Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У наступным годзе магчымае вызваленьне цэнаў на харчовыя прадукты


Вядзе перадачу Валер Карбалевіч.

(Карбалевіч: ) “Зь Міністэрства сельскае гаспадаркі й харчаваньня прыйшла інфармацыя пра тое, што ў наступным годзе будуць канчаткова вызваленыя цэны на харчовыя прадукты і ўсю прадукцыю гэтае галіны. Пакуль інфармацыя не атрымала афіцыйнага пацьвержаньня з ураду. Тым ня менш ёсьць сэнс пагаварыць пра прычыны й наступствы гэтай мяркуемай падзеі, таму што яна насьпела й можа мець значны ўплыў на эканамічныя і сацыяльныя працэсы ў краіне.

Вядома, што кантроль над цэнамі на тавары першай неабходнасьці зьяўляўся адным з галоўных элемэнтаў створанай у Беларусі сацыяльнай мадэлі, якая супрацьпастаўляецца гэтак званаму “дзікаму рынку”. Але тым ня менш, крок за крокам урад вымушаны адпускаць цэны на сацыяльна значныя для насельніцтва тавары. Зараз дайшла чарга й да харчовых прадуктаў. Ствараецца ўражаньне, што гэта робіцца вельмі неахвотна, насуперак уласнаму жаданьню. Што ж здарылася? Што прымусіла беларускае кіраўніцтва падняць руку на сваю сьвятарную карову, і тым самым падрываць гэтак званую “сацыяльна арыентаваную” эканамічную палітыку?”

(Злотнікаў: ) “Па-першае, сельскагаспадарчыя вытворцы затаварыліся. Няма попыту на іхную прадукцыю. Па-другое, гэта праца ўраду на свой імідж. Ён як бы дэманструе, што выступае за разьвіцьцё рынкавых стасункаў у краіне. А іншага сэнсу ў гэтых намерах я ня бачу”.

(Скуратовіч: ) “Наш урад праводзіць палітыку папулізму. Гэта такая эканамічная і палітычная гульня. Але яна патрабуе шмат грошай. А зараз грошай у дзяржбюджэце няма.

Міністэрства статыстыкі ацэньвае папярэднія вынікі ў пабежным годзе ня надта аптымістычна. Чакаецца, што 1400 калгасаў і саўгасаў або 61% ад іх агульнай колькасьці спрацуюць са стратамі. У Віцебскай вобласьці 4/5 стратных гаспадарак, у Магілёўскай вобласьці — 3/4. Усяго запазычанасьць гаспадарак складае каля 1,5 міліярды рублёў.

Вось таму й вырашылі адпусьціць іх на свабоду і сказаць: зарабляйце як можаце й жывіце самі”.

(Карбалевіч: ) “Якія наступствы можа мець вызваленьне цэнаў на прадукцыю сельскай гаспадаркі для спажывецкага рынку? Трэба меркаваць, што цэны на харчовыя прадукты вырастуць? Ці намнога? Як гэта паўплывае на ўзровень жыцьця насельніцтва, асабліва найбольш бедных людзей?”

(Злотнікаў: ) “А ўжо аніяк не паўплывае. Магу напомніць нашым слухачам, што зь 1 ліпеня праводзіцца экспэрымэнт. На тры месяцы вызвалены розьнічныя цэны на асноўныя харчовыя тавары. Я маю на ўвазе і мяса, і малако, і малочныя прадукты. Але хто заўважыў, што цэны падвысіліся? Ніхто. Цэны не падвысіліся. Яны не падымуцца й зараз. Таму што такія эканамічныя умовы”.

(Скуратовіч: ) “Сёньня ў нас цэны на харчовыя прадукты вышэйшыя, чым у нашых суседзяў: Літвы, Расеі, Украіны, Польшчы. Таму далей іх падымаць няма ніякага сэнсу, бо стане немагчыма прадаць гэтыя тавары, адбудзецца затавараньне.

Напрыклад, калі ў Літве дзяржава перастала рэгуляваць цэны, яны зьнізіліся на 10-15%. Між іншым сельскагаспадарчыя вытворцы незадаволеныя, бо свабодныя цэны і канкурэнцыя застаўляюць працаваць з напругаю.

Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня бачыць сэнс вызваленьня цэнаў на прадукцыю галіны ў тым, каб даць магчымасьць зарабіць грошай і выжыць палове гаспадарак, якія, як лічыцца, яшчэ маюць для гэтага магчымасьці”.

(Карбалевіч: ) “Сытуацыя трохі дзіўная. Адзіны сэнс кантролю над цэнамі на харчовыя прадукты быў у тым, каб не дазволіць іхнага падвышэньня і, тым самым, не дапусьціць зьніжэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва. Калі ж зараз высьвятляецца, што цэны ня вырастуць, то які сэнс было трымаць іх пад дзяржаўным кантролем да гэтага часу?”

(Скуратовіч: ) “Гэта рабілася для таго, каб дэманстраваць народу свой клопат пра яго, казаць людзям: “Глядзіце, мы кантралюем цэны, не дазваляем ім моцна падымацца. Мы можам нават павярнуць іх назад. Таму мы жывем лепш, чым у іншых краінах”. Гэта чыстай вады папулізм”.

(Злотнікаў: ) “Кіраўніцтва краіны ўжо даўно займаецца безсэнсоўнай справаю. Яно ўжо цягам многіх гадоў разбурыла ўсю сельскую гаспадарку. Гэта далёка ня першае яго рашэньне, якое ня мае сэнсу”.

(Карбалевіч: ) “Вядома, што вызваленьне цэнаў ад дзяржаўнага кантролю — гэта рынкавы крок. І любыя дзеяньні ўладаў у гэтым напрамку можна вітаць. Але ў нашай перакрыўленай эканоміцы дзейнічаюць зусім іншыя чыньнікі і ад розных зьменаў могуць быць нечаканыя наступствы. Як паўплывае вызваленьне цэнаў на прадукцыю сельскай гаспадаркі на эканамічнае становішча гэтай гаспадарчай галіны, стан справаў у калгасах і саўгасах?”

(Злотнікаў: ) “Як я казаў ужо раней, гэта ніяк не паўплывае. Таму што цэны падняць ужо немагчыма. Напрыклад, сабекошт вытворчасьці дзясятка яек у нас недзе 40 цэнтаў, а ў Расеі адпускныя цэны на дзясятак яек — 28 цэнтаў. Можна прывесьці шмат прыкладаў, зь якіх бачна, што далей цэны падвышаць нельга. Тым больш ва ўмовах адзінай эканамічнай прасторы з Расеяй.

Таму ніякіх пазытыўных наступстваў для вытворцаў сельскагаспадарчых прадуктаў ня будзе ад гэтага плянуемага рашэньня ўраду. Ужо позна. Гэта трэба было рабіць у 1995–1996 гадох. А зараз няма сэнсу абмяркоўваць, колькі над тапельцам вады: мэтар ці паўмэтры. На яго гэта ўжо аніяк не паўплывае”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Скуратовіч, а Вы згодныя са Злотнікавым, ці з адмыслоўцамі Міністэрства сельскай гаспадаркі, якія лічаць, што плянуемае вызваленьне цэнаў дапаможа калгасам і саўгасам?”

(Скуратовіч: ) “Прыкладна траціна калгасаў і саўгасаў няжыцьцяздольныя. Ім хоць вызваляй цэны, хоць не вызваляй... Там па вясьне будуць дзяліць хамуты, і кожны будзе араць сваю дзялку, каб неяк пракарміцца. І таварнай вытворчасьці там ня будзе.

Зь іншага боку, тыя аб’ёмы харчаваньня, якія патрэбныя Беларусі, можа забясьпечыць 1/3 тых гаспадарак, якія яшчэ адносна нядрэнна сябе адчуваюць. Але тут ёсьць другі бок. Год назад Усясьветны банк праводзіў дасьледаваньне стану нашай сельскай гаспадаркі. І ён прыйшоў да да высновы, што тут наогул немагчыма працаваць з прыбыткам. Прычым, як калгасам, гэтак і прыватным гаспадаркам. Толькі калі красьці, як гэта робяць цяпер калгасьнікі, можна мець нейкі прыбытак”.

(Карбалевіч: ) “Калі будуць прынятыя мяркуемыя захады, беларускія сельскагаспадарчыя вытворцы змогуць свабодна прадаваць сваю прадукцыю і на замежных рынках, у першую чаргу, у Расеі. Зь іншага боку, вядома, што й расейская харчовая прадукцыя актыўна йдзе на беларускі рынак. Як могуць паўплываць плянуемые дзеяньні ўраду на рух гэтых сустрэчных таварных плыняў, экспарт ды імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі паміж Беларусьсю і Расеяй?”

(Злотнікаў: ) “Ужо аніяк не паўплывае. Калі сабекошт сельскагаспадарчых тавараў у нас большы, чым у Расеі, то наш экспарт не павялічыцца. Ён ужо значна зьнізіўся за апошнія гады.

Экспарт харчовых прадуктаў у Расею быў высокі таму, што сяльгаспрадукцыяй Беларусь разьлічвалася за энэрганосьбіты. Але зараз Расея патрабуе разьлік жывымі грашыма, а ня маслам і ялавічынай. Таму я прагназую, што экспарт сяльгаспрадуктаў у Расею будзе зьніжацца”.

(Скуратовіч: ) “Я таксама лічу, што аніяк не паўплывае. З аднаго боку, у Расеі няма голаду, дэфіцыту харчовай прадукцыі. Былі б грошы, харчы можна заўсёды купіць хоць у Эўропе, хоць у Кітаі. Таму той час, калі Беларусь была пастаўшчыком расейскіх сталіцаў (Масквы й Ленінграда), ужо ў мінулым.

Другая праблема: невысокая якасьць беларускіх тавараў, дрэнная упакоўка. Гэтая сфэра гаспадаркі ў нас практычна не разьвівалася. Такі просты прыклад: беларуская прамысловасьць ня здолела наладзіць вытворчасьць піўных бляшанак.

А ў Расеі ёсць капітал. Ён ідзе як непасрэдна ў сельскую гаспадарку, гэтак і ў перапрацоўку прадукцыі. Многія расейскія заводы ўжо працуюць на эўрапейскім узроўні.

А мы адсталі больш чым на пяць гадоў. Таму непазьбежнае скарачэньне сельскагаспадарчай вытворчасьці. І хутка мы больш будзем есьці расейскіх харчоў”.

(Злотнікаў: ) “Прывяду такі прыклад. У гэтым годзе Расея закупала ялавічыну ў Бразіліі па цане 1 даляр за кіляграм. А сабекошт вытворчасьці беларускай ялавічыны — 1,80 даляра. І гэтым усё сказана”.

(Карбалевіч: ) “Вядома, што кантроль над цэнамі — гэта адзін з чыньнікаў, які ўплывае на эканамічны стан прадпрыемстваў па перапрацоўцы сяльгаспрадуктаў. Ці можа плянуемае вызваленьне цэнаў паўплываць у той ці іншы бок на гэтыя прадпрыемствы”.

(Скуратовіч: ) “У нас бутэлька малака ў краме каштуе ў тры разы даражэй за бутэльку малака на фэрме. Таму, на мой погляд, прадпрыемствы па перапрацоўцы сяльгаспрадуктаў павінныя належыць самім сельскагаспадарчым вытворцам. Каб яны вось гэтую маржу бралі сабе”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, лёгіка эканамічнага жыцьця прымушае ўлады чым далей, тым больш адмаўляцца ад папулізму ў эканоміцы. Пра што сьведчыць намер вызваліць цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю. Аднак асобныя крокі пад ціскам абставінаў ня здольныя вывесьці эканоміку з крызысу. Для гэтага неабходныя сыстэмныя рынкавыя рэформы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG