Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ультыматым Лукашэнкі заходнім краінам


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў, дырэктар Цэнтру праблемаў эўрапейскай інтэграцыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Юры Шаўцоў

(Валер Карбалевіч: ) “Кіраўніцтва Беларусі ўжо ня раз падымала пытаньне пра тое, што беларуская дзяржава абараняе Эўропу ад нелегальных мігрантаў, заходнія краіны ў сваю чаргу павінныя выплачваць за гэта фінансавую кампэнсацыю. Захад пайшоў насустрач. Эўрапейская камісія па праграме ТАСІS выдзеліла грошы на абсталяваньне памежных пераходаў. Але афіцыйны Менск лічыць гэтую дапамогу недастатковай.

1 кастрычніка падчас справаздачы Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў прэзыдэнту, Лукашэнка заявіў, што з наступнага году Беларусь будзе затрымліваць нелегальных мігрантаў толькі ў тым выпадку, калі затраты будуць кампэнсавацца заходнімі краінамі. У адваротным выпадку, як можна зразумець з гэтага выказваньня, Беларусь адкрые межы.

Гэтая заява, якая нагадвае шантаж, ультыматум, можа яшчэ больш абвастрыць стасункі Беларусі з Захадам. Таму што нелегальныя мігранты для Эўропы — праблема значна больш балючая, чым парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.

Чым выкліканая такая рэзкая заява Лукашэнкі? Спадар Саньнікаў, вам першаму пытаньне”.

(Андрэй Саньнікаў: ) “Я ня ведаю, чым яна выкліканая, таму што некаторыя дзеяньні ацэньваць з гледзішча лёгікі немагчыма. А памежнае супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Захадам існуе і разьвіваецца. Эўрапейская камісія ў рамках праграмы ТАСІS дапамагала абсталёўваць межы, каб памежны рэжым быў спрошчаны. Гэта адна зь нямногіх сфэраў, дзе пасьпяхова ажыцьцяўляюцца сумесныя праекты. І Лукашэнка зараз умяшаўся менавіта ў тую сфэру, дзе адбываецца карыснае супрацоўніцтва. А гэта сьведчыць пра тое, што ён ідзе на канфрантацыю”.

(Юры Шаўцоў: ) “Такая рэзкая заява выкліканая хутчэй за ўсё параўнаньнем таго, што пабудавана на літоўскім баку мяжы, напрыклад, у Каменным Логу, і на нашым баку. Бо з таго боку ўкладаюцца вялікія грошы, і мяжа добра абсталёўваецца. Мне падаецца, што Беларусь і Эўропа павінныя шчыльна супрацоўнічаць па пытаньнях абсталяваньня межаў, пачаць сур’ёзны дыялёг. І магчыма, Лукашэнка ў сваім стылі робіць інфармацыйную нагоду для пачатку такога дыялёгу”.

(Карбалевіч: ) “З рэплікі спадара Шаўцова можна зразумець, што ў пазыцыі афіцыйнага Менску ёсьць нейкае рацыянальнае зерне. То бок Эўропа павінная пэўным чынам дапамагаць Беларусі вырашаць праблему, якая цікавіць і заходнія краіны. Але наколькі эфэктыны спробы вырашаць гэтую сапраўды існую і складаную праблему з дапамогаю шантажу і ўльтыматуму?”

(Саньнікаў: ) “Я б не пагадзіўся з высновай спадара Шаўцова, што заява Лукашэнкі — гэта такі своеасаблівы сродак зьвярнуць увагу заходніх краінаў на гэтую праблему. Таму што праблема вядомая. І яшчэ раз падкрэсьліваю, менавіта ў гэтай сфэры адбываецца даволі эфэктыўнае супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і эўрапейскім супольніцтвам.

Тут ёсьць зацікаўленасьць Эўропы, ёсьць пасьпяховыя праекты, якія разьвіваліся нават падчас вострага крызысу паміж Беларусьсю і Захадам, які ўзьнік у сувязі з Драздамі. Зараз палітычная сытуацыя ў Беларусі, рэпутацыя беларускага рэжыму ў Эўропе не спрыяе далейшаму разьвіцьцю гэтых праектаў.

І гэтая заява Лукашэнкі можа дрэнна адбіцца ня столькі на самім кіраўніку Беларусі, колькі на беларускіх грамадзянах. На мяжы заўсёды і пагаршэньне, і паляпшэньне адносінаў закранае абодва бакі. І на любыя крокі Беларусі суседзі адкажуць адэкватна”.

(Шаўцоў: ) “Шантаж, як вы гэта называеце, рэдка бывае добрым сродкам у міжнародных стасунках. Праблема мігрантаў закранае вельмі шматлікія інтарэсы ў Эўропе. І заява Лукашэнкі зьверне на сябе ўвагу. І, зразумела, гэтую праблему можна вырашыць на аснове нармальнага неканфліктнага супрацоўніцтва Беларусі з суседзямі, з краінамі Эўропы. На мой погляд, прынцыповае вырашэньне гэтай праблемы магчымае толькі пры ўмове ўсталяваньня кантраляванай мяжы з Расеяй”.

(Карбалевіч: ) “Ці можа гэтая пагроза быць рэалізаваная на практыцы? Ці гэта проста спроба ціску і больш нічога?”

(Саньнікаў: ) “Лукашэнка заўсёды імкнецца да канфліктных сытуацыяў і таму можа выканаць сваю пагрозу. Але меры ў адказ, якія могуць прыняць суседзі, адаб’юцца на грамадзянах Беларусі. Вядома, што зараз Польшча, краіны Балтыі прымаюць захады па ўстанаўленьню больш жорсткага візавага рэжыму.

Але, мне здаецца, ня трэба гэтае пытаньне штучна распальваць. Пры цывілізаваных адносінах паміж дзяржавамі гэтая сытуацыя цалкам вырашальная. Можна пайсьці і на спрашчэньне візавага рэжыму, і на зьніжэньне цаны візаў. Але калі Лукашэнка ажыцьцёвіць сваю пагрозу, зразумела, што перасячэньне межаў беларускімі грамадзянамі ўскладніцца”.

(Шаўцоў: ) “Хачу ўдакладніць, што першымі крокі па ўзмацненьню візавага рэжыму зрабілі нашы заходнія і паўночныя суседзі. Я думаю, калі Лукашэнка рэалізуе сваю пагрозу і на Захад хлынуць цэлыя плыні незаконных мігрантаў, то магчыма Захад вымушаны будзе саступіць патрабавантням Менску”.

(Саньнікаў: ) “Я не лічу, што Захад пойдзе на саступкі. І Беларусь, і Захад зацікаўленыя ў супрацоўніцтве па праблемах наркагандлю, арганізаванай злачыннасьці. Але калі з боку Менску зьявяцца спробы рабіць ультыматумы, шантажаваць, то ў заходніх краінаў больш сродкаў, каб даць адпаведны адказ”.

(Карбалевіч: ) “Сытуацыю зь нелегальнымі мігрантамі нельга разглядаць па-за тым палітычным кантэкстам, які існуе ў адносінах паміж Менскам і Эўропай, міжнароднай ізаляцыяй Беларусі. Гэта першае. Другое, з уступленьнем Полшчы і краінаў Балтыі ў Эўразьвяз і NATO ў Эўропе зьяўляецца новая мяжа. У гэтай сувязі, як сьцьвярджаюць некаторыя публіцысты, на заходніх і паўночных межах Беларусі зьяўляецца новы Бэрлінскі мур.

Гэта аб’ектыўная праблема. І ў гэтай сытуацыі абодва бакі павінныя рабіць усё, каб гэты мур быў не высокі, каб у ім былі дзьверы, празь якія маглі б даволі свабодна рухацца людзі, капіталы, ажыцьцяўляцца гуманітарныя камунікацыі й ініцыятывы. Як, на Ваш погляд, уплывае агульнапалітычны кантэкст на вырашэньне праблемы незаконных мігрантаў?”

(Саньнікаў: ) “Нелегальныя мігранты не нараджаюцца ў Беларусі. Яны прыходзяць з Усходу. І пакуль ня будзе адбудаваная ўсходняя мяжа Беларусі, — я тут згодны са спадаром Шаўцовым — цяжка вырашыць гэтую праблему. І калі Лукашэнка наўмысна пойдзе на нейкія дзеяньні, адкрые мяжу на захад, гэта абвострыць сытуацыю і вакол Беларусі, і ў самой Беларусі”.

(Шаўцоў: ) “Можна вылучыць і такую вэрсію, чаму Лукашэнка зрабіў гэтую заяву. Магчыма, гэта прапанова Захаду дапамагчы Беларусі ўстанавіць мяжу з Расеяй? Сапраўды для Беларусі праблема нелегальнай міграцыі — гэта праблема мяжы з Усходу. Украіна па меры сваёй інтэграцыі ў Эўропу будзе вымушаная адбудоўваць мяжу з Расеяй. У гэтай сытуацыі і Беларусі трэба нешта рабіць з гэтай мяжой. І заява Лукашэнкі — гэта спроба ў экстравагантнай форме прыцягнуць увагу да гэтай праблемы.

Немагчыма вырашаць праблемы паміж Беларусьсю і Эўропай на канфрантацыйнай глебе. Няма ніякай падставы для вельмі моцнага і глыбіннага канфлікту паміж двума бакамі.

Мы не пасьпелі закрануць праблему рэадмісіі. Справа ў тым, што паміж Беларусьсю і суседзямі, Беларусьсю і заходнімі краінамі няма дамовы аб вяртаньні нелегальных мігрантаў назад, у тую краіну, зь якой яны прыехалі.

І калі, напрыклад, Беларусь выканае тую пагрозу, аб якой заявіў Лукашэнка, адкрые мяжу, мігранты пачнуць рухацца празь мяжу на Захад, то Беларусь мае права не прымаць іх назад. І гэта ня будзе парушэньнем міжнародных дамоваў. І вырашыць гэтую праблему, падпісваць дамову аб рэадмісіі мае сэнс толькі пры ўмове, калі ў нас будзе мяжа з Расеяй. Альбо, калі ў Расеі будзе дамова аб рэадмісіі зь Беларусьсю і краінамі Захаду”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, праблема нелегальных мігрантаў — гэта агульнаэўрапейская праблема. І Беларусь — адзін з цэнтральных ланцугоў у яе вырашэньні. І супрацоўніцтва з Захадам, дапамога з боку Захаду тут цалкам неабходныя. Але гэта комплексная праблема ролі і месца Беларусі ў Эўропе. Яе нельга аддзяліць ад таго становішча ізаляцыі, у якім апынулася краіна, ад той дрэннай рэпутацыі, якую яна мае. І вырашаць яе з дапамогай шантажу і ўльтыматуму — не найлепшы шлях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG