Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральнае пагадненьне паміж урадам, прафсаюзамі і наймальнікамі: сацыяльнае партнэрства ці яго імітацыя?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і журналіст Інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Сяргей Пульша

(Валер Карбалевіч: ) “Днямі падпісанае генэральнае пагадненьне паміж урадам, Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі й саюзам наймальнікаў. Інстытут сацыяльнага партнэрства, альбо сыстэма трыпартызму — звыклая зьява для дэмакратычных краінаў з рынкавай эканомікай. Прадстаўнікі наёмных работнікаў і наймальнікаў з удзелам дзяржавы дамаўляюцца аб умовах партнэрства, правілах гульні, бяруць на сябе пэўныя абавязкі.

Аднак існуе вялікае адрозьненьне беларускай мадэлі сацыяльнага партнэрства ад эўрапейскай. Неабходнай умовай рэальнай і эфэктыўнай сыстэмы трыпартызму зьяўляецца існаваньне моцных і незалежных сацыяльных партнэраў, як гэта адбываецца ў Эўропе. У Беларусі ж удзельнікамі трохбаковых пагадненьняў зьяўляецца ўрад, абдзяржаўленыя прафсаюзы і наймальнікі, якія прадстаўляюць сабою ў асноўным дырэктарат дзяржаўных прадпрыемстваў. Інакш кажучы, дэ-факта тры дзяржаўныя інстытуты падпісваюць паміж сабою пагадненьне.

Ці не здаецца вам гэтая сытуацыя ненатуральнай? Мо яна ставіць пад сумненьне сам сэнс інстытуту сацыяльнага партнэрства наогул і генэральнага пагадненьня ў прыватнасьці?”

(Аляксандар Ярашук: ) “Я з Вамі цалкам згодны. Працуючы ў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, я шэраг гадоў зьяўляўся сябром Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаньнях і добра знаёмы з функцыянаваньнем гэтай сыстэмы. Таму можна прыйсьці да высновы, што на самой справе гэта імітацыя сацыяльнага партнэрства. Гэта яшчэ адна “пацёмкінская вёска”, якіх апошнія гады шмат пабудавана ў нашай краіне”.

(Сяргей Пульша: ) “Я таксама згодны з такім меркаваньнем. Наогул, я лічу, што дзяржаўныя прафсаюзы — гэта ўжо нонсэнс. Людзі, якія працуюць у дзяржаўнай структуры, будуць абараняць інтарэсы дзяржавы. А інтарэсы працоўных і інтарэсы дзяржавы ў значнай ступені розныя рэчы. Таму афіцыйны дзяржаўны прафсаюз ня ў стане абараніць працоўных людзей”.

(Карбалевіч: ) “ФПБ спрабуе манапалізваваць прадстаўніцтва інтарэсаў працоўных. Гэта праяўляецца ў тым, што генэральнае пагадненьне абараняе толькі сяброў прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Фэдэрацыю. На астатніх працаўнікоў аналягічныя правы могуць быць распаўсюджаныя толькі са згоды прафсаюзных кіраўнікоў.

Зь іншага боку, старшыня ФПБ Козік падпісаў генэральнае пагадненьне ад імя ўсіх прафсаюзаў Беларусі, хоць другі прафсаюзны цэнтар, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, не запрасілі да распрацоўкі і падпісаньня гэтага дакумэнта. Чаму Фэдэрацыя прафсаюзаў імкнецца манапалізаваць прадстаўніцтва ўсіх наёмных работнікаў?”

(Ярашук: ) “Тут адбываецца вельмі цікавая рэч. Згодна з палажэньнем аб Нацыянальнай радзе па працоўных і сацыяльных пытаньнях, ФПБ павінна дасылаць на адрас нашага прафцэнтру ўсе дакумэнты, якія абмяркоўваюццца ў радзе, інфармаваць аб яе чарговым паседжаньні. Але гэтага не адбываецца. Мы з другіх крыніцаў атрымалі падпісанае генэральнае пагадненьне.

