў.

Зараз у Беларусі пачынаецца пэрыяд татальнай прыватызацыі, у тым ліку буйных прадпрыемстваў. І ад гэтай праблемы нікуды не ўратуесься. А гэта вялікая адказнасьць: эканамічная, палітычная, юрыдычная, крымінальная. Прыватызацыя — гэта заўсёды крызыс, беспрацоўе і г.д. І Лукашэнка плянуе падзяліцца гэтай адказнасьцю з Пуціным. Такім чынам, і прыватызацыю правесьці, адказваючы на крытыку Захаду, і адказнасьць за ўсе наступствы перакласьці на Расею.

Лукашэнка — вялікі мастак перакладаць сваю віну на другіх. Ён будзе тлумачыць, што мы такой прыватызацыі не хацелі, нас прымусіла Расея, прыватызацыя адбываецца па расейскім сцэнары, і я ні ў чым не вінаваты. Мне падаецца, што гэта і было галоўнай тэмай сёньняшняй размовы Пуціна і Лукашэнкі”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Грыцанаў выказаў думку, што ў кіраўніцтва абедзьвюх дзяржаваў няма стратэгіі разьвіцьця інтэграцыі. Але ствараецца ўражаньне, што зараз у Крамля такая стратэгія зьяўляецца.

На мой погляд, гэтая стратэгія наступная. Лукашэнку патрэбны трэці тэрмін. І за расейскую падтрымку ў рэалізацыі яго плянаў ён павінен чымсьці заплаціць. І ці не здаецца вам, што прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў з удзелам расейскага капіталу, плюс пераход Беларусі на расейскі рубель — гэта і ёсьць цана за трэці тэрмін? Невыпадкова і Лукашэнка, і Пуцін (асабліва Пуцін) акцэнтавалі ўвагу на гэтай праблеме падчас сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ”.

(Коктыш: ) “Я б ня ставіўся надта сур’ёзна, як да прыватызацыі, так і да аб’яднаньня грашовых сыстэмаў. У мяне ёсьць вялікія сумненьні, што кампанія прыватызацыі пойдзе далей дэклярацыяў ці двух-трох прыватызаваных прадпрыемстваў. Пытаньне аб увядзеньні адзінай валюты таксама мне падаецца ня надта рэалістычным, прынамсі ў вызначаныя тэрміны. Усе гэтыя падзеі будуць праходзіць з мэтай піяру, а не на ўзроўні рэальнай палітыкі.

Нагадаю, што ў Расеі ўжо пачала дзейнічаць перадвыбарчая лёгіка. Праз адзін-два месяцы гэтая лёгіка будзе дамінаваць ва ўсіх унутрыпалітычных і замежнапалітычных стасунках, усім палітычным разьвіцьці. І Расея ня пойдзе далей таго, што патрэбна ў межах перадвыбарчай кампаніі.

Пераход да адзінай валюты будзе надта вялікім ударам па расейскай эканоміцы. І я ня бачу ў Расеі зараз такіх эканамічных, фінансавых рэзэрваў і магутнасьцяў, якія б маглі забясьпечыць рэалізацыю значных інтэграцыйных плянаў.

З другога боку, Лукашэнка зусім не гатовы дэлегаваць паўнамоцтвы Нацбанку Беларусі Цэнтрабанку Расеі. Пуцін таксама ніколі ня пойдзе на рашэньне аб існаваньні двух эмісійных цэнтраў. А пакуль гэтае пытаньне ня вырашанае, існаваньне адзінай валюты наўрад ці будзе магчымым. Магчымыя толькі варыянты той ці іншай прывязкі беларускага рубля да расейскага. І ня больш за тое. Інакш кажучы, сытуацыя кардынальным чынам ня зьменіцца. Але дэклярацыяў будзе вельмі шмат.

Яшчэ раз нагадаю, што беларуска-расейскі саюз патрэбны Пуціну на сёньня, на гэты год як чыньнік перадвыбарчай кампаніі. Зразумела, існуюць і стратэгічныя інтарэсы Расеі ў Беларусі, але яны ня будуць уплываць на палітыку Расеі ў гэтым годзе”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы адзначыць, што, на мой погляд, пераход Беларусі на расейскі рубель робіць аб’яднаньне дзьвюх дзяржаваў у адну ўжо незваротным. І мне здаецца, што дзеля дасягненьня такой мэты Расея можа пайсьці нават на пэўныя эканамічныя ахвяры”.

(Грыцанаў: ) “Я ня бачу ў гэтай ідэі ніякіх гарантыяў асабіста для Лукашэнкі. Я лічу, што ў яго зараз наогул няма магчымасьці абмяркоўваць праблему аб сваім чарговым (а ня толькі трэцім) тэрміне знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта. Галоўнае, Лукашэнку няма з кім абмяркоўваць гэтую праблему. Як гэта ні фантастычна гучыць, яшчэ невядома, ці будзе Пуцін зноў выбраны прэзыдэнтам Расеі. Таму што гэта вырашаецца ня толькі ў Расеі, але і ў Вашынгтоне, залежыць ад падзеяў вакол Іраку і гэтак далей.

Я згодны з Коктышам, што зараз пачынаецца вялікая піяр-кампанія. І абодва прэзыдэнты будуць рабіць хады для захаваньня сваёй улады.

У Расеі, сярод яе эліты, інтэлігенцыі пануе меркаваньне, што беларусы хочуць уліцца ў Расею. Расея хварэе комплексам СССР і задаволеная, што хоць адна дзяржава марыць зь ёй аб’яднацца. Таму для Пуціна, для яго палітычнага блёку, які рыхтуецца да выбараў у Дзярждуму, “беларуская карта” больш важная, чым нават для Лукашэнкі. Таму будзе і піяр, будзе і прыватызацыя”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, працэс інтэграцыі прыняў характар руху па колу. Але магчыма і вельмі верагодна, што гэта нейкая падрыхтоўка да хуткага паскарэньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG