Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спыненьне рэтрансьляцыі праграмаў расейскіх радыёстанцыяў “Маяк”, “Голос России” і “Юность”


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: палітоляг, галоўны рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль і галоўны рэдактар часопісу “Архэ” Валер Булгакаў

(Віталь Цыганкоў: ) “У беларускім ультракароткім хвалевым дыяпазоне спыняецца рэтрансьляцыя праграмаў расейскіх радыёстанцыяў “Маяк”, “Голос России” і “Юность”. Як адзначаецца ў прэс-рэлізе аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю “Белтэлерадыёкампаніі”, такое рашэньне прынятае “ў сувязі з разьвіцьцём рэгіянальнага радыёвяшчаньня, а таксама пашырэньнем вяшчаньня радыёстанцыі “Сталiца”.

На перадатчыках, што выкарыстоўваліся для рэтрансьляцыі расейскіх радыёстанцыяў, цяпер будзе трансьлявацца праграма радыёстанцыі “Сталiца” і перадачы абласнога радыё. З-за недахопу сродкаў беларускага бюджэту расейскія радыёстанцыі “могуць самастойна паклапаціцца аб распаўсюдзе ўласных праграмаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

А намесьнік міністра інфармацыі Беларусі Сяргей Булацкі заявіў, што сёлета ўвогуле зьменіцца канцэпцыя працы расейскіх радыёстанцыяў. “Цалкам расейскіх радыёстанцыяў ня будзе, — сказаў ён. — Калі на беларускую інфармацыйную прастору прыйдзе расейская радыёстанцыя, то пэўны працэнт яе вяшчання (30–40% альбо нават 50%) будзе беларускім”.

Ці можна гэтую інфармацыю назваць яшчэ адным зьвяном у ланцугу таго працэсу, які адбываўся ў 2002 годзе і працягваецца зараз — беларускае кіраўніцтва імкнецца абараніць сваю інфармацыйную прастору ад расейскіх мэдыяў. Наколькі, на вашую думку, гэта ўдаецца?”

(Аляксей Кароль: ) “Мяркую, гэта можна назваць яшчэ адным цьвіком у палітыку інтэграцыі, якую праводзіў Лукашэнка. Гэта росьпіс у тым, што яна не ўдалася, была памылковай і пацярпела крах. Разам з тым, гэта яшчэ адзін крок у тэндэнцыі да абмежаваньня ўплыву расейскіх СМІ на Беларусь. І гэта робіцца ня дзеля ўмацаваньня незалежнасьці й сувэрэнітэту, а дзеля абароны сваёй інфармацыйнай прасторы ў парлямэнцкіх, а потым і прэзыдэнцкіх выбарах. Мера прэвэнтыўная, якая прынятая загадзя, але тэндэнцыя яскрава акрэсьленая.

Разам з тым, я б не казаў, што гэта канчатковае рашэньне. Гэта можа стаць і прадметам гандлю з Масквой з боку Лукашэнкі. Зараз прыціснуць , прыкрыць, але потым на пэўных умовах адступіць дзеля маскоўскай падтрымкі на выбарах у працэсе барацьбы за ўласную ўладу.

Так што Лукашэнка, я думаю, ніколі ня стане сапраўдным незалежнікам і дэмакратам. Ягоная мэта адзіная — захаваньне сваёй улады. І гэта ёсьць крытэр, паводле якога трэба вымяраць у тым ліку і крокі па абмежаваньні расейскіх мэдыяў”.

(Цыганкоў: ) “Калісь рашэньне пра адкрыцьцё другога нацыянальнага каналу прымалася на працягу некалькіх гадоў, а цяпер падзеі разьвіваюцца надзвычай хутка. Ці сапраўды спыненьне рэтрансьляцыі расейскіх радыёстанцыяў — тактычны крок, ці беларускі рэжым прыняў за стратэгічную мэту будаваньне ўласнага інфармацыйнага поля і абарону ад інфармацыйнага расейскага поля?”