Незалежныя прафсаюзы былі цалкам выключаныя з працы над дапаўненьнямі ў генэральнае пагадненьне. Але фармально ніхто не прымаў нейкага дакумэнта аб выключэньні нашых прадстаўнікоў з Нацыянальнай рады, з працэсу сацыяльнага партнэрства. Таму мы напісалі адпаведныя лісты на адрас трох сустаршыняў Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаньнях. Мы папярэдзілі, што калі нас выключаюць з гэтага працэсу, то мы будзем дасылаць скаргу на адрас Міжнароднай арганізацыі працы”.

(Пульша: ) “Так, сапраўды адбываецца манапалізацыя ФПБ усяго прафсаюзнага поля. Уся гісторыя падпісаньня генэральнага пагадненьня сьведчыць аб выключэньні незалежных прафсаюзаў з сыстэмнага прафсаюзнага руху”.

(Карбалевіч: ) “Здаецца, назіраецца яшчэ адна цікавая тэндэнцыя. ФПБ спрабуе перацягнуць на сябе ўладную коўдру ня толькі ад незалежных прафсаюзаў, але і ад іншых дзяржаўных структураў. Аб гэтым сьведчаць такія палажэньні генэральнага пагадненьня. Прафсаюзы, якія ўваходзяць у ФПБ, маюць права бясплатна карыстацца памяшканьнямі, транспартам, сувязьзю за кошт тых прадпрыемстваў, на якіх яны працуюць. Прафсаюзнага работніка нельга звольніць з працы бяз згоды вышэйшай прафсаюзнай інстанцыі. ФПБ атрымала права распрацоўкі прававых актаў і прапановы іх дзяржаўным інстытутам.

Прыклады можна працягваць. Усе яны сьведчаць аб тым, што карпаратыўныя інтарэсы прафсаюзнай бюракратыі, аб’яднанай пад дахам ФПБ, зараз пачынаюць дамінаваць над інтарэсамі іншых бюракратычных структураў. Ці згодныя ыы з існаваньнем такой тэндэнцыі?”

(Ярашук: ) “Безумоўна, гэта так. Раней я асьцярожна падыходзіў да ацэнак таго, што адбываецца з ФПБ, спадзяваўся, што яна цалкам не ператворыцца ў дзяржаўную структуру. Але зараз сумненьняў амаль не засталося. Фэдэрацыя абдзяржавілася, ператварылася ў структуру з пэўнымі агрэсіўнымі рысамі. Мне вельмі шкада, што так адбываецца. Я прадбачу незайздросны канец і незайздросны лёс, які чакае гэтую арганізацыю”.

(Пульша: ) “Уплыў ФПБ на сацыяльныя працэсы ўзмацняецца і будзе ўзмацняцца далей. Зараз яна мае больш паўнамоцтваў, чым нават Нацыянальны сход. Пры Савеце Фэдэрацыі фактычна ствараецца законатворчы цэнтар, які будзе распрацоўваць прававыя акты і прапаноўваць іх кіраўніку дзяржавы, Нацыянальнаму сходу і іншым дзяржаўным органам. Гэта тычыцца і дзяржаўнай падтрымкі яе сувязьзю, транспартам, памяшканьнямі.

Але пры гэтым ФПБ страчвае рысы прафцэнтру. Гэтае пераразьмеркаваньне паўнамоцтваў вядзе да таго, што прафсаюзныя дзеячы будуць дзяліць гэтыя памяшканьні, разьмяркоўваць ільготы. Інакш кажучы, працаваць так, як працавалі прафсаюзы ў савецкі час. Сапраўдная абарона правоў і інтарэсаў сваіх шараговых сяброў застанецца ў іх дзейнасьці недзе збоку”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, падпісаньне генэральнага пагадненьня дазваляе нам зрабіць наступныя высновы. Па-першае, адбываецца манапалізацыя ФПБ права выступаць ад імя ўсіх наёмных работнікаў.

Па-другое, гэта сьведчыць аб тым, што зьяўляецца новы цэнтар уплыву, павышаецца роля ФПБ, але не як прадстаўніка інтарэсаў наёмных работнікаў, а як органу абароны карпаратыўных інтарэсаў прафсаюзнай бюракратыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG