Удзельнікі: сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня “Прыватная ўласнасьць” Леанід Малахаў, аглядальнік Радыё Свабода Міхал Залескі
(Валер Карбалевіч: ) “Ужо шмат гадоў дачыненьні паміж прадпрымальнікамі й уладай застаюцца канфліктнымі. Прычым апошні час канфлікт абвастраецца. Узмацненьне эканамічнага крызысу, павелічэньне бюджэтнага дэфіцыту падштурхоўваюць улады да ціску на прадпрымальнікаў, як да крыніцы атрыманьня грошай. Зразумела, што прадпрымальнікі аказваюць супраціў.
У верасьні адбыліся два страйкі індывідуальных прадпрымальнікаў. На 1 кастрычніка заплянаваны новы страйк. Напярэдадні яго зьявіўся ўказ прэзыдэнта №493 “Аб некаторых мерах дзяржаўнай падтрымкі юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў”. Ён надрукаваны ў газэтах у пятніцу 27 верасьня. Складваецца ўражаньне, што гэты ўказ нейкім чынам датычыць індывідуальных прадпрымальнікаў. І гэтым дакумэнтам улады хочуць прадухіліць прадпрымальніцкі страйк.
Маё першае пытаньне да спадара Малахава. Ці мае гэты ўказ дачыненьне да індывідуальных прадпрымальнікаў?”
(Леанід Малахаў: ) “На мой погляд, гэты ўказ ня мае ніякага дачыненьня да дробнага бізнэсу. Ён зьяўляецца спробай Лукашэнкі прадэманстраваць, што прэзыдэнт неяк уплывае на сытуацыю і яе кантралюе. На самой справе дакумэнт проста пусты. Ён не вырашае тых праблемаў, якія склаліся ў дробным бізнэсе і не прапануе шляхоў выхаду”.
(Карбалевіч: ) “Спадар Залескі, а Вы як лічыце — наколькі значныя і рэальныя тыя льготы, якія прадугледжвае гэты ўказ? І як яны суадносяцца з патрабаваньнямі, якія вылучаюць індывідуальныя прадпрымальнікі?”
(Міхал Залескі: ) “Спадар Лукашэнка ня раз казаў, што ён у Беларусі адзіны палітык. І гэты ўказ — ня больш чым чарговы палітычны ход. Заўважце, ён уступіў у дзеяньне адначасова з дэкрэтам прэзыдэнта ад 19 красавіка 2002 г. Прэзыдэнт хоча гэтым сказаць: я пра іх клапачуся з красавіка, а гэтыя дзівакі чамусьці страйкуюць.
На першы погляд, гэты ўказ і дадатак да яго датычаць індывідуальных прадпрымальнікаў. Але няхай юрыдычная асоба альбо індывідуальны прадпрымальнік паспрабуе атрымаць тое, што ў дакумэнце абяцана. Гэта практычна немагчыма ў тых умовах, якія ёсьць.
І яшчэ, заўважце, ва ўказе адзначана, што льготы даюцца па рашэньні прэзыдэнта Беларусі. Прэзыдэнт у нас адзін, а юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў у нас многа. Калі ж ён, бедны, будзе ўсімі іншымі справамі займацца?”
(Карбалевіч: ) “Тыя патрабаваньні, якія вылучаюць зараз індывідуальныя прадпрымальнікі, не знайшлі ніякага адлюстраваньня ў гэтым указе. Ён тычыцца зусім іншых праблемаў. Тыя льготы, якія прадугледжвае гэты ўказ, ці патрэбныя індывідуальным прадпрымальнікам, спадар Малахаў?”
(Малахаў: ) “На сёньняшні дзень прадпрымальнікаў клапоцяць наступныя пытаньні. Гэта праца з касавымі апаратамі, разьліковымі рахункамі, праблемы сацыяльнага страхаваньня, закрыцьцё рынкаў. А таксама спробы ўладаў выціснуць продаж некаторых групаў тавараў з рынкаў у магазіны.
Новы ўказ прэзыдэнта гэтых пытаньняў не датычыць. Таму дакумэнт калі і датычыць прадпрымальнікаў, дык той касты, якая працуе пад дахам (“крышай”) адміністрацыі прэзыдэнта. Сумнеўна, што звычайны прадпрымальнік можа скарыстацца тымі льготамі”.
(Карбалевіч: ) “Ці не здаецца Вам, спадар Залескі, што гэтыя льготы больш датычаць дзяржаўных прадпрыемстваў?”
(Залескі: ) “Чым больш уважліва чытаеш указ, тым больш пытаньняў узьнікае. Напрыклад, адтэрміноўка па ўплаце падаткаў даецца тады, калі ў гаспадарчага суб’екте існуе пагроза банкрутцтва. Але якім чынам, якім дакумэнтам можна гэта пацьвердзіць?
Па-другое, трэба даказаць, што прадпрыемства альбо прадпрымальнік не атрымалі бюджэтных грошай. Гэта значыць, трэба атрымаць адпаведны дакумэнт ад казначэйства, Міністэрства фінансаў і г.д.
Ільготы таксама прадугледжаныя ў выпадку стыхійнага бедзтва. Але гэта павінна быць праблемай страхаўшчыкоў, а не прэзыдэнта Беларусі.
Далей, трэба падаць сем папераў, якія павінныя падпісваць розныя міністэрствы і ўстановы. Іх трэба сабраць, даслаць, яны будуць хадзіць тры месяцы. Але юрыдычная асоба павінная неяк жыць той час, пакуль будуць зьбірацца паперы. І нават калі нейкая асоба надта прыбліжаная да прэзыдэнта і мае магчымасьць атрымаць ільготу, яна можа за гэты час стаць банкрутам”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, гэты ўказ не задавальняе патрабаваньняў, якія вылучаюць напярэдадні страйку індывідуальныя прадпрымальнікі. Спадар Малахаў, дык ці адбудзецца страйк? Якія настроі ў асяродку прадпрымальнікаў?”
(Малахаў: ) “Настроі ў асяродзьдзі прадпрымальнікаў розныя. Некаторыя гатовыя страйкаваць — яны лічаць, што страйк вырашыць іх праблемы. Некаторыя разважаюць так, што мы адстрайкавалі з 1 па 6 верасьня, і таму няма сэнсу пачынаць зноў. Іншыя спадзяюцца на вынікі перамоваў паміж прадпрымальнікамі і ўладамі, якія адбываюцца ў рамках працы групы, створанай па выніку “круглага стала” 6 верасьня.
На мой погляд, жадаючых страйкаваць ня так многа. Мой прагноз такі: страйк ахопіць толькі некалькі гарадоў, пройдзе за 2–3дні”.
(Карбалевіч: ) “Спадар Залескі, а які Ваш прагноз? Што можа адбыцца ў ходзе, выніку страйку, які пачнецца 1 кастрычніка? Наколькі ён небясьпечны для ўладаў? І які можа быць эфэкт эканамічны, палітычны?”
(Залескі: ) “Для ўладаў ён ніякай небясьпекі не ўяўляе. Яны гэтых страйкаў не баяцца. Але калі нават уладам і ўдасца зьняць праблему страйка, то яны ня могуць вырашыць праблему недазабесьпячэньня рынку, праблему наогул існаваньня дробнага бізнэсу. Гэта тыя праблемы, на якія ўрад заплюшчвае вочы.
Вось гэтая палітыка заплюшчваньня вачэй на тое, што баліць, прыём абязбольваньня з часам ператворыць краіну ў банкрута. Спачатку дробныя прадпрымальнікі стануць банкрутамі, потым буйнейшыя, а потым і ўсё можа ляснуцца. Урад павінен змагацца не з сымптомамі, а з прычынамі эканамічных хваробаў. А ў нас на прычыны ніхто ўвагі не зьвяртае”.
(Карбалевіч: ) “Спадар Малахаў, з вашых словаў можна зразумець, што надзеі і на перамовы, і на страйк ня вельмі вялікія. Дзе ж выхад?”
(Малахаў: ) “Ёсьць пэўныя спадзяваньні на перамовы. І лягічна было б дачакацца іх вынікаў, адказу ўладаў на нашыя пытаньні і прапановы. Але я хачу канстатаваць наступнае: прадпрымальнікі сёньня не гатовы адстайваць свае правы”.
(Карбалевіч: ) “Я вымушаны з Вамі не пагадзіцца. Індывідуальныя прадпрымальнікі — адзіны сацыяльны слой у краіне, які здолеў зарганізавацца ў маштабах усёй краіны на супраціў. Ні адна іншая сацыяльная група ў краіне на гэта аказалася няздольная. Здаецца, Вы празьмерна скептычна ацэньваеце прадпрымальніцкі рух”.
(Малахаў: ) “Гэта мой асабісты погляд. Я лічу, што, напрыклад, у пачатку верасmня быў ня страйк, а ўсеагульны прагул. Прадпрымальнікі заплацілі арэнду, падаткі і ня выйшлі на працу. Каму ад гэтага стала горш? Як можна змагацца за свае правы, седзячы дома? Калі б прадпрымальнікі ў гэты час выйшлі на масавы агульнанацыянальны мітынг і тым самым прадэманстравалі б рашучыя, але цывілізаваныя мэтады барацьбы за свае правы, то можна было б даваць высокую адзнаку прадпрымальніцкаму супраціву”.
(Карбалевіч: ) “Спадар Залескі, а што Вы скажаце па тэме нашай дыскусіі?”
(Залескі: ) “Гэта адлюстроўвае нацыянальную асаблівасьць беларусаў. Ёсьць такая прыказка: “Жыў сабе Несьцерка, меў дзетак шэсьцерка. Красьці ня хоча, біцца баіцца, а папрасіць ні пасьмее”. Вось так мы і змагаемся ўвесь час”.
(Карбалевіч: ) “Мне здаецца, што акрамя чыста эканамічных чыньнікаў, трэба ўлічваць грамадзка-палітычны чыньнік. Калі значная колькасьць людзей выказвае нязгоду з палітыкай уладаў, і гэтую нязгоду выказвае арганізавана, у маштабах усёй краіны, то гэта мае пэўны палітычны эфэкт. Гэта сьведчыць аб тым, што грамадзтва супраціўляецца, хоць, магчыма, і ня самымі эфэктыўнымі сродкамі.
Мне здаецца, што пэўны грамадзкі рэзананс ад гэтага страйку існуе. І не выпадкова ўлады, хоць і ня бачаць для сябе эканамічных стратаў, асьцерагаюцца палітычных стратаў. Нездарма ўлады спрабуюць нейкім чынам прадухіліць гэты страйк.
Калі вяртацца да таго ўказу, які мы сёньня абмяркоўвалі, то можна яшчэ раз адзначыць, што ён не рэагуе на патрабаваньні індывідуальных прадпрымальнікаў, не задавальняе іх. І малаверагодна, што ён прадухіліць прадпрымальніцкі страйк. І сэнс гэтага ўказу хутчэй палітычны, прапагандысцкі”.