(Валер Булгакаў: ) “Я б напачатку не пагадзіўся са спадаром Каралём у тым сэнсе, што Лукашэнка ня ёсьць незалежнікам. На мой пагляд, у лукашэнкаўскай палітыцы можна бачыць пэўныя незалежніцкія памкненьні, адзінае, што гэтая канцэпцыя незалежнасьці — тыпова эўразійская, не эўрапейская. Тыя захады, сьведкамі якіх мы сталі, сапраўды ня надта спрыяюць умацаваньню нацыянальнай сьвядомасьці ў інфармацыйнай прасторы. Тое, што да нас прыйшоў новы канал, АНТ, не дадало хіба што прыхільнікаў беларускай мове і культуры ў нашым грамадзтве.

Сытуацыя з радыёстанцыямі трошкі іншая. Нібыта намінальна на зьмену расейскамоўнаму вяшчаньню прыходзіць беларускамоўнае, але ізноў-такі падрабязнасьцяў мы да канца ня ведаем, і пры ўсім стаўленьні да беларускай культуры з боку адміністрацыі прэзыдэнта сытуацыя можа хутка перакуліцца.

Так што я б расцэньваў гэта як пэўную праяву нацыяналізацыі беларускага інфармацыйнага рынку. Натуральна, яна спрыяе не клясычнай беларускай незалежнасьці так, як мы гэта бачым, — з дамінаваньнем нацыянальнай культуры і мовы у інфармацыйнай прасторы. Але адначасова міжволі гэты крок умацоўвае інфармацыйны сувэрэнітэт краіны.

Спадар Кароль вельмі слушна кажа, што гэтае рашэньне можа быць прадметам гандлю, яно можа быць адкліканае альбо досыць істотна зьмененае. Бо летась ужо былі спробы абмежаваць эфір расейскіх радыёстанцыяў у Беларусі, якія былі пасьля дэзавуяваныя пасьля сустрэчаў у Маскве. Так што небясьпека адмены гэтых сёньняшніх рашэньняў застаецца”.

(Цыганкоў: ) “Ці па-ранейшаму беларускія дзяржаўныя мэдыі моцна ўплываюць на масавую сьвядомасьць? Ці ёсьць эфэкт ад іхнай дзейнасьці?”

(Кароль: ) “Безумоўна, беларускія дзяржаўныя мэдыі ўплываюць на думку электарату, і асабліва тэлебачаньне. І асабліва АНТ, бо глядач яго разглядае як працяг ОРТ, “першай кнопкі”. І зьяўленьне апазыцыйнага палітыка на АНТ... Мяне зьдзівіла, калі многія кажуць, “мы цябе бачылі”. І няважна, што там пра яго кажуць, і як камэнтуюць, галоўнае — ён там зьявіўся, значыць, ён уплывовая асоба. У гэтым сэнсе палітыка адміністрацыі зараз больш разумная, чым была раней.

Але трэба адзначыць яшчэ адну тэндэнцыю — закрываюцца незалежныя СМІ, і замест іх ствараюцца нібы незалежныя мэдыі, але ў тым самым фармаце. Клясычны прыклад — калі “Свободные новости” задушылі, а зьявіўся штотыднёвік “Обозреватель”.

Што тычыцца даверу і недаверу, то паводле апошніх апытаньняў, давер да дзяржаўных і незалежных СМІ прыблізна роўны. Паўплываць на гэтую сытуацыю магчыма толькі праз пашырэньне незалежнай прэсы і асабліва электроннай”.

(Цыганкоў: ) “Восеньню беларускія дзяржаўныя СМІ перайшлі на пазыцыю сувэрэнітэту і канфлікту з Крамлём. Паводле сацыялёгаў, электарат Аляксандра Лукашэнкі ў асноўным падтрымаў яго ў гэтым павароце да фактычна антырасейскіх пазыцыяў. Ці будзе працягвацца такая “сувэрэнітэтная” палітыка ў беларускіх дзяржаўных мэдыях, ці гэта было толькі патрабаваньнем моманту, і больш мы гэтага не пабачым, не пачуем?”

