Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абдзяржаўленьне прафсаюзаў


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: журналіст Аляксандар Старыкевіч і старшыня Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў

(Валер Карбалевіч: ) “Мабыць, ёсьць нейкая заканамернасьць у супадзеньні сьпіралі эвалюцыі беларускіх прафсаюзаў і палітычнай сыстэмы краіны. І стан Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), іх месца і роля у грамадзтве — гэта нейкі баромэтар, які паказвае кірунак разьвіцьця палітычнага рэжыму.

Трэба аддаць належнае, ФПБ рабіла спробы пераўтварыцца ў адносна не залежны ад дзяржавы прафсаюзны рух. Іх кульмінацыяй і мяжой іх сьмеласьці сталі леташнія прэзыдэнцкія выбары, падчас якіх старшыня Фэдэрацыі Ўладзімер Ганчарык быў вылучаны адзіным кандыдатам на прэзыдэнта ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Аднак удзел у прэзыдэнцкай кампаніі не ўзмацніў, а аслабіў прафсаюзы. Пасьля гэтага пачалося іх павольнае адступленьне.

Спачатку здавалася, што патрабаваньне Лукашэнкам адстаўкі Ганчарыка — гэта элемэнтарная помста свайму канкурэнту. І прафсаюзнае кіраўніцтва, адступаючы перад ультыматумам уладаў, паспрабавала галавой свайго лідэра адкупіцца за грахі ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі. Старшынём ФПБ быў абраны Франц Вітко.

Аднак, замест дараваньня ўлады запатрабавалі ад прафсаюзаў поўнай капітуляцыі. Усьлед за рашэньнем ураду аб забароне выплаты прафсаюзных унёскаў праз бугальтэрыю пачаўся працэс стварэньня “жоўтых” альбо “дырэктарскіх” прафсаюзаў.

Нейкі час перад прафсаюзнымі кіраўнікамі быў шанец трансфармавацца ў сапраўды незалежны прафсаюз, хоць і зь вялікімі стратамі маёмасьці, сяброў арганізацыі. Аднак яны выбралі другі шлях. 16 ліпеня на пленуме Фэдэрацыі прафсаюзаў яе старшынём быў абраны намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Леанід Козік. Адбылося абдзяржаўленьне прафсаюзаў. Што гэта азначае? Якія прычыны і наступствы гэтай зьявы?”

(Аляксандар Старыкевіч: ) “Я мяркую, што гэтыя падзеі засьведчылі галоўнае: прафсаюзы ў нашай краіне патрэбныя толькі ўладзе, а не самім сябрам прафсаюзаў. Таму так і адбылося.

А для ўлады гэта яшчэ адзін чыньнік кантролю за грамадзтвам. Прычым, ня самы галоўны. Калі б прафсаюзы былі самым галоўным чыньнікам, як праваахоўчыя органы, суды, то іх бы падпарадкавалі значна раней. Але ж і такі чыньнік не пашкодзіць. Усё ж самая буйная грамадзкая арганізацыя, якая можа спатрэбіцца дзеля нейкіх палітычных мэтаў у будучыні. Яшчэ адна задача — не дазволіць, каб прафсаюзы сталі глебай для апазыцыі, як гэта адбылося падчас прэзыдэнцкіх выбараў.

А шараговыя сябры прафсаюзаў у абсалютнай большасьці засьведчылі абыякавасьць да лёсу ўласнай арганізацыі. Што і нядзіва. Тут, безумоўна, ёсьць пэўная “заслуга” саміх прафсаюзных функцыянэраў. Але ўсё ж найперш прафсаюз пачынаецца зьнізу. Паколькі для большасьці сяброўства ў прафсаюзах фармальнае, то стаўленьне да лёсу саміх прафсаюзаў таксама абсалютна фармальнае”.

(Карбалевіч: ) “Выбраньне намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта старшынём ФПБ — гэта ня проста зьмена курсу гэтай арганізацыі. Гэта зьмена месца і ролі прафсаюзаў у грамадзтве. Як вядома, зь любога крызысу ёсьць два выхады: альбо сьмерць, альбо адраджэньне на новым узроўні.

Калі называць рэчы сваімі імёнамі, то крызыс у прафсаюзах скончыўся іх палітычнай сьмерцю. Яны пакончылі жыцьцё самагубствам, самаліквідаваліся як грамадзкі інстытут. Тыя асяродкі супраціву, якія засталіся ў галіновых прафсаюзах Бухвостава і Фядыніча, хутчэй за ўсё, зьява часовая”.

(Генадзь Быкаў: ) “Па-першае, стоадсоткавага абдзяржаўленьня яшчэ не адбылося. Апошнія пленумы двух галіновых прафсаюзаў — аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня (старшыня А.Бухвостаў) і радыёэлектроннай прамысловасьці (старшыня Г.Федыніч) — паказалі, што Козіку не ўдалося нахрапам дасягнуць сваёй мэты: пазбавіцца ад іх кіраўнікоў. Аднак яго шанцы вельмі й вельмі вялікія. Калі не ўдалося нахрапам, то будзе рабіць рабіць паступова, празь зьезд, апрацоўваючы першасныя прафсаюзныя арганізацыі, ціснучы праз дырэктарат.

Па-другое, чаму ўлады ўзяліся за прафсаюзы? Таму што патэнцыял у прафсаюзаў вельмі вялікі. І таму трэба ўзяць іх пад поўны кантроль. Але гэтага напоўніцу, як яны плянуюць, не адбудзецца. Галоўным чынам таму, што ў эканоміцы яны не спраўляюцца”.

(Карбалевіч: ) “За 10 гадоў пасьля распаду камуністычнай сыстэмы ФПБ зрабіла поўны абарот вакол сваёй восі й вярнулася да нулявога пункту адліку, да свайго першаснага стану — да таго, ад чаго спрабавала адысьці ў 1991 годзе. То бок, да ролі прыдатку дзяржаўнай машыны, “школы камунізму”. Арганізацыя, створаная ў адну гістарычную эпоху дзеля выкананьня пэўных функцыяў, ня здолела самарэфармавацца, зьмяніць функцыі ў новую эпоху.

Зьезд ФПБ, які адбыўся ў верасьні, пакаў, што курс уладаў на абдзяржаўленьне прафсаюзаў — гэта ня проста жаданьне нэўтралізаваць патэнцыйную небясьпеку, якая можа зыходзіць ад гэтай структуры. Задача больш амбітная. Новыя прафсаюзы патрэбныя рэжыму як дадатковы інструмэнт палітычнага кантролю над грамадзтвам.

Лукашэнка падчас выступу на зьезьдзе прафсаюзаў паставіў задачу “ўмантаваць прафсаюзы ў сыстэму дзяржаўнай улады”. Задача абдзяржаўленьня ФПБ ня толькі не хаваецца, а абвяшчаецца як афіцыйны курс палітыкі рэжыму.

Цяпер, як і ў савецкі час, створаная адзіная ў маштабах краіны, стройная і кіраваная з адміністрацыі прэзыдэнта сыстэма дзяржаўных прафсаюзаў, якая ахоплівае ўсе працоўныя калектывы дзяржаўнага сэктару. Пабудаваная клясычная карпаратыўная мадэль, характэрная для ўсіх недэмакратычных рэжымаў. ФПБ “умантоўваецца” ў палітычны курс на таталітарызацыю беларускага грамадзтва.

Існуе падстава меркаваць, што ФПБ можа ініцыяваць рэфэрэндум аб працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. Так бы мовіць, ад імя працоўных. Аднак такая сыстэма функцыянаваньня прафсаюзаў мае адзін істотны недахоп. Яна ня здольная быць амартызатарам сацыяльнага пратэсту, які, у выпадку яго выхаду зь лятэнтнага стану на паверхню, будзе набываць неінстытуцыйныя формы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG