Удзельнічаюць: Вольга Іпатава, Аляксандар Фядута
(Дракахруст: ) “На Ваш погляд наколькі магчымае стварэньне новай апазыцыі, пра якую гаворыць сп. Краўчанка? Спн. Іпатава, як Вы мяркуеце?”
(Іпатава: ) “Я лічу, што Пётар Краўчанка можа ўдзельнічаць у палітычных дзеяньнях (ледзь не сказала – у палітычных гульнях) ня горш за ўсіх іншых”.
(Дракахруст: ) “Сп. Фядута, а як Вы ацэньваеце шанцы на зьяўленьне новай апазыцыі і на тое, што Пётар Краўчанка будзе адыгрываць у ёй не апошнюю ролю?”
(Фядута: ) “На мой погляд новая апазыцыя – гэта тое, што сёньня ўжо існуе. Гэта тая частка накмэнклятуры, дзяржаўнага апарату, парлямэнту, якая сапраўды незадаволеная сёньняшнім курсам. Яны незадаволеныя ўласным становішчам, прынамсі, тым, што зьяўляюцца абмежавана выязнымі. Калі ў 1997 годзе Пётар Кузьміч сышоў з апазыцыі і пайшоў у амбасадары, ён перастаў быць сваім для існуючай апазыцыі. Але тым самым ён прызнаў сваю паразу і перад намэнклятураю. І зараз чалавек, які атрымаў паразу ад усіх, наўрад ці здолее стаць сур’ёзным прэтэндэнтам на прэзыдэнцкую пасаду. Я ня ведаю, хто яго падтрымае. Спн. Іпатава слушна сказала, што ў апазыцыі ён будзе ня горшы за іншых. Але, на жаль, і ня лепшы”.
(Дракахруст: ) “Зараз рыхтуецца кангрэс беларускай дэмакратычнай інтэлігенцыі. Пэўны час таму Аляксей Марачкін, адзін з арганізатараў кангрэсу, у сваім інтэрвію, кажучы пра прымальных кандыдатаў у прэзыдэнты, назваў апроч іншых імя сп. Краўчанкі. Я хацеў бы паразмаўляць пра стаўленьне беларускай нацыянальнай інтэлігэнцыі да асобы былога амбасадара ў Японіі. Мы памятаем, што ў свой час яго ўзаемадзеяньне з нацыянальнай інтэлігэнцыяй было вельмі шчыльным. Наколькі магчымае аднаўленьне гэтага супрацоўнітва? Спн. Іпатава, як Вы мяркуеце?”
(Іпатава: ) “У свой час на пасадзе міністра замежных справаў Пётар Краўчанка праявіў сябе як вельмі энэргічны і, самае галоўнае, дзейсны прадстаўнік Беларусі за межамі нашай краіны. У яго і зараз засталася тая галоўная якасьць, за якую яго могуць прызнаць і “расступіцца” сваімі шэрагамі, каб даць яму нейкае месца. Зразумела, ён постаць неадназначная. Разам з тым, у яго шалёная энэргія і вельмі высокая энэргетыка, што вельмі істотна для нашых замучаных інтэлігэнцыі і палітычных сілаў. У Краўчанкі ёсьць харызма, важная дзеля таго, каб людзі забыліся на ягоныя грахі і прыгадалі тое лепшае, што ёсьць у яго. Кіньце камень той, хто сам нявінны, хто ня мае грахоў. Мы ж ведаем, што некаторыя з нашых цяперашніх дэмакратаў, пакутнікаў за Беларусь у свой час проста апантана славілі КПСС”.
(Дракахруст: ) “Сп. Фядута, Вы ўжо часткова закранулі пытаньне пра стаўленьне да сп. Краўчанкі беларускай намэнклятуры. Мы памятаем і досьвед Міхаіла Чыгіра, і досьвед Сямёна Домаша, які таксама былі “плоць ад плоці” намэнклятуры, але яны ня толькі прайгралі: намэнклятура ня надта і прыняла іх як выразьнікаў сваіх інтарэсаў. Наколькі Краўчанка можа адыграць гэтую ролю выразьніка інтарэсаў намэнклятуры?”
(Фядута: ) “Намэнклятура паважае тых, хто здольны трымаць удар, яна перш за ўсё паважае моц. Я ня ведаю, дзе і калі Пётар Кузьміч дэманстраваў сваю моц. Калі ён быў міністрам, ён сапраўды быў вельмі эфэктыўным. Але працаваў не асабіста Краўчанка, працаваў дзяржаўны апарат.
Уся намэнклятура сьмяялася, калі ён рабіў слушную справу – ставіў пытаньне аб пошуках крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Гэта была ня тая справа, якая з пункту гледжаньня намэнклятуры мусіла быць справаю асабіста міністра замежных справаў. Намэнклятура пойдзе за львом, а не за хамелеонам”.
(Дракахруст: ) “Сп. Фядута, на Ваш погляд, ці ўплываюць на ацэнку сп. Краўчанкі з боку намэнклятуры асаблівасьці ягонай палітычнай кар’еры? У Менскім гаркаме КПБ пачынаў вялікім змагаром з нацыяналістамі. Потым стаў адным з самых зацятых статусных нацыяналістаў. Потом стаў ледзьве не міністрам замежных справаў апазыцыі. Пазьней стаў амбасадарам Лукашэнкі ў Японіі. Зараз, як высьвятляецца, ён ізноў апазыцыянэр. Можа намэнклятура, гледзячы на гэта, з зайдрасьцю кажа: “Ну Кузьміч – майстра, нам усім да яго далёка?”
(Фядута: ) “Калі яны кажуць: “Нам усім да яго далёка”, гэта і ёсьць нэгатыўная адзнака. Ён не выпрацоўваў лінію, ён не ўплываў на лінію, ён хістаўся разам зь лініяй. Гэтыя хістаньні выклікаюць да яго пэўную падазронасьць. Невядома, куды ён хісьнецца ў наступную хвіліну.
Я ведаю, што ў Краўчанкі сапраўды ёсьць адзін прынцып – ён выступае за сувэрэнітэт Беларусі. Але за сувэрэнітэт Беларусі выступае і Лукашэнка. А больш ніякіх прынцыпаў Пятра Кузьміча я ня ведаю. Я ведаю адну палітычную сілу, якая зараз магла б падтрымаць Краўчанку і то толькі таму, што ў яе няма ўласнай кандыдатуры на пасаду прэзыдэнта. Гэта БНФ. Але як БНФ “узяў” Домаша, гэтак жа “возьме” і Краўчанку”.
(Дракахруст: ) “Спн. Іпатава, зараз ня толькі БНФ, але і нацыянальная інтэлігэнцыя шукае нейкага лідэра. І паводле Вашых словаў, Пётар Краўчанка, паводле пэўных характарыстыкаў, адпавядае таму вобразу, які мае нацыянальная інтэлігэнцыя. Ці правільна я Вас зразумеў?”
(Іпатава: ) “У нас, у славянаў, ёсьць такая рыса – або мы безаглядна прымаем, альбо безаглядна называем здраднікам і выкідаем. У той жа час пры нашай беднасьці на яркія постаці трэба быць у нечым ашчадным. Я не кажу, што Краўчанка прыйдзе і адразу стане лідэрам, гэта яму трэба заслужыць. Я лічу, што чым больш на палітычнай арэне і ў беларускім грамадзтве будзе людзей , якія могуць гаварыць пра хібы сёньняшняга рэжыму, пра яго злачынствы і памылкі, тым лепш будзе ўсім нам. Бо ў нас асноўная рыса – гэта маўчаньне. Мы моўчкі падтрымліваем і моўчкі адвяргаем. Краўчанка – гэта як раз такі чалавек, які будзе нешта канкрэтнае рабіць.
Шмат памылак рабіла ўлада, шмат памылак рабіла і апазыцыя. Краўчанка – самае яркае ўвасабленьне памылак апазыцыі. Мне падаецца, што сп. Фядута, думку якога я паважаю, крыху перабольшвае ролю намэнклятуры ў будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Ёсьць яшчэ і масы, і гарэньне масаў. І ў беларускай інтэлігенцыі, пры ўсім сёньняшнім маўчаньні, шмат любові да Беларусі і агню, які яшчэ тлее пад гэтым вугольлем. Пётар Кузьміч, прыехаўшы на Беларусь, здолее трошачкі страсануць нашае змярцьвелае грамадзтва. Калі чалавек усур’ёз гарыць ідэяй незалежнасьці Беларусі, то гэта ўжо вельмі нямала па сёньняшнім часе”.
(Дракахруст: ) “Спн. Іпатава, Вы сказалі, што трэба, каб былі людзі, якія б гаварылі пра злачынствы рэжыму. Вось прыедзе Пётар Кузьміч і будзе пра іх гаварыць. Але тады якраз прадстаўнік масаў, пра якія Вы гаварылі, скажа: “Пётар Кузьміч, а што, Вы ня ведалі пра гэтыя злачынствы, калі былі амбасадарам? Вы толькі зараз пра іх прыгадалі, успомнілі, даведаліся?”
(Іпатава: ) “А колькі былых амбасадараў сёньня ідзе ў беларускі нацыянальны рух, і ніхто іх не папракае”.
(Дракахруст: ) “Не папракае ў руху. Але Вы самі перавялі размову на народ. Народ гэтых гульняў ня ведае, не разумее і разумець ня хоча”.
(Іпатава: ) “Вы мяркуеце, што народ не даруе Краўчанку?”
(Дракахруст: ) “Гэта маё пытаньне Вам”.
(Іпатава: ) “Я думаю, што народ можа дараваць Краўчанку ягонае амбасадарства і ягоныя скачкі. На жаль, шмат хто яшчэ лічыць, што чалавек, які быў каля ўлады, ён можа зрабіць больш карыснага, чым нацыянальная інтэлігэнцыя, якая даказала за гэтыя гады сваю любоў да Беларусі і да народу, але тым ня менш, часта народ ня верыць ёй з прычыны таго, што гэта інтэлігэнцыя”.
(Дракахруст: ) “Сп. Фядута, у Вас ёсьць уласны досьвед у гэтым пытаньні. Тое ж пытаньне Вам: народ даруе?”
(Фядута: ) “Народ у нас вельмі талерантны і даруе ўсё, акрамя крыві. Але дараваць – гэта ня значыць абраць прэзыдэнтам. У гэтых варунках дараваць – гэта памілаваць, прызнаць слабейшым. Слабы чалавек аказаўся, паехаў амбасадарам у “ганаровую ссылку”. А мог бы быць адным зь лідэраў апазыцыі. Яна сапраўды вельмі кепская, слабая, але такая, якая ёсьць. І была яна ўвесь гэты час тут”.