(Булгакаў: ) “Інтэграцыйная рыторыка досыць неўміручая. Ня будзе ніякай супярэчнасьці, калі пры фактычных захадах, накіраваных на сувэрэнізацыю рынку электронных СМІ, у дзяржаўных мэдыях будзе працягвацца рыторыка пра братэрства Беларусі й Расеі, эканамічнае, вайсковае ды іншае збліжэньне, і пра вечную дружбу з аб’яднаньнем. Таму, на мой пагляд, прынамсі, у кароткачасовай палітычнай пэрспэктыве інтэграцыйная рыторыка захаваецца. Але адначасова будуць рабіцца мэтавыя і адрасныя захады, скіраваныя на трасфармацыю рынку СМІ.

Рынак друкаваных мэдыяў паводле накладаў зараз амаль цалкам кантралюецца адміністрацыяй, рынак электронных СМІ цягам апошняга году зазнаў даволі істотны перападзел у бок павелічэньня беларускага інфармацыйнага ўплыву, і нарэшце, надышла чарга радыйных СМІ”.

(Цыганкоў: ) “Тое, што беларуская дзяржава павялічвае долю сваіх мэдыяў у інфармацыйным полі і памяншае долю расейскіх, — ці можна гэта назваць працэсам станоўчым? Бо ў пэўны момант, калі Аляксандар Лукашэнка ня будзе кіраўніком дзяржавы, усе гэтыя мэдыі будуць павернутыя ў іншы бок, прыватызваныя і гэтак далей...”

(Кароль: ) “Стратэгічна, безумоўна, гэта было б добра, але калі б гэта рабілася на нармальнай аснове. Калі б пашыралася сетка электронных СМІ за кошт незалежных, прыватных каналаў, як гэта робіцца ва ўсім сьвеце. Масква яшчэ канчаткова ня вызначылася з падтрымкай альбо непадтрымкай Аляксандра Лукашэнкі. І калі яна яго падтрымае, то, я думаю, усё вернецца на “кругі свае”, і будуць дапушчаныя зноў расейскія мэдыі.

Цяпер мы назіраем па сутнасьці крах ідэалёгіі настальгіі. Кажуць, што ў рэжыму Лукашэнкі не было ідэалёгіі. Яна была. Гэта ідэалёгія настальгіі па былых часах, у тым ліку па аднаўленьні былой савецкай дзяржавы. Усё. Гэты запас ідэалягічнай трываласьці рэжыму вычарпаны, у чым расьпісаўся і сам Лукашэнка”.

(Цыганкоў: ) “Ці могуць утварыцца такія палітычныя ўмовы, што дзяржава ня будзе бачыць у незалежнай прэсе свайго ворага і кіне зь ёй змагацца?”

(Булгакаў: ) “Беларускі палітычны рэжым досыць аўтарытарны і накіраваны на вынішчэньне ўсіх колькі-небудзь значных палітычных актораў на палітычнай сцэне — ці то намэнклятура альбо незалежная апазыцыя дэмакратычнай арыентацыі. Таму незалежная прэса — гэта заўсёды была такая дубіна ў воку цяперашняга рэжыму.

Відаць, будзе працягвацца сёньняшная пазыцыя адміністрацыі. Яны будуць дазваляць існаваць у невялікай колькасьці незалежнай прэсе ў сэгмэнце друкаваных мэдыяў, але адначасова рэжым будзе блякаваць усе спробы разгарнуць электронныя альбо радыйныя незалежныя мэдыі”.

(Кароль: ) “Ціск супраць незалежнай прэсы будзе працягвацца. Больш таго, створаныя прэцэдэнты для адкрытага перасьледу незалежных журналістаў. Можна спрагназаваць наступны крок — незалежныя газэты будуць закрывацца, і незалежныя журналісты будуць перасьледавацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG