Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канфлікт вакол КНГ АБСЭ як крызыс заходняй палітыкі Беларусі


Валер Карбалевіч, Менск

(Карбалевіч: ) “У стасунках Беларусі з Захадам год заканчваецца тым жа, чым і пачынаўся: канфлітам вакол знаходжаньня ў Менску місіі АБСЭ. І пэрспэктывы яго вырашэньня даволі цьмяныя.

А пачыналася ўсё вельмі аптымістычна. Даўно ўжо афіцыйны Менск ня меў такіх спрыяльных умоваў для разьвіцья стасункаў з заходнімі структурамі, гэткага дабразычлівага стаўленьня Эўропы да Беларусі, як пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. У дакумантах, заявах афіцыйных асобаў эўрапейскіх структураў гучаў тэзыс пра неабходнсьць адмовы ад палітыкі ізаляцыі Беларусі, бо яна не дала чакаемых вынікаў. Пры тым, Захад дыпляматычна намякаў, што гатовы прыняць ад Менску нават сымбалічныя саступкі. Хоць вядомыя чатыры ўмовы дэмакратызацыі Беларусі й не былі зьнятыя, але ўвага на іх не акцэнтавалася. Замест іх на першае месца былі вылучаныя новыя патрабаваньні, якія ня ставілі пад пагрозу неабмежаваную ўладу Лукашэнкі, і выканаць якія было лёгка: скасаваньне сьмяротнага пакараньня, увядзеньне пасады ўпаўнаважанага ў справах правоў чалавека, вызваленьне зь месца пакараньня прафэсара Бандажэўскага. Бальшыня эўрапейскіх палітыкаў была настроеная ўвесну прызнаць Нацыянальны сход Беларусі й прыняць яго у Парлямэнцкую асамблею АБСЭ.

Здавалася б, афіцыйны Менск мусіў быў ухапіцца за гэтыя прапановы абедзьвюма рукамі і зрабіць шэраг крокаў насустрач.
Тым больш, што зь сярэдзіны года пачаў нарастаць канфлікт з Расеяй. І нармалізацыя дачыненьняў з Захадам была б пэўнай процівагаю Маскве, пашырала б поле для замежнапалітычнага манэўру, стала б сродкам ціску на Крэмль.

Аднак усё адбылося з дакладнасьцю да наадварот. Беларусь адмовілася ісьці насустрач Захаду, рабіць нават сымбалічныя саступкі. Узмацніліся рэпрэсіяў супраць палітычных апанэнтаў і грамадзянскай супольнасьці ўнутры краіны. Місія АБСЭ была выгнана зь Менску.

Чым растлумачыць такія, здавалася б, на першы погляд, нелягічныя дзеяньні беларускага кіраўніцтва?”

(Шаўцоў: ) “Што тычыцца адносінаў з Захадам, то, на мой погляд, галоўнай праблемай, з пункту гледзішча нашае кіроўнае клясы, была праблема другога цэнтру ўлады, які, як лічылі улады, фармаваўся вакол КНГ АБСЭ. І тое, што Вы, спадар Карбалевіч, пералічвалі як новыя мяккія ўмовы Захаду, накладаліся на гэтую больш важную для беларускага кіраўніцтва праблему”.

(Фёдараў: ) “Даць дакладны адказ на гэтае пытаньне з пункту гледжаньня фармальнай лёгікі вельмі цяжка. Можна прапаноўваць нейкія вэрсіі, накштал таго, што спачатку былі спадзяваньні на падтрымку Расеі, а потым ужо было цяжка адыграць назад, аднак для мяне самога гэтыя вэрсіі не зьяўляюцца вельмі пераканаўчымі.

Здаецца, тут ёсьць толькі два тлумачэньні. Першае: магчыма, былі нейкія чыньнікі, і вельмі істотныя, якія нам на сёньняшні дзень яшчэ невядомыя.

Другое тлумачэньне трэба шукаць у сфэры псыхалёгіі. Лукашэнку нагэтулькі цяжка зрабіць самы маленькі крок насустрач Захаду, што ён ня можа пераступіць празь сябе нават дзеля тых відавочных дывідэнтаў, якія мог бы атрымаць ад гэтага”.

(Карбалевіч: ) “Падаецца, што акрамя пералічаных прычынаў яшчэ некалькі чыньнікаў уплывалі на палітыку афіцыйнага Менску ў стасунках з Захадам. Зьмякчэньне пазыцыі эўрапейскіх інстытутаў Лукашэнка прыняў за іхную слабасьць і паспрабаваў выціснуць зь іх новыя саступкі.

Акрамя таго, становішча ізаляцыі ў нечым нават выгоднае Лукашэнку. Бо дазваляе яму рабіць унутры краіны ўсё, што захоча, не зьвяртаючы ўвагу на ўсясьветную грамадзкую думку. Напрыклад, праводзіць новы рэфэрэндум аб працягненьні сваіх прэзыдэнтцкіх паўнамоцтваў”.

(Саньнікаў: ) “Я таксама лічу, што дзеяньні афіцыйнага Менску можна патлумачыць толькі тым, што Лукашэнка хацеў бы працягнуць тэрмін сваіх паўнамоцтваў, ён рыхтуецца да рэфэрэндуму. І ў такой сытуацыі яму не патрэбная нармалізацыя стасункаў з Захадам, эўрапейскімі краінамі, міжнароднымі арганізацыямі, якія б ціснулі на яго, патрабавалі выкананьня законаў, дэмакратычных працэдураў падчас канстытуцыйных зьменаў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, палітыка ізаляцыі — гэта сьвядомы выбар беларускага кіраўніцтва?”

(Саньнікаў: ) “На дадзеным этапе — менавіта так. Але я хацеў бы дадаць яшчэ два чыньнікі. Па-першае, Лукашэнак ня можа будаваць дачыненьні Беларусі зь іншымі краінамі нармальна. Гэта ўжо відавочна.

Па-другое, ён ня церпіць уплыву на сытуацыю ўнутры Беларусі з боку іншых краінаў і міжнародных структураў”.

(Карбалевіч: ) “Аднак выгнаньне КНГ АБСЭ прымусіла Захад дзейнічаць больш жорстка. Крызыс у беларуска-расейскіх стасунках таксама падштурхнуў эурапейскія структуры да больш рашучых крокаў. Згуляла сваю ролю і інфармацыя пра продаж Беларусьсю зброі Іраку, нечаканы росквіт дружбы паміж Менскам і Багдадам. Апошняй кропляю сталася настойлівае жаданьне Лукашэнкі паехаць на саміт NATO ў Празе. У рэшце рэшт 14 краінаў Эўрапейскага Зьвязу, ЗША і некаторыя іншыя дзяржавы прынялі рашэньне забараніць уезд на сваю тэрыторыю васьмі вышэйшым беларускім кіраўнікам.

Так сышлося, што лістапад стаў кульмінацыяй замежнапалітычных правалаў як на Ўсходзе, гэтак і на Захадзе. Беларусь апынулася ў стане канфлікту ня толькі з АБСЭ, але й зь іншымі міждзяржаўнымі інстытутамі: Эўразьвязам, NATO, Радаю Эўропы. Стратэгічныя рашэньні пра пашырэньне NATO і ЭЗ на ўсход, паглыбленьне супрацоўніцтва Расеіі з заходнімі дзяржавамі яшчэ больш узмацняе міжнародную ізаляцыю краіны, адцяняе яе статус рэлікта “халоднай вайны”. Яшчэ больш адчувальным стала выпадзеньне Беларусі з важных працэсаў эўрапейскай і рэгіянальнай палітыкі, няздольнасьць сёньняшняга кіраўніцтва абараняць нацыянальныя інтарэсы дзяржавы. На заходніх і паўночных межах уводзіцца або ўзмацняецца візавы рэжым. Беларусь ня ўдзельнічае ў абмеркаваньні праблемаў Балтыйскага мора, рэгіянальнай бясьпекі, вырашэньня лёсу Калінінградзкага краю. Праваліўся праект будаўніцтва новага газаправоду праз тэрыторыю Беларусі. І “шматвэктарная замежная палітыка”, як яе называе беларускі МЗС, на вачах ператвараецца ў “бязвэктарную”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG