Удзельнікі: старшыня Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяна Процька, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч
(Віталь Цыганкоў: ) “Адным з галоўных дасягненьняў у сваёй дзейнасьці сёньняшняя ўлада часта называе міжканфэсійны мір у Беларусі. Што можа перашкодзіць гэтаму міру, якія чыньнікі могуць пагоршыць альбо палепшыць сытуацыю? Што павінна рабіць улада, каб не дапусьціць нават магчымасьці разгараньня канфлікту?”
(Тацяна Процька: ) “Сапраўды, у нашай краіне мы не заўважаем такіх міжканфэсійных адносінаў, якія разглядаліся б вернікамі як процілегласьці. Людзі ў адной вёсцы, адным горадзе мірна існуюць і любяць свайго Бога. Але ёсьць праблема паміж той ці іншай канфэсіяй і дзяржавай. І тут сытуацыя, якую мы, праваабаронцы, вызначаем як вельмі небясьпечную. Няма міру паміж дзяржавай і канфэсіямі”.
(Цыганкоў: ) “Уладзімер, калі вы згодныя з гэтым цьверджаньнем, то зь якога боку тут памылка? Што дзяржава робіць ня так у стасунках з канфэсіямі?”
(Уладзімер Мацкевіч: ) “Так, я згодны з Тацянай — няма ў нас канфлікту паміж канфэсіямі. Міжканфэсійнай варожасьці ў Беларусі не назіраецца. Але сапраўды ёсьць канфлікты й непаразуменьні паміж дзяржавай і канфэсіямі. Прычым — усімі канфэсіямі, у тым ліку і той, якая сёньня адкрыта дзяржавай падтрымліваецца. Падтрымліваецца не як дзяржаўная рэлігія, але як ідэалягічны падмурак сёьнняшняй улады — гэта праваслаўе.
Больш за 200 гадоў прынцыпам існаваньня сучаснай дзяржавы ёсьць аддзяленьне царквы ад дзяржавы. У Беларусі гэтага няма. І калі асобныя дзяржаўныя чыноўнікі ўмешваюцца ў царкоўныя справы, калі займаюць той ці іншы бок у рэлігійных спрэчках — гэта недапушчальна. Гэта альбо анахранізм, перажытак, альбо падстава да таталітарызму. Бо няма больш магутнай ідэалёгіі, чым рэлігійная. І калі дзяржава падтрымлівае адну з канфэсіяў, яна проста робіць крок да таталітарызму, усталяваньня адзінай, прычым вельмі неталерантнай ідэалёгіі”.
(Цыганкоў: ) “Відавочна, што беларуская дзяржава цяпер аддае перавагу праваслаўнай царкве. Як вы ацэньваеце гэты факт?”
(Процька: ) “Разумееце, дзяржава, як сказана ў нашай Канстытуцыі, мае магчымасьць падтрымліваць тую ці іншую канфэсію, зыходзячы з таго, што яна традыцыйная альбо мае вялікі ўплыў на разьвіцьцё культуры народу і гэтак далей. І ў прынцыпе, тут няма ніякай праблемы, бо ў іншых краінах такая сытуацыя мае месца.
Нашае кіраўніцтва любіць прыводзіць гэтыя прыклады — Даніі, Швэцыі, некаторых іншых цывілізаваных эўрапейскіх дзяржаваў. Аднак там людзі, якія належыаць да іншых, “недзяржаўных”, веравызнаньняў ня маюць ніякіх перашкодаў выконваць свае рэлігійныя абрады, вызнаваць тую ці іншую рэлігію. Нават у школах, дзе ёсьць рэлігійнае навучаньне, кожны бацька можа вызначыць, якой рэлігіі ягонае дзіця будзе навучацца, і школа абавязаная знайсьці такога выкладчыка.
А ў нас тое, што дзяржава выбірае нейкую прывілеяваную канфэсію, ідзе паралельна зь дзяржаўным уціскам іншых канфэсіяў. Гэта ў першую чаргу пратэстанты. Храмаў сваіх уласных у іх мала, а зьняць памяшканьне дазволу няма. Узьнікае напружанасьць. Калі людзі зьбіраюцца недзе без дазволу, прыходзіць міліцыя і кажа, што тут адбываюцца несанкцыянаваныя дзеяньні. Так што галоўная прычына ня ў тым, што нейкая канфэсія выдзяляецца, а ў тым, што на іншыя канфэсіі аказваецца ўціск”.
(Цыганкоў: ) “Сёньня найхутчэй разьвіваюцца ў Беларусі менавіта розныя плыні пратэстанцкай канфэсіі — баптысты, эвангелісты, гэтак далей. Чаму беларуская дзяржава ў гэтым працэсе бачыць нейкую пагрозу сабе? Былі прынятыя зьмены з закон аб рэлігіях, ды й агульны настрой дзяржаўнай прэсы такі, што рост пратэстанцкіх грамадаў нясе пагрозу Беларусі”.
(Мацкевіч: ) “Мне здаецца, усё вельмі проста. Розныя рэлігіі маюць розныя сацыяльныя і грамадзкія канцэпцыі свайго існаваньня. Не адкрыю Амэрыкі, што менавіта ў рамках пратэстанцкага веравызнаньня і ўсьведамленьня нарадзіўся прынцып свабоды сумленьня. Менавіта пратэстанты настойваюць на тым, што вера і сьвядомасьць чалавека — гэтая ягоная асабістая і прыватная справа. Дзяржава ня мусіць уплываць на духоўнае жыцьцё і разьвіцьцё сьвядомасьці чалавека.
А праваслаўная царква кіруецца прынцыпам, які быў сфармаваны яшчэ ў час Бізантыйскай імпэрыі. Гэта прынцып “сымфоніі”, альбо сугучнасьці дзяржавы й царквы. Таму кіраўнікі праваслаўнай царквы і дзяржавы ўзгадняюць уласную палітыку, карыстаюцца падтрымкай адзін аднаго і гэтак далей.
Таму існуе такая спакуса дзяржавы выкарыстаць тыя веравызнаньні, якія могуць гэтую дзяржаву падтрымаць. Тады як пратэстанцкая канфэсія лібэральная, індывідуалістычная, спрыяе станаўленьню свабоднай асобы і свабоднага сумленьня. І гэта ўстаноўка на свабоду, канечне, не спрыяе таму, што сёньняшняя беларуская ўлада можа падтрымлвіваць менавіта гэтую рэлігію”.
(Цыганкоў: ) “У сёньняшнім саюзе праваслаўя і беларускай ўлады — хто ў ім больш выйграе, а хто прайграе?”
(Процька: ) “З аднаго боку, падаецца, што выйграе царква. Робіцца шмат з таго, што на маю думку, павінна рабіцца ў дзяржаве. Праваслаўная царква выступае ініцыятарам увядзеньня рэлігійнай адукацыі ў школах, што вельмі добра. Паколькі яна карыстаецца прыярытэтам у дзяржаве, то можа больш зрабіць за іншыя канфэсіі.
Але тут узьнікае і спакуса для герархаў праваслаўнай царквы вырашаць свае ўнутраныя праблемы з дапамогай усёй моцы дзяржавы. Напрыклад, пытаньне, ці трэба рэгістраваць Аўтакефальную праваслаўную царкву. І канечне, калі Руская праваслаўная царква паводзіць сябе такім чынам, яна губляе тых вернікаў, якія з болем у душы глядзяць на такія дзеяньні сьвятароў і герархаў”.
(Мацкевіч: ) “З майго пункту гледжаньня, такія дачыненьні царквы і дзяржавы шкодзяць усім удзельнікам гэтых дачыненьняў. Недапушчальнае рэлігійнае выхаваньне ў школе. Хай сабе будзе нядзельная школка, гурткі і так далей, але ў цэлым школа — гэта сьвецкая ўстанова, і царква павінна быць убаку ад гэтай справы.
Па-другое, праваслаўная царква вельмі кансэрватыўная. Яна амаль не мяняецца, не разьвіваецца менавіта таму што падтрымліваецца дзяржавай і дзяржава выкарыстоўвае гэтую царкву. Рух аднаўленьня ў праваслаўнай царкве стрымліваецца менавіта тым, што дзяржава падтрымлівае кансэрватыўную плыню ў царкве.
Царква, як іншыя грамадзкія інстытуты, павінна адпавядаць часу, разьвівацца. І калі дзяржава ўмешваецца ў гэта, надае пэўную моц адной групоўцы ўнутры царквы і перашкаджае іншай, яна тым самым перашкаджае разьвіцьцю гэтай канфэсііі. Ну і дзяржаве гэта таксама шкодзіць, бо шмат вернікаў іншых канфэсіяў, калі яны бачаць лучнасьць дзяржавы толькі з адной канфэсіяй, адхіляюцца ад дзяржавы. Гэта хіба для патрыятызму, для тых адносінаў, якія павінен мець грамадзянін да сваёй дзяржавы”.
(Процька: ) “Руская праваслаўная царква нездарма ў замежжы называецца артадаксальнай. Галоўны гонар гэтай царквы ў тым, што яна лепш за іншых захавала тое, што было 2000 гадоў таму. Таму вельмі спрэчна, ці патрэбныя абнаўленьні гэтай царкве...”
(Мацкевіч: ) “Дык хай сама царква вырашае гэта, а не дзяржава”.
(Процька: ) “Тут я згодная на 100 адсоткаў. Гэта не пытаньне дзяржавы — ці патрэбнае манаства, павінна быць вялікая роля манаства альбо меншая, ці трэба даць дазвол жаніцца ксяндзам, і гэтак далей...”
(Цыганкоў: ) “Калі прэзыдэнт дзяржавы гаворыць, што не дапусьціць расколу праваслаўнай царквы ў Беларусі, то як можна ацаніць такія словы?”
(Процька: ) “Гэта цалкам недапушчальна. І тут вінаваты не герарх праваслаўнай царквы, тут большая віна дзяржавы. Прэзыдэнт ня меў ніякага права публічна рабіць такую заяву”.