Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пашырэньне Эўразьвязу можа ўплываць на Беларусь?


Віталь Цыганкоў, Менск

Новая перадача сэрыі “Эскпэртыза Свабоды”. Рэфэрэндум у Ірляндыі адкрыў дарогу для пашырэньня Эўразьвязу. Як стратэгічна і тактычна пашырэньне Эўразьвязу можа ўплываць на палітычную сытуацыю ў Беларусі? Як беларускія ўлады мусяць рэагаваць на гэты працэс?

Удзельнікі: кіраўнік Цэнтру праблемаў эўрапейскай інтэграцыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Юры Шаўцоў і аналітык у справе міжнародных дачыненьняў Аляксандар Ціхаміраў

(Віталь Цыганкоў: ) “У суботу 19 кастрычніка была скасаваная апошняя сур’ёзная перашкода да пашырэньня Эўразьвязу. На рэфэрэндуме ў Ірляндыі насельніцтва гэтай краіны прагаласавала за дамову, падпісаную ў Ніцы, якая дае магчымасьць для ўступленьня ў Эўразьвяз новых сяброў. Цяпер пасьля ірляндзкага рэфэрэндуму гэтую дамову ўхвалілі ўсе 15 сяброў Эўразьвязу.

Пашырэньне робіцца незваротным працэсам, і паводле графіку ў 2004 годзе дзесяць новых краінаў уступяць у Эўразьвяз. Гэта Чэхія, Эстонія, Вугоршчына, Латвія, Літва, Польшча, Славаччына, Славенія, Кіпр і Мальта. Сярод іх тры краіны — Латвія, Літва і Польшча — суседзі Беларусі. Як стратэгічна і тактычна пашырэньне Эўразьвязу можа ўплываць на палітычную сытуацыю ў Беларусі? Як беларускія ўлады павінныя рэагаваць на гэты працэс?”

(Юры Шаўцоў: ) “Трэба адзначыць, што Ірляндыя прагаласавала ня толькі за пашырэньне Эўропы на ўсход, але і за вельмі моцныя структурныя зьмены ўнутры Эўразьвязу. Бо згодна з дамовай у Ніцы, унутры ЭЗ узьнікае даволі магутны “саюзны” цэнтар, і ЭЗ пераўтвараецца зь міждзяржаўнай супольнасьці ў нешта больш падобнае на фэдэрацыю. Такім чынам, праз год мы будзем межаваць практычна з адзіным геапалітычным арганізмам Эўропы. І значыць, нашыя дачыненьні з заходнімі краінамі цяпер будуць будавацца ня столькі на двухбаковым узроўні, колькі на ўзроўні адносінаў з чымсьці, больш падобным на звышдзяржаву”.

(Цыганкоў: ) “З гледзішча такой “фэдэралізацыі” Эўразьвязу, ці здолее надалей адна краіна перашкодзіць уступленьню новых сяброў у Эўразьвяз? Ці захаваецца сыстэма кансэнсусу альбо яна будзе паступова адхіляцца ў бок большай цэнтралізацыі?”

(Шаўцоў: ) “Зразумела, будзе адхіляцца. Яна і зараз на самой справе не такая ўжо і завязаная на кансэнсус. Калі б Ірляндыя прагаласавала інакш, у ЭЗ таксама былі мэханізмы, якія дазвалялі пашырацца Эўразьвязу на ўсход. Проста тады быў бы патрэбны нейкі пэрыяд (2–3 гады) на падгонку юрыдычных актаў”.

(Аляксандар Ціхаміраў: ) “Трэба будзе навучыцца весьці дыялёг з Эўропай, якая фэдэралізуецца, дзе ставіцца пытаньне нават аб стварэньні пасады прэзыдэнта Эўразьвязу. Яшчэ трэба будзе адаптаваць усе новыя дзяржавы зьвязу да тых нормаў, што існуюць у ЭЗ. Пакуль існуе праблема вельмі моцнага адрыву гэтых краінаў у эканамічным і палітычным сэнсе ад тых нормаў, якія існуюць ў “сталых” сяброў ЭЗ”.

(Шаўцоў: ) “Напрыклад, цяпер ёсьць праблема Калінінграду і калінінградзкага транзыту. Яшчэ нядаўна гэта была праблема стасункаў Расеі (і ў пэўнай меры Беларусі) зь Літвой і Польшчай. Цяпер і Літва і Польшча адмовіліся весьці асобныя перамовы на гэты конт, і гэта стала праблемай дачыненьняў Расеі з усім Эўразьвязам”.

(Цыганкоў: ) “З гледзішча пашырэньня Эўразьвязу ёсьць такое меркаваньне, што асноўныя сродкі Эўропы будуць разьмяркоўвацца цяпер менавіта на гэты працэс, на даводжаньне новых краінаў да стандартаў Эўразьвязу. Ці можна сказаць, што Эўропе зараз не да Беларусі?”

(Ціхаміраў: ) “На мой погляд, будзе такая праблема сапраўды, і на яе пойдзе шмат сілаў і сродкаў Эўразьвязу. Але гэта не азначае, што Беларусь зусім зьнікне з поля зроку Эўропы. Па-першае, яе нельга ігнавараць хаця б з той прычыны, што яна мяжуе з гэтымі новымі сябрамі ЭЗ. І ў гэтым сэнсе ўвага адзінай Эўропы да Беларусі ніяк ня зьнікне”.

(Шаўцоў: ) “Безумоўна, нават больш. У склад Эўропы разам з Польшчай, Прыбалтыкай уваходзіць частка былой савецкай інфраструктурнай сыстэмы — нафтаправоды “Дружба”, шэраг энэргетычных структураў, якія так проста і адразу не адаптуюцца да Эўропы. Я бы сказаў, што ЭЗ зараз пераўтвараецца ў аднаго з геапалітычных спадкаемцаў былога СССР і ягонай сфэры ўплыву ў Эўропе.

Ужо таму Беларусь пераўтвараецца з краіны, на якую можна было не зьвяртаць увагу, у дзяржаву, на якую трэба вельмі моцна зьвяртаць увагу. Тыя краіны — Літва, Латвія ці Польшча — якія баяліся, што іх з-за даволі добрых эканамічных стасункаў зь Беларусьсю могуць не прыняць у ЭЗ, зараз перастаюць гэтага баяцца. І ЭЗ зараз усё болей будзе зацікаўлены ў пад’ёме эканомікі сваіх новых сяброў, а гэта зьвязана з імпартам праз нашую тэрыторыю сыравіны з Расеі. Так што я думаю, што пашырэньне ЭЗ на ўсход вельмі моцна ўздымае значэньне Беларусі”.

(Цыганкоў: ) “Эўропа набліжаецца да беларускіх межаў, аднак за апошняе дзесяцігодьдзе структура таваразвароту Беларусі па вялікім рахунку не мяняецца. Прыблізна 50% экспарту арыентавана на Расею (імпарту яшчэ больш), другая палова — на ўсе астатнія краіны. Зь іх на Эўразьвяз ня больш 30%. Што ў гэтым сэнсе можа зьмяніць пашырэньне Эўразьвязу? Ці стане Беларусі лягчэй гандляваць з Эўропай ці наадварот, узмацненьне жорсткасьці эканамічных правілаў можа паменшыць аб’ём таваразвароту з новымі сябрамі Эўразьвязу, найперш суседзямі Беларусі?”

(Шаўцоў: ) “Пашырэньне Эўропы на ўсход — той чыньнік, які ўплывае ў прыватнасьці і на Расею. Расея цяпер амаль пэўна будзе вельмі ясным і стабільным стратэгічным партнэрам Эўропы. Бо Эўропе без расейскай сыравіны будзе вельмі цяжка, што б там ні адбывалася ў Пэрсідзкай затоцы. Хваля эўрапейскай інтэграцыі, якая будзе адбівацца на Расеі, будзе і на нас уплываць. Напрыклад, калі Расея павялічыць экспарт сваёй сыравіны ў Эўропу, хіба гэта будзе нам дрэнна?

Па-другое, сытуацыя канфрантацыйнасьці сыходзіць у мінулае. Эўропа болей не падзеленая. Глядзець на адносіны паміж Беларусьсю і Эўропай скрозь памяць халоднай вайны зусім ня варта. У нас за апошнія гады вельмі хутка расьце таваразварот з Эўропай. Мне здаецца, нікуды мы не падзенемся. І галоўны наш рынак паступова будзе на Захадзе”.

(Ціхаміраў: ) “Пагаджуся, што ў сьвятле паляпшэньня дачыненьняў паміж Эўропай і Расеяй Беларусь будзе мець добрую пэрспэктыву ў гандлёвых адносінах. Можа, ня столькі ў гандлі з Эўразьвязам, а як транзытная краіна, празь якую будзе ісьці расейская сыравіна ў Эўропу.

Што да таваразвароту з эўрапейскімі краінамі, то, нягледзячы на дрэнныя палітычныя стасункі з эўрапейскімі структурамі, Нямеччына для нас стабільна на другім месцы ў таваразвароце — пасьля Расеі. Думаю, што захваецца значнасьць такіх краінаў для Беларусі як Латвія (празь якую ідзе транзыт), Польшчы, Літвы. У гэтым сэнсе сапраўды ў пэрспэктыве можна чакаць павелічэньня таваразвароту паміж Беларусьсю і Эўразьвязам”.

(Цыганкоў: ) “Юры Шаўцоў гаварыў у нашай размове, што канфрантацыйнасьць паміж Беларусьсю і Эўропай ужо сыходзіць у мінулае. На жаль, пакуль некаторыя палітычныя факты не пацьвярджаюць гэтага. Беларускае кіраўніцтва пасьпяхова выціскае місію АБСЭ, ня бачна паляпшэньня палітычных стасункаў паміж Менскам ды эўрапейскімі краінамі. Ці можа пашырэньне Эўразьвязу ўплываць на аўтарытарны рэжым, які сёньня існуе ў Беларусі?”

(Шаўцоў: ) “Я казаў пра эканамічныя стасункі. А палітычныя адносіны Беларусі з Эўропай могуць стаць падставай сама меней для гарачага дыспуту, а ў прынцыпе — можа быць, і для канфлікту. Бо магутная Эўропа — гэта абавязкова ідэалягізаваная Эўропа, якая будзе ставіцца да ўсіх суседзяў з гледзішча адпаведнасьці гэтых суседзяў эўрапейскім каштоўнасьцям.

У гэтым сэнсе зьяўленьне побач з намі магутнай Эўропы можа стаць для нашага грамадзтва праблемай. Але гэта праблема, якая можа быць вырашаная, бо геапалітычных магчымасьцяў для нейкага канфлікту няма”.

(Цыганкоў: ) “Можа, гэта праблема найперш для сёньняшняга кіраўніцтва, а не для грамадзтва? Як паказвае дасьледаваньне НІСЭПД, 53% апытаных беларусаў адказалі, што гатовыя прагаласаваць сёньня за ўступленьне Беларусі ў Эўразьвяз, і толькі 8% выступілі супраць гэтага…”

(Ціхаміраў: ) “Думаю, у грамадзтва сапраўды няма асаблівых перашкодаў у гэтым сэнсе. Беларусь арыентаваная на Эўропу і ў эканамічным пляне, і ў чалавечым, гуманітарным. Эўропа аказвае істотную дапамогу і ў навучаньні, і па Чарнобылю.

Задача нашай дыпляматыі — ужо зараз пачаць дыялёг па гэтай праблеме. Як, напрыклад, вядзе яго Расея, зразумеўшы, чым для яе будзе пашырэньне Эўразьвязу.”

(Цыганкоў: ) “Юры, ці гатовая афіцыйная Беларусь да дыялёгу з Эўропай, якая аб’ядноўваецца?”

(Шаўцоў: ) “Зараз не гатовыя абодва бакі. Але абодва бакі не гатовыя і да канфлікту. Таму мы маем сытуацыю, калі і Беларусь, і аб’яднаная Эўропа могуць падумаць пра некую новую канфігурацыю сваіх адносінаